Сустрэча Ігара Сергяенкі і Се Сяаюна адбылася з нагоды завяршэння дыпламатычнай місіі пасла ў нашай краіне. Падчас размовы былі падведзены пэўныя вынікі сумеснай работы і акрэслены планы на будучыню.
На пачатку размовы Старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што за гады работы ў нашай краіне пасол па-сапраўднаму глыбока ўнік ва ўсе актуальныя аспекты беларуска-кітайскіх адносін, ва ўсе сумесныя праекты і зрабіў важкі ўнёсак у іх рэалізацыю і ажыццяўленне.
«Амаль чатыры гады — гэта немалы час. Я думаю, знаходжанне ў Беларусі пакінула ў вас яркія ўражанні на ўсё жыццё...
...За гэты, здавалася б, па мерках жыцця чалавека, невялікі перыяд вы нямала зрабілі, і нямала яркіх падзей прыпадае на вашу кадэнцыю ў Рэспубліцы Беларусь. Знакавай падзеяй у развіцці нашых адносін, канешне, стала прыняцце ў верасні 2022 года на палях саміту ШАС у Самаркандзе Сумеснай Дэкларацыі аб устанаўленні найвышэйшага ў гісторыі адносін іх узроўню: усепагоднага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. Вы таксама ўнеслі ўклад у тое, каб гэта адбылося.
Менавіта дзякуючы нашым кіраўнікам — Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку і Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіну — наладжаны рэгулярны сістэмны абмен дэлегацыямі на найвышэйшым узроўні, праводзіцца канкрэтная работа, і ўдалося дасягнуць такіх вынікаў. Мы ўдзячныя кітайскаму боку і асабіста вам за падтрымку ў арганізацыі афіцыйнага візіту прэм’ера Дзяржсавета КНР Лі Цяна, які адбыўся літаральна ў гэтым месяцы. Вынікам стала падпісанне вялікага пакета пагадненняў і дамоўленасцяў у эканамічнай сферы. Вядома ж, ключавое — гэта няўрадавае пагадненне аб гандлі паслугамі і ажыццяўленні інвестыцый, якое прадугледжвае стварэнне зоны свабоднага гандлю паміж нашымі краінамі. Гэта далейшы крок на шляху нашага найперш эканамічнага супрацоўніцтва», — адзначыў Ігар Сергяенка.
Ён таксама засяродзіў увагу на тым, што актыўна развіваецца міжпарламенцкі дыялог, а шматграннае ўзаемадзеянне па парламенцкай лініі і ў далейшым будзе ўмацоўвацца на ўзроўні Камітэта высокага ўзроўню па супрацоўніцтве паміж заканадаўчымі органамі Беларусі і Кітая.
«Краіны традыцыйна ўзаемадзейнічаюць у рамках міжнародных арганізацый, у іх аднолькавае стаўленне да ўсялякага знешняга ціску, які падрывае стабільнасць і ўстойлівасць развіцця, мы заўсёды прытрымліваліся прынцыпаў аднаго Кітая, і такая лінія будзе, вядома ж, нязменнай. У далейшым разлічваем таксама на падтрымку Кітая на міжнародных пляцоўках нашай пазіцыі. Удзячныя за вашу падтрымку ў прыняцці Беларусі ў ШАС у якасці паўнапраўнага члена, а таксама ў прасоўванні беларускай заяўкі на атрыманне статусу дзяржавы — партнёра БРІКС», — зазначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў.
У сваю чаргу Се Сяаюн адзначыў, што час яго работы ў Беларусі супаў з асаблівым перыядам у адносінах паміж дзвюма краінамі — яны выйшлі на небывалы ўзровень і захоўваюць тэндэнцыю дынамічнага развіцця. Абодва бакі цвёрда падтрымліваюць адзін аднаго па пытаннях, якія датычацца ключавых інтарэсаў.
За апошні час гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва паміж краінамі значна актывізавалася: мінулагодні тавараабарот у 28 разоў большы за тавараабарот 2020 года.
«Супрацоўніцтва паміж заканадаўчымі органамі — важны складнік у нашых адносінах. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь падтрымлівае цесныя кантакты з Усекітайскім сходам народных прадстаўнікоў і робіць актыўны ўклад ва ўстойлівае і доўгатэрміновае развіццё кітайска-беларускіх адносін. У мінулым годзе група дружбы паміж Усекітайскім сходам народных прадстаўнікоў і
Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь была пераўтворана ў Камітэт высокага ўзроўню па супрацоўніцтве паміж заканадаўчымі органамі Кітая і Беларусі», — нагадаў Се Сяаюн.
Ён запэўніў, што кітайскі бок гатовы прыкладаць намаганні для ўмацавання дружалюбных абменаў паміж заканадаўчымі органамі дзвюх краін на ўсіх узроўнях. Гэта, паводле слоў дыпламата, надасць дадатковы імпульс рэалізацыі дамоўленасці кіраўнікоў нашых дзвюх дзяржаў і ўзбагачэнню зместу двухбаковых адносін.
Уладзімір ВЯРЭНІЧ.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
У Мінску завяршыўся фестываль «Еўразія.DOC».
Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.