На сайтах большасці райвыканкамаў Брэстчыны можна знайсці спісы ганаровых грамадзян раёнаў. Карэспандэнт «МС» прагледзела іх і адзначыла, што некалькі былых старшынь райсаветаў удастоены звання ганаровых грамадзян сваіх раёнаў. Больш за тое, ганаровыя грамадзяне не раз станавіліся героямі матэрыялаў «МС», актыўна супрацоўнічалі з «Мясцовым самакіраваннем», усяляк спрыялі з’яўленню на яго старонках цікавых матэрыялаў.
Ганаровы грамадзянін Камянецкага раёна Ніна Стасюк нарадзілася на Камянеччыне і ўсё працоўнае жыццё прысвяціла служэнню малой радзіме. Пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна працавала настаўніцай мовы і літаратуры, актыўнага маладога спецыяліста вылучылі на камсамольскую работу. А пасля заканчэння Вышэйшай камсамольскай школы ў Маскве Ніну Стасюк накіравалі на партыйную работу. Працяглы час была сакратаром райкама партыі, які адказвае за сацыяльны кірунак работы. У кнізе Андрэя Юрэнева «Летающий мужик», прысвечанай двойчы Герою Сацыялістычнай працы Уладзіміру Бядулю, напісанай паводле ўспамінаў легендарнага старшыні, аўтар гэтых радкоў звярнула ўвагу на эпізод, калі малады сакратар райкама Стасюк угаворвала Бядулю памяняць сваю вясковую хату на дыхтоўны дом, якія будавалі для працаўнікоў. Гаспадарка ўжо грымела на ўвесь Саюз, Бядуля меў шэраг узнагарод. Калгаснікі спрэс спраўлялі наваселлі, а сям’я старшыні тулілася ў старой хаціне, бо ён лічыў, што мае маральнае права перайсці ў катэдж са зручнасцямі тады, калі ўсе даяркі і механізатары палепшаць жыллёвыя ўмовы. Такія тады былі норавы, такія кіраўнікі…
Раённы Савет дэпутатаў Ніна Стасюк узначальвала з 1996-га да 2009 года. Гэта Ніне Данілаўне я абавязана ідэяй праекта «Вёскі, якія знікаюць: апошнія жыхары». Некалі яна завезла мяне ў вёску Жданкі, дзе засталася адна жанчына. Тэкст называўся: «Апошняя са Жданкоў». Тады мяне здзівіла, што старшыня райсавета ведала тых людзей не толькі па прозвішчах, ведала асабіста, яе сустракалі як добрую знаёмую. А ў Камянецкім раёне больш за дзве сотні населеных пунктаў. Яна ж перажывала за тое, што вёскі паміраюць, клапацілася, як магла, пра людзей, якіх заставаліся адзінкі ў сваіх населеных пунктах.
Пасля выхаду на заслужаны адпачынак Ніна Данілаўна таксама не сядзела склаўшы рукі, займалася грамадскай работай. У рашэнні Камянецкага раённага Савета ад 27 снежня 2019 года гаворыцца, што званне «Ганаровы грамадзянін Камянецкага раёна» ёй надаецца ў тым ліку «...за актыўную грамадскую дзейнасць».
Іосіф Гузіч працаваў старшынёй Пінскага раённага Савета дэпутатаў з 2014-га да 2021 года. Іосіф Іванавіч — аграрый і па прафесіі, і па душы. Выпускнік Ленінградскага сельскагаспадарчага інстытута, ён прайшоў усе прыступкі калгаснага спецыяліста і кіраўніка, узначальваў прадпрыемствы і гаспадаркі раёна, у тым ліку знакамітае ААТ «Парахонскае».
На сваёй рабоце ў Савеце дэпутатаў Іосіф Гузіч асаблівую ўвагу ўдзяляў добраўпарадкаванню населеных пунктаў, паляпшэнню знешняга выгляду вёсак, развіццю інфраструктуры. На гэта арыентаваў старшынь сельсаветаў.
