Праводзіць яе напярэдадні знакавага свята — Дня народнага адзінства — ужо стала добрай традыцыяй. Штогод, пачынаючы з 2021 года, аўтарытэтныя эксперты праводзяць адкрытыя дыялогавыя пляцоўкі і круглыя сталы. Гэтая акцыя стала неад’емным атрыбутам Дня народнага адзінства. Сёлета старт акцыі дасць горад Салігорск. Пасля з 9 да 17 верасня па ўсёй краіне пройдуць грамадзянска-палітычныя форумы на тэму «Мірная краіна: вытокі і перспектывы беларускай мадэлі развіцця».
«Акцыя „Беларусь адзіная“ праходзіць ужо не першы год. Упершыню мы арганізавалі яе ў 2021 годзе. Тады толькі было заснавана свята Дзень народнага адзінства, і патрабавалася расставіць акцэнты ў той грамадска-палітычнай абстаноўцы», — распавёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, старшыня праўлення РДГА «Беларускае таварыства «Веды» Вадзім Гігін.
Ён адзначыў, што кожны год у акцыі розная тэматыка: «У 2021-м яна была грамадска-палітычнай, мы гаварылі пра Дзень народнага адзінства. Пасля тэматыка была прысвечана гістарычнай памяці. Мы вярнуліся да пытанняў геапалітыкі. А цяпер, безумоўна, гаворым пра асноўныя атрыбуты нашай беларускай мадэлі, якія дазваляюць захаваць стабільнасць у нашай краіне. І пазначылі такую тэматыку, як мірнае развіццё».
Паводле меркавання Вадзіма Гігіна, Беларусь была і застаецца донарам міру і стабільнасці: «Сёлета мы рабілі і робім акцэнт на 30-годдзе інстытута Прэзідэнцтва. Нават размаўляючы з нашымі людзьмі, бачым, што менавіта мір, устойлівае развіццё, гарантыі будучыні з’яўляюцца тымі асноўнымі атрыбутамі, з якімі звязваюць 30-годдзе інстытута Прэзідэнцтва. Калі абагульняць тэматыку гэтага года — і 30-годдзе інстытута Прэзідэнцтва, і 80-годдзе вызвалення Беларусі, — то гэта ўнікальны перыяд у гісторыі Беларусі, калі больш чым 80 гадоў не вядуцца баявыя дзеянні на нашай зямлі. Гэта, вядома, з’яўляецца базай, асновай для паспяховага развіцця».
Традыцыйна выбіраюцца асноўныя базавыя пункты ў рэгіёнах. Сёлета акцыя пачнецца з Мінскай вобласці (горад Салігорск). Пасля, з 9 да 17 верасня, кожны дзень будуць праходзіць мерапрыемствы па ўсёй краіне.
Па словах Вадзіма Гігіна, лектараў назвалі самі рэгіёны: «Мы прасілі пазначыць найбольш запатрабаваных людзей. Вядома ж, спіс аказаўся значна шырэйшы, чым планавалася. Такім чынам, удалося адабраць тых, хто карыстаюцца найбольшым аўтарытэтам у людзей».
«Сама магчымасць абмеркаваць і мінулае Беларусі, асабліва перыяд 1922–1939 гадоў, і бягучую сітуацыю на нашых граніцах, намеры калектыўнага Захаду — усё гэта вельмі прыцягвала аўдыторыю ў рэгіёнах. Тым самым мы звязвалі мінулае, сучаснасць і будучыню», — заўважыў аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін.
Ён адзначыў, што сфарміраваўся выразны фармат такіх акцый. Сёлета чакаецца яшчэ большая цікавасць аўдыторыі, у першую чаргу моладзі: «Чакаем больш ад іх, магчымасці адкрыта абмеркаваць не толькі ваенна-палітычную, але і эканамічную і сацыяльную сітуацыю, тым самым пашырыўшы разуменне запытаў аўдыторыі. А для нас будзе магчымасць падзяліцца сваімі думкамі, напрацоўкамі, даследаваннямі».
