Вы тут

Майстар-клас у Кадзіна


Кадзінскі сельсавет найбліжэйшы да Магілёва, яго плошча — болей чым 12 тысяч гектараў. На тэрыторыі сельсавета знаходзіцца два аграгарадкі — Кадзіна і Раманавічы, дзе ў агульнай колькасці жыве каля чатырох тысяч жыхароў. Дэпутатам было цікава паглядзець, як у прылеглых да Магілёва населеных пунктах наладжана дзейнасць аб’ектаў гандлю, адукацыі, сельскай гаспадаркі. Яны наведалі Кадзінскую сярэднюю школу, усклалі кветкі да воінскага пахавання, пабывалі ў храме ў гонар Святога Панцеляймона, які пабудаваны на грошы тутэйшага ураджэнца Анатоля Мардачова ў 2010 годзе. Народных выбраннікаў цікавіла ўсё: як тут працуюць арганізацыі і ўстановы, ці задаволены якасцю абслугоўвання жыхары, за кошт чаго ствараюцца новыя працоўныя месцы.


Месца з гісторыяй

Дэпутаты знаёміліся з жыццядзейнасцю сельсавета літаральна за некалькі дзён да Дня ведаў, таму першая ўстанова, куды яны завіталі, — Кадзінская сярэдняя школа. Летась тут быў зроблены капітальны рамонт, сёлета адбыўся бягучы. Школа сустрэла гасцей абноўленая, светлая, прыгожая. Яна, лічы, адначасова адукацыйны, спартыўны і культурны цэнтр жыцця аграгарадка, дзе вучацца 440 дзяцей. Побач з ёй размешчаны воінскае пахаванне, храм. Шмат кветак і дрэў. Тут сапраўды вельмі ўтульна і камфортна. Гісторыя аграгарадка багатая і насычаная, але ў складзе Магілёўскага раёна ён існуе ўсяго 100 гадоў. І яны былі вельмі дынамічнымі і багатымі на падзеі. Бок, які прымае, яшчэ раз нагадаў, што літаральна паўтара месяца таму Магілёўскі раён адзначыў сваё стагоддзе. Дэпутаты праглядзелі невялікі фільм пра развіццё раёна і наведалі школьны краязнаўчы музей. Гэта месца захавання народных традыцый і выхавання патрыётаў. Экскурсію праводзяць вучні 3 і 9 класаў, чытаюць наведвальнікам вершы, спяваюць, расказваюць пра герояў Вялікай 

Айчыннай вайны, пра тых, кім ганарацца. Школа невялікая, але пра яе добра ведаюць і на рэспубліканскім узроўні. Усім вядома, што тут трэніруецца знакамітая хакейная каманда «Кадзінскія львы», якая грыміць дзякуючы сваім перамогам далёка за межамі вобласці. Яе шматлікія кубкі таксама захоўваюцца ў музеі. А выпускнік гэтай школы Аляксей Кабзаранка сёлета выйграў рэспубліканскую алімпіяду па тэхнічнай працы. Народныя выбраннікі ўручылі кіраўніцтву школы падарункавы сертыфікат ад Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў на развіццё ўстановы.

Гандаль на колах

Як працуе выязны гандаль, дэпутаты азнаёміліся на прыкладзе некалькіх аб’ектаў, у тым ліку і перасовачнай аўтакрамы.

— Гандлем у раёне ахоплены 272 населеныя пункты, — адзначыла першы намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама Ірына Чындо. — Іх абслугоўвае 250 аб’ектаў гандлю. Каля 200 населеных пунктаў абслугоўваюць 23 аўталаўкі ад райспажыўкааперацыі і прыватных арганізацый. У нашы вёскі таксама прыязджаюць паштовыя машыны. З пачатку года на тэрыторыі раёна адкрылася сем гандлёвых аб’ектаў, зарэгістравалася 57 камерцыйных арганізацый, 24 з якіх займаюцца гандлем.

