Вы тут

Вопыт, варты пераймання. Наталля Качанава наведала Мінскі дзяржаўны каледж лічбавых тэхналогій


Адбылося пасяджэнне кансультатыўнага савета пры Савеце Рэспублікі па пытаннях сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.


Падтрымка сацыяльна неабароненых катэгорый насельніцтва, у тым ліку людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, з’яўляецца неад’емнай часткай дзяржаўнай палітыкі. Значную ўвагу пытанням лячэння, сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі дзяцей з інваліднасцю і асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ўдзяляе Савет Рэспублікі. З моманту стварэння кансультатыўнага савета (верасень 2022 года) адбылося ўжо пяць пасяджэнняў на розныя тэмы, падчас якіх узнімаліся, а ў выніку былі вырашаны праблемныя моманты. Тэма чарговага кансультатыўнага савета — сістэма прафесійнай падрыхтоўкі маладых людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і створаных умовах для іх сацыялізацыі на прыкладзе горада Мінска. 

Сталіцы ў гэтым плане ёсць чым пахваліцца: нягледзячы на свае няпростыя дыягназы, маладыя людзі маюць магчымасць атрымліваць прафесію, а потым працаваць. Вядучыя прадпрыемствы краіны прымаюць у свае шэрагі высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія запатрабаваны ў рэальным сектары эканомікі. 

Абмен вопытам і замацаванасць кадраў 

У гэтым плане варты пераймання вопыт падрыхтоўкі і адаптацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, далейшай іх інтэграцыі ў грамадства Мінскага дзяржаўнага каледжа лічбавых тэхналогій. Менавіта на пляцоўцы навучальнай ўстановы і адбыўся кансультатыўны савет, на які невыпадкова былі запрошаны намеснікі старшыняў аблвыканкамаў і начальнікі абласных упраўленняў адукацыі. Па словах Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі КАЧАНАВАЙ, рэгіёны павінны бачыць, што трэба і можна рабіць для такіх дзяцей, каб укараняць падобны вопыт на месцах. 

«Мы гэта пытанне даўно трымаем на кантролі: не толькі ў горадзе Мінску, а ў цэлым у нашай краіне, — падкрэсліла спікер у размове з журналістамі. — Дзяржавай створаны ўсе ўмовы для таго, каб такія хлопцы і дзяўчаты былі адаптаваны ў грамадства, атрымлівалі прафесію, заканчвалі навучальныя ўстановы. Для гэтага ў нас ёсць пашыраная сетка навучальных устаноў, цэнтры карэкцыйнага развіцця. У тэрытарыяльных цэнтрах ёсць гурткі, дзе хлопцы і дзяўчаты займаюцца. Нам было важна ісці далей — для таго, каб яны атрымлівалі спецыяльнасць і маглі працаваць, рэалізаваць сябе, бо гэта таленавітыя дзеці».

Кажучы аб Мінскім дзяржаўным каледжы лічбавых тэхналогій, Наталля Качанава адзначыла, што тут створаны цудоўныя ўмовы для навучэнцаў. «Розная ёсць ступень страты здароўя, розныя дыягназы ў такіх дзяцей, — канкрэтызавала яна. — Хтосьці татальна невідушчы, хтосьці з асаблівасцямі слыху і практычна не чуе. Сёння тут навучаюцца ўжо і дзеці з аўтыстычным расстройствам. Калі мы пабывалі ў гэтым каледжы некалькі гадоў таму, я ўбачыла вельмі зацікаўленага кіраўніка ўстановы, які сапраўды хоча зрабіць нешта вельмі важнае і патрэбнае». 

Як расказаў дырэктар Мінскага дзяржаўнага каледжа лічбавых тэхналогій Георгій КОЗЕЛ, за 60 гадоў існавання навучальнай установы педагогі падрыхтавалі і выпусцілі 786 хлопцаў і дзяўчат. «Наш каледж рыхтуе праграмістаў, спецыялістаў па мікраэлектроніцы і нанатэхналогіях, робататэхніцы, мехатронікі, аўтаматызаваных сістэмах кіравання, мабільных лічбавых сістэмах, сакратароў-рэферэнтаў, — канкрэтызаваў ён. — Усе нашы выпускнікі працаўладкоўваюцца. Мы суправаджаем іх яшчэ на працягу двух гадоў. Напрыклад, на такім прадпрыемстве, як "Інтэграл", стопрацэнтная замацаванасць кадраў. "Інтэграл" — гэта флагман рэспублікі, лепш за яго ў гэтым кірунку ніхто не працуе: гэта адзінае прадпрыемства электроннага профілю, якое робіць афіцыйныя заяўкі на падрыхтоўку спецыялістаў з ліку асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця». 

