Вы тут

Летняя аздараўленчая кампанія прайшла ў штатным рэжыме


Летняя аздараўленчая кампанія прайшла ў штатным рэжыме. Пры гэтым попыт на пуцёўкі ў лагеры сёлета быў надзвычай высокі. Большасць з іх працавалі ў пяць, а некаторыя — і ў шэсць змен. Літаральна ўчора са сваімі выхаванцамі развіталіся ў двух лагерах, якія завяршылі свае змены пазней за ўсіх. Пра вынікі дзіцячага аздараўлення расказалі спецыялісты.


— Попыт сёлета быў як ніколі вялікі. Мы гэтага чакалі. Давер да летняй аздараўленчай кампаніі, да арганізацый, якія прымаюць на аздараўленне і адпачынак дзяцей, з боку бацькоў быў сапраўды вельмі высокі, — адзначыў намеснік дырэктара — начальнік аддзела дзяржаўных закупак і метадычнай работы Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Аляксандр Цай.

На правядзенне дзіцячай летняй аздараўленчай кампаніі дзяржавай заўсёды выдзяляюцца значныя аб’ёмы фінансавых сродкаў. Сёлета са сродкаў рэспубліканскага бюджэту было выдаткавана больш як 64 мільёны рублёў, у мінулым годзе — 61,5 мільёна.

З гэтых сродкаў 61,9 мільёна рублёў пайшлі на патанненне кошту пуцёвак для дзяцей у аздараўленчыя, спартыўна-аздараўленчыя лагеры, 1,7 млн — на набыццё бясплатных пуцёвак для дзяцей, якія пражываюць або навучаюцца на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях, і іншых ільготных катэгорый. Каля 600 тысяч рублёў — на аказанне дапамогі ў падрыхтоўцы лагераў да работы ў летні перыяд.

Асаблівая ўвага — загараднаму аздараўленню дзяцей, дзе дасягаецца найбольшая эфектыўнасць. І ўласнікі, і абласныя, і Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты сур’ёзна падышлі да гэтага пытання і выдзелілі значнае фінансаванне на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы стацыянарных загарадных лагераў. Сёлета на гэтыя мэты быў выдзелены рэкордны за апошнія гады аб’ём сродкаў — больш як 30 мільёнаў рублёў. Сюды ўвайшлі грошы ўласнікаў, мясцовых і рэспубліканскага бюджэтаў, прафсаюзаў, спонсарская дапамога. Сума выдзеленых сродкаў перасягнула мінулагоднюю на 3 млн рублёў.

— Сапраўды, база загараднага аздараўлення была вельмі добра падрыхтавана. Натуральна, ставіліся акцэнты праводзіць максімальную колькасць змен у стацыянарных лагерах. У бягучым годзе мы прагназавалі, што каля 125 тысяч дзяцей пройдуць аздараўленне ў такіх умовах, але атрымалася аздаравіць нават больш. Звыш 126 тысяч школьнікаў прайшлі аздараўленне ў стацыянарных кругласутачных загарадных лагерах, гэта на 7 тысяч больш, чым летась, — адзначыў Аляксандр Цай.

Усяго ж звыш 398 тысяч школьнікаў прайшлі аздараўленне і адпачынак у аздараўленчых, спартыўна-аздараўленчых лагерах. Гэта на дзевяць тысяч больш, чым летась, і на пяць тысяч больш, чым планавалася на гэты год. 168,7 тыс. дзяцей прайшлі аздараўленне ў кругласутачных лагерах і 229,5 тыс. — з дзённым знаходжаннем.

Павышаная ўвага сёлета — аздараўленню дзяцей-сірот і дзяцей-інвалідаў. У лагерах пабывалі 11 600 дзяцей-сірот і 5700 дзяцей з інваліднасцю — на 11% больш, чым летась. Яны адпачывалі ў аздараўленчых лагерах, дзе маюцца ўмовы даступнага асяроддзя і магчымасць медыцынскага суправаджэння.

Для дзяцей, хворых на цукровы дыябет, была арганізавана змена ў санаторыі «Сонейка» ў Слуцкім раёне. Больш за 130 малых адпачывалі разам з бацькамі. Амаль цалкам аздараўленне было аплачана са сродкаў рэспубліканскага бюджэту і Мінгарвыканкама.

Шэрагу іншых катэгорый дзяцей — дзецям-інвалідам, дзецям-сіротам, дзецям са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў — гэтак жа дапамаглі адпачыць абласныя выканкамы і Мінгарвыканкам, якія ажыццяўлялі даплату да кошту пуцёвак. Акрамя таго, даплаты ажыццяўлялі наймальнікі па калектыўных дагаворах, прафсаюзы, шэрагам іншых арганізацый.

Што датычыцца баўлення часу ў лагерах, то вялікая ўвага сёлета ўдзялялася правядзенню тэматычных змен, прысвечаным традыцыйным каштоўнасцям беларусаў, павазе да гістарычнага мінулага і дасягненняў краіны на сучасным этапе, папулярызацыі дзяржаўных сімвалаў Беларусі. Ва ўсіх лагерах адбыліся мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня Незалежнасці. У Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня» прайшоў маштабны форум — рэспубліканскі злёт дзіцячага актыву «Школа юнага грамадзяніна». У гэтай змене прыняло ўдзел больш за тысячу актывістаў школьнага і вучнёўскага самакіравання.

