Зачаравальны, хвалюючы, казачны — ніводзін іншы від спорту не атрымлівае больш узнёслых эпітэтаў, чым сінхроннае плаванне. Але за гэтай прыгажосцю — шматгадзінныя трэніроўкі, праца ў зале, бясконцае паўтарэнне аднаго і таго ж руху... І ўсё гэта ў выкананні маладых дзяўчат. Беларускае сінхроннае плаванне, у прынцыпе, трымаецца на жаночых плячах. Алена Святлічная — не толькі галоўны трэнер нацыянальнай зборнай, але і старшыня Беларускай федэрацыі сінхроннага плавання. Дзве трэніроўкі ў дзень і пастаяннае вырашэнне арганізацыйных пытанняў, сярод якіх мноства праблемных, — гэта яе штодзённы графік. У казачным сінхронным плаванні сябе не шкадуе ніхто. І аддача ад такіх намаганняў ёсць. У пачатку года Васіліна Хандошка заваявала бронзавы медаль чэмпіянату свету ў катэгорыі «сола». Пакуль Васіліна — адзіная беларуская спартсменка, якая можа выступаць на міжнародных стартах. Міжнародная федэрацыя плавання дапусціла толькі індывідуальных спартсменаў, два і больш — гэта ўжо каманда. Калі б не гэтае правіла, беларускія сінхраністкі маглі б змагацца за права выступіць на Алімпійскіх гульнях, але ў іх гэтую магчымасць забралі. Зрэшты, дзяўчаты не разгубіліся — на сваім галоўным старце сезона, Гульнях БРІКС, заваявалі сем медалёў. Такія вынікі, паводле слоў Алены Святлічнай, радуюць і падбадзёрваюць. Што стаіць за гэтымі ўзнагародамі, яна распавяла «Звяздзе».
— Алена Віктараўна, сутнасць сінхроннага плавання нават непрафесіяналу будзе зразумелая з назвы: два і больш чалавекі сінхронна выконваюць праграму. У многіх можа ўзнікнуць пытанне: «Пры чым тут катэгорыя „сола“, у якой выступае адна спартсменка?»
— Не варта забываць, што з 2017 года сінхроннае плаванне перайменавалі ў артыстычнае, таму зацыклівацца на тым, што два чалавекі павінны нешта рабіць сінхронна, ужо некарэктна. Раней «сола» было алімпійскай дысцыплінай, сёння ўжо не. Усё лагічна і проста: спартсменка змагаецца за медаль, яна не залежыць ні ад каманды, ні ад партнёраў. Яна можа разлічваць толькі на сябе і сама адказвае за свае памылкі. І таму, як правіла, у сола выступаюць наймацнейшыя спартсменкі ў краіне.
— Сёння ў Беларусі Васіліне Хандошка хтосьці можа скласці канкурэнцыю ў сола?
— Пакуль не. У вышэйшым звяне мы робім акцэнт на дуэты і групы. Я не выключаю, што сярод падрастаючых зорачак ёсць змена Васіліне, якая ў будучыні блісне, таму што моцныя спартсменкі ў нас ёсць. Сола і псіхалагічна складаная дысцыпліна. Трэба адарвацца ад каманды, даказаць, што ты наймацнейшая, ні на кога і ні на што не звяртаць увагі і проста працаваць. Вельмі многа працаваць. Прычым як самой спартсменцы, так і яе трэнеру.
— А патэнцыяльныя групы на будучыню сярод падрастаючага пакалення праглядаюцца?
— Гэта не так працуе. Дзеці растуць, набіраюцца досведу, праходзяць адбор — група набіраецца натуральным чынам. Многія са спорту сыходзяць пасля заканчэння школы, але хтосьці застаецца. Прафесійныя групы пачынаюць фарміравацца гадоў у 13-14. Менавіта ў гэтым узросце трэба максімальна навучыць дзяцей працаваць. Калі не навучыць — выніку не будзе. І той, хто гэта вытрымае, не зламаецца і пойдзе далей, у будучыні зможа паказваць вынікі. У вышэйшым звяне патрэбны спартсмены, якія ўмеюць і прывыклі працаваць. Бо на гэтым узроўні яны працуюць за грошы дзяржавы. А тут падыход просты: ці выкарыстоўвай іх з розумам і давай вынік, ці не займай чужое месца.
— Васіліна Хандошка за два дні да выступлення на чэмпіянаце свету памяняла праграму, што было звязана з новай сістэмай ацэньвання. На ваш погляд, да чаго прывядзе новая сістэма правіл?
