Вы тут

Малой радзімай лічаць Івацэвіччыну многія мастакі краіны


Да свята беларускага пісьменства, якое пачынаецца заўтра ў Івацэвічах, ёсць нагода згадаць не толькі літаратараў — мастакоў слова, але і, напрыклад, майстроў пэндзля, керамікі, знакамітых архітэктараў, людзей, якія зрабілі ўнёсак у развіццё мастацтва Беларусі. Сярод іх нямала ўраджэнцаў Івацэвіцкага раёна. 


 Царква Святога Аляксандра Неўскага  ў Баранавічах архітэктара Леаніда Макарэвіча.

Сіла духу і мужнасць 

І пачаць варта з асобы Анатоля Галушкі, мастака непрафесійнага, але чалавека мужнага, грамадзянскі подзвіг і творчасць якога добра ведаюць у раёне. Анатоль Галушка нарадзіўся 20 лютага 1963 года ў вёсцы Магіліцы. У школе вучыўся добра, займаўся спортам, марыў аб прафесіі марака. У 1980 годзе пасля заканчэння Волькаўскай сярэдняй школы паступіў у Калінінградскае мараходнае вучылішча. Перад ад’ездам на вучобу захацеў пакупацца ў любімай з дзяцінства Шчары. Няўдала нырнуў і атрымаў траўму пазваночніка, якая назаўсёды прыкавала да ложка. Але ж хлопец не стаў здавацца хваробе, ён здолеў стаць цікавым і карысным для навакольных людзей. 

Анатоль Галушка пачаў маляваць. Пэндзаль даводзілася браць зубамі і ўстаўляць у руку: спачатку ў левую, затым стала атрымлівацца і правай. Карціны ў яго выходзілі радасныя, светлыя. Амаль на ўсіх была адлюстравана родная беларуская прырода. Спачатку даводзілася вельмі цяжка. Але вынікі акрылялі, давалі сілы. Па памяці пісаў родныя пейзажы: рыбалова каля ракі, лодкавы прычал, узлесак, капу саломы на полі. Пазней сваякі сталі вывозіць яго на прыроду. Першая выстаўка работ мастака адбылася ў Магіліцкім сельскім Доме культуры. Потым былі ў Івацэвіцкім раённым Доме культуры, у Ганцавіцкім раённым краязнаўчым музеі, у брэсцкіх выставачных залах.

Работы выстаўляліся ў сталіцы, на «Славянскім базары» ў Віцебску, у іншых гарадах. Карціны Анатоля Галушкі купляюцца і раз’язджаюцца па розных гарадах і краінах. Дарэчы, 24 карціны былі набыты расійскім мецэнатам і падораны дзіцячаму гематалагічнаму цэнтру ў Бараўлянах.

Анатоль Галушка.

У 2008 годзе Анатоль Галушка быў прыняты ў Сусветную арганізацыю мастакоў-інвалідаў, якія малююць зубамі і нагамі. За сваю работу быў удастоены Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Апроч заняткаў жывапісам, шмат гадоў пісаў прозу, а таксама выдатныя вершы на беларускай мове. У 2012 годзе ў брэсцкім выдавецтве выйшаў першы асабісты зборнік вершаў і прозы «Сляды на пяску». У ліпені 2013 года Анатоль Галушка быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. У 2016 годзе выйшаў яго новы зборнік вершаў, эсэ, замалёвак «Яблычны Спас». За гэтую кнігу праз год аўтар быў удастоены літаратурнай прэміі імя У. А. Калесніка брэсцкага аблвыканкама. У 2019 годзе стаў ганаровым грамадзянінам Івацэвіцкага раёна. Памёр самабытны мастак у канцы мінулага года.

Архітэктар храмаў і роднай школы

Малая радзіма Леаніда Макарэвіча — вёска Быцень Івацэвіцкага раёна. Леанід Васільевіч нарадзіўся тут 5 красавіка 1939 года. У 1957 годзе скончыў Быценскую сярэднюю школу. Пасля заканчэння факультэта архітэктуры Беларускага політэхнічнага інстытута Леанід Макарэвіч працаваў архітэктарам у Баранавічах, член Саюза архітэктараў Беларусі з 1983 года. У яго творчым багажы — больш за тысячу праектаў, але асаблівы сярод іх — будынак школы ў роднай вёсцы Быцень. Дарэчы, дырэктарам школы потым стаў яго сын, Дзмітрый Леанідавіч, настаўнік фізікі і інфарматыкі.

