Вы тут

Прэзідэнт правёў рабочую сустрэчу з паслом Кітая ў Беларусі


Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Се Сяаюн завяршае дыпламатычную місію ў нашай краіне. Адносіны паміж Беларуссю і Кітаем знаходзяцца на беспрэцэдэнтна высокім узроўні, які характарызуецца як усебаковае і ўсепагоднае стратэгічнае партнёрства. Тон гэтаму высокаэфектыўнаму супрацоўніцтве, сяброўству паміж народамі задаюць нацыянальныя лідары — Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін.


Фундамент двухбаковых адносін, візіт Прэм’ера Дзяржсавета Кітая і «Вялікі камень»

Падчас сустрэчы з паслом Кітая Прэзідэнт найперш выказаў удзячнасць кіраўніку дыпламатычнай місіі за ўсё, што ён зрабіў для нашай краіны. «Вы акурат з’явіліся, можна сказаць, узорам для паводзін пасла ў краіне, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Вы рабілі ўсё для таго, каб умацаваць нашы адносіны з Кітаем, хаця яны і так былі на вельмі высокім узроўні. Вы вельмі сур’ёзна папрацавалі разам з намі, і мы падпісалі Дэкларацыю аб усепагодным усебаковым стратэгічным партнёрстве Беларусі і Кітайскай Народнай Рэспублікі. Гэта вельмі высокі, напэўна, самы высокі, узровень адносін паміж дзяржавамі, з якімі Кітайская Народная Рэспубліка мае стасункі».

Кажучы аб фундаменце двухбаковых адносін — эканоміцы, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што Кітай з’яўляецца другім гандлёвым партнёрам Беларусі пасля Расіі. Летась двухбаковы тавараабарот перавысіў 8,4 мільярда долараў.

У сваю чаргу Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі заўважыў, што для яго вялікі гонар па завяршэнні дыпламатычнай місіі сустракацца з кіраўніком нашай дзяржавы. Перш чым падводзіць вынікі сваёй кадэнцыі, Се Сяаюн перадаў Аляксандру Лукашэнку прывітанне ад Старшыні КНР Сі Цзіньпіна і Прэм’ера Дзяржаўнага Савета Кітая Лі Цяна, які ў жніўні знаходзіўся з паспяховым візітам у Беларусі.

«Мы вельмі сур’ёзную ўвагу ўдзялялі візіту вашага прэм’ер-міністра ў Беларусь — Лі Цяна, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Мы задаволены гэтым візітам. Вельмі шмат цяпер працуем ва ўрадзе над пытаннямі развіцця адносін па тых пытаннях і праблемах, якія былі абазначаны падчас візіту».

Па словах Прэзідэнта, прэм’ер Дзяржсавета КНР даў высокую ацэнку развіццю Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень». Гэтаму сумеснаму праекту першараднае значэнне надае і беларускі бок. Колькасць рэзідэнтаў «Вялікага каменя» пастаянна расце. Толькі за мінулы год іх стала на 26 больш, што, па словах беларускага лідара, сведчыць аб вялікім інтарэсе кітайскіх таваравытворцаў да беларуска-кітайскага праекта.

Супрацоўніцтва з рэгіёнамі, сацыяльныя аб’екты і садзейнічанне на міжнароднай арэне

Аляксандр Лукашэнка праінфармаваў пасла аб новым кірунку ў беларуска-кітайскіх узаемаадносінах, які, па яго словах, з’явіўся з падачы Сі Цзіньпіна. На адной з сустрэч кітайскі лідар звярнуў увагу Аляксандра Лукашэнкі на ўзаемадзеянне Беларусі з рэгіёнамі Кітайскай Народнай Рэспублікі. Сі Цзіньпін патлумачыў, чаму гэта можа быць эканамічна выгадна абодвум бакам: некаторыя рэгіёны Кітая большыя, чым асобныя дзяржавы ў свеце: і па насельніцтве, і па ВУП.

«Трыльёны долараў... Таму ў нас пачалося сур’ёзнае супрацоўніцтва з рэгіёнамі Кітайскай Народнай Рэспублікі, — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Мы гэтак жа будзем уважліва да гэтага адносіцца і развіваць супрацоўніцтва з рэгіёнамі. Мы б хацелі, каб узровень гэтага супрацоўніцтва быў прыкладна такім, як у нас з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. Вопыт ужо ёсць — паглыблення і пашырэння гэтага супрацоўніцтва».

Кіраўнік дзяржавы выказаў удзячнасць кітайскаму боку за тэхнічную дапамогу, якая аказваецца нашай краіне. «Сіламі Кітайскай Народнай Рэспублікі мы завяршаем будаўніцтва двух сацыяльных аб’ектаў, якія будуць садзейнічаць і ўмацаванню здароўя нашага насельніцтва, — канкрэтызаваў Прэзідэнт. — І іміджавымі будуць праекты. Гэта басейн плавальны і стадыён, які мы ў асноўным скончым, я вельмі спадзяюся, ужо ў гэтым годзе».

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка падзякаваў за каласальную падтрымку, якую Кітай аказаў Беларусі пры ўступленні ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва. «За тую падтрымку, якую вы аказваеце нам па супрацоўніцтве з краінамі БРІКС, — дадаў ён. — У найбліжэйшы час у Казані адбудзецца сур’ёзная нарада краін БРІКС і партнёраў, на якой мы таксама будзем прысутнічаць».

Па завяршэнні сустрэчы кіраўнік дзяржавы папрасіў дыпламата перадаць самыя добрыя пажаданні свайму сябру, вельмі блізкаму сябру, Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіну. «Здароўя яму, даўгалецця, асабліва палітычнага, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта чалавек, якога ў Беларусі, як вы ведаеце, не толькі ведаюць, але і любяць. І я вельмі рады, што ў нас усталяваліся такія добрыя, цёплыя адносіны. І гэта ў тым ліку дзякуючы таму чатырохгоддзю, калі вы служылі Кітайскай Народнай Рэспубліцы на тэрыторыі Беларусі».

Па словах Прэзідэнта, Се Сяаюн можа прыязджаць у Беларусь як у сваю краіну. «Вы ніколі не будзеце госцем, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мы з задавальненнем будзем вас сустракаць. Вялікі дзякуй вялізны за ўсё, што вы зрабілі, за час работы паслом у Беларусі».

«Кітайска-беларускія адносіны выйшлі на новую гістарычную вышыню»

Як звярнуў увагу пасол Кітая ў Беларусі, у нашай краіне ён прапрацаваў звыш 1400 дзён — чатыры гады. «І ўвесь гэты час я адчуваў глыбокія і моцныя сяброўскія пачуцці беларускага народа да мяне і да Пасольства Кітая ў Беларусі, — падзяліўся ён. — Я ганаруся, што быў накіраваны ў якасці пасла ў сяброўскую Беларусь і стаў сведкам і ўдзельнікам гістарычнага працэсу — развіцця кітайска-беларускіх адносін».

Се Сяаюн падкрэсліў, што за апошнія чатыры гады супрацоўніцтва паміж нашымі дзвюма краінамі ў шматлікіх галінах дасягнула выдатных вынікаў. «Па-першае, кітайска-беларускія адносіны выйшлі на новую гістарычную вышыню, — канкрэтызаваў ён. — За апошнія чатыры гады Старшыня Сі Цзіньпін і ваша правасхадзіцельства чатыры разы правялі сустрэчы, намецілі план і абазначылі курс развіцця двухбаковых адносін. Менавіта дзякуючы асабістаму клопату і пад стратэгічным кіраўніцтвам Старшыні Сі Цзіньпіна і вашага правасхадзіцельства кітайска-беларускія адносіны падтрымліваюць добрую дынаміку развіцця і дасягнулі беспрэцэдэнтнага высокага ўзроўню ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства».

У тэму

Як адзначыў у размове з журналістамі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Се Сяаюн, час яго работы ў Беларусі супаў з асаблівым перыядам у адносінах паміж дзвюма краінамі. «Кітайска-беларускія адносіны атрымалі вельмі хуткае развіццё на вышэйшым і высокім узроўнях, — канкрэтызаваў ён. У верасні 2022 года нашы лідары на палях ШАС у Самаркандзе асабіста заявілі аб павышэнні статусу нашых адносін да статусу ўсепагоднага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. Гэта гістарычны, рэкордны ўзровень міждзяржаўных адносін. Безумоўна, гэта дасць вялізны імпульс развіццю нашага ўзаемавыгаднага і сяброўскага супрацоўніцтва ў самых розных галінах».

Пасол звярнуў увагу на тое, што нядаўні візіт прэм’ера Дзяржсавета Кітая ў Беларусь надаў новы імпульс далейшай рэалізацыі дамоўленасцяў, дасягнутых кіраўнікамі дзвюх дзяржаў, і прасоўванню паглыбленага развіцця прагматычнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі.

Па словах дыпламата, у перыяд яго знаходжання на пасадзе пасла Кітая ў Беларусі ён стаў сведкам і ўдзельнікам многіх сумесных праектаў. Найважнейшы сярод іх, на яго думку, — Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». «Праект з’яўляецца аб’ектам пільнай увагі двух лідараў, жамчужынай «Аднаго пояса, аднаго шляху», — падкрэсліў Се Сяаюн. — Нягледзячы на ўсе цяжкасці, праект атрымаў добрае развіццё. Цяпер у парку працуюць 134 рэзідэнты з 13 краін. Інвестыцыі гэтых рэзідэнтаў складаюць прыкладна 1,5 мільярда долараў. Перспектыва развіцця парка вельмі вялікая.

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.