Што датычыцца рознічнага абароту, то, як удакладніла Ірына Чындо, сёлета тэмп склаў 110% або — 104,4 мільёна рублёў. Па яе словах, асноўную долю — 90% — у асартыменце займаюць тавары айчыннай вытворчасці.

Кадзінскі сельсавет уключае 18 населеных пунктаў, 12 з якіх абслугоўваецца аўталаўкамі. Іх на тэрыторыі Кадзінскага сельсавета функцыянуе 27. У тройку галоўных гандлёвых аператараў, якія працуюць на тэрыторыі раёна, уваходзяць райспажыўкааперацыя (71 аб’ект), «Пяцёрачка» (10), «Еўрагандаль» (5). Кадзінскі сельсавет абслугоўвае сем аб’ектаў райспажыўкааперацыі. Акрамя гэтага, ёсць крамы ад «Пяцёрачкі», Магілёўскага мясакамбіната і іншыя.

Сучасны аўтапавільён на шасі МАЗа, каля якога пабывалі дэпутаты, нагадвае вітрыну на колах. Добрая магчымасць азнаёміцца з асноўным асартыментам.

— На тэрыторыі сельсавета працуе 11 перасовачных крам, з якіх пяць новых, якія мы набылі ў лізінг на МАЗе, — удакладняе старшыня Магілёўскага раённага спажывецкага таварыства Аксана Ліхута. — Да канца года плануецца паступленне новых. Яны добрыя тым, што бакавая панэль дазваляе максімальна разглядзець тавар.

Старшыня таварыства расказала, што ў асартыменце ёсць усё, што прадугледжана Пералікам неабходных прадуктаў харчавання і непрадуктовых тавараў. Асноўныя групы — хлебабулачныя і мяса-малочныя вырабы. Аўтакрама працуе і па заяўках. Яны выконваюцца зыходзячы з асартыментнага пераліку і пажадання пакупніка. Буйныя тавары — тэхніка, будматэрыялы — дастаўляюцца асобнай машынай. Перыядычнасць аблугоўвання населеных пунктаў — два разы на тыдзень.

Дэпутатаў цікавіла ўсё: колькі пазіцый прадстаўлена, які тавараабарот, страты.

— Летам у аўталавак добры тавараабарот — 45–50 тысяч рублёў, — тлумачыць Аксана Ліхута. — Для параўнання: на прадаўца — 17 тысяч рублёў. Пустой аўтакрамай тавараабарот не зробіш.

— У структуры гэтай крамы тавары айчыннай вытворчасці які працэнт займаюць? — цікавіцца дэпутат аблсавета генеральны дырэктар ААТ «Магатэкс» Аляксандр Пацёмкін. — І хто гэта адсочвае? А яшчэ вы сказалі, што вялікі тавараабарот. Значыць, аўталаўкі прыбыткова працуюць?

— На працягу года не, але летам навёрстваем, — прызнаецца кіраўнік гандлёвай арганізацыі. — Наогул, гэта стратны від дзейнасці. Калі б быў прыбытковы, не было б Указа № 309 аб дапамозе райспажыўкааперацыі.

Што датычыцца пытання пра тавары айчыннай вытворчасці, Аксана Ліхута сцвярджае, што іх высокі працэнт. Але дэпутат лічыць, што гэта пытанне павінна кантралявацца больш дасканала.

— Што датычыцца Магілёўскага раёна, то тутэйшая райспажыўкааперацыя адна з найлепшых у краіне, — кажа Аляксандр Пацёмкін. — Але трэба выразна кантраляваць прысутнасць беларускіх тавараў у структуры. Вядома, што гэта маніторыцца на ўзроўні выканаўчай улады, аблспажыўкааперацыі, і гэтыя тавары максімальна прадаюцца ў аўтакраме. Працэс кіруецца, але яго трэба і далей удасканальваць.