Аляксей Аўдонін звярнуў увагу, што ў аўдыторыі захоўваецца запыт на разуменне гісторыі. «Другі блок, які заўсёды актуальны, звязаны з будучым развіццём Беларусі, станаўленнем у сучасных палітычных рэаліях, а таксама змяненнем сусветнай эканомікі і сусветных фінансаў. Як выстаяць і знайсці сябе, што неабходна рабіць бацькам, каб дзеці былі гатовыя да тых ці іншых змен», — падкрэсліў аналітык.
«У нас істотна змяніліся спосабы камунікацыі паміж грамадствам і ўладай. З’явіліся больш гнуткія і даходлівыя формы, пры дапамозе якіх і прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады, і тыя, каго называюць лідарамі меркаванняў, прадстаўнікі журналісцкай супольнасці могуць бліжэй пагутарыць непасрэдна з людзьмі. Форма дыялогавых пляцовак, якая пачыналася ў 2020 годзе, плаўна перарасла ў форму вялікіх глабальных акцый, — акцэнтаваў дэкан факультэта журналістыкі БДУ Аляксей Бяляеў. — З аднаго боку, мы бачым жывыя зносіны, не праз тэлевізар, інтэрнэт і ролікі на YouTube. Гэта выдатна. Людзі атрымліваюць магчымасць задаць пытанні і атрымаць адказы».
На думку дэкана факультэта журналістыкі БДУ, вялікае значэнне мае выезд у рэгіёны. Аляксей Бяляеў падкрэсліў, што лектары прыязджаюць не толькі для таго, каб выказаць свой пункт гледжання, але і атрымаць зваротную сувязь. «Калі людзі атрымліваюць інфармацыю з афіцыйных крыніц, інтэрнэт-сайтаў, сацыяльных сетак, мы бачым канал камунікацыі, што ідзе як падача інфармацыі. Потым максімум ідуць рэакцыі ў форме нейкіх смайлікаў або паднятых уверх ці апушчаных уніз пальцаў. А калі ёсць магчымасць гаварыць, дыскутаваць, выказвацца і даносіць сваю праблему ў надзеі, што яе потым давядуць яшчэ вышэй, — гэта галоўны станоўчы момант падобных сустрэч», — лічыць дэкан журфака БДУ.
Ён падкрэсліў, што правядзенне акцыі «Беларусь адзіная» — гэта адраджэнне нашай рэальнай гістарычнай памяці: «Неабходна, каб усе гэтыя ўяўленні аб тым, як беларуская дзяржава станавілася і з’яўлялася, якія цяжкасці, у тым ліку тэрытарыяльныя, былі пры яе фарміраванні, — усе гэтыя пытанні трэба падымаць і выстаўляць на ўсеагульны агляд».
У беларусаў ёсць свая мадэль развіцця. «Дзякуючы ўнясенню змяненняў у Канстытуцыю, мы выбудавалі форму кіравання на чале з Усебеларускім народным сходам, якую не сустрэнеш у іншых дзяржавах. У нас склаліся формы ўзаемасувязі паміж грамадствам, органамі ўлады. Цяпер ідзе актыўнае імкненне сфарміраваць рэальную грамадзянскую супольнасць, якая б улічвала інтарэсы ўсіх людзей, якія жывуць у нашай краіне. Гэтая грамадзянская супольнасць шмат у чым цяпер фарміруецца, яе актывісты і прыхільнікі з’яўляюцца падчас такіх акцый. Адчуваеш, што ты не адзін, ведаеш, што ёсць аднадумцы. Калі прыязджаюць людзі і кажуць блізкія табе рэчы, выказваюць цікавыя ідэі — гэта вельмі моцна зараджае. Потым на месцах гэтыя прадстаўнікі нашай новай грамадзянскай супольнасці становяцца актыўнымі прыхільнікамі беларускага суверэнітэту, той Беларусі, якую мы ўсе любім і якую нікому не хочам аддаваць», — падагульніў дэкан журфака БДУ.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Заменена абсталяванне і падрыхтавана паліва.
Падраздзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў органаў унутраных спраў адзначаюць 40-годдзе з дня ўтварэння.
Патрабаванні спрошчаны, адказнасць павышана.