Вы тут

«Дынама-Мінск» пачынае новы сезон — якія планы і задачы стаяць перад зубрамі


Сумаваць па леце доўна не прыйдзецца. Зусім хутка, а дакладней ужо 5 верасня, на «Мінск-арэне» зноў будзе горача — матчам на дамашняй арэне хакейны клуб «Дынама-Мінск» пачне новы чэмпіянат Кантынентальнай Хакейнай Лігі. У першым матчы новага сезону зубры сустрэнуцца з хабараўскім «Амурам». Дарэчы, усе білеты на гэты матч ужо раскупілі. Сезон абяцае быць насычаным на цікавыя падзеі. Расказваем, чым ён будзе адметным і з чым «Дынама-Мінск» стартуе ў новы сезон.


У новым сезоне каманда умацаваная легіянерамі. На замежных гульцоў заўжды ўскладаюць вялікія чаканні і надзеі. Генеральны дырэктар клуба Арцём Каркоцкі таксама заўважыў, што ажыятаж вакол трансфернай кампаніі ёсць, але па яго словах, даваць ёй адзнакі можна будзе толькі на аснове вынікаў афіцыйных матчаў. «Шмат хакеістаў упершыню патрапілі ў КХЛ. Трэба пачакаць і паглядзець, як яны будуць іграць у новых умовах. Скажу, што ўсе бралі ўдзел у фарміраванні складу: трэнерскі штаб і кіраўніцтва. Гэта камандная праца. Хачу ўсім падзякаваць. Астатняе ўбачым па ходзе сезона. — сказаў ён. — Магчыма, кропкавыя ўзмацненні яшчэ будуць. Гэта карпатлівая праца, якая вядзецца на працягу ўсяго сезона. Важна адзначыць, што касцяк каманды ў нас застаўся з мінулага сезона. Кропкавыя ўзмацненні могуць адбыцца. Спадзяюся, што рабіць іх трэба будзе не вельмі шмат. Каманда баяздольная». 

На заключнай прэс-канферэнцыі мінулага сезона галоўны трэнер каманды Дзмітрый Квартальнаў адзначаў, што трэба даваць дарогу і маладым гульцам. У новым сезоне за сталічны клуб будуць выступаць маладыя гульцы Мікалай Салыга, Арсеній Каўгарэня. «У нейкім сэнсе хлопцам даем аванс. Ім трэба схопліваць налёту. Канкурэнцыя вялікая, задачы вялікія. Салыга камандзіраваны ў фарм-клуб. Арсень Каўгарэня пакуль з намі. Сочым за ўсімі. Ёсць прыклад. У мінулым годзе Данііла Ліпскага адправілі ў фарм, але ён зразумеў, як трэба працаваць, у сваёй камандзе ён стаў лідарам, і хутчэй мы вярнулі яго. Выдатна, што ёсць нападаючыя. Пытанне па абароне. Але ўсё вырашальна. Трэба працаваць з хлопцамі на дзіцячым узроўні. Хакеісты будуць з’яўляцца. Сезон доўгі. Будзем ратаваць склад», — адзначыў Дзмітрый Квартальнаў. 

Галоўны трэнер Дзмітрый Квартальнаў

Застаюцца ў складзе «зуброў» і хакеісты, чые імёны добра вядомыя аматарам беларускага хакея. Андрэй Стась — нязменны капітан каманды. Па словах Дзмітрыя Квартальнава, нават пытанняў не было, каго выбраць капітанам. «Андрэй Стась — капітан. Чалавек усё даказаў. Прафесіянал з вялікай літары, прыклад у жыцці і на полі. Аддаецца за каманду. Вадзім Шыпачоў і Ксаўе Уэле будуць асістэнтамі. Калі нехта не будзе гуляць па-розных прычынах, то ёсць кола хлопцаў, хто гатовы да гэтай ролі», — адзначыў галоўны трэнер. Свой пяты сезон у мінскім «Дынама» пачынае і Раман Гарбуноў. Мала якія хакеісты гуляюць у адным клубе так доўга без перапынку. Але галоўны трэнер ні для каго выключэнняў не робіць — усім трэба дадаваць, у тым ліку і такім гульцам як Раман Гарбуноў. Вялікая канкурэнцыя, вялікія задачы. Трэба адпавядаць. У новым сезоне каманду ўмацаваў Вадзім Шыпачоў, чэмпіён свету і Алімпійскіх гульняў. У КХЛ ён правёў 987 матчаў, засталося 13, каб перасягнуць юбілейную адзнаку — 1000 гульняў. І 15 матчаў, каб пераўзысці дасягненне Яўгена Бірукова, які правёў у КХЛ 1001 гульню. Гістарычнае дасягненне Вадзім Шыпачоў цалкам можа выканаць у джэрсі мінскага «Дынама». 

Кіраўніцтва клуба і трэнерскі штаб перакананы: каманда здольная на многае. «Усё пакажа сезон. У нас яшчэ ёсць час. Кожны дзень ідзе ў плюс. Мы ўзялі хлопцаў не па 19-20 гадоў. Дашлі дасведчаныя гульцы. У тым ліку з пераможным досведам. Нехта выйграе, нехта прайграе. Нам хочацца перамагаць. Так, у перадсезонцы было мала перамог. Але новая лінія абароны. Сістэму не мянялі. Аднак хлопцам трэба адаптавацца. Усім трэба лепш гуляць. Мы жадаем ісці далей», — падкрэсліў Дзмітрый Квартальнаў. Дарэчы, гэты сезон будзе адметным і для яго. Дзмітрыю Квартальнаму трэба 17 матчаў, каб усталяваць свой асабісты рэкорд — 900 матчаў у КХЛ у статусе галоўнага трэнера каманды. А 22 лістапада дамашні матч супраць маскоўскага «Дынама» — стане тысячным матчам «Дынама-Мінск» у КХЛ. І Дзмітрый Квартальнаў раздзеліць гэты рэкорд з камандай! Праўда, сам ён да рэкордаў ставіцца значна спакайней, чым журналісты. «Рэкорды — гэта добра. Яны будуць у Вадзіма, Андрэя і іншых. Мне важна, каб каманда перамагала. Перамогі — гэта ўсё. Ну што толку, калі паставім рэкорды, але прайграем? Гуляем для заўзятараў. Гэта самае важнае», — дзеліцца трэнер. І задачы перад камандай галоўны трэнер ставіць цалкам зразумелую: «Трэба рухацца наперад. Як той казаў, патрабуй немагчымага, атрымаеш максімальнае».

У пастаноўцы задач згодны з ім і генеральны дырэктар клуба Арцём Каркоцкі: «Спадзяемся, што ўдасца прайсці як мага далей. Зрабіць сезон гістарычным. Задача — прайсці як мага далей, зрабіць крок наперад. Ва ўсіх вялікія спадзяванні. Усё робіцца, каб задачы выканаць». 

Валерыя СЦЯЦКО
Фота ХК «Дынама-Мінск»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Універсальная мова якасці

Універсальная мова якасці

Аб развіцці стандартызацыі ў Беларусі расказалі эксперты.

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Сельская гаспадарка

Увосень работ восем

Увосень работ восем

Якія задачы стаяць перад аграрыямі восенню?

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.