Напрыканцы жніўня Віцебшчына прэзентавала свой эканамічны, культурны і гістарычны патэнцыял у расійскім горадзе Пскове. Вядучыя прадпрыемствы і арганізацыі паўночнага рэгіёна прадставілі распрацоўкі і ўзоры імпартазамяшчальнай прадукцыі, а патэнцыяльных і рэальных расійскіх партнёраў азнаёмілі з інвестыцыйнымі прапановамі. Вынікам Дзён Віцебскай вобласці ў Пскове стаў важкі пакет падпісаных кантрактаў і пагадненняў.
У Фінскім парку свае пляцоўкі прадставілі больш за два дзясяткі прадпрыемстваў паўночнага рэгіёна. Прадукцыю і тэматычныя вырабы прэзентавалі «Віцебскдрэў», «Полацк-Шкловалакно», «Белвест», «Віцебскаблгаз», Свабодная эканамічная зона «Віцебск», Аршанскі льнокамбінат, «Віцебскія дываны», «Віцязь», «Нафтан». Сярод экспанатаў — інавацыйнае падлогавае ламінаванае пакрыццё на аснове ДВП высокай шчыльнасці, якое распрацавана ААТ «Віцебскдрэў». З нечаканага боку жыхары і госці Пскова ўбачылі віцебскіх газавікоў, якія прадставілі на выставе экалагічна чысты корм новага пакалення, што выпускае завод па вытворчасці экструдаванага збожжа, адкрыты ў сельскагаспадарчым філіяле «Мазалавагаз». Паглыбленне ў аграрную тэму газавікі пацвердзілі і дэманстрацыяй пашыранай лінейкі тарфяных грунтоў, якія карыстаюцца попытам на ўнутраным і знешнім рынках. Не абышлося і без флагманаў харчовай прамысловасці: па віцебскія адмысловыя каўбасы і сыры выстраіліся вялікія чэргі з расійскіх гасцей.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін сустрэўся з губернатарам Пскоўскай вобласці Міхаілам Вядзернікавым. Па выніках сустрэчы бакі падпісалі пратакол да Пагаднення паміж Урадам Пскоўскай вобласці і Віцебскім абласным выканаўчым камітэтам аб супрацоўніцтве ў эканамічнай, навукова-тэхнічнай, культурнай і гуманітарнай галінах ад 17 верасня 2015 аб зацвярджэнні Плана мерапрыемстваў на 2024–2026 гады і сам план. Міхаіл Вядзернікаў падкрэсліў, што Беларусь сёння застаецца адным з ключавых і самым надзейным расійскім партнёрам. «Па большасці пазіцый гандлю ў нас дынаміка станоўчая. Дзейнічаюць пагадненні аб супрацоўніцтве на ўзроўні рэгіёнаў, на муніцыпальным узроўні, а таксама ў сферы адукацыі. Пскоўская вобласць актыўна купляе беларускую тэхніку. Мы задаволены і цэнавай палітыкай прадпрыемстваў, і якасцю прадукцыі. Закупляем і аўтобусы, і сельгастэхніку. Частка смеццявозаў працуе на платформе МАЗа.
Беларускія машыны можна сустрэць у кожным кутку Пскоўскай вобласці. Да работы на Пскоўшчыне прыцягваюць беларускіх праекціроўшчыкаў, у нас ужо ёсць першы вопыт, ён станоўчы. Тэма доўгатэрміновая, аб’ектаў у нас шмат, плюс новыя праекты», — зазначыў губернатар Пскоўскай вобласці.
Кантракт на пастаўку абутковай прадукцыі на 50 мільёнаў расійскіх рублёў заключыла прадпрыемства «Белвест» з ЗАТ «Белвест Рытэйл Масква», а ўвогуле Беларусь падпісала з расійскімі партнёрамі кантракты на суму звыш 1,7 мільярда расійскіх рублёў.
Вялікая работа падчас Дзён Віцебскай вобласці ў Пскове была праведзена ў сферы аховы здароўя. Так, адбылася Міжнародная навукова-практычная медыцынская канферэнцыя, якая прайшла з удзелам высокакваліфікаваных спецыялістаў вядучых устаноў аховы здароўя Пскоўскай і Віцебскай абласцей. Нашы медыкі ўпершыню ў рамках такога фармату сумесна з расійскімі калегамі правялі серыю аперацый, падзяліўшыся вопытам і напрацоўкамі.
Мемарандум аб узаемаразуменні заключылі ўпраўленне спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама і Камітэт па спорце Пскоўскай вобласці. Два ведамствы рыхтуюць праект «Захаванне гісторыка-культурнай спадчыны прыгранічных малых паселішчаў Віцебскай і Пскоўскай абласцей як элемента ўніфікацыі, гарманізацыі і збліжэння брацкіх народаў». Галоўная мэта гэтага праекта — пашырыць супрацоўніцтва сумежных тэрыторый у розных напрамках.
Супрацоўнікаў віцебскіх і пскоўскіх бібліятэк аб’яднаў міжнародны круглы стол «80-годдзю Перамогі прысвячаецца». Вынікам сустрэчы стала падпісанне пагадненняў аб супрацоўніцтве. Прадстаўнікі Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама ў рамках дзён рыхтуюцца падпісаць пяць пагадненняў аб супрацоўніцтве з дзяржаўнымі сацыяльнымі пансіянатамі.
Дэлегацыя ўзяла ўдзел у круглым стале па пытаннях садзейнічання занятасці насельніцтва, прыцягнення замежнай рабочай сілы, працаўладкавання дзяцей і моладзі, аплаты працы і сацыяльнага партнёрства, аховы працы, сацыяльнай абароны і сацыяльнага абслугоўвання пажылых грамадзян, інвалідаў. Віцябчане наведалі тры ўстановы сацыяльнага абслугоўвання Пскоўскай вобласці.
Яркім фінальным акордам чатырохдзённага мерапрыемства стаў гала-канцэрт «З любоўю з Віцебска». Музычныя падарункі расійскім сябрам дарылі найлепшыя творчыя калектывы Віцебшчыны: актэт балалаек «Віцебскія віртуозы», ансамбль танца музыкі і песні «Талака», сімфанічны аркестр Віцебскай абласной філармоніі. Падзея стала сапраўдным святам, атмасфера народнага адзінства ўзбагацілася сілай мастацтва і сардэчным водгукам публікі.
Аляксандра Гвоздзева
Фота «Витебские вести»
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.