Вы тут

У Магілёве адкрыўся ліцэй МУС — другі ў сістэме гэтага ведамства пасля Мінску


Удзел ва ўрачыстасцях прынялі старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Пяткевіч, міністр унутраных спраў, генерал-лейтэнант міліцыі Іван Кубракоў.


Комплекс будынкаў па вуліцы Бялінскага, якія былі перададзены Беларускай жалезнай дарогай пад ліцэй МУС, пераўтварыліся да непазнавальнасці. У спальным корпусе — 50 пакояў, разлічаныя на чатыры чалавекі. Усе яны абсталяваныя камфортнай мэбляй, ёсць тэлевізар і інтэрнэт, для зручнасці прадугледжаны трансформеры-перагародкі. Да паслуг ліцэістаў сучасная актавая зала 250 месцаў і бібліятэка, бытавыя і вучэбныя памяшканні з інтэрактыўнымі дошкамі, зручныя санвузлы і прасторная сталовая. На прылеглай да ліцэя тэрыторыі размешчаны спартыўныя пляцоўкі для гульні ў міні-футбол, валейбол і баскетбол. Ёсць барцоўская і трэнажорная залы, інтэрактыўны цір і клас харэаграфіі. Маці ліцэістаў, якіх запрасілі на экскурсію па навучальнай ўстанове засталіся задаволенымі. У Год якасці ліцэй стаў цудоўным падарункам гораду і наогул краіне. Ён адчыніў свае дзверы для 154 навучэнцаў з розных рэгіёнаў, яны залічаны ў 7-10 класы. Наогул конкурс быў амаль 5 чалавек на месца. 

Міністр унутраных спраў, генерал-лейтэнант міліцыі Іван Кубракоў нагадаў, што пачаткам адкрыцця ведамаснага ліцэя ў Магілёве стала яго размова з Прэзідэнтам. 

— Летась, калі я дакладваў кіраўніку дзяржавы аб рабоце органаў унутраных спраў і праблемных пытаннях, я закрануў тэму будаўніцтва спецыялізаваных міліцэйскіх устаноў адукацыі ў рэгіёнах, — удакладніў ён. — Высветлілася, што шмат жадаючых паступіць у іх. І Прэзідэнт сказаў, што трэба ім такую магчымасць дасць. 

У сціслыя тэрміны была зроблена праектна-каштарысная дакументацыя і літаральна за 7 месяцаў пабудаваны практычна новы будынак. Каб здаць аб’ект да пачатка вучэбнага года, будаўнікі працавалі ў тры змены. Міністр МУС папярэдзіў, што ў бліжэйшы час адбудзецца таксама глабальная рэканструкцыя аднаго са спартыўных аб’ектаў Магілёва, з якога зробяць цалкам новы спартыўны комплекс. Гэта будзе яшчэ адзін падарунак не толькі сілавому блоку Магілёўшчыны, а і ўсёй Магілёўскай вобласці.

— У ліцэі для рабят створаны выключныя ўмовы, — падкрэсліў Іван Кубракоў. — Яны будуць на поўным дзяржаўным забеспячэнні, адной толькі формы адзення ў іх будзе чатыры, у тым ліку і спартыўная. Мы таксама набылі аўтатранспарт, каб рабяты змаглі ўбачыць Брэсцкую крэпасць, Лінію Сталіна — усе знакавыя аб’екты нашай краіны. Мы будзем выхоўваць сапраўдных патрыётаў нашай радзімы.

Для ліцэістаў першы вучэбны дзень пачаўся з урачыстай прысягі. Было бачна, як яны адначасова хвалююцца і ганарацца. Маладыя людзі чыталі словы клятвы на вернасць Радзіме і беларускаму народу, звонка чаканілі. «Служу Рэспубліцы Беларусь». Міністр МУС павіншаваў ліцэістаў з важнай ў іх жыцці падзеяй, з уступленнем у так званае ганаровае брацтва. А самаму юнаму ліцэісту па традыцыі ўручыў свой наручны гадзіннік. 

Для прысутных прагучала некалькі музычных нумароў, напрыканцы самыя юныя навучэнцы запусцілі ў неба белых галубоў. 

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Пяткевіч адзначыла, што вельмі прыемна бачыць маладое пакаленне, якое асэнсавана выбірае свой шлях і паступае вось у такія спецыялізаваныя ўстановы, каб звязаць сваё жыццё з аховай правапарадку.

— Цудоўна, што з ранніх гадоў падлеткі маюць магчымасць вызначыцца і прыняць усвядомленае рашэнне, — рэзюмавала яна. — Асабліва важна, што так шмат рабят жадае служыць сваёй Айчыне прафесійна. І тое, што іх у гэтым падтрымліваюць бацькі. 

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка падкрэсліў, што ліцэй МУС стане тым самым месцам, дзе малады чалавек зможа навучыцца быць сапраўдным мужчынам і абаронцам сваёй краіны. 

— Такія ліцэі дысцыплінуюць, даюць разуменне свайго месца ў жыцці, паняцця, што значыць быць сапраўдным патрыётам, — падкрэсліў губернатар. — Вельмі прыемна, што сёлета, у Год якасці, у Магілёве адкрылася адначасова два важных і сучасных аб’екта. Акрамя ліцэя, гэта яшчэ і доўгачаканая школа на 1020 месцаў. У жыцці вельмі важна, каб чалавек мог не толькі атрымаць веды, але і стаў годным грамадзянінам сваёй краіны. І выхаваць яго такім — галоўная задача і для бацькоў, і для настаўнікаў.

Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.