Вы тут

Што 105-ы тэатральны сезон у Купалаўскім нам рыхтуе?


Урачыстая цырымонія адкрыцця 105-га тэатральнага сезона прайшла 29 жніўня ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Якія сюрпрызы чакаюць гледачоў сёлета, і якія планы ў купалаўцаў? Пра ўсё «Звязда» даведалася ў кіраўніцтва тэатра.


У новым сезоне рэпертуар плануюць папоўніць не менш як чатырма пастаноўкамі. Таксама, па словах мастацкага кіраўніка Вольгі Няфёдавай, некаторыя праекты зараз знаходзяцца на стадыі перамоваў.

— У бліжэйшы час, я спадзяюся, у нас адбудзецца супрацоўніцтва з рэжысёрам Дзмітрыем Акімавым, прадстаўніком Расійскай Федэрацыі, які ўжо рабіў спектакль «А зоры тут ціхія», — адзначыла яна. — На гэты раз Дзмітрый Акімаў будзе працаваць над спектаклем па Дастаеўскаму «Дзядзюшкін сон». Гэта пастаноўка аб асабістым чалавечым пытанні, аб адносінах з блізкімі, аб сквапнасці, аб тым, што ўсё ж кіруе светам — душа ці грошы.

Больш за тое, у планах праца над пастаноўкай «Брама неўміручасці» па камедыі Кандрата Крапівы, а таксама спектакль па творы беларускага драматурга Улады Альхоўскай.

— Нягледзячы на тое, што Купалаўскі тэатр верны традыцыям, усе нашы акцёры маладыя ў душы, таму вас чакаюць нетрывіяльныя падыходы да пастановак, — заключыла Вольга Валянцінаўна.

У сваю чаргу Генеральны дырэктар тэатра Аляксандр Шастакоў заявіў, што ў новым тэатральным сезоне запланавана дастаткова шмат розных гастрольных паездак, у тым ліку творчых абменных: 

— У 2021 годзе ў нас было да 10 паездак, у 2022-м — 51, у 2023-м — 47 паездак. У 2024 годзе ўжо ў першай палове мы зрабілі больш за 30 паездак, імкнучыся падтрымліваць ранейшы ўзровень.

Так, у бліжэйшы час тэатр адправіцца з двума спектаклямі ў Белаазёрск, а таксама прыме ўдзел у міжнародным тэатральным фестывалі «Белая вежа».

Акрамя таго, Аляксандр Віктаравіч дадаў, што вядзецца работа над абнаўленнем сувенірнай прадукцыі. Сярод іх і яркія драўляныя фігуркі з галоўнымі героямі культавага спектакля «Паўлінка», які з’яўляецца візітнай карткай Купалаўскага і нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Генеральны дырэктар тэатра запэўніў, што ў далейшым такая сувенірная прадукцыя будзе прадстаўлена шырокаму гледачу.

На гэтым сюрпрызы не скончыліся. Спецыяльна да юбілейнага 105-га тэатральнага сезона быў створаны мастацкі немаркіраваны канверт. Сімвалічна, што менавіта ў дзень адкрыцця прайшла цырымонія ўрачыстага гашэння паштовага праекта. Таксама гасцям тэатра была прадстаўлена экспазіцыя, на якой можна было ўбачыць мастацкія канверты з выявай асноўных гістарычных этапаў развіцця Купалаўскага тэатра. Так, у 2013 годзе быў прадстаўлены мастацкі канверт «100 гадоў з дня пастаноўкі камедыі Янкі Купалы «Паўлінка», у 2015 годзе — марка «Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы», а ў 2020 — канверт з арыгінальнай маркай «100 гадоў Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру імя Янкі Купалы».

Пасля ўсіх прыемнасцяў надышла чарга традыцыйнага паказу спектакля «Паўлінка». Пастаноўка ўжо больш за 80 гадоў радуе гледачоў і, вядома, без яе ўжо немагчыма ўявіць адкрыццё новага тэатральнага сезона.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.