Вы тут

Алесь Бадак пра Нацыянальную літаратурную прэмію — 2024


Адна з самых яскравых падзей Дня беларускага пісьменства — цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія». Адбудзецца гэта ў Івацэвічах, сёлетняй сталіцы свята. Сёння ўвечары на галоўнай сцэне ўрачыста адкрыюць канверты і агучаць імёны пераможцаў. Таму пакуль што інтрыга захоўваецца... Але старшыня журы, вядомы паэт, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак згадзіўся распавесці чытачам «Звязды» пра некаторыя аспекты сёлетняга конкурсу:


— У гэтым годзе на конкурс было пададзена сорак дзевяць твораў. Многа ці мала? Трэба мець на ўвазе, што гэта ўжо тыя творы, якія прайшлі папярэдні адбор, калі іх вылучалі выдавецтвы, бібліятэкі, іншыя ўстановы. Значыць, да таго, як кніжкі паступілі ў журы, яны ўжо вытрымалі конкурс. Таму мы выбіралі найлепшае з лепшага. Гэта складана. Тым болей вельмі мала выпадковых, нікому не вядомых намінантаў, за выключэннем намінацыі «Дэбют». Думаю, калі чытачы ўспомняць, хто атрымліваў раней Нацыянальную літаратурную прэмію, пагодзяцца са мной, што гэта людзі вартыя, сапраўды вядомыя пісьменнікі.

— Якія намінацыі сёлета самыя «багатыя»?

— Больш за ўсё намінантаў было ў прозе, публіцыстыцы і дзіцячай літаратуры. Публіцыстыка сёння, як паказвае нават наш конкурс, вельмі запатрабаваная. Людзям цікавы жанр сваёй актуальнасцю, тым больш калі гэта слова пісьменніка. Паэзія крыху саступіла свае традыцыйна лідарскія пазіцыі, хаця мы ведаем, што кніжак паэтычных выходзіць шмат. Але чытач сёння жыве актыўным жыццём, яго цікавіць тое, што адбываецца сёння ў нас, у свеце. Натуральна, і дзіцячых кніжак выходзіць шмат. Колькі б ні гаварылі, што дзеці сёння мала чытаюць, але гэта ўсё-ткі не зусім так. І дзеці чытаюць, і бацькі ім чытаюць, і самыя вялікія тыражы традыцыйна ў дзіцячай літаратуры.

— Заўсёды складанай была ў плане напаўнення намінацыя «Дэбют», здаралася, у ёй нават не вызначалі пераможцаў. Як адбылося сёлета?

— Так, намінацыя самая складаная, бо аўтары невядомыя. Вельмі небяспечна памыліцца ў сваім выбары, таму што прасцей выбіраць, калі аўтары ўжо шмат гадоў працуюць у літаратуры. Акрамя таго, калі мы гаворым пра маладых дэбютантаў, іх творчасць вельмі разнастайная, у тым ліку жанрава, стылёва. І важна, каб табе не перашкодзіў твой уласны густ даваць ацэнку маладым. Нешта можа не падабацца — заглыбленне ў сябе, крыху адарванасць ад сучаснасці. Мы ж мімаволі параўноўваем дэбютантаў з самімі сабой маладымі, калі мы пачыналі і паэзія была ў цэнтры грамадскага жыцця. Тым не менш і сярод маладых сёння ёсць лідары, аўтары, вартыя ўвагі. Ва ўсялякім разе, сёлета было з чаго выбіраць, меліся прэтэндэнты, вартыя таго, каб атрымаць такую важную і прэстыжную прэмію.

— Ці прадстаўлена была драматургія?

— Прэтэндэнтаў хапала, праўда, выбіраць сярод кніжак драматургіі заўсёды вельмі складана. Усё-ткі гэта жанр на мяжы літаратуры і тэатра, і вельмі важна, каб аўтары драматычных твораў, якія выходзяць асобным выданнем, былі вядомыя і ў тэатральных колах. Добрых драматургаў заўсёды мала. Таму не выпадае здзіўляцца, што мы не кожны год прысуджаем прэмію ў гэтай намінацыі.

— Наколькі шырока былі прадстаўлены пісьменнікі рэгіёнаў?

— Рэгіёны штогод прадстаўляюцца актыўна. Бо маюць права вылучаць кандыдатаў і абласныя бібліятэкі, і абласныя арганізацыі СПБ... І ім важна, каб пераможцам стаў іх зямляк, чалавек, які часта ў іх выступае, якога добра ведаюць у вобласці, раёне. Калі паглядзець на пераможцаў мінулых гадоў, то вельмі часта імі становяцца аўтары, якія жывуць за межамі Мінска. Атрымліваць такую прэмію — вялікае свята, вялікае ўражанне. Калі да цябе прыцягнута ўвага не толькі калег, але і гледачоў ля сцэны, тэлегледачоў... Вельмі хвалююча.

Напэўна, кожны, хто атрымліваў такую прэмію, запомніць гэта на ўсё жыццё.

— А што выдавецтва «Мастацкая літаратура» сёлета прэзентуе на свяце?

— Прадставім кнігу серыі «Беларусь літаратурная», якая выходзіць традыцыйна да кожнага Дня беларускага пісьменства. Кніга прысвечана літаратарам Івацэвіччыны, а таксама 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На Дні беларускага пісьменства ў Івацэвічах ёсць стэнд з кнігамі лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі, да якога наша выдавецтва мае самае непасрэднае дачыненне — многія кнігі выходзілі менавіта ў нас. Там адбудуцца сустрэчы з аўтарамі кніг — пераможцамі конкурсу розных гадоў і аўтограф-сесіі. А імёны сёлетніх пераможцаў вы пачуеце ў найбліжэйшы час.

Людміла ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.