У Гомельскім палацава-паркавым ансамблі ўшанавалі лаўрэатаў абласной літаратурнай прэмі імя Кірылы Тураўскага. Узнагароды літаратарам рэгіёну ўручыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.
У святочнай сустрэчы прынялі ўдзел майстры слова Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, а таксама пісьменнікі Эстонскай Рэспублікі. У 80-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ў Год якасці, як адначылі арганізатары свята, асаблівае гучанне набываюць значныя для творцаў Гомельшчыны падзеі. Па традыцыі ў верасні ў рэгіёне праходзіць Міжнародны фестываль-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі» і рэгіянальны фестываль літаратуры, культуры і народных традыцый «На зямлі Кірылы Тураўскага». Традыцыйна праходзіць і ўрачыстая цырымонія ўшанавання найлепшых мастакоў вобласці ў розных намінацыях.
Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко ўручыў дыпломы шасці пераможцам сёлетняй прэміі імя Кірылы Тураўскага. Так, у намінацыі «Паэзія» за твор «Свечка» прэміяй адзначаны паэт, перакладчык, журналіст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі — Мікалай Ждановіч. Лаўрэат — аўтар новага паэтычнага зборніку, прысвечанага тэме вайны, любові да радзімы і бацькоў, кахання і асэнсавання чалавечых ўзаемаадносін. У намінацыі «Дзіцячая літаратура» пераможцай прызнана гомельская паэтэса, журналіст Лілія Вялічка. Лілія Іосіфаўна ўпершыню паспрабавала сябе ў творчасці для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Яна прадставіла чароўную гісторыю прыгод — «Казку пра чорную кошку і сінюю жабу». У намінацыі «Драматургія» прэмія імя Кірылы Тураўскага прысуджана драматургу, акцёру тэатра і кіно, рэжысёру Аляксей Бычкову. Адзначаны твор аўтара — «NEW Папялушка» і іншыя«. «Не сварыся з нябёсамі» — твор пад такой назвай старшыні Гомельскай абласной арганізацыі СПБ Уладзіміра Гаўрыловіча прызнаны лепшым у намінацыі «Проза». Твор аўтара прысвечаны трагічнай і жудаснай старонцы часоў фацысцкай акупацыі на Гомельшыне — лагерам смерці каля Азарычаў на тэрыторыі Калінкавіцкага раёна. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, заслужаны дзеяч культуры, лаурэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Уладзімір Гаўрыловіч прысвяціў сваю новую кнігу 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У намінацыі «Літаратурная крытыка і публіцыстыка» ўшанавана паэтэса, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Соф’я Шах. У творы «Натхнённае. Незабыўнае» — яна апісала 40 гадоў жыццёвага і паэтычнага шляху разам са знакамітым літаратарам, грамадскім дзеячам Ізяславам Катляровым. Твор «Лясное брацтва» Юрыя Ціцюры ўдастоены прыміі ў намінацыі «Адкрыццё года».
Літаратарам вобласці, прадстаўнікам абласнога аб’яднання Саюза пісьменнікаў Беларусі, усім мастакам нацыянальнага мастацкага слова, якія працягваюць лепшыя літаратурныя традыцыі, падзякаваў за плённую творчую працу Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. Кіраўнік рэгіёна нагадаў, што традыцыя ўшанавання найлепшых пісьменнікаў вобласці захоўваецца ўжо на працягу 12 гадоў. За гэты час лаўрэатамі прэміі сталі звыш 60 майстроў мастацкая слова.
— Заставацца чытаючай нацыяй — адзін з найважнейшых фактараў забеспячэння дзяржаўнай бяспекі ў духоўнай сферы нашай краіны. Аб важнасці захавання і развіцця праз кнігу нацыянальнай духоўнай спадчыны, традыцый нашага народа заўджы нагадвае кіраўнік дзяржавы Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Як падкрэслівае Прэзідэнт, мова і літаратура — застаюцца фундаментам для выхавання высокіх маральных якасцяў і фарміравання грамадзянскай свядомасці. Гомельшчына ва ўсе часы славілася літаратурнымі талентамі. Мы ганарымся, што на нашай зямлі нарадзіўся першы агульнаславянскі паэт, асветнік Кірыла Тураўскі. У мінулым стагоддзі — чатыры Народных пісьменніка — Іван Мележ, Іван Шамякін, Іван Навуменка, Андрэй Макаёнак, — зазначыў Іван Крупко.
Як падкрэсліў кіраўнік рэгіёна, сёння мастакі слова Гомельшчыны праводзяць шматлікія адукацыйныя і выхаваўчыя абласныя, рэспубліканскія і міжнародныя праекты, дзесяткі творчых конкурсаў для дзяцей, моладзі і ўсіх, хто шануе мастацкае слова.
— Вялікае значэнне для літаратараў вобласці мае і літаратурная прэмія імя Кірылы Тураўскага. За 12 гадоў прэмія стала ўнікальным брэндам. І для нас, беларускіх пісьменнікаў, у Год якасці па-асабліваму гучыць тэма стварэння якасных мастацкіх твораў, якія глыбінна распавядаюць пра сённяшні дзень нашай краіны. Гэтага патрабуе час. І гэта мы робім і будзем рабіць. Герояў правобразаў сёння шмат, — падзяліўся Уладзімір Гаўрыловіч.
Член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» падзякаваў кіраўніцтву аблвыканкама, Гомельскага гарвыканкама, абласнога Савета дэпутатаў, прадстаўнікам бібліятэчнай сістэмы, устаноў адукацыі за падтрымку піьсменнікаў рэгіёну.
Наталля КАПРЫЛЕНКА,
фота аўтара і ТК «Гомельшчына афіцыйна»
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.
Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.