— Сёння ў нас у правілах чырвонай лініяй праходзіць складанасць. А харэаграфія і артыстызм адышлі на другі план. Можна паставіць залімітавую складанасць, выканаць праграму на сярэднім узроўні і атрымаць высокія балы. Бываюць форс-мажоры, калі спартсменка паказвае і добрую складанасць, і харэаграфію, і артыстызм, але ў звязцы дапусціла памылку, што паніжае адзнаку за цэлы элемент, і спартсменка з 1 месца апускаецца на 12-е. Стварылі ў правілах пралаз, з-за якога памылка адной каманды можа прывесці на п’едэстал іншую каманду. У прынцыпе, гэта нядрэнна. Раней суддзі ацэньвалі краіну, а з новымі правіламі ацэньваецца непасрэдна выступленне спартсменкі. Раней на пытанне: «Што трэба зрабіць, каб падняцца вышэй?» нам адказвалі: «Дадайце складанасці». Мы яе дадавалі, але вышэй не паднімаліся, таму што паставіць на пастамент спартсменку з Беларусі і Расіі нельга, трэба ж і Францыі, Кітаю, ЗША і іншым па медалі даць. Васіліна ў юніёрскім узросце ўвесь час была чацвёртай, хоць усе ёй казалі: «Ты была першая, але мы цябе паставілі на чацвёртае». А каму ад гэтага лягчэй? Адзнакі за складанасць былі вельмі суб’ектыўныя. Новыя правілы гэта выправілі. Спартсмены і трэнеры разумеюць, што ім трэба зрабіць, каб атрымаць высокую адзнаку за складанасць. Але праблема ў тым, што не засталося месца для харэаграфіі, знікла мастацкая частка. Дзяўчаты ў вадзе круцяць вінты, робяць кручэнні, каб набраць складанасць. Цалкам згубілася відовішчнасць сінхроннага плавання. Асабліва гэта заўважна ў групах. Раней спартсменкі рабілі звязкі або асінхронныя рухі, каб была незвычайная карцінка, цікавая гледачу. А цяпер усе робяць аднолькавыя элементы, але ў рознай паслядоўнасці, каб проста атрымаць адзнакі за складанасць. А як гэта ацэньваць? Хто больш дадасць у праграму звязак, паваротаў і кручэнняў — той і перамог. Гэта значыць, трэба знаходзіць баланс паміж складанасцю і прыгожай карцінкай. Здаецца, адышлі ад адной праблемы — узнікла іншая, але ўсё роўна засталіся ў тупіку.
— Калі з’явіліся медалі з чэмпіянатаў Еўропы, чэмпіянату свету, цікавасць да сінхроннага плавання ў краіне вырасла?
— Шалёнага ажыятажу няма. На жаль, колькасць дзяцей, якія займаюцца, нават паменшылася. Ды і школ, якія набіраюць дзяцей, у нас няшмат: дзве — у Мінску і па адной — у Гомелі і Брэсце. Вялікі адсеў адбываецца ў 13-15 гадоў. Калі ў гэтым узросце дзеці не трапляюць у юнацкую зборную, яны не бачаць мэты, каб далей працаваць. Да вялікага спорту даходзяць адзінкі. Па ідэі, ва ўсіх розны перыяд сталення: адзін раскрываецца ў 13 гадоў, другі можа раскрыцца ў 15. Але ж патрэбны трэнеры, якія змогуць утрымаць, падтрымаць і дапамагчы раскрыцца, няхай і пазней за аднагодкаў. А ў нас вялізная праблема з трэнерскім складам. У нас на ўсю краіну 32 трэнеры. З іх два ў Гомелі, шэсць — у Брэсце і астатнія — у Мінску. З-за недахопу кадраў мы не можам дазволіць сабе займацца дзецьмі, якія не патрапілі ў юнацкую каманду, і раскрываць іх здольнасці далей. Яны могуць рэалізаваць сябе ў спорце, але з-за таго, што няма трэнераў, дарога ў спорт для іх, па сутнасці, закрываецца. На жаль, энтузіястаў, гатовых працаваць ад званка да званка ў басейне, працаваць з ненармаваным графікам, вельмі мала. А ў сінхронным плаванні патрэбны яшчэ спецыялісты па харэаграфіі і акрабатыцы. З намі 30 гадоў працаваў харэограф Валянцін Аляксандравіч Астрэйка, але ён пайшоў на пенсію. І пакуль мы не можам знайсці харэографа, які жыў бы нашым спортам. Харэаграфію ставім самастойна, звяртаемся па дапамогу да знаёмых. Акрамя гэтага, важная і акрабатычная частка.
Дзяўчатам трэба круціцца і круціцца ў вадзе, без стабільнай апоры, а гэта вельмі складана. У нас ёсць спецыяліст па акрабатыцы, але ён працуе са спартсменамі зборных каманд не на пастаяннай аснове. Забяспечыць яго поўным працоўным днём мы не можам — у нас не хапае груп і нагрузкі для дастойнай аплаты працы.
— Ці ёсць у сінхроннага плавання перспектывы ў рэгіёнах?