Трэба адзначыць, што працавалі тэматычныя лагеры ў кожным рэгіёне. Яны аб’ядноўвалі школьнікаў, якія займаюцца па ІT-профілі, пераможцаў алімпіяд, конкурсаў, фестываляў, КВЗ.

— Па якім бы профілі школьнік ні займаўся, адпаведна яго інтарэсам можна было знайсці тэматычныя атрады, змены, лагеры. Попыт і быў такі вялікі, бо мы прапанавалі шырокі спектр паслуг у арганізацыі вольнага часу, — падзялілася меркаваннем кансультант галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяна Асмалоўская.

Трэці аздараўленчы сезон у лагерах праходзіць акцыя «Крок да поспеху». У ёй прымаюць удзел прадстаўнікі міністэрстваў прамысловасці, сувязі, інфармацыі, кіраўнікі вядучых прадпрыемстваў, буйных арганізацый, вядомыя акцёры і рэжысёры, спартсмены, журналісты. Напрыклад, у «Зубраняці» сапраўдны фурор у выхаванцаў выклікала сустрэча з касманаўтамі Марынай Васілеўскай і Алегам Навіцкім. Сустрэчы праходзілі ў розных формах: дыялогавай пляцоўкі, «100 пытанняў да дарослага», шчырай размовы. Цікавілі школьнікаў розныя аспекты: як адбыцца ў прафесіі, як сумяшчаць працу і асабісты час? Больш за 60 тысяч дзяцей сталі сёлета ўдзельнікамі праектных мерапрыемстваў акцыі «Крок да поспеху».

Адно з актуальных пытанняў старшых школьнікаў і навучэнцаў — дзе падпрацаваць? І тут трэба адзначыць, што лагеры працы і адпачынку захаваліся ў тым жа аб’ёме, як і ў ранейшыя сезоны. Сёлета выхаванцаў прынялі больш за тысячу такіх устаноў, дзе 15 тысяч падлеткаў змаглі і адпачыць, і зарабіць. Акрамя таго, летам было арганізавана каля 20 тысяч працоўных акцый, дзе паўдзельнічала больш за 200 тысяч выхаванцаў аздараўленчых лагераў, а ўсяго 480 тысяч дзяцей і падлеткаў — кожны другі школьнік.

Не страцілі сваёй актуальнасці і студатрады. Іх было сфарміравана больш за дзве тысячы, а іх удзельнікамі сталі 29 тысяч маладых людзей, у тым ліку 14 тысяч непаўналетніх. Асаблівая ўвага з боку выхавальнікаў і педагогаў — арганізацыі вольнага часу дзяцей сацыяльна ўразлівых катэгорый. Толькі ў студэнцкіх атрадах працавала 476 падлеткаў, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, і 288 тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Штогод усё большай папулярнасцю карыстаецца адпачынак у ваенна-патрыятычных лагерах. Сёлета працавалі 744 такія аздараўленчыя ўстановы, дзе адпачылі больш за 25 тысяч дзяцей. Яны цесна ўзаемадзейнічаюць з сілавымі структурамі — Міністэрствам абароны, МУС, Дзяржпагранкамітэтам, МНС, ДТСААФ. У кожным лагеры праходзілі ваенна-патрыятычныя гульні — «Зарніца», «Арлёнак». Для азнаямлення падлеткам была прадстаўлена тэхніка, можна было паразмаўляць з хлопцамі, якія нясуць службу ва Узброеных Сілах, пакаштаваць салдацкую кашу.

Падарожжы па Беларусі былі неад’емнай часткай адпачынку ў лагерах усіх тыпаў. Гэтым летам было арганізавана больш за 11 200 экскурсій для 176 тысяч школьнікаў. Асаблівай папулярнасцю карысталіся Брэсцкая крэпасць і ў цэлым гэты рэгіён, а таксама сталіца. Музеі, забаўляльныя цэнтры, мерапрыемствы ў цэнтрах дадатковай адукацыі, прамысловы турызм — мэты экскурсій былі самыя разнастайныя.

Культурны складнік прадугледжваў і сумесныя мерапрыемствы з установамі культуры і кінавідэапракатамі. Дзеці наведалі 12 тысяч кінасеансаў з фільмамі па гісторыі, культуры Беларусі, ваенна-патрыятычнымі стужкамі.
Умовы надвор’я, у прыватнасці ўраган, які прайшоў па краіне ў канцы ліпеня, прымусіў унесці карэктывы ў меры бяспекі ў тым ліку і ў дзіцячых лагерах.

— Хоць такія умовы надвор’я не характэрныя для нашага клімату, мы зразумелі, што трэба ўзмацніць меры бяспекі, яшчэ раз праверыць матэрыяльна-тэхнічную базу, правесці прафілактычную работу з кадрамі, нагадаць, як паводзіць сябе падчас стыхіі. У жніўні ладзілі дадатковыя мерапрыемствы па забеспячэнні бяспекі, абследаванні дрэў, спартыўных аб’ектаў, карпусоў і іншых збудаванняў, прайшлі дадатковыя мерапрыемствы па навучанні, — паведаміла Таццяна Асмалоўская.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.