Сёлета Дзень беларускага пісьменства праходзіць у Івацэвічах. Гэта дваццаць сёмая сталіца свята, якое адбудзецца трыццаць першы раз, — некаторыя гарады па некалькі разоў рабіліся яго сталіцай, такія як славутыя сваёй гісторыяй Полацк, Тураў, Заслаўе. Але і Івацэвіччыне ёсць чым ганарыцца... Каб у гэтым пераканацца, варта пазнаёміцца з чарговым зборнікам серыі «Беларусь літаратурная» выдавецтва «Мастацкая літаратура». У гэтай серыі да кожнага Дня беларускага пісьменства выходзіць новая кніга. Укладальнік зборніка — паэт, намеснік дырэктара «Мастацкай літаратуры» Віктар Шніп. Разам з ім паспрабуем зразумець, чым адметны зборнік і чаму варта з ім пазнаёміцца.
— Гэты год праходзіць пад знакам 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і для Дня беларускага пісьменства тэма стане магістральнай. Таму зборнік, прысвечаны літаратурнай Івацэвіччыне, атрымаўся незвычайны, — распавядае Віктар Анатольевіч. — Ён называецца «Мы помнім...». У ім ёсць раздзел «Нашы героі» — гэта фактычна першая спроба анталогіі твораў беларускіх пісьменнікаў, героямі якіх сталі Героі Савецкага Саюза. Усяго дваццаць персаналій. Аўтары твораў — пісьменнікі розных пакаленняў, якія стваралі ў розных жанрах: вершы, паэмы, апавяданні, раманы, п’есы, эсэ. Штосьці з тэкстаў вядомае, штосьці стане для чытача адкрыццём.
Некаторыя творы даюцца ва ўрыўках, некаторыя — цалкам. Напрыклад, цалкам друкуецца п’еса Аркадзя Маўзона «Канстанцін Заслонаў», гераічная драма ў 3-х дзеях, 12 карцінах, напісаная ў 1947 годзе. П’еса, прысвечаная легендарнаму беларускаму партызану, была пастаўлена ў многіх гарадах СССР. А ў 1949-м па ёй быў зняты знакаміты фільм, які ў тым жа годзе паглядзелі 17,9 млн гледачоў. Вось з рамана Івана Шамякіна «Сэрца на далоні» прыводзіцца толькі адзін раздзел. Прататыпам аднаго з герояў, доктара Савіча, стаў Яўген Клумаў, беларускі ўрач, удзельнік Мінскага падполля, закатаваны фашыстамі. Перадаюць атмасферу ваеннага часу творы, напісаныя па гарачых слядах падзей, у час вайны. Напрыклад, у 1942 годзе Пятрусь Броўка стварыў «Паэму пра Смалячкова».
Друкуюцца і два эсэ Кузьмы Чорнага — пра Ціхана Бумажкова і Льва Даватара. Кузьма Чорны да Перамогі не дажыў, памёр у 1944-м. Але ў яго творах гучыць непахісная вера ў Перамогу. Ёсць у зборніку і эсэ «Легендарны звяздовец Уладзімір Амельянюк», пра аднаго з кіраўнікоў антыфашысцкага падполля ў Мінску, першага рэдактара падпольнай газеты «Звязда». Аўтар — журналістка сучаснай «Звязды» Вераніка Канюта.
Цікава, што акрамя герояў-людзей у раздзеле ёсць і іншыя героі... Гэта Брэсцкая крэпасць, пра якую пісаў удзельнік яе абароны Сяргей Смірноў, і Мінск. Зборнік заканчваецца вершам Анатоля Вялюгіна «Трэцяе ліпеня», у якім паэт згадвае, як ва Уральскім шпіталі даведаўся пра вызваленне Мінска:
На мыліцах рыпучых, групай,
забыўшы свой шпітальны лёс,
мы абкружылі шумна рупар
і не саромеліся слёз.
Склікалі маршы нас на свята;
здаецца, бачыў цэлы свет
чырвоны сцяг
над роднай хатай
і на брані ліповы цвет.
