Вы тут

У Мінскім раёне адкрылі першы арэндны дом для педагогаў


У вёсцы Лескаўка, што пад Бараўлянамі, старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр ТУРЧЫН узяў удзел у адкрыцці новага арэнднага дома для педагогаў і іх сем’яў. Адметна, што гэта першы падобны дом у краіне. Узвесці арэнднае жыллё для настаўнікаў прапанаваў Мінскі аблвыканкам. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў гэтую ідэю. Сваё жыллёвае пытанне вырашаць як вопытныя педагогі прысталічнага рэгіёна, так і маладыя спецыялісты. Яны атрымаюць ключы ад новых кватэр. Дарэчы, пра гэты аб’ект беларускі лідар гаварыў падчас нядаўняга педсавета. Сказана — зроблена! Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што аналагічнае будаўніцтва плануецца і ў Брэсцкай вобласці. Карэспандэнт «Звязды» адправіўся ў Мінскі раён, каб далучыцца да мерапрыемства, якое стала для многіх сапраўдным святам.


Куток шчасця

Новы дом — не проста будынак. Гэта сімвал новага этапу жыцця, развіцця і росквіту Мінскага раёна. Важная падзея для дзясяткаў яго жыхароў. Тут, у новых сучасных кватэрах будуць нараджацца і ўвасабляцца мары і планы, панаваць гарманічная атмасфера добрасуседства. Кожны з жыхароў абавязкова знойдзе свой куток шчасця.

Дадзеная падзея — вынік намаганняў улады і творчай энергіі інжынераў, будаўнікоў і ўсіх тых, хто ўклаў сваю любоў да прафесіі і душу ў гэта збудаванне.

Перад тым, як разрэзаць чырвоную стужку, кіраўнік вобласці звярнуўся да навасёлаў: «Я хацеў бы павіншаваць вас з набыццём жылля і надыходзячым святам — Днём ведаў! Я вельмі паважаю прафесію педагога. Яна спалучае шмат добрых якасцяў: уменне працаваць з дзецьмі і, вядома, цярпенне ў рабоце з бацькамі».

Жыхары падзякавалі старшыні Мінаблвыканкама за яго пільную ўвагу і дапамогу ў вырашэнні пытанняў жыхароў прысталічча: «Ад імя ўсіх навасёлаў хачу падзякаваць вам за тую ўвагу, якую вы аказваеце нам, настаўнікам, — звярнулася да губернатара настаўніца Бараўлянскай гімназіі Паліна Ліхтаровіч. — Разуменне, дапамога, падтрымка ў вырашэнні жыллёвага пытання вельмі важныя для кожнага чалавека, бо ўтульны сямейны ачаг — гэта надзейнасць, стабільнасць, магчымасць жыць і планаваць будучыню. Выбраўшы прафесію, ад усёй душы любячы яе, мы запэўніваем вас у тым, што прыкладзём усе намаганні для выхавання годнай будучыні нашай любімай Беларусі».

Такая практыка будзе працягвацца

Дарэчы, практыка будаўніцтва арэнднага жылля для работнікаў сацыяльнай сферы Міншчыны будзе працягвацца. «Для Мінскага раёна жыллёвая тэма вельмі актуальная. За апошнія гады мы пабудавалі тут шмат аб’ектаў для сістэмы адукацыі. Гэта школы і дзіцячыя садкі.

Я думаю, што ў наступным месяцы ўвядзём у строй яшчэ адзін дзіцячы садок у Бараўлянах, а пасля — і новую школу. Усе яны патрабуюць вялікай колькасці педагагічных работнікаў. Блізкасць сталіцы аказвае свой уплыў. Размаўляючы з уладальнікамі новага жылля, чарговы раз пераконваемся, што маем рацыю. Асабліва для такіх рэгіёнаў, як Мінскі, жыллё з’яўляецца калі не вызначальным, то вельмі важным фактарам для замацавання спецыялістаў, прычым не толькі маладых», — адзначыў старшыня Мінаблвыканкама.

Ён дадаў, што наяўнасць уласнага жылля асабліва важная для падтрымкі маладых спецыялістаў, якія прыязджаюць па размеркаванні ў Мінскі раён: «Для маладога педагога новая школа ды яшчэ і са сваім жыллём — проста нейкія фантастычныя рэчы. Але насамрэч яны вельмі правільныя. І гэта якраз тое, што мы абмяркоўвалі на педагагічным савеце з удзелам кіраўніка дзяржавы».

Лясны, Лескаўка, Вопытны, Бараўляны стварылі сваю агламерацыю, і ў найбліжэйшы час тут таксама з’явіцца шмат сацыяльна значных аб’ектаў. «Будуецца школа, якую здадуць у эксплуатацыю ў наступным годзе, сёлета ўвядзём Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў Бараўлянах. У Лескаўцы ўзводзіцца ФАК, каб усе жыхары маглі займацца спортам, — заявіў кіраўнік вобласці. — З пункту гледжання камфорту, гэтыя населеныя пункты становяцца вельмі добрым месцам для людзей».

Па меркаванні Аляксандра Турчына, выдзяленне арэнднага жылля для работнікаў сацыяльнай сферы па той жа схеме, што і для ваеннаслужачых, было б найбольш зручным: «Адпрацоўваеш, напрыклад, 15 гадоў, і пасля гэтага маеш права набыць жыллё на пэўных умовах ва ўласнасць. Гэта было б добрай магчымасцю для бюджэтнікаў вырашыць свае жыллёвыя праблемы. Таму, вядома, мы такую практыку, асабліва ў Мінскім раёне, будзем працягваць. Сёння абмяркоўвалі лакацыю ў Лескаўцы Бараўлянскага сельсавета, паўднёвы напрамак Мінскага раёна — Сеніца, Прылукі, дзе будуецца шмат аб’ектаў сацыяльнай сферы».

Кіраўнік Міншчыны запрасіў журналістаў 21 верасня наведаць абласныя «Дажынкі», што пройдуць у Валожыне: «Там вы ўбачыце шмат цікавага. Мы рэалізавалі праект па будаўніцтве дома на 12 кватэр. І якраз для невялікіх раёнаў гэта таксама вельмі ўдалае вырашэнне праблемы жылля для работнікаў сацыяльнай сферы. Думаю, з наступнага года ў невялікіх раённых цэнтрах пачнём інтэнсіўна будаваць такія дамы для прыцягнення і замацавання спецыялістаў».

Старшыня Мінаблвыканкама падкрэсліў, што гэты дом быў пабудаваны па асобным распараджэнні Прэзідэнта. «Улічваючы, што кіраўнік дзяржавы гаварыў пра гэта на педагагічным савеце, думаю, такія праекты будуць інтэнсіўна маштабавацца не толькі ў Мінскай вобласці, але і ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны», — падсумаваў Аляксандр Турчын.

Першы госць у новым доме

Атрымаць ключы ад арэнднай кватэры было сапраўдным падарункам для сям’і музычнага кіраўніка дзіцячага сада вёскі Лескаўка Алены Нікалаевай. Шчаслівыя гаспадары запрасілі старшыню Мінаблвыканкама да сябе ў кватэру. Да гэтага сям’я жыла ў інтэрнаце. У мужа і жонкі трое дзяцей, двое з іх — школьнікі, і цяпер іх шлях да школы займае ўсяго адну хвіліну: адразу за домам — бараўлянская школа № 3.

Кіраўніка вобласці ў першую чаргу цікавіла, як педагог ставіцца да таго, каб у будучыні арэнднае жыллё можна было выкупляць у прыватную ўласнасць з растэрміноўкай плацяжу праз, напрыклад, 10 гадоў работы ў сістэме адукацыі. «Выдатна, таму што, калі шчыра, гэта вельмі хвалюе ўсіх», — сказала шматдзетная мама. «Мы будзем разглядаць такі варыянт, паколькі для нас важна вырашаць задачу па прыцягненні кадраў у школы, дзіцячыя сады», — адказаў Аляксандр Турчын.

