Сёння на беларускай зямлі адчуваюць сябе як дома (ну, або амаль як дома) многія культуры, якія раней лічыліся для нашага клімату занадта цеплалюбівымі. Дыні і кавуны, персікі і абрыкосы, брокалі і мускатны гарбуз... І, вядома, вінаград. Кожны верасень на сваю спецыялізаваную выставу ў аграгарадку Самахвалавічы пад Мінскам айчынныя вінаградары прывозяць цяжкія, паўнаважкія гронкі, вырашчаныя пад Брэстам, Мінскам і нават пад Віцебскам.
Усяго толькі 30–40 гадоў таму вучоныя аграрнай сферы не без падстаў сцвярджалі: наша краіна знаходзіцца за прамысловай зонай вырошчвання гэтай культуры. Беларусь лічылася мяжой для вінаграду, далей на поўнач ён не рос. Прычым мяжа гэтая пралягала якраз праз Магілёў — Мінск — Гродна. На поўдзень ад гэтай умоўнай лініі які-ніякі ўраджай вінаграду, хай і пераадольваючы шматлікія складанасці, атрымаць было можна, на поўнач — ужо не. У нашы дні сонечную лазу паспяхова вырошчваюць па ўсёй краіне. З аднаго боку, гэтаму спрыяе пацяпленне клімату, з другога — дасягненні сучаснай селекцыі: сарты вінаграду з ультрараннім тэрмінам паспявання ссунулі межы распаўсюджвання культуры.
Зрэшты, працаваць у кірунку развіцця беларускага вінаградарства і вучоныя, і энтузіясты-практыкі пачалі задоўга да змянення клімату і з’яўлення высокапрадукцыйных, інтэнсіўных сартоў. А першымі на гэтым шляху былі доктар сельскагаспадарчых навук Рамуальд Лойка, галоўны рэдактар часопіса «Ураджайныя соткі» Зінаіда Малашэвіч, найстарэйшы вінаградар рэспублікі Віктар Кухараў і садоўнік-аматар Віктар Пячко. 25 гадоў таму адным з вынікаў іх працы стаў клуб «Паўночны вінаград», які сёння мае філіялы па ўсёй краіне і аб’ядноўвае сотні беларускіх вінаградараў. Дастаткова сказаць, што на любым яго пасяджэнні рэдка бывае менш за паўсотні чалавек. Ужо амаль дзесяць гадоў клубам кіруе навуковы супрацоўнік аддзела селекцыі пладовых культур РУП «Інстытут пладаводства» Уладзімір Усцінаў — вучань аднаго з пачынальнікаў беларускага вінаградарства Віктара Кухарава. Разам з Уладзімірам Мікалаевічам едзем на доследны вінаграднік Інстытута пладаводства, каб ацаніць сёлетні ўраджай, пакаштаваць беларускі вінаград і даведацца, чаму менавіта гэтая культура настолькі спадабалася многім айчынным садоўнікам-энтузіястам.
У Інстытуце пладаводства ў Самахвалавічах, дзе ідзе селекцыя і сортавывучэнне па ўсіх пладовых культурах, сабрана калекцыя з 530 узораў вінаграду селекцыі 25 краін свету — практычна ўсё з сартоў і гібрыдаў гэтай культуры, што можна вырасціць на беларускай зямлі. Зрэшты, на прысядзібных і дачных участках айчынных вінаградараў-практыкаў па ўсёй краіне расце ўжо больш за тысячу сартоў вінаграду, расказвае вучоны. Пакуль што вінаградарства ў нашай краіне рухаюць наперад у першую чаргу аматары…
Вінаграднік Інстытута пладаводства — святая святых: самазбор тут не праводзяць і пабочных асоб сюды не пускаюць. Бо за кожным не ўсочыш: могуць выпадкова паламаць унікальны ўзор або наступіць на далікатную маладую лазу. Ёсць, напрыклад, у калекцыі Інстытута японскі сорт «Рубі Раман» («Рымскі рубін») — ён лічыцца самым дарагім вінаградам у свеце: кошт за гронку можа дасягаць некалькіх тысяч долараў. Смак у самага дарагога вінаграду фруктовы, з лёгкім адценнем суніц, а ядуць яго без скуркі (яе з ягад папярэдне здымаюць).
— З японскіх сартоў мне больш падабаецца «Жасмін», — заўважае Уладзімір Усцінаў.
«Жасмін» — гэта малюсенькія, як журавіны, зялёныя вінаградзінкі, сабраныя ў акуратныя «ліліпуцкія» гронкі. Вінаградзіны, зрэшты, вельмі сакавітыя і салодкія і, сапраўды, з ноткамі і водарам жасміну.
— Сярод цікавых сартоў — «Мальчик-с-пальчик»: пакаштуйце, ягада хрумсткая, як агурок, — кажа Уладзімір Мікалаевіч. — А гэта сорт «Трапіканка», у смаку прысутнічаюць ноткі трапічнай садавіны. Сорт «Дубовский розовый» — бачыце, якія памерныя характарыстыкі? Адна з самых буйных ягад, кожная — амаль як сліва.
«Талдун» украінскай селекцыі, «Юпітэр» з ЗША, венгерская «Біянка», расійскі сорт «Платовский» для белых він, прыбалтыйская «Гуна», французскі «Шарданэ»... Для большасці жыхароў паўночных краін вінаград і ёсць вінаград. Ну, бывае ён зялёны ці сіні, а на смак — практычна адно і тое ж. Аказалася, што гэтая культура можа быць неверагодна разнастайнай: і на смак, і па колеры, і па форме ягад.
Ураджайнасць вінаграднай лазы залежыць ад сорту, тлумачыць навуковец, і можа вагацца, але 10 кілаграм з куста вы дакладна атрымаеце, калі ўсё зробіце правільна і вытрымаеце агратэхніку. А ў абароненым грунце ўраджай з куста можа дасягаць і 20 кіло.
Вінаград у калекцыі Інстытута пладаводства часткова вырошчваецца ў вялізнай светлай цяпліцы (галоўным чынам — сталовыя сарты), часткова — у адкрытым грунце (пераважна — сарты тэхнічныя, створаныя спецыяльна для вытворчасці вінаў і каньякоў): роўныя шэрагі вінаградных кустоў сыходзяць за гарызонт, з іх цяжка звісаюць саспелыя рознакаляровыя гронкі, сонейка пячэ, і ствараецца ўражанне, што гэта не Беларусь, а, скажам, Італія.
У пачатку кожнага шэрагу красуецца ружовы куст. І не толькі для эстэтыкі. Аказваецца, на ружах мучністая раса выяўляецца на некалькі дзён раней, чым на вінаграднай лазе, і калі вінаградар заўважыць яе прыкметы, гэта сігнал правесці апрацоўку вінаградніку.
Вінаградныя гронкі цяпер ужо паспелі, і самыя прыгожыя з іх — «выставачныя» — Уладзімір Мікалаевіч прыхоўвае, закрываючы лісцем: «Каб не з’елі раней, чым трэба». Сакавітыя ягады прыцягваюць і вос, і мурашак, і птушак. Ды і супрацоўнікі інстытута таксама ж «не жалезныя»: прабягаючы міма па сваіх справах, могуць і адшчыпнуць вінаградзінку-другую. Штогадовая спецыялізаваная выстава прадугледжвае ў тым ліку дэгустацыю «дасягненняў айчыннага вінаградарства». Сёлета знакамітыя і пачынаючыя вінаградары з усіх рэгіёнаў Беларусі з’едуцца ў Самахвалавічы ў пятніцу, 13 верасня: садоўнікі — людзі, якія не маюць забабонаў. Як заўсёды, акрамя дэгустацый, будуць на выставе і семінары-практыкумы, і продаж уласнага ўраджаю фермерамі і прыватнікамі, і шырокі асартымент саджанцаў, што ў першую чаргу і прыцягвае сюды наведвальнікаў.
— А гэта сорт «Изящный», адносіцца да «ізабельных», — працягвае частаваць нас гаспадар. — Яго смак знаёмы ўсім, чыё дзяцінства прайшло ў Савецкім Саюзе: вінаград такога плана ў асноўным прывозілі ў крамы і на рынкі гадоў 40 таму. Смак дастаткова просты, але ў такога вінаграду ёсць свае аматары.
Уладзімір Усцінаў расказвае, што ён сам — прыхільнік так званых тэхнічных сартоў: у іх складаны смак з мноствам цікавых нюансаў. Сталовыя сарты ўражваюць важкімі, прыгожымі гронкамі і маюць буйныя ягады, але іх смак, як правіла, прасцейшы за сарты тэхнічныя.
— Сёння мы робім упор на сарты тэхнічнага кірунку, прыдатныя для перапрацоўкі на сокі, віно, моцныя напоі: на гэта нас нацэльвае Акадэмія навук, — распавядае ён.
— Вінаград — інтэлектуальная культура, — кажа навуковец. — Патрабуе пастаяннай самаадукацыі, назапашвання і падсумоўвання практычных ведаў. Менавіта таму вінаградарства «зацягвае». Як гавораць вінаградары, атрымаўшы ўраджай адзін раз, спыніцца ўжо немагчыма.
Сёння вінаграднік разбіваюць на сваіх сотках шматлікія садоўнікі-аматары, высаджваюць хоць бы два-тры кусцікі. На якіх сартах варта спыніцца пачаткоўцу вінаградару?
— Я раіў бы выбіраць сарты, якія называюцца «комплексна ўстойлівымі» — ім неабходна менш хімічных апрацовак для абароны. Не варта выбіраць навінкі на выставах. Вядома, вока падае на памерныя характарыстыкі: хочацца пасадзіць у сябе расліны з буйнымі ягадамі. Але новыя сарты яшчэ не правераны ў нашых умовах, і, не маючы навыкаў, з імі можна пацярпець фіяска. Пачаткоўцам лепш выбіраць правераныя, надзейныя сарты — некапрызныя, максімальна ўстойлівыя да хвароб, з высокай зімаўстойлівасцю. На сёння ў Беларусі раяніраваны 17 сартоў вінаграду, у тым ліку 6 тэхнічных, расказаў вучоны: вось з іх можна і пачаць свой шлях у вінаградарстве.