Сярод работ архітэктара можна выдзеліць кінатэатр «Кастрычнік» у Баранавічах, будынак Дома Саветаў у гэтым жа горадзе, школу ў пасёлку Жамчужны Баранавіцкага раёна, будынак аддзела ЗАГС, гасцініцу Брэсцкага аблвыканкама «Веста». 

Аўтарству Леаніда Макарэвіча належаць праекты шэрагу праваслаўных храмаў Беларусі. Гэта царква Святых Жонак-Міраносіц у Баранавічах, царква прападобнага Серафіма Сароўскага ў Белаазёрску Бярозаўскага раёна, Крыжаўзвіжанская царква ў вёсцы Святая Воля Івацэвіцкага раёна, царква ў гонар абраза Божай Маці ў Івацэвічах, Аляксандра-Неўская царква ў Баранавічах, Ільінская царква ў вёсцы Адахаўшчына Баранавіцкага раёна, Спаса-Праабражэнскі сабор у Дзятлаве, Феадораўскі сабор у Пінску, Петра-Паўлаўская і Міхайлаўская цэрквы ў Бярозе, Свята-Духаўская царква ў пасёлку Гатава Мінскага раёна, капліца Жонак-Міраносіц у Баранавічах, царква ў імя Свяціцеля Ціхана Маскоўскага ў Ганцавічах, Георгіеўская царква ў вёсцы Вычулкі Брэсцкага раёна, Спаса-Праабражэнская царква ў Светлагорску, царква ў гонар Усіх Святых у Лідзе, Спаса-Праабражэнскi сабор у Магілёве і іншыя.

За вялiкi асабiсты ўклад у развiццё архiтэктуры i горадабудаўнiцтва Беларусі ў 1999 годзе Леаніду Макарэвічу было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны архiтэктар Рэспублiкi Беларусь». Прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» архітэктару была прысуджана за выдатную работу па аднаўленні храмаў і распрацоўцы новых праектаў. Ён таксама ўзнагароджаны ордэнам Сергія Раданежскага, ордэнам Крыжа прападобнай Ефрасінні Полацкай, медалём свяціцеля Кірылы Тураўскага. 

Яго герой — родная прырода 

Карціна «Мелодыя дажджу» Ігара Раманчука.

Марат Клімаў па прафесіі і па прызванні — мастак-манументаліст. Ён майстар палотнаў вялікіх памераў: як пейзажаў, так і партрэтаў. Велічнасць яго твораў ідзе ад вялікай любові да магутных сіл прыроды, да родных краявідаў.

Нарадзіўся Марат Рыгоравіч 28 лютага 1940 года ў вёсцы Выганашчы сярод балот беларускага Палесся, побач з вялікім возерам Выганашчанскае, цяпер гэта знакаміты гідралагічны заказнік «Выганашчанскае». Надзвычай маляўнічыя родныя мясціны, відаць, і натхнілі Марата на цікавасць да выяўленчага мастацтва.

Першую адукацыю атрымаў ў Мінскім мастацкім вучылішчы, якое скончыў у 1963 годзе. У час вучобы яму пашчасціла пазнаёміцца з рэктарам Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута Паўлам Масленікавым, заслужаным дзеячам мастацтваў БССР, кандыдатам мастацтвазнаўства. Мастак-педагог адабраў сем найбольш таленавітых навучэнцаў, у ліку якіх быў Марат Клімаў. З 1963 да 1968 года Марат вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Пасля заканчэння інстытута Марат Клімаў уладкоўваецца на брэсцкі камбінат «Мастацтва», пачынае ўдзельнічаць у мастацкіх выстаўках. Член Беларускага саюза мастакоў з 1978 года, Марат Клімаў стварыў шмат манументальных работ для розных прадпрыемстваў (у тым ліку і сумесна з мастаком Уладзімірам Нікалаевым): вітражы для Брэсцкага музычнага вучылішча, кінатэатраў «Беларусь», «Мір». Яго «Песня аб Палессі» ўпрыгожвае Палац культуры прафсаюзаў у Брэсце, яго работы ёсць у Пінскай раённай бібліятэцы імя Я. Янішчыц і Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага. Вясёлкавыя вітражы, сграфіта, мазаікі мастака ўпрыгожваюць будынкі, ствараюць непаўторную атмасферу ўтульнасці інтэр’ераў і экстэр’ераў у розных кутках нашай вобласці і горада Брэста.