Дэпутаты таксама пабывалі ў міні-маркеце «Родны кут» ад райспажыўкааперацыі. Яго асартымент уражвае: 52 тысячы найменняў тавараў.

— Сярэднямесячны тавараабарот — 75–80 тысяч рублёў, — удакладняе загадчыца крамы Марына Казначэева. — Тэмп за 7 месяцаў — 108%. Да кожнага пакупніка ставімся з павагай і любоўю. Наша прадавец ведае большасць жыхароў па імёнах. Людзі прыходзяць сюды і па тавар, і каб пагутарыць, нешта пра сябе расказаць. І мы ставімся да кожнага з павагай. Ніякага сакрэту поспеху няма. Трэба любіць сваю арганізацыю, з павагай ставіцца да начальства і любіць пакупнікоў. Я, напрыклад, тут працую болей чым 30 гадоў. 5 жніўня 1985 года прыйшла і нікуды больш не сыходзіла.

Да закладкі бульбы ўсё гатова

Хутка пачнецца закладка новага ўраджаю, і дэпутаты паглядзелі, у якім стане сёння сховішча для агародніны ААТ «Фірма «Кадзіна». Арганізацыя займаецца рэалізацыяй гародніны адкрытага і закрытага грунту. Тут захоўваецца гародніна, якая закладваецца ў стабілізацыйны фонд і ў міжсезонны перыяд рэалізоўваецца ў закрытыя ўстановы і ў цэлым для жыхароў вобласці. Раней гэта сховішча неаднаразова было нагодай для папрокаў з боку абласнога кіраўніцтва. Дэпутаты змаглі ацаніць зробленую работу над памылкамі.

— Сховішча было пабудавана ў канцы 80-х мінулага стагоддзя і рэканструявана ў канцы мінулага года, — расказаў начальнік цяплічнага камбіната Ігар Цімошчанка. — Яго ёмістасць была адна тысяча тон, прымянялася яно ў асноўным для захоўвання цыбулі і буракоў. Паколькі рэжымы захоўвання немагчыма было вытрымаць, частка гародніны страчвалася. Сёння сховішча можа ўмясціць 1700 тон. Мікраклімат, каб захаваць гародніну да канца мая, вытрымліваецца на 100% па кожным відзе прадукцыі. Цяпер добрая вентыляцыя і кандыцыяніраванне. У трох камерах гародніна — а гэта, акрамя цыбулі і буракоў, яшчэ і бульба — захоўваецца навальным спосабам або ў кантэйнерах, яшчэ ў адной — выключна ў кантэйнерах. Да закладкі гародніны, як бачыце, усё гатова.

Старшыня Касцюковіцкага райсавета Ларыса Герасімава адзначыла, што ёй вельмі цікава было паглядзець, дзе захоўваецца гародніна, уразіла тэхніка, з дапамогай якой ажыццяўляецца працэс захоўвання. І ацаніла, як усё чыста і акуратна.

Сямейны бізнес

Сялянска-фермерская гаспадарка «СамсоненкаЛэнд» знаходзіцца літаральна на мяжы Кадзінскага сельсавета з Магілёвам. Тут прапаноўваюць расліны, якія могуць зрабіць прысядзібны участак невялічкім раем. На прыкладзе гадавальніка дэпутаты азнаёміліся, як працуе на сельскіх тэрыторыях прыватны бізнес.

Першы камень, як той казаў, у будаўніцтва сямейнай справы быў закладзены ў 2001 годзе. Пачыналася яна з невялікай пляцоўкі. Дэкаратыўнае раслінаводства якраз актыўна ўваходзіла ў жыццё, і расліны бралі як для прыватных дамоў, так і для азелянення горада.

Пасля таго, як да ўлады прыйшоў нашчадак, бізнес павялічыўся. З 2011 года плошчы гадавальніка пашырыліся, выбар раслін — таксама. Сёння ў асартыменце пераважаюць хвойныя, якія, як сцвярджаюць заснавальнікі справы, не толькі радуюць вока сваім зялёным колерам круглы год, але і ачышчаюць паветра.