— Са сталовых сартоў пачаткоўцам я параіў бы «Агат Донской» (ён мае нескладаны смак, затое вельмі асвяжае і з’есці яго за адзін раз можна шмат), «Алёшенькин», «Красотка» расійскай селекцыі. «Алёшенькин» — няўстойлівы да грыбковых хвароб, але пры своечасовых апрацоўках дае добрыя ўраджаі. З сартоў украінскай селекцыі навічкам падыдуць пры вырошчванні ў цяпліцы «Талдун», «Фуршэтны» (ён вельмі ўраджайны), «Армані». У Еўропе ў першую чаргу селекцыя вінаграду ідзе ў Германіі — у нашых умовах нядрэнна паказвае сябе сорт «Салярыс». Таксама добры выбар — венгерскія сарты «Биянка» і «Кристалл».
Калі казаць пра тэхнічныя сарты, важна памятаць, што наша тэрыторыя больш падыходзіць для вырошчвання тых, што прызначаны для вытворчасці белых він: «чырвоным» усё ж недастаткова сонца і цяпла, і яны не дабіраюць танінаў — то-бок яркасці і насычанасці смаку.
— Таксама ў нашых умовах добра паказалі сябе сарты вінаграду з ЗША, селекцыя якіх вядзецца ў паўночных штатах, у раёне возера Мічыган, — адзначае суразмоўца. — Сарты валодаюць добрай зімаўстойлівасцю і высокай устойлівасцю да хвароб, практычна не патрабуюць хімічных апрацовак і ўкрыцця на зіму.
Ці дарагое гэта хобі — вырошчванне вінаграду на дачным або прысядзібным участку?
— Вядома, матэрыяльныя ўкладанні спатрэбяцца: набыць саджанцы, зрабіць для іх шпалеры, укласціся ва ўгнаенні і сродкі абароны... Але самае галоўнае — значныя часовыя і працавыдаткі. Вінаград — тая культура, якая патрабуе пастаяннай увагі. Затое вучыць дысцыпліне: ураджай не атрымаць, калі своечасова і дакладна не праводзіць усе агратэхнічныя аперацыі.
Сартоў вінаграду беларускай селекцыі пакуль не створана.
— Селекцыя вінаграду — працэс доўгі і фінансава затратны, — тлумачыць Уладзімір Мікалаевіч. — Эканамічна больш мэтазгодна проста адабраць сарты, якія падыходзяць для нашых умоў, і працаваць з імі.
Але сякая-такая праца вядзецца і ў кірунку селекцыі, дадае ён.
— У наступным годзе будзем перадаваць на дзяржаўнае сортавыпрабаванне гібрыдную форму 52-18 — гэты вінаград мае мускатны смак. У перспектыве ён прыдатны для вытворчасці мускатных він.
Яшчэ адна напрацоўка пакуль носіць назву «Форма 23-1», але, хутчэй за ўсё, у будучыні сорт будзе называцца прыгожым імем Ларэд. Гэта цёмны вінаград са шчыльнымі кампактнымі гронкамі досыць незвычайнага выгляду: вонкава яны нагадваюць... фіялетавыя кукурузныя катахі.
— Сорт клонавай селекцыі, ураджайны, гронкі не гніюць, нягледзячы на тое, што яны вельмі шчыльныя, — удакладняе навуковец.
Стварэннем він і іншых алкагольных напояў з беларускага вінаграду сёння зацікавіліся некаторыя вядучыя вытворцы краіны, расказаў ён.
— Цяпер мы маем зносіны і, магчыма, знойдзем кропкі ўзаемапаразумення з заводам ігрыстых вінаў: у іх ёсць падшэфная гаспадарка ў Капыльскім раёне, дзе закладзены вінаграднік плошчай 2 гектары.
Ці ёсць сэнс у нашых умовах вырошчваць вінаград на віно ў прамысловых маштабах?
— Лічу, што сэнс ёсць, — перакананы Уладзімір Усцінаў.
Аказваецца, клімат у сучаснай Беларусі шмат у чым падобны да кліматычных умоў у французскай Шампані. У адкрытым грунце многія раннія сарты вінаграду ў нас выспяваюць ужо ў жніўні, а ў цяпліцы можна атрымліваць нават два ўраджаі за год, у канцы ліпеня і ў кастрычніку. Але ці вялікая цікавасць да вырошчвання вінаграду ў беларускіх аграпрамысловых прадпрыемстваў і фермераў? Прыватнікі ў асноўным сёння вырошчваюць сталовыя сарты ў абароненым грунце на рэалізацыю, гаворыць вучоны. А буйныя прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу да тэхнічных сартоў яшчэ толькі прыглядаюцца. Калі будуць ахвотныя, калі гаспадаркі звернуць увагу на гэту культуру, у Беларусі ёсць і раяніраваныя сарты, і дакладна распрацаваная навукай агратэхніка.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.