Вы тут

Новы дзіцячы садок урачыста адкрылі ў раёне новабудоўляў Брэста


Дзіцячая дашкольная ўстанова ў раёне, што інтэнсіўна забудоўваецца, была вельмі патрэбная. Таму ўвод у эксплуатацыю новага садка стаў чаканай падзеяй для многіх сем’яў мікрараёна Вулька-3. Дзіцячы садок, узведзены па вуліцы Крыштафовіча, уяўляе сабой сучасную, прыгожую, утульную дашкольную ўстанову на 350 месцаў. 


Павіншаваць віноўнікаў урачыстасці прыехаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык. Завяршэнне будаўніцтва гэтага садка ён назвай знакавай падзеяй для мікрараёна і для горада Брэста ў цэлым. 

— Вельмі важна, што кіраўніцтвам абласнога цэнтра праводзіцца сістэмная работа па ўзвядзенні падобных устаноў. Такія аб’екты абыходзяцца не танна дзяржаве. Напрыклад, на гэты садок патрачана каля 17 мільёнаў рублёў. Важна, што тут створаны ўсе ўмовы для камфортнага знаходжання, для адукацыі і ўсебаковага развіцця дашкольнікаў. 

Яшчэ кіраўнік вобласці звярнуў увагу прысутных на тое, што ў новым садку прадугледжаны тры групы для асаблівых дзяцей, і пажадаў іх педагогам, выхавацелям поспехаў у высакароднай справе, а бацькам — цярпення і веры ў тое, што агульнымі намаганнямі ўдасца пераадолець праблемы і выхаваць гэтых дзетак паўнавартаснымі членамі грамадства. Асобна губернатар падзякаваў будаўнікам за зладжаную, якасную работу на гэтым аб’екце. 

Па традыцыі сімвалічны ключ ад новага дзіцячага садка загадчыцы ўстановы Алене Бажук уручыў генеральны дырэктар УП «Аб’яднанне «Брэстсаўгасбуд» Уладзімір Вабішчэвіч. І пасля пераразання сімвалічнай стужкі госці накіраваліся на аглядную экскурсію ва ўстанову адукацыі. Варта сказаць, што новы садок пад яркім вераснёўскім сонцам выглядаў надзвычай прыгожа, урачыста. Чысцінёй ззялі дарожкі, абсаджаныя маладымі кустарнікамі і кветкамі. 

Гаспадары ўстановы расказалі, што ў ёй прадугледжана функцыянаванне 19 груп, у тым ліку трох для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і дзяцей-інвалідаў. 

У дашкольнай установе ёсць пакой псіхалагічнай разгрузкі, сэнсарны пакой, памяшканне для дзіцячай і тэхнічнай творчасці, кабінет па навучанні бяспецы жыццядзейнасці, гульнявы пакой, музычная зала. Цікава і функцыянальна абсталяваны ўчасткі для прагулак. Гульнявыя навесы абароняць выхаванцаў ад сонца ў спякотныя дні. Ёсць асобная пляцоўка для заняткаў фізкультурай з гульнявым спартыўным комплексам. 

Правілы дарожнага руху і правілы паводзін на вуліцы хлопчыкі і дзяўчынкі будуць вывучаць на спецыяльнай пляцоўцы. Дарэчы, старшыня аблвыканкама падарыў садку сертыфікат на набыццё дзіцячых электрамабіляў. З іх дапамогай выхаванцы змогуць лепш спасцінгнуць правілы дарожнага руху. 

Дзеці чакалі гасцей, і разам са сваімі выхавальнікамі падрыхтавалі невялікую канцэртную праграму, нумары якой пакарылі сэрцы слухачоў. Песні і вершы ў выкананні дашкольнікаў дарослыя сустрэлі радаснымі ўсмешкамі і шчырымі апладысментамі. А ў шэрагу гледачоў, большасць якіх складалі бацькі выхаванцаў гэтага садка, здарыўся маленькі канфуз, які выклікаў у аўтара гэтых радкоў асаблівае замілаванне. Побач з бацькам стаяў хлопчык, па выгляду, кандыдат у ясельную групу. Цікаўнымі вачанятамі ён назіраў за дзеяй, рухаўся паміж дарослымі, у нейкі момант спытыкнуўся, упаў, заплакаў, але даволі хутка супакоіўся, схаваўшы твар у татавым плячы. І падумалася тады: «Найвялікшае шчасце, калі побач з малымі клапатлівыя таты і мамы, калі свеціць сонца і гучыць музыка пад мірным небам. Калі будзе мір і спакой, будзем узводзіць садкі, школы і святкаваць іх адкрыццё». 

Што і пацвердзіў старшыня аблвыканкама Пётр Пархомчык у размове з журналісамі пасля ўрачыстага адкрыцця. Кіраўнік вобласці сказаў, што ў 2024-2026 годзе у Брэсце плануецца ўзвядзенне дзіцячых дашкольных устаноў на 820 месцаў. Ёсць адпаведныя планы і ў цэлым па вобласці. А каб яны сталі рэальнасцю, трэба спачатку зарабіць грошы і накіраваць іх на будоўлю. Значыць, эфектыўна і дакладна павінна прававаць эканоміка. 

...Бацькі выхаванцаў ахвотна дзяліліся радасцю ад адкрыцця садка ў крокавай даступнасці. Напрыклад Алена Шыш вазіла дачку Ксенію у цэнтр горада цэлы год: «А цяпер па дарозе на працу завёў дзіця, і такім жа чынам забраў дадому. Эканоміцца шмат часу, які можна правесці з дачкой, заняцца хатнімі справамі. Шчырае дзякуй за такі цудоўны садок!» — выразіла агульны настрой маладая маці. 

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Універсальная мова якасці

Універсальная мова якасці

Аб развіцці стандартызацыі ў Беларусі расказалі эксперты.

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Сельская гаспадарка

Увосень работ восем

Увосень работ восем

Якія задачы стаяць перад аграрыямі восенню?

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.