У гаспадарцы задзейнічаны шэсць чалавек, праца ў асноўным механізаваная — у наяўнасці міні-трактары, апырсквальнікі. Для таго каб прапанаваць прыгожую расліну, даводзіцца выкарыстоўваць торф, які купляецца на торфазаводзе, змагацца з пустазеллем з дапамогай агратканіны. І нават калі жаданне нешта набыць не прыйшло, тут заўсёды прыемна прагуляцца і падыхаць паветрам. Уладальнікі гадавальніка стварылі ўмовы, каб кліент мог адчуць сябе сапраўды як у маленькім раі.

Вопыт бярэцца на ўзбраенне

Сваімі разважаннямі наконт убачанага дэпутаты падзяліліся падчас пасяджэння. Былі заслуханы даклады начальніка галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Магілёўскага аблвыканкама Рамана Ражкова, а таксама старшыні Магілёўскага райсавета дэпутатаў Сяргея Ярошчанкі. Старшыня райсавета падрабязна расказаў пра ўзаемадзеянне з насельніцтвам і пра тыя асноўныя пытанні, якія вырашаюцца сумеснымі намаганнямі. Вялікую ролю ў вырашэнні ініцыятыў адыгрывае Магілёўская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў. Яе дырэктар Паліна Церашкова абмеркавала з калегамі пытанне па ініцыятывах, якія могуць быць задзейнічаны ў чарговым конкурсе на атрыманне грашовай дапамогі.

Па выніках выязнога прэзідыума было прынята рашэнне, карысны вопыт работы Магілёўскага райсавета, і ў прыватнасці Кадзінскага сельсавета, узяць на ўзбраенне. Адзначыць, што сумесная работа дэпутатаў і выканаўчай улады накіравана на паспяховае вырашэнне актуальных пытанняў і павышае якасць абслугоўвання насельніцтва. Вырашана таксама працягнуць у межах сваёй кампетэнцыі сістэмную работу па вырашэнні актуальных пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця тэрыторый і жыццезабеспячэння грамадзян. Дэпутаты ўзялі на асабісты кантроль пытанні па выкананні забеспячэння дзяржаўных сацстандартаў па абслугоўванні насельніцтва, разглядзе зваротаў ад грамадзян і іншыя.

— Работа ў Магілёўскім раёне праводзіцца на добрым узроўні, усё выконваецца своечасова, у адпаведнасці з планам, — адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Міхаіл Жудро. — Па даручэнні губернатара мы наведалі аб’екты гандлю, сельскай гаспадаркі і іншыя. Важна ведаць, як тут жыве насельніцтва, ці ўсё ёсць у продажы, наколькі вытрымліваецца асартымент і якія цэны ў крамах. Мы ацанілі ход падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Работа праводзіцца добрая, дэпутаты плённа працуюць сумесна з мясцовай уладай.

Вядома, час уносіць карэктывы, усё заўсёды мяняецца. Былі пытанні па стабфондзе, мы іх прапрацуем. Магчыма, трэба было б даць аграрыям больш самастойнасці ў рашэнні рэалізоўваць запасы. 

З іншага боку, стабфонд — гарантыя нашай бяспекі, клопат пра наша заўтра. Дзяржава сацыяльна дапамагае вытворцам і клапоціцца пра нас. Будзем разбірацца больш дэталёва з гэтым пытаннем. 

І рыхтавацца да чарговага выязнога пасяджэння. Ацэнім работу Бялыніцкага райсавета за год.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Універсальная мова якасці

Універсальная мова якасці

Аб развіцці стандартызацыі ў Беларусі расказалі эксперты.

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Сельская гаспадарка

Увосень работ восем

Увосень работ восем

Якія задачы стаяць перад аграрыямі восенню?

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.