Не пакінуў Іосіф Гузіч грамадскую работу і цяпер. Не так даўно ганаровы грамадзянін Пінскага раёна ў рамках акцыі «Крок да поспеху» сустрэўся са школьнікамі ў аздараўленчым лагеры «Світанак». Дзеці літаральна засыпалі госця пытаннямі. Гаворка ішла пра работу, вучобу, любоў да Радзімы, сямейныя каштоўнасці. Аўтараў самых цікавых пытанняў госць адзначыў прызамі і сфатаграфаваўся з імі.
Напрыклад, з Ганнай Верамейчык мы пабывалі ў самых разнастайных мясцінах раёна, сустракаліся з цікавымі людзьмі, наведалі, здаецца, усе сельсаветы за тыя гады, калі Ганна Аляксандраўна ўзначальвала Драгічынскі раённы Савет. Яна, дыпламаваны фінансіст, пэўны час працавала галоўным эканамістам у розных сельгаспрадпрыемствах. Потым ёй прапанавалі ўзначаліць Драгічынскі сельскі Савет. У якасці кіраўніка пярвічнага звяна мясцовай улады зарэкамендавала сябе найлепшым чынам, таму і была вылучана на пасаду старшыні раённага Савета дэпутатаў. Райсавет Ганна Верамейчык узначальвала з 2006 да 2014 года.
Старшыня ведала жыццё сельскай мясцовасці, як кажуць, знутры і вельмі перажывала за справу. Тады ў кабінеце заспець яе было няпроста, часцяком яна выбіралася ў сельсаветы, на месцы дапамагала старшыням, вырашала пытанні ў выканкаме, прабівала, прасіла.
Памятаю, як у 2008 годзе мы з Ганнай Аляксандраўнай наведалі асаблівы населены пункт на карце раёна — вёску Какорыцу. Публікацыя тады называлася «Какорыца — Драгічынская Венецыя». Гэта вёска стаіць пасярод балот, акружаная з усіх бакоў каналамі, у сезон дажджоў і цяпер у асобныя ваколіцы вёскі можна дабрацца толькі на лодцы. Ганна Аляксандраўна пазнаёміла з унікальнымі людзьмі, сапраўднымі палешукамі. Мы пачулі ад іх захаплялльныя гісторыі з далёкага і нядаўняга мінулага Какорыцы, потым яшчэ сустракаліся з краязнаўцамі, праглядвалі матэрыялы. У вёсцы старшыня райсавета найперш цікавілася праблемамі, распытвала, як працуе аўтакрама, ці наведваюць іх медыкі з ФАПа. Людзі ні на што не скардзіліся, а вось любой увазе, як падавалася, былі рады.
Ганна Верамейчык шмат гадоў узначальвала раённую арганізацыю Беларускага саюза жанчын. І там яна была нефармальным кіраўніком. Памятаю, з якім болем каментавала статыстыку, якая датычыць курэння жанчын. «Кураць маладыя жанчыны, дзяўчаты, якім яшчэ станавіцца маці. Гэта наогул ні ў якія вароты не ідзе... Што рабіць? Ну хоць бы гаварыць аб гэтым. Не маўчаць». І яны не маўчалі, арганізоўвалі мерапрыемствы, гутаркі, ішлі ў навучальныя ўстановы, у калектывы.
Пасля выхаду на заслужаны адпачынак Ганна Аляксандраўна працягвае грамадскую работу ў ветэранскай арганізацыі вёскі Ліпнікі, у якой жыве. А ў гэтым годзе яна была абрана дэлегатам Усебеларускага народнага сходу.
— Падчас работы сходу мне асабліва блізкім стала тое, што датычыць развіцця сельскіх тэрыторый, — сказала карэспандэнту газеты Ганна Верамейчык. — Будучыня вёскі ў многім залежыць ад укаранення новых прагрэсіўных тэхналогій у жывёлагадоўлі і раслінаводстве, што дазволіць сельгаспрадпрыемствам атрымліваць прыбытак, а працаўнікам — годную зарплату. Неабходна ўсебаковая падтрымка інфраструктуры сельскай мясцовасці. Ну і самае галоўнае на сёння — забяспечыць мір і спакой на нашай зямлі.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота з адкрытых крыніц
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.