Марат Клімаў з’яўляецца аўтарам станковых твораў: «Каля заходніх рубяжоў», «На кальцавой трасе», «Родная зямля» і інш. На яго жывапісных палотнах, якія напоўнены святлом, галоўная дзеючая асоба — прырода роднай зямлі. Яе трапяткую душу мастак перадаў з адметнай любоўю. Ён любіў маляваць ваду, якая ў яго выходзіла быццам жывая, адлівае на многіх палотнах серабрыстым колерам.

Шмат жывапісных палотнаў прысвяціў спорту, назвы карцін гавораць самі за сябе: «Футбалісты», «Хакеісты», «Востры момант», «Разборка». Яны дакладна адлюстроўваюць свет спорту, яго складанасці, гармонію і прыгажосць. У 2007 годзе адзначаны дыпломам Нацыянальнага алімпійскага камітэта за ўдзел у конкурсе творчых работ «Алімпійскі спорт у мастацтве».

Яго творчы плён адзначаны ордэнам «Знак Пашаны», медалём Беларускага саюза мастакоў «За заслугі ў выяўленчым мастацтве». Творы станковага жывапісу знаходзяцца ў мастацкім музеі імя П. В. Масленікава (Магілёў) і Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі.

Скульптуры, каміны, кашпо 

Фёдар Шастак — мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (кераміка). Нарадзіўся 4 студзеня 1945 года ў вёсцы Харошча Івацэвіцкага раёна. 

Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. Са студэнцкіх гадоў пачаў прымаць удзел у мастацкіх выстаўках. У 1974 годзе скончыў інстытут і прыехаў працаваць на Івянецкую фабрыку мастацкай керамікі і вышыўкі. Распрацаваў шэраг эталонаў мастацкіх вырабаў, за што быў узнагароджаны сярэбраным медалём ВДНГ СССР у 1977 годзе.

У 1979 годзе Фёдар Віктаравіч прыняты ў Беларускі саюз мастакоў. З 1979 года — загадчык Навукова-даследчай мастацка-эксперыментальнай лабараторыі ў Мінску. З 1983 да 2002 года працаваў на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва.

Сярод асноўных твораў мастака — дэкаратыўныя скульптуры, дэкаратыўна-керамічнае пано, камплекты дэкаратыўных ваз, свяцільнікі для інтэр’ераў. Фёдар Шастак афармляў інтэр’еры кафэ Магілёўскага праектна-канструктарскага інстытута машынабудоўлі, Палаца культуры ў Светлагорску, універмага ў Жодзіне, сталовай шклозавода Барысава і іншых.

Шастак — аўтар пластоў «Магілёў», «Гомель» для залы пасяджэнняў рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; камінаў і печаў для музея-сядзібы Адама Міцкевіча ў Завоссі Баранавіцкага раёна; электракаміна для Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Для твораў характэрна арганічнае спалучэнне традыцыйных і сучасных форм.

Работы Фёдара Шастака ўпрыгожваюць інтэр’еры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а яго дзесяць шыкоўных кашпо знаходзяцца цяпер у Палацы Незалежнасці. Асобныя работы мастака ёсць ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, фондах БСМ, прыватных калекцыях. 
Мастак, які малюе Брэст 

Ігара Раманчука называюць мастаком, які малюе Брэст. Пастаянны ўдзельнік міжнародных і рэспубліканскіх пленэраў жыве і працуе ў Брэсце. А нарадзіўся Ігар 24 верасня 1974 года ў вёсцы Стайкі Івацэвіцкага раёна. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. У 1997–1999 гадах працаваў настаўнікам у школе. У 2000 годзе пераехаў у Брэст і 17 гадоў выкладаў на кафедры мастацка-графічных дысцыплін у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна. 

Працуе ў жанры партрэта і гарадскога пейзажа. Майстар алейнага жывапісу і акварэлі. З 2005 года член Беларускага саюза мастакоў. Ужо чвэрць стагоддзя ўдзельнічае ў мастацкіх выстаўках. Спачатку былі калектыўныя, напрыклад, «Выхад у горад» (г. Брэст), «Новыя імёны», «Майстры і вучні», «Мастакі Брэстчыны» (г. Мінск). У верасні 2019 годаў быў удзельнікам калектыўнай выстаўкі «У прыбужскіх прасторах раскінуўся горад» да 1000-годдзя Брэста. 

Персанальная выстаўка, якая прайшла ў 2001 годзе, называлася «Мелодыі старога Брэста». Затым было многа персанальных, і тэмы іх часта звязаны з Брэстам. Вось і ў ліпені 2023 года вернісаж у «Арт-прасторы» Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А. С. Пушкіна г. Брэста называўся «Горад, які хочацца маляваць». 

Яна СВЕТАВА 

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.