Вы тут

«Ён шмат паспеў — убачыць, паказаць»


Кожны чалавек у глыбіні свайго «я» носіць могілкі, дзе пахаваны тыя, каго ён любіў.

Што праўда, тое праўда, з класікам не паспрачаешся, хіба — па драбязе: Ралан пісаў, што яны, тыя могілкі, маленькія.

У людзей маладых — магчыма. 

У сталых — любімых больш. І сярод жывых, і, вядома ж, потым...


Роўна год таму, 5–6 верасня, у рэдакцыі, можна сказаць, не змаўкалі тэлефоны: шмат хто ставіў побач два словы «памёр» і «Кляшчук», а потым адмаўляўся, не мог паверыць.

Такой была першая рэакцыя сяброў, калег (што ўжо казаць аб родных?!) і, вядома ж, безлічы знаёмых (і блізкіх, і так званых, шапачных) — людзей, з якімі фотакару «Звязды» давялося кантактаваць, працаваць, якіх пашчасціла здымаць, якім — з дапамогай газеты і фотаальбомаў — пашчасціла паказаць тое, што сам ён бачыў і любіў.

Мы разам перажывалі гэтую страту, успаміналі першыя і апошнія (хто ж думаў?!) сустрэчы, камандзіроўкі, размовы, мы шкадавалі, каго-нікаго прасілі напісаць…

Пагадзіліся, на жаль, нямногія (і не ўсе лісты працытуем), але…

«З Анатолем Клешчуком я пазнаёміўся спачатку завочна. Ледзь не ў кожным нумары «Звязды» друкаваліся цікавыя здымкі. Грэх было не заўважыць кароткае «Фота Анатоля Клешчука», — пісаў Валерый Гаўрыш з Чавусаў. — А потым рэдакцыя зладзіла сустрэчу — запрасіла ў госці ўдзельнікаў конкурсу на найлепшы подпіс да здымка. Нямногія, на жаль, тады прыехалі — Соф’я Кусянкова з Рагачоўшчыны, Мікалай Старых з Гомеля, Анатоль Гарачоў з Іўеўшчыны, я (нават з дачкой і ўнукам), прыйшлі супрацоўнікі часопіса «Вожык», трохі часу для размовы змог выкраіць галоўны рэдактар газеты Уладзімір Браніслававіч Наркевіч…

Быў, вядома ж, і Анатоль Кляшчук — аўтар тых самых конкурсных здымкаў.

Незабыўная была сустрэча — цёплая, шчырая (я мала калі так смяяўся!)... І нават не апошняя, бо зрэдку мне шчасціла нешта выйграваць у звяздоўскай латарэі і прызы я стараўся атрымліваць сам. Дзеці жывуць у Мінску. Дык чаму б не пад’ехаць, не зайсці ў рэдакцыю, не пазнаёміцца з асобнымі журналістамі, не сустрэцца з Клешчуком.

Удавалася гэта, на жаль, не заўсёды: фотакар, як правіла, быў на выездзе... Але ж неяк на мой мабільны паступіў званок (мы паспелі абмяняцца нумарамі), Анатоль Віктаравіч сказаў, што цяпер — у камандзіроўцы на ўсходзе Магілёўшчыны, што вяртацца ў Мінск плануе праз Чавусы і ў нашай гасцініцы будзе начаваць.

Была, карацей, магчымасць сустрэцца, пагутарыць і нават зразумець, як жа нялёгка даюцца асобныя здымкі — прыроды, тых самых птушак, зуброў. Каб «злавіць» асобныя кадры, — казаў Анатоль, — амаль суткамі, бывае, сядзіш «у засадзе»: хочацца, каб жывёла была спакойная, каб падышла бліжэй, баішся паварушыцца, спалохаць, бо ўсе намаганні тады на вецер.

...Назаўтра, — працягвае спадар Гаўрыш, — я быў Анатолевым гідам. Мы ўдваіх хадзілі па вулачках Чавусаў, пяць з якіх захавалі назвы з часоў Расійскай імперыі, ён здымаў. І раптам спыніў мяне кароткім: «Пачакай», прычым ля плота, за якім…

Я асабіста нічога такога не бачыў: двор як двор і дом як дом. Хіба што дровы неяк незвычайна складзены.

Анатоль паглядзеў на іх зблізку, трохі адступіў... «Вас нешта цікавіць?» — спытала гаспадыня. «Ды вось жа — гэта канструкцыя, — засмяяўся Анатоль. — А давайце я вас сфатаграфую побач, для газеты «Звязда».

Жанчына ёсць жанчына: стала аднеквацца, казаць, што не такая прыгожая, не прыбраная і наогул не любіць здымацца. 

(«З людзьмі, — я падумаў тады, — не прасцей, чым з аленямі».) І... згадзіўся яму папазіраваць.

Здымак потым выйшаў у газеце з подпісам «Цёплая зіма ў Чавусах». Да сёння захоўваю выразку, успамінаю тую «канструкцыю» і думаю: «Гэта ж колькі разоў я праходзіў міма і нічога такога не бачыў, а ён...»

Вось так знаходзіліся кадры для любімай «Звязды», для рубрыкі «Хто каго?»

З яе дапамогай (можна пагартаць падшыўку альбо зайсці на сайт) «Звязда» — клопатам цудоўнага фотамайстра — адкрыла сярод сваіх чытачоў, можа, сотні талентаў, набрала — у найлепшыя часы — дзясяткі тысяч праглядаў, бо сапраўды:

«Ён шмат паспеў — убачыць, паказаць:

Жыў і тварыў, што аніхто не зганіць!

...Хтось праз стагоддзі будзе адкрываць

Яго сусвет, пакінуты на памяць».

Дзе? У асабістым архіве, на старонках газеты, у цудоўных фотаальбомах «Пад небам Беларусі», «Чарнобыль», «Чарнобыль 1986–2006. Жыць з трагедыяй», «Карагод беларускіх святаў», «Беларусь. Зямля песняроў».

У апошнім напрыканцы яго фота (здымак, дарэчы, Вольгі Кляшчук) радкі Купалы: «Я буду маліцца і сэрцам, і думамі...»

Там жа — своеасаблівы запавет Коласа: «...Хай кожны ваш дзень сябруе ці з пачаткам, ці з заканчэннем якой-небудзь справы».

Невыпадковыя словы абраны ці не гэткім жа рупліўцам беларушчыны. Каб перадаць далей.

Фота Соф’і КУСЯНКОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.

Спорт

Андрэй Барбашынскі: Калі мы гаворым пра медалі для краіны — без вучылішча алімпійскага рэзерву не абысціся

Андрэй Барбашынскі: Калі мы гаворым пра медалі для краіны — без вучылішча алімпійскага рэзерву не абысціся

Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала.