Вы тут

Алесь Карлюкевіч: Дыялог з чытачом — неад’емная частка нашай працы


У пярэдадзень XXXI Дня беларускага пісьменства ў Івацэвічах газета «Літаратура і мастацтва» задала некалькі пытанняў старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесю Карлюкевічу. 


— Заўсёды, калі свята носіць традыцыйны характар, хацелася б даведацца пра пэўныя навацыі...

— Мяркую, што і вас, і чытачоў не цікавяць навацыі дзеля навацый. Пагадзіцеся, за пошукам новага можам згубіць і старыя добрыя і вартыя захавання традыцыі. Свята — гэта заўсёды магчымасць і падсумаваць зробленае за мінулыперыяд, за год, які прайшоў ад XXX Дня беларускага пісьменства ў Гарадку, на Віцебшчыне. 

І самае, відавочна, галоўнае — захаванне традыцыі кнігадрукавання мастацкіх твораў. Хіба можа быць меней важным для пісьменніка клопат пра нараджэнне новых кніг?!

— Пра што ў такім разе можаце расказаць у дачыненні да кніжных навінак паэтаў, празаікаў? Кнігі якіх сучасных аўтараў знойдуць на свяце ў Івацэвічах яго ўдзельнікі, госці? 

— Магчыма, назаву далёка не ўсе навінкі. Нашы літаратары выдаюць свае творы ў самых розных дзяржаўных і прыватных выдавецтвах. І ўсё ж паспрабую згадаць тое, што навідавоку, што мела розгалас у перыядычным друку, у розных іншых медыя... У Выдавецкім доме «Звязда» выйшаў мемуарны цыкл народнага пісьменніка Беларусі Мікалая Чаргінца «Трудные дороги жизни». Хачу заўважыць, што такі жанр аказаўся запатрабаваны. І не толькі таму, што сучаснікі зазіраюць на старонкі кніг з гэтага цыкла, каб паглядзець, ці згаданы іх імёны альбо імёны знаёмых ім асоб. «Трудные дороги жизни» прыцягваюць ацэнкамі часу, высновамі, якія робіць дасведчаны ў жыцці і палітыцы чалавек. А яшчэ ў «Звяздзе» зусім нядаўна здзейснена масавым тыражом перавыданне рамана Мікалая Чаргінца «Операция „Кровь“». Хацелася б, каб кніга, прысвечаная драматычным падзеям Вялікай Айчыннай вайны, трапіла ў кожную школьную бібліятэку, у кожную навучальную ўстанову краіны. Пісьменнік знайшоў тыя мастацкія вобразы, якія дэталёва ўзнаўляюць даўнія падзеі, паказваюць праз персанажы зусім юных герояў, што ж гэта такое — генацыд беларускага народа ў Вялікую Айчынную вайну. 

— Дарэчы, як актыўна сённяшнія пісьменнікі звяртаюцца да тэмы Вялікай Айчыннай?..

— Ізноў жа звярнуся да канкрэтных кніг. Публіцысты Аляксандр Плавінскі і Андрэй Шавель выдалі кнігу «Беразянка», прысвечаную памяці спаленай вёскі ў Пухавіцкім раёне. У Беразянцы ў перадваенныя гады адпачывалі многія пісьменнікі, мастакі. Сярод іх — і народны пясняр Беларусі Якуб Колас. Для Выдавецкага дома «Звязда» стала традыцыяй звяртацца да гэтай балючай тэмы спаленых, струшчаных фашыстамі і іх памагатымі паліцаямі паселішчаў. Летась была выдадзена кніга журналіста і пісьменніка з Жабінкі Анатоля Бензерука «Галавасек», якая прысвечана таксама спаленаму фашысцкімі карнікамі паселішчу — вёсцы Драмлёва Жабінкаўскага раёна. Таксама быў выдадзены зборнік мастацкіх і публіцыстычных твораў, сабраных калектывам літаратараў з Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў, — «Званоў перазвон». Яго ініцыятары і ўкладальнікі Леанід Крыванос і Рагнед Малахоўскі здолелі знайсці той галоўны «нерв», што яднае мінулае і сучаснасць, далі паплечнікам па аддзяленні магчымасць пашукаць самыя яркія прыклады ў гэтай «хатынскай» тэме. Упэўнены, што такая праца прадоўжыцца. Ужо ёсць дамоўленасць, што кнігу пра кіраўскую вёску Боркі здасць у выдавецтва старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў паэт Алесь Казека. Ён даўно піша пра ўсе вядомыя яму, знойдзеныя ім факты, звязаныя з ваенным лёсам гэтага паселішча на Магілёўшчыне. Спадзяюся, што ў новым выданні будзе і новае асэнсаванне даўніх падзей. 

Сёлета выйшла гісторыка-публіцыстычная кніга вядомага краязнаўчага пісьменніка Мікалая Барысенкі «Буйніцкае поле: „Застацца і памерці...» Такой маштабнай кнігі, у якой сабраны ўсе вядомыя факты пра бой лета 1941 года пад Магілёвам, пра лёсы яго ўдзельнікаў, яшчэ не было. Спадзяюся, што з часам здзейсніцца і перавыданне гэтай унікальнай кнігі, першы тыраж якой разышоўся за лічаныя месяцы. А нядаўна Мікалай Барысенка адзначаны прэстыжнай літаратурнай прэміяй у Расійскай Федэрацыі «Прохараўскае поле». Дарэчы, сёлета Магілёўскім абласным выканаўчым камітэтам прынята рашэнне аб заснаванні Літаратурнай прэміі «Буйніцкае поле». Мяркуецца, што ўзнагароджваць ёй будуць беларускіх і расійскіх пісьменнікаў. 

— Заўсёды здабыткі ў галіне мастацкай літаратуры найперш звязваюцца са з’яўленнем празаічных твораў, найперш раманаў і аповесцей...

— І мы таксама пра гэта думаем, спрабуем сфарміраваць атмасферу ўвагі да гэтых знакавых жанраў... У часопісе «Полымя» пабачыў свет раман добра вядомага празаіка Віктара Праўдзіна «Непераможны злом». Думаю, што крытыка яшчэ выкажацца пра гэты твор, які, безумоўна, варты прачытання шырокім колам чытачоў. Будзем чакаць кніжнага выдання рамана. У «Звяздзе» выйшлі празаічныя кнігі Людмілы Кебіч «Неба ў дыяментах», Віктара Шніпа «Заўтра была адліга — 4», Ганны Чыж-Літаш «Убийство в поезде Минск — Брест», Алесі Кузняцовай «Русский пасодобль». І ўсё ж хацелася б, каб сучасная беларуская проза была шырэй прадстаўлена ў айчынным кнігавыданні. 

— А, можа быць, няма тых мастацкіх з’яў, якія вартыя ўвагі?

— Канешне ж, мы як чытачы заўсёды жывём чаканнем найболей важкіх, знакавых твораў. Праводзім пэўныя паралелі з мінулымі перыядамі ў развіцці беларускай літаратуры. І часам задаёмся пытаннямі: «А дзе ж сённяшнія Шамякіны, Стральцовы? Дзе новы Васіль Быкаў?..» Праўда, радзей думаем пра тое, што пытанні самі па сабе даволі прыземленыя. Сёння і заўтра будуць новыя імёны і новыя творы. Тыя, якія выкладуць новы погляд на час і дадуць сённяшнюю ацэнку звычайным з’явам, тым клопатам і праблемам, у якіх жыве сучаснік. Відаць, не хапае ўвагі крытыкі, увагі медыя да літаратурнага працэсу. Не хапае вострых размоў пра стан літаратуры. Патрэбны абмеркаванні, патрэбны дыскусіі творчага, навукова-практычнага характару. Можа быць, якраз зроблены на іх акцэнт і дапамог бы нам штосьці і падсумаваць, а яшчэ болей выразна дапамог бы намаляваць перспектывы, кірункі развіцця нацыянальнай мастацкай літаратуры. Патрэбна часцей выдаваць зборнікі, рознага тэматычнага і жанравага характару анталогіі, якія б сведчылі пра тэндэнцыі, паказвалі мастацкі рух. Так, з выдавецтвам «Аверсэв» Саюз пісьменнікаў Беларусі пачаў больш чым год назад укладанне і выпуск серыі «Сучасная беларуская літаратура». Пабачылі свет дзесяць кніг з найлепшымі аповесцямі, апавяданнямі, якія ў мінулыя гады надрукаваны ў дзяржаўных літаратурна-мастацкіх перыядычных выданнях, у газетах «Літаратура і мастацтва» і «Звязда». Сярод аўтараў — пісьменнікі розных пакаленняў: Алесь Жук, Расціслаў Бензярук, Сяргей Трахімёнак, Алена Папова, Уладзімір Мажылоўскі, Анатоль Матвіенка, Алена Стэльмах, Алена Брава, Алесь Бадак... І, што самае галоўнае, адзін з тамоў своеасаблівай бібліятэкі «Сучасная беларуская літаратура» прысвечаны творчасці маладых празаікаў. У кнізе пад назвай «Чатыры кілаграмы бактэрый» прадстаўлены творы Андрэя Сідарэйкі, Настассі Нарэйкі, Паліны Дваранскай... Сярод аўтараў кнігі — і тыя, хто яшчэ не ўступіў у Саюз пісьменнікаў, тыя, хто яшчэ толькі-толькі выбудоўвае сваю творчую дарогу. 

— А вось чые кнігі, на ваш погляд, затрымаліся?.. І вам як чытачу хацелася б хутчэй убачыць іх рукапісы надрукаванымі...

— Відаць, буду суб’ектыўным, і ўсё ж скажу... Лічу, што трэба хутчэй выдаць новыя кнігі прозы Алеся Бычкоўскага з Беразіно, Уладзіміра Мажылоўскага з Браслава, таленавітага літаратурнага крытыка і публіцыста з Брэста Антона Папова, вопытнага літаратуразнаўца Івана Афанасьева з Гомеля... Ведаю, што доўга ў выдавецтве ляжыць паэтычная кніга Лізаветы Палеес, перакладчыцы беларускай паэзіі на рускую мову, яркай паэтэсы... Найхутчэй трэба выдаць асобнай кнігай новы пераклад «Новай зямлі» Якуба Коласа, здзейснены перакладчыкам Андрэем Цяўлоўскім. Асобныя старонкі гэтага перакладу ўжо друкаваліся ў часопісе «Нёман». Але хацелася б вярнуцца да ўжо здзейсненага. Шмат увагі айчынныя выдавецтвы надаюць дзіцячаму кнігавыданню, дзіцячай літаратуры. І сярод навінак гэтага года я згадаў бы кнігі Валянціны Драбышэўскай (яна выдала ў «Звяздзе» адразу тры кнігі для маленькіх чытачоў: «Секретно! Для мальчишек!», «Секретно! Для девчонок!», «Тринадцать перевоплощений»), Святланы Быкавай, Алены Стэльмах, Паўла Гушынца, Іны Фраловай, Сяргея Давідовіча, Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, Уладзіміра Мазго, Міхаіла Дзеравянкі, Алены Гневушавай, Ганны Леа, Дзмітрыя Мікалаева, Міколы Чарняўскага, Людмілы Кебіч, Тамары Кавальчук, Таццяны Дземідовіч... Цэлая кагорта, якая годна прадстаўляе сучасную беларускую дзіцячую літаратуру!

— А вось што датычыцца літаратуры нон-фікшн, дакументальных кніг, публіцыстычных выданняў...

— Ужо неаднойчы я гаварыў пра тое, што пісьменніцкая супольнасць з грамадствам будзе развівацца пры ўмове здольнасці літаратараў аператыўна адгукацца на запатрабаванні часу. У Саюзе пісьменнікаў працуе секцыя публіцыстыкі, якую ўзначальвае вядомы ў краіне журналіст, аглядальнік Выдавецкага дома «Беларусь сегодня» Андрэй Мукавозчык. Ён і сам паказвае прыклад: за апошнія некалькі гадоў пабачыла свет літаральна бібліятэчка яго публіцыстычных расповедаў пра час, пра тое, што хвалюе грамадства. Сёлета ў Выдавецкім доме «Звязда» пабачыла свет кніга дарожных нарысаў Людмілы Гладкай «Уроки Донбасса». Паэт і публіцыст Ірына Аўсеп’ян выдала зборнік нарысаў пра пісьменнікаў, мастакоў, дзеячаў культуры «Знаем, гордимся: Известные люди Беларуси в портретах и очерках». Такой літаратуры, пра гэта неаднойчы даводзілася чуць у бібліятэках у розных рэгіёнах нашай краіны, якраз і не хапае. Плённа працуе ў жанры нон-фікшн доктар педагагічных навук, прафесар Аляксандр Радзькоў. Толькі што пабачылі свет дзве яго кнігі — «О математике и математиках», «Вкрапления в официальные, научные и корпоративные доклады, а также содержания бесед и разговоров». Аляксандр Міхайлавіч, як і Андрэй Мукавозчык, — лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі. Несумненна, яны прапануюць чытачу і іншыя новыя кнігі. 

— Саюз пісьменнікаў, падаецца, рэалізоўвае шмат розных ініцыятыў, звязаных з прапагандай сучаснай літаратуры, кніжных навінак...

— І тут варта зазначыць, што  жывы дыялог з чытачом, непасрэдныя жывыя стасункі з грамадствам увогуле — гэта неад’емная частка нашай працы. У кожным з рэгіёнаў краіны праводзяцца сотні сустрэч пісьменнікаў з чытачамі. І тут я хацеў бы падзякаваць кіраўнікам літаральна ўсіх аддзяленняў СПБ: і Міхасю Пазнякову, і дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміру Гаўрыловічу, і Тамары Красновай-Гусачэнка, і Людміле Кебіч, і Леаніду Крываносу, і Таццяне Дземідовіч, і Алесю Казеку. Яны — найгалоўнейшыя генератары шматабсяжнай працы па жывых стасунках, жывой размове пісьменніка з чытачом. І ў апошнія год-паўтара адбылася большая сістэматызацыя гэтай працы. У абласных цэнтрах і раённых гарадах пры падтрымцы мясцовых улад, абласных і раённых бібліятэк праводзяцца фестывалі кнігі, чытання. Як прыклад — рэспубліканскі фестываль паэзіі ў Мастах, які прадэманстраваў, што можна развіваць і ўвагу чытача да сучаснай паэзіі. 

Вялікая ўдзячнасць за гэта Людміле Кебіч, Дзмітрыю Радзівончыку. Як прыклад — яркі фестываль дзіцячай кнігі, праведзены ў вёсцы Новая Мыш у Баранавіцкім раёне. Генератарам, сэрцам гэтага фестываля стала Таццяна Дземідовіч. У Новай Мышы не забыліся і пра даўнія літаратурныя традыцыі, са сцэны гучалі вершы паэта-земляка Яна Чачота. Цэлая серыя фестываляў дзіцячага чытання ладзіцца ў Мінску. І з удзелам гарадской цэнтралізаванай сеткі дзіцячых бібліятэк, і пры падтрымцы Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, і з дапамогай аўтарытэтнай кнігарні Беларусі «Акадэмкніга». 

— Ёсць нешта няздзейсненае, што не паспелі рэалізаваць, хаця і задумвалі ажыццявіць да свята пісьменства ў Івацэвічах?

— І вельмі шмат. Але ж ідэі, пэўныя напрацоўкі не губляюцца. Будзем іх развіваць, умацоўваць і ісці наперад. Са святам усіх чытачоў газеты «Літаратура і мастацтва»! Да сустрэчы ў Івацэвічах!

Гутарыў Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Універсальная мова якасці

Універсальная мова якасці

Аб развіцці стандартызацыі ў Беларусі расказалі эксперты.

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Сельская гаспадарка

Увосень работ восем

Увосень работ восем

Якія задачы стаяць перад аграрыямі восенню?

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.