Індывідуальны падыход і падтрымка

Адно з пытанняў, на якое ўпаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў горадзе Мінску звярнула ўвагу ўдзельнікаў кансультатыўнага савета, — стварэнне дадатковых месцаў для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў сярэдне-спецыяльных установах. Не менш важнае пытанне, узнятае спікерам, — куды выпускнікоў такіх устаноў потым адпраўляць для далейшай работы. Хоць прыклады эфектыўнага ўзаемадзеяння навучальных устаноў і прадпрыемстваў ёсць. Напрыклад, усе выпускнікі Мінскага дзяржаўнага каледжа лічбавых тэхналогій гэтага года забяспечаны першым працоўным месцам: маладыя людзі ўжо прыступілі да працы на вядучым прадпрыемстве мікраэлектроннай галіны краіны — на ААТ «Інтэграл». Запатрабаваныя выпускнікі навучальнай установы і ў Парку высокіх тэхналогій. «Ёсць унікальныя хлопцы і дзяўчаты, якія выдаюць унікальныя рашэнні, якія непадуладныя многім іншым дзецям, якія вучацца ў звычайных гімназіях і школах нашай краіны», — канкрэтызавала Старшыня Савета Рэспублікі. 

Наталля Качанава прапанавала стварыць Асацыяцыю сярэдне-спецыяльных устаноў, дзе вучацца дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. «Для таго, каб педагогі маглі збірацца, праводзілі семінары, дзяліліся вопытам, наведвалі свае ўстановы і бачылі, што яшчэ трэба рабіць у далейшым для таго, каб гэтым хлопцам і дзяўчатам было камфортна вучыцца, і самае галоўнае, каб яны былі запатрабаваны на рынку працы, — патлумачыла спікер. — Для гэтых хлопцаў і дзяўчат гэта вельмі важна. Дзіця атрымае спецыяльнасць і будзе адчуваць сябе нармальным, патрэбным сваёй краіне, чалавекам. Яны патрэбны нам і сёння, з самага нараджэння. У нас няма раздзялення: мы ўсе — людзі нашай краіны». 

Пры гэтым Старшыня Савета Рэспублікі заўважыла, што працаваць з дзецьмі, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця, трэба індывідуальна, да кожнага, па меркаванні спікера, трэба знайсці падыход. 

«Мы ўсё можам вырашаць, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Я заўсёды цытую Прэзідэнта нашай краіны — "усе рашэнні, якія прымаюцца, павінны быць на карысць дзяржавы". Калі гэта нам трэба — мы павінны гэта зрабіць. Таму ўсё павінна быць накіравана менавіта на гэтую задачу». 

Удзельнікі кансультатыўнага савета азнаёмілася з арганізацыяй навучальнага працэсу ў Мінскім дзяржаўным каледжы лічбавых тэхналогій. Наведалі лабараторыю кадзіравання лічбавай інфармацыі, смарт-лабараторыю, азнаёміліся з дзейнасцю цэнтра духоўна-маральнага і інклюзіўнага выхавання. Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін перадаў цэнтру камплект кніг духоўнай тэматыкі. Наталля Качанава ўручыла навучэнцам каледжа камплекты адзення, а таксама сертыфікат на вучэбнае абсталяванне. «Вы — таленавітыя, вы — разумныя, вы патрэбныя нашай краіне», — падкрэсліла спікер, уручаючы падарункі. 

Начальнік Цэнтра дашкольнай пачатковай інклюзіўнай адукацыі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Людміла САКАЛОВА азнаёміла з выстаўкай, на якой прадстаўлены вопыт работы сталіцы па сацыялізацыі навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Установы адукацыі, якія працуюць з такімі дзецьмі, прадэманстравалі, як яны дапамагаюць хлопцам і дзяўчатам сацыялізавацца ў грамадстве. Адны вучаць іх плаваць, іншыя — вышываць, аздабляць кераміку, ствараць упакоўку для цукерак і іншае. 

«Вельмі важна даць дзіцяці пасля школы рамяство для таго, каб яно было паспяховым у будучыні і магло забяспечваць самога сябе, — лічыць Людміла Сакалова. — І для дзяцей гэта важна — хлопцы і дзяўчаты адчуваюць сябе патрэбнымі. Яны цудоўныя, творчыя, ім проста крыху трэба дапамагчы, каб яны знайшлі сябе ў нашым грамадстве. Яны вельмі чакаюць нашай падтрымкі». 

Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.

Кіно

Аўтарскі погляд на чалавека і яго лёс праз дакументальнае кіно

Аўтарскі погляд на чалавека і яго лёс праз дакументальнае кіно

У Мінску завяршыўся фестываль «Еўразія.DOC».

Спорт

Андрэй Барбашынскі: Калі мы гаворым пра медалі для краіны — без вучылішча алімпійскага рэзерву не абысціся

Андрэй Барбашынскі: Калі мы гаворым пра медалі для краіны — без вучылішча алімпійскага рэзерву не абысціся

Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала.