У суботу, 7 верасня, у эфіры тэлеканала АНТ гледачам падрыхтавалі прэм’еру — паказ дакументальнага фільма «Аляксандр Лазараў. «Усе пытанні да маёй жонкі». У кіно акцёр увасабляў самых розных герояў: ад высакародных арыстакратаў да сапраўдных зладзеяў. І цяпер ён пераўвасобіўся ў новага героя ў серыяле «Нінэль» (рэжысёр Сяргей Красноў), дзе Аляксандру дасталася роля вядомага ў Пяцігорску аферыста Марка. Стваральнікі дакументальнага фільма запісалі шчырае інтэрв’ю з артыстам, у якім ён расказвае пра здымкі шматсерыйнай кінастужкі і пра тое, ці лёгка яму было стаць у кадры махляром і разам з тым забітым горам бацькам. У кадры пра акцёра распавядаюць таксама яго родныя і калегі.
На экране герой Аляксандра Лазарава гатовы ісці на кампрамісы з усімі. А вось які акцёр у жыцці? З аднаго боку, дакладна не аферыст. І наглядныя таму прыклады: артыст ледзь не сышоў з роднага тэатра «Ленком», калі пакрыўдзіўся на мастацкага кіраўніка Марка Захарава, а яшчэ ён высвятляў адносіны са сваім знакамітым татам і ўвогуле ствараў бацькам нямала клопату. Такі незалежны і ўзрыўны характар перашкаджаў Аляксандру і ў асабістым жыцці. Аднак, як і яго герой у серыяле «Нінэль», — акцёр адналюб з трыццацігадовым стажам.
Ажаніцца Аляксандр Лазараў вырашыў у 20 гадоў. Маладыя пабраліся шлюбам у 1988 годзе і да сёння разам, многія нават лічаць іх гісторыю ідэальнай. Прычым у самым пачатку маці акцёра яго рашэнне падтрымала, а вось бацька Аляксандр Лазараў-старэйшы сустрэў нявесту ў штыкі... Маўляў, навошта так рана ўвязвацца ў сямейнае жыццё, калі яны самі яшчэ дзеці?! І ў сямейным жыцці Аліне і Аляксандру спачатку было няпроста. Муж быў узрыўным і тэмпераментным, а маладая жонка спакойнай і ўраўнаважанай. Аднак паступова Аліна звыкла да італьянскіх жарсцяў Лазаравых. Стваральнікі фільма прапанавалі сужэнцам разам вярнуцца ў іх далёкую маладосць, і Аляксандр не толькі паказаў месца, дзе ўпершыню ўбачыў Аліну, але нават па-акцёрску разыграў сцэну сустрэчы са сваёй палавінкай... Праўда, гэтыя здымкі пераносіліся двойчы, і толькі дзякуючы падтрымцы жонкі акцёра пару ўсё ж удалося ўгаварыць на прагулку ў цэнтры Масквы. І нават тое, што з гадамі Аляксандр Лазараў стаў больш мяккім і цярплівым, — гэта таксама заслуга яго жонкі.
Назіраючы за парай збоку, можна з упэўненасцю сказаць, што гэтыя людзі і праз гады пасля вяселля шчыра закаханы адно ў аднаго. І пра тое, у чым сакрэт захавання такога трывалага сямейнага саюзу, акцёр таксама дзеліцца ў фільме.
Лазарава малодшага ў сям’і звалі «турботны Шурык», бо ён і пяці хвілін не мог уседзець на месцы. Вельмі любіў з раніцы да вечара гуляць з хлопцамі ў футбол, аднак і ў школу бацькоў часта выклікалі, паколькі ўзорнымі паводзінамі сын не славіўся... І яго тата марыў, што аднойчы дзіця супакоіцца і стане, напрыклад, археолагам, толькі і тут Аляксандр малодшы абраў зусім іншы шлях. Сабраўся пасля школы ў тэатральны. Там яму было няпроста даказваць, што варты свайго прозвішча, ён панічна баяўся параўнання са сваім знакамітым бацькам. Увесь час стараўся давесці, што ён іншы: у пачатку кар’еры нават узяў сабе псеўданім — Трубяцкі, аднак потым зразумеў, што варта ганарыцца сваім прозвішчам.
І вядомы Аляксандр Лазараў не толькі як акцёр, але і як рэжысёр. Нядаўна яго прызначылі галоўным рэжысёрам Тэатра Расійскай Арміі. У кадры творца паказвае свае новыя «ўладанні». А па-за тэатрам ён шчаслівы бацька і дзядуля. Дарэчы, дачка Паліна пайшла па слядах таты і дзядулі з бабуляй і таксама выбрала акцёрскую прафесію. Сын Сяргей вучыцца на прадзюсара. Шкада, гэтых поспехаў не заспеў іх дзядуля Лазараў-старэйшы, якога не стала ў 2011 годзе. І да сёння яго сын так і не змірыўся, што яму больш не патрэбна прыстаўка «малодшы». Аднак агульны боль яшчэ больш з’яднаў сям’ю. Яны імкнуцца як мага больш часу праводзіць разам. Нават на здымкі Аляксандр Аляксандравіч усю сям’ю бярэ з сабой. І лічыць, што гэта вялікая ўдача — пражыць у кадры лёс чалавека, які зусім не падобны на цябе. Пражыць і зразумець, што ў жыцці не заўсёды выратоўвае дыпламатычнасць, не заўсёды варта маўчаць і згладжваць, але галоўнае — пераканацца, што адданасць сям’і і вернасць каханай жанчыне — гэта галоўныя каштоўнасці ў жыцці…
Алена ДРАПКО
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.