— Вельмі хацелася б развіваць спорт у рэгіёнах. Але як гэта рабіць без трэнераў? Сінхроннае плаванне — не мастацкая гімнастыка, у нас можна хоць да 40 гадоў выступаць. Але для гэтага павінны быць кваліфікаваныя трэнеры, камфортная база, цёплы басейн.
— Нягледзячы на ўсе арганізацыйныя складанасці, спорт развіваецца, пацвярджэнне таму — медалі нашых спартсменак. За кошт чаго гэта магчыма?
— У 2019 годзе ў нас сфарміравалася каманда, якая не баіцца цяжкасцяў. Тады з’явіліся і першыя медалі на чэмпіянаце Еўропы, нашы дзяўчынкі нядрэнна выступілі на чэмпіянаце свету, потым Васіліна стала прызёрам. Метадам спроб і памылак каманда і працуе. Дзякуючы гэтым людзям мы і прыбаўляем.
— Што нашы спартсменкі страцілі за два гады адхілення ад міжнародных стартаў?
— Мы страцілі досвед. На Гульнях БРІКС мы ўпершыню ўбачылі каманду Карэі, каманду моцную. Я заўважыла, што ў нашых дзяўчат прапаў дух саперніцтва, яны глядзяць на канкурэнтаў і пачынаюць іх баяцца. Мы цяпер знаходзімся ў вельмі камфортных, «цяплічных» умовах, а драмы спаборніцтваў, моманту нечаканасці няма. Без гэтага, насамрэч, складана. Дзяўчаты выконваюць свае праграмы на належным узроўні, але яны могуць рабіць іх лепш, калі адчуюць дух барацьбы. А як яго адчуць, калі міжнароднай спаборніцкай практыкі няма? На спаборніцтвы ў Расію мы прыязджаем, у першую чаргу, як сябры, а не сапернікі. У мінулым годзе ў дзяўчынак быў адзін міжнародны старт — клубны турнір у Дубаі. Гэта быў выдатны досвед, але што такое адзін турнір. Аднак нават у гэтай сітуацыі можна знайсці плюсы. Калі б мы выступалі на міжнародных спаборніцтвах, мы б не ведалі, чаго чакаць ад новых правілаў. А пакуль увесь свет да іх прывыкае, мы назіраем, робім высновы і вучымся на чужых памылках. Выступаем у ролі назіральніка пакуль. Затое калі вернемся на міжнародную арэну, мы ўжо гатовы да ўсяго.
— Алена Віктараўна, вы сумяшчаеце пасаду галоўнага трэнера зборнай і пасаду старшыні федэрацыі. Адказнасць каласальная. Як сіл на ўсё хапае?
— Мой працоўны дзень пачынаецца ў 7 раніцы і заканчваецца пасля сямі вечара. З 7 да 12 раніцы — першая трэніроўка, з 15 да 19 — другая, там я галоўны трэнер. У перапынках паміж трэніроўкамі можна папрацаваць старшынёй федэрацыі. Тэмп шалёны, але інакш ніяк, бо акрамя нас ніхто гэтую работу не зробіць. У нацкамандзе працуе 10 спартсменаў і чатыры спецыялісты: галоўны трэнер, начальнік каманды, урач і масажыст. Нагрузка ва ўсіх каласальная. Сіл не заўсёды хапае. Рукі апускаюцца ледзь не кожны тыдзень — гэта непазбежна. Але спартсмены гэтага не бачаць, такія моманты іх непасрэднай спартыўнай падрыхтоўкі не датычацца. І, як бы ні было цяжка выцягваць масу складаных момантаў, мы павінны знаходзіць сілы заставацца для іх галоўнай апорай. З паперамі я працаваць не люблю, але люблю працаваць са спартсменамі. У сваіх спартсменах я бачу вынік сваіх намаганняў, укладзеных сіл, сваіх ідэй — непадробнае задавальненне, дзеля якога варта працаваць 24 на 7. Гэта і трымае.
— Чатыры гады таму вы казалі, што галоўная мэта — адабрацца на Алімпійскія гульні. На Алімпіядзе ў Токіа вашы падапечныя выступілі, прычым годна. Якая цяпер вялікая мэта?
— У першую чаргу, вярнуцца на міжнародную арэну, каб спартсменкі зноў адчулі драйв і жаданне спаборнічаць, прадстаўляць сцяг Рэспублікі Беларусь. Вядома, стаіць мэта адабрацца на Алімпійскія гульні 2028 года, ад алімпійскай мары мы адмаўляцца не збіраемся. Спадзяёмся, што ўсе негатыўныя моманты, уласцівыя сучаснаму міжнароднаму спорту, скончацца, разумны сэнс пераможа. Мы павінны быць гатовы да гэтага і быць у форме! Матывацыя ў дзяўчат ёсць. Але яна стане яшчэ вышэйшай, калі будзе больш спаборніцтваў. У гэтым можна нават не сумнявацца.
Валерыя СЦЯЦКО
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.