У віцебскім мікрараёне «Білева» ў Дзень ведаў расчыніла свае дзверы ўнікальная ўстанова адукацыі «Пачатковая школа № 48 г. Віцебска». Аналагаў ёй пакуль няма ў нашай краіне. Са святам навучэнцаў, іх бацькоў і педагогаў першымі павіншавалі ганаровыя госці.
З добрымі словамі і каштоўнымі падарункамі на лінейку да маленькіх віцябчан завіталі Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Сергяенка, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, прадстаўнікі абласной і гарадской улады.
Шматфункцыянальны аб’ект разлічаны на адначасовае навучанне 850 дзяцей, 560 з іх — гэта выхаванцы дзіцячага садка, 290 — навучэнцы пачатковай школы. Установа падзелена на тры блокі, якія злучаны паміж сабой. У кожнага — свая каляровая гама. Акрамя 31 групы для дзяцей ва ўзросце ад аднаго да шасці гадоў, асобна абсталявана памяшканне для групы кароткачасовага знаходжання.
Для навучэнцаў пачатковай школы абсталявалі 16 класаў з апошняй сучаснай тэхнікай. Ва ўстанове маюцца тры спартыўныя залы, у адной ёсць нават інтэрактыўны скаладром, басейн, дзве трэнажорныя залы, два музычныя класы, актавая зала на 100 месцаў, клас харэаграфіі і інш. У пакоі псіхалагічнай разгрузкі дзецям прапаноўваюць адпачыць за інтэрактыўным сталом і пагуляць на такой жа падлозе, запрашаюць у майстэрню анімацыі. У кабінеце пазавызначанай дзейнасці ёсць робататэхнічны набор рэльефных прадметаў для магнітнай дошкі па развіцці матэматычных здольнасцяў. Расклад заняткаў публікуецца на сэнсарнай панэлі. Важна, што ў 48-й школе падчас будаўніцтва вялікую ўвагу надалі стварэнню безбар’ернага асяроддзя для дзяцей з асаблівасцямі здароўя: тут ёсць пандусы, ліфты для школьнікаў-інвалідаў, шрыфт Брайля.
Па задумцы такая ўнікальная ўстанова павінна дапамагчы дашкольнікам не толькі адаптавацца ў соцыўме, але і плаўна перайсці ад садка да пачатковай школы ў знаёмай цёплай атмасферы. А ў гэтым, безумоўна, маладому пакаленню дапамогуць вопытныя педагогі, якія працягнулі школьнікам руку ў дзівосны свет ведаў. Дарэчы, педагагічны калектыў новай установы налічвае больш за 100 чалавек, 40 з іх — маладыя спецыялісты.
«Дарагія землякі, сёння ў Віцебску запускаецца ўнікальны эксперыментальны праект. Тут гарманічна спалучаецца дашкольная і пачатковая школьная адукацыя. Упэўнены, што гэты праект, гэтая школа стане цэнтрам сучасных ведаў, патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання юных жыхароў горада Віцебска. Асновай, душой школы, вядома ж, з’яўляецца педагагічны калектыў. Таму мой наказ дырэктару школы — сфарміраваць працаздольны калектыў, у якім спалучаецца вопыт старэйшых педагогаў і запал маладых пачынаючых выпускнікоў віцебскіх і іншых беларускіх ВНУ. Я бачу сёння шмат бацькоў, жыхароў гэтага мікрараёна. Заклікаю вас вучыцца разам з дзецьмі, працаваць разам з педагогамі. Толькі разам мы зможам навучыць дзяцей таму, што неабходна ў жыцці, выхаваць сапраўдных патрыётаў нашай краіны. Звяртаючыся да юных, самых галоўных удзельнікаў сённяшняга мерапрыемства, хацеў бы адзначыць: смела асвойвайце гэты будынак, але беражыце гэтыя сцены і ўсё, што створана працай вашых бацькоў», — звярнуўся да ўдзельнікаў свята Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сяргяенка. Ад імя дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ён уручыў дырэктару школы інтэрактыўную панэль.
Сертыфікат на суму 15 тысяч рублёў для папаўнення матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстанове адукацыі ўручыў і кмраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Дзмітрый Крутой. Ён адзначыў, што ў канцэпцыю школы было закладзена шмат сэнсаў, акрамя галоўнага — бясшвоўны адаптацыйны пераход дзетак з садка ў школу. «Другі важны момант — гэта эканомія рэсурсаў. Забяспечыць самую высокую якасць, самыя сучасныя тэхналогіі, якія сёння толькі ёсць у нас у рэспубліцы, але пры гэтым зэканоміць на стадыі праектавання і будаўніцтва, на стадыі ўтрымання гэтага будынка. Гэта эканомія на адміністрацыі, на нейкіх гаспадарчых функцыях. І трэці важны момант — гэта педагогі. Важна паглядзець на замацаванне, у Віцебскай вобласці яно адно з самых высокіх. Прыкладна 70% педагогаў, якія пачынаюць працаваць у школах, застаюцца ў гэтых установах адукацыі. Таму цікава будзе паглядзець, наколькі маладыя спецыялісты вальюцца ў калектыў», — падзяліўся Дзмітрый Мікалаевіч.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін падзякаваў усім, хто прымаў удзел у будаўніцтве пачатковай школы — з этапу праектавання да добраўпарадкавання прылеглай тэрыторыі. «Вам, дзеці, жадаю цярпення, з вялікай цікавасцю асвойваць усё тое новае, што вас чакае ў гэтых сценах. Педагогам — удзячных вучняў і таксама берагчы тое, што мы разам стваралі», — пажадаў кіраўнік паўночнага рэгіёна і ўручыў дырэктару школы сертыфікат і спартыўны інвентар.
Сімвалічны ключ ад новага карабля ведаў Віцебшчыны кіраўніку ўстановы адукацыі Ілоне Марчанка ўручыў генеральны дырэктар ААТ «Жылбуд» Аляксандр Літвінаў. Пасля ўрачыстага перарэзання чырвонай стужкі першымі ў новыя класы зайшлі першакласнікі са сваімі першымі настаўнікамі. Ігар Сергяенка, Дзмітрый Крутой і Аляксандр Субоцін асабіста павіншавалі 1 «А» клас з новым навучальным годам і ўручылі дзецям кнігі «Беларусь — наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі першакласніку», а таксама азнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базы школы.
Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
Фота аўтара
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.
Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.