Алена Нікалаева працуе ў адукацыйнай сферы з 2014 года: «Пачынала ў Кіраўску, затым пераехалі ў Бабруйск. Цяпер лёс занёс мяне ў Бараўляны. Да гэтага працавала ў школе, цяпер — у дзіцячым садку. У сям’і ў нас трое дзяцей. Два сыночкі і лапачка-дочка. Старэйшаму сыну — 12, сярэдняму — 10, а дачцэ — 3 гады».

Па словах жанчыны, жыллёвае пытанне стаяла востра: спачатку шматдзетная сям’я здымала кватэру, пасля ім выдзелілі інтэрнат: «І я нават не разлічвала, што змагу атрымаць сапраўдную кватэру! Лічу, што ўласнае жыллё — велізарная перспектыва для маладых спецыялістаў. І, вядома, гэта вельмі прыемна мне як шматдзетнай маме. Ды і моладзі нашай таксама прыемна, бо новае жыллё — як сапраўдны стымул застацца тут пасля адпрацоўкі».

Кватэры гатовыя да пражывання, навасёлам трэба будзе толькі завезці мэблю. Ужо гатовыя санвузлы, на кухні стаіць пліта. Дарэчы, ацяпляцца кватэры будуць індывідуальнымі газавымі катламі. На тэрыторыі двара і ў пад’ездах створана безбар’ернае асяроддзе, абсталявана стаянка для веласіпедаў. За захаванасць маёмасці жыхары могуць не перажываць: на дамах устаноўлена відэаназіранне.

«Падтрымаць і вынесці на заканадаўчым узроўні»

Чырвоную стужку Аляксандр Турчын перарэзаў разам з настаўніцай з бараўлянскай гімназіі Палінай Ліхтаровіч і са старшынёй Мінскага райвыканкама Уладзімірам Юргевічам. Мінскі раён актыўна развіваецца. Штогод ён прырастае ад пяці да васьмі тысячамі чалавек. Гэта звязана найперш з міграцыяй, урбанізацыяй насельніцтва. Людзі знаходзяць сябе ў сталіцы, у Мінскім раёне. Для іх заўсёды тут знойдуцца працоўныя месцы.

«Патрэба ў сацыяльных аб’ектах у Мінскім раёне апошнія пяць гадоў задавальнялася і задавальняецца ў перспектыве. За пяцігодку мы пабудавалі 13 дзіцячых дашкольных устаноў і чатыры школьныя. Вядома, спатрэбілася прыкласці немалыя намаганні, каб забяспечыць гэтыя ўстановы кадрамі. Адсюль і з’явілася ідэя зрабіць жыллё і замацаваць у першую чаргу педагогаў, — адзначыў Уладзімір Юргевіч. — Вялікі дзякуй кіраўніку дзяржавы, які асобным распараджэннем дазволіў нам рэалізаваць гэты праект. Таму ў перспектыве для работнікаў сацыяльнай сферы такую ідэю трэба падтрымаць і вынесці на заканадаўчым узроўні, каб спецыялісты маглі набыць гэта жыллё ва ўласнасць праз пэўны час. Гэта можна вызначыць нарматыўным актам».

У вёсцы Лескаўка будуецца два арэндныя дамы для медыкаў на 140 кватэр, а таксама адзін дом для цэнтральнай раённай клінічнай бальніцы ў Бараўлянах: «Штогод у сацыяльную сферу прыходзіць каля 1,5 тысячы маладых спецыялістаў. Праблему з замацаваннем кадраў трэба вырашаць. І мы шляхі вырашэння бачым. Дзесьці стараемся самі, а дзесьці — з падтрымкай кіраўніка дзяржавы», — адзначыў Уладзімір Юргевіч.

Ключы ад новага жылога дома на 40 кватэр у вёсцы Лескаўка атрымалі работнікі 13 устаноў адукацыі. Вельмі радасна, што ў нашай краіне з’яўляюцца такія сацыяльна значныя аб’екты, пашыраюцца магчымасці для падтрымкі педагогаў.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.  

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці 

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.