— Зборнік «Мы помнім...» — не проста анталогія літаратурных твораў. Гэта яшчэ і плён працы даследчыкаў літаратуры, гісторыкаў, краязнаўцаў, — кажа Віктар Шніп. — Сярод іншага звярніце ўвагу на артыкулы загадчыка мемарыяльнага комплексу партызанскай славы «Хаваншчына» Сяргея Мачалава, краязнаўца з Івацэвіч. Я сам даведаўся шмат новага і ўражлівага.
Адзін з артыкулаў распавядае пра лясныя школы, якія ладзіліся ў партызанскіх атрадах. Толькі ў Брэсцкай вобласці на 1 мая 1944 года ў такіх школах вучылася 490 дзяцей: «...при изготовлении письменных принадлежностей партизаны из коры вырезали для первоклассников буквы для азбуки, из веточек делали классные счеты, для письма готовили кусочки березовой коры. Народные умельцы нашли способ изготовления чернил: делали отвар из дубовых желудей, бросали туда ржавый гвоздь или кусок железа. Некоторое время эта смесь отстаивалась, и получались чернила».
У артыкуле прыводзяцца ўспаміны Таццяны Кот пра такую школу ў атрадзе імя Калініна брыгады імя Дзяржынскага: «Бумаги, карандашей и чернил не хватало. Мы писали палочками на песке. Потом ухитрились писать угольком на березовой коре».
Нельга абыякава чытаць справаздачу наконт дзейнасці лясной школы атрада імя Кірава брыгады імя Панамарэнкі, якую ў чэрвені 1944 года склалі дзве маладыя настаўніцы, Марыя Шляхценка і Любоў Грыцова:
«Детей школьного возраста — 58, из них ранее посещало школу — 28 (1-й, 2-й, 3-й классы). Охвачено обучением сейчас мальчиков — 37 и девочек — 21... Наглядных пособий нет. Учебных пособий также не имеется, за исключением некоторых рассказов и газетных статей... Выучены на память стихи „Наша жизнь“, „Бомбардировка“, „Учиться“, „Весна“, „Баллада о четырех заложниках“ и др».
Да вызвалення маладыя настаўніцы не дажылі зусім крыху... У ноч з 3 на 4 ліпеня 1944 года, якраз калі Мінск вітаў сваіх вызваліцеляў, на партызанскі атрад была скінута бомба... Адзін самалёт, адна бомба... І якраз трапіла ў зямлянку настаўніц.
Марыя Шляхценка пісала вершы. Сяргей Мачалаў цытуе адзін з іх: «Только солнце встает над землею // И рассеется серый туман, // Под кудрявой зеленой сосною // Учатся дети семей партизан».
— У зборніку «Мы помнім...» можна даведацца не толькі пра герояў тэкстаў, але і пра аўтараў, — кажа Віктар Анатольевіч. — Часам за адказам на пытанне, чаму пісьменнік ці паэт звярнуўся да постаці пэўнага героя, хаваецца цэлая гісторыя. Напрыклад, у зборніку прыводзіцца верш Веры Вярбы пра Веру Харужую. Гэта невыпадкова — Вера Харужая была ідэалам для паэткі, сапраўднае імя якой Гертруда Сакалова. Псеўданім Вера Вярба яна ўзяла ў гонар Веры Харужай. У адным з вершаў пісала: «Я іду па слядах тваіх // за справядлівасцю і мужнасцю, // За высокай гордасцю і дружнасцю. // Кожны крок мой — на белай паперы, // Я дайду да цябе, мая Вера!».
Безумоўна, зацікавіць яшчэ адзін артыкул Сяргея Мачалава пра таямніцу «Балады пра чатырох заложнікаў» Аркадзя Куляшова — менавіта гэты твор вучылі ў партызанскай школе з дзецьмі маладыя настаўніцы Марыя Шляхценка і Любоў Грыцова. На лістах, вырваных з нямецкага ўліковага журнала, на беларускай мове паўзверх нямецкага гатычнага шрыфту нехта з вучняў лясной школы напісаў план «Балады». Паводле таго плана, у ёй было на дванаццаць радкоў больш, чым мы ведаем. Чаму? Сяргей Мачалаў высветліў, што сам аўтар скараціў сваю паэму пасля вайны. Прычына тлумачыцца ва ўспамінах дачкі паэта Валянціны Куляшовай — Аркадзь Куляшоў спрачаўся з жонкай наконт трактоўкі абставін подзвігу бацькі Міная.
Сёння ў праграме Дня беларускага пісьменства ў Івацэвічах — традыцыйная навукова-практычная канферэнцыя, якая сёлета называецца «Івацэвіцкія чытанні». Мэта форуму — распавесці як мага шырэй пра гісторыю і культуру Івацэвіцкага краю.
— Мы таксама пастараліся, каб чытач нашага зборніка больш даведаўся пра Івацэвіччыну, — тлумачыць Віктар Шніп. — Сярод іншага змяшчаем храналогію «Гісторыя Івацэвіцкага раёна», пачынаючы ад Х—ІХ тыс. гадоў да н. э., калі ля Бабровіцкага возера з’явіліся першыя паселішчы чалавека, і заканчваючы нашым часам. Асобна вылучана храналогія часоў Вялікай Айчыннай вайны, дзе можна даведацца і пра подзвігі беларускіх партызан і падпольшчыкаў, і пра зверствы нямецка-фашысцкіх акупантаў. Першыя партызанскія групы ў Івацэвіцкім раёне з’явіліся ўжо ў ліпені 1941 года, у кастрычніку ўжо стварылася Косаўская антыфашысцкая арганізацыя.
А 3 жніўня 1942 г. партызаны атрадаў імя Дзімітрава, Варашылава, Шчорса ўчынілі штурм Косава.
Цікавымі падзеямі адзначана і Івацэвіччына нашага часу. Напрыклад, у 2022 г. у Івацэвічах адбылося адкрыццё Алеі адміралаў зямлі беларускай, 6–15 верасня 2023 г. прайшоў марафон «17 граняў адзінства», прысвечаны Дню народнага адзінства, у гэтым годзе адкрылі скульптурную кампазіцыю памяці спаленых вёсак. Зразумела, увойдзе ў гісторыю Івацэвіч гэты год і правядзеннем ХХХІ Дня беларускага пісьменства.
— Зборнікі серыі «Беларусь літаратурная» прадстаўляюць літаратурнае жыццё той ці іншай мясцовасці, — расказвае Віктар Шніп. — І гістарычную спадчыну, і класікаў, і сучасных аўтараў, да самых маладых. Сярод івацэвіцкіх літаратараў — такія вядомыя асобы, як Піліп Пестрак і Яраслаў Пархута. Ёсць і менш вядомыя, напрыклад, Баляслаў Пачопка, які разам з Алаізай Пашкевіч (Цёткай) адкрываў беларускія школы, працаваў дырэктарам Свіслацкай беларускай настаўніцкай семінарыі, а ў 1918 годзе склаў першую «Граматыку беларускай мовы».
Уразіць чытача і знаёмства з асобай і творчасцю Анатоля Галушкі, які праз траўму пазваночніка на ўсё жыццё стаў інвалідам.
«Пачаў маляваць зубамі. Першы малюнак быў выкананы звычайным алоўкам на аркушы паперы... З часам стварыў сваю тэхніку жывапісу, у нечым унікальную — пісаў, сціскаючы пэндзаль у зубах, кароткімі штрышкамі».
Анатоль Галушка здабыў вядомасць як мастак, але яшчэ і пачаў пісаць вершы на беларускай мове. У ліпені 2013 г. быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі, у 2017-м за зборнік вершаў, эсэ, замалёвак «Яблычны Спас» стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі імя У. А. Калесніка Брэсцкага аблвыканкама.
Зборнік «Мы помнім...» выдавецтва «Мастацкая літаратура» можна набыць на Дні беларускага пісьменства ў Івацэвічах, ахвотныя знойдуць яго і ў кніжных крамах Беларусі.
Людміла ІВАНОВА
У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.
Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.