У цэнтры ўвагі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі — пытанні архітэктурнага вырашэння і канцэпцыі экспазіцыі культурна-гістарычнага комплексу «Нацыяльны гістарычны музей». Адпаведная нарада прайшла ў Палацы Незалежнасці.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што будаўніцтва новага сучаснага Нацыянальнага гістарычнага музея — прынцыповае і важнае пытанне для беларускай дзяржавы. «Павінен быць нармальны музей, куды чалавек, асабліва малады, зойдзе і выйдзе, пераканаўшыся ў тым, што мы маем права на сваю дзяржаўнасць, мы яе дабіліся, заслужылі цяжкай працай, потам і крывёй, пражыўшы нават не стагоддзе, а тысячагоддзе. І вось яна, гісторыя — на вачах, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Што б ні адбывалася вакол краіны, як бы мы ні былі занятыя бягучымі клопатамі, пытанні нацыянальнага дзяржаўнага будаўніцтва заўсёды будуць у цэнтры нашай увагі». Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што за 30 гадоў суверэннага шляху ў гэтым напрамку зроблена нямала, асабліва ў апошнія гады: «Мы вызначыліся з падыходамі да гісторыі беларускай дзяржаўнасці, у цэлым — дзяржаўнай палітыкі ў сферы гісторыі. Не сталі „саромецца“ некаторых перыядаў у нашай гісторыі. Гаворым аб гэтым сумленна, адкрыта. І гэта актуальна гучыць напярэдадні Дня народнага адзінства». Аляксандр Лукашэнка назваў стварэнне музея наступным этапам у гэтай справе. Па яго словах, асноўныя мэта музея — паказаць няпросты тысячагадовы шлях беларусаў да набыцця дзяржаўнасці.
«Нягледзячы на ўсе палітычныя віхуры, якія