Вы тут

Якія сродкі трэба мець у дачнай аптэчцы?


Атручэнні і кішэчныя інфекцыі — сумны «хіт» не толькі лета, але і пачатку восені. На свежым паветры мы часта забываем памыць рукі і перакусваем тут і цяпер, а то і цягнем у рот толькі што сарванае з градкі ці куста. Дрэнна памытая свежая гародніна і садавіна могуць справакаваць наймацнейшае атручванне. А самая «дачная» ежа — шашлыкі — можа аказацца дрэнна прасмажанай ці занадта цяжкай для стрававання. Не губляюць актуальнасці ўвосень і ўкусы насякомых. Сезонная ж алергія можа назірацца не толькі вясной і летам, але і восенню, калі верасень цёплы (яе выклікаюць пылок палыну, хатнія пылавыя кляшчы, грыбок цвілі). Пра асноўныя правілы небяспекі дачнага адпачынку і першую дапамогу пры надзвычайных здарэннях нагадала ўрач-отарыналарынголаг 11-й гарадской паліклінікі Мінска Дар’я Чфас.


Харчовая алергія

Пры развіцці харчовай алергіі неабходна ў тэрміновым парадку прамыць страўнік, прыняць слабіцельныя прэпараты і сарбенты (актываваны вугаль).

Гэтыя прадукты не варта ўжываць пры невядомым алергене-правакатары: цытрусавыя (апельсіны, мандарыны, лімоны, грэйпфруты і інш.); арэхі (фундук, міндаль, арахіс і інш.); рыба і рыбныя прадукты (свежая і салёная рыба, рыбныя булёны, кансервы з рыб, ікра і інш.); птушка (гусь, качка, індычка, курыца і інш.) і вырабы з іх; шакалад і шакаладныя вырабы; кава; вэнджаныя вырабы; воцат, гарчыца, маянэз і іншыя спецыі; хрэн, радыска, рэдзька; таматы; баклажаны; грыбы; яйкі; малако; клубніцы; суніцы; дыня; ананас; здобнае цеста; мёд.

Укус насякомых

Укусы перапончатакрылых — вос, пчол, чмялёў і шэршняў — асабліва небяспечныя для людзей з інсектнай алергіяй (рэакцыяй на ўкус насякомых). Для іх такі кантакт можа нават прывесці да смяротнага зыходу. Як не дапусціць такой сітуацыі?

На вялікае шчасце, большасць людзей пераносяць укусы пчол і вос адносна нармальна, у здаровага чалавека гэта выклікае толькі мясцовую рэакцыю. Гэта пачырваненне, прыпухласць і боль у месцы ўкусу, пякота. Аднак часам узнікаюць алергічныя рэакцыі рознай ступені цяжкасці, асабліва калі гэта датычыцца ўкусаў у галаву і поласць рота. Гэта значыць, у тыя месцы, дзе крывяносныя сасуды размешчаны блізка да паверхні скуры. Тады яд трапляе прама ў крывацёк.

Неабходна акуратна выцягнуць джала, пакласці лёд ці халодны кампрэс на месца ўкусу (ручнік, змочаны халоднай вадой).

Адразу пасля апрацоўкі раны выпіце любы антыгістамінны сродак, нават калі раней алергічных рэакцый на штосьці ў вас ніколі не было.

Лічыцца, што людзей, у якіх укус асы ці пчалы можа выклікаць моцную і небяспечную для жыцця рэакцыю, мала — прыкладна 2 ці 3%. Але калі вы схільныя да алергічных рэакцый, на ўсялякі выпадак майце з сабой антыгістамінныя сродкі.

Інгаляцыйныя алергены

Гэты від узнікае пры ўдыханні алергенаў. Пацыенты яе часта блытаюць з рэспіраторнымі захворваннямі, таму зацягваюць са зваротам да ўрача.

Пры ўзнікненні такой алергіі ў тэрміновым парадку трэба спыніць кантакт з алергенам, прамыць вочы і нос вадой.

Пры ўсіх відах алергіі неабходна прыняць антыгістамінныя прэпараты (ларатадзін, фенкарол, ніксар). Калі пачалося ўдушша і няма антыгістамінных прэпаратаў, трэба выпіць моцны алкагольны напой (для расслаблення гладкай мускулатуры).

Аднак антыгістамінныя прэпараты — гэта толькі сімптаматычнае лячэнне. Ад самой хваробы лекі не пазбаўляюць. Таму куды больш важна знайсці алерген-правакатар, выключыць яго з дыеты ці пазбягаць з ім кантакту, калі гэта, напрыклад, пылок раслін, шэрсці жывёл і інш. Многія, на жаль, прымаюць лекі і больш нічога не робяць. Гэта вялікая памылка!

Цеплавы ўдар

Цеплавы ўдар, які ўзнікае ад агульнага перагрэву арганізма, не адбываецца адразу. Але калі вы адчулі галавакружэнне, пацямненне ў вачах, млоснасць або пачашчанае сэрцабіццё, у вас, хутчэй за ўсё, тэрмічнае знясіленне. Пазней могуць наступіць курчы, ваніты. Ад цеплавога ўдару можна страціць прытомнасць і нават памерці. Прыкладна гэтак жа праяўляецца сонечны ўдар.

Пацярпелага неабходна перамясціць у цень, пакласці на галаву халодны кампрэс, абцерці цела халоднай вадой ці накрыць мокрай прасцінай, расшпіліць ці зняць лішняе адзенне, даць выпіць халоднай вады.

Харчовыя атручэнні

Большасць выпадкаў атручванняў выклікана бурным размнажэннем у харчовых прадуктах залацістага стафілакоку і кішэчнай палачкі. Атручэнні часцей за ўсё правакуюць няякасныя прадукты са скончаным тэрмінам прыдатнасці або тыя, якія захоўваліся ў непрыдатных умовах ці гатаваліся з парушэннем санітарных нормаў.

Таксама атручэнні нярэдка выклікаюць атрутныя грыбы і расліны, сабраныя і ўжытыя ў ежу па няведанні ці неасцярожнасці. Часта ў такіх сітуацыях без тэрміновай медыцынскай дапамогі не абысціся. А вось што можна зрабіць да прыезду брыгады «хуткай».

  • Прамыць страўнік. Для гэтага неабходна выпіць каля трох шклянак цёплай вады і выклікаць ваніты.
  • Прыняць сарбенты (актываваны вугаль).
  • Не прымяняць прэпараты супраць дыярэі. Дыярэя — гэта самае хуткае і масіўнае вывядзенне таксінаў з арганізма. Калі дыярэі няма, то можна прыняць слабіцельнае.
  • Піць як мага больш вады для вывядзення таксінаў з арганізма.

Калі атручванне суправаджаецца дыярэяй больш чым 10 раз за суткі, ванітамі, нарастае слабасць, — неабходна выклікаць «хуткую» ці самому звярнуцца па медыцынскую дапамогу.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.

Кіно

Аўтарскі погляд на чалавека і яго лёс праз дакументальнае кіно

Аўтарскі погляд на чалавека і яго лёс праз дакументальнае кіно

У Мінску завяршыўся фестываль «Еўразія.DOC».

Спорт

Андрэй Барбашынскі: Калі мы гаворым пра медалі для краіны — без вучылішча алімпійскага рэзерву не абысціся

Андрэй Барбашынскі: Калі мы гаворым пра медалі для краіны — без вучылішча алімпійскага рэзерву не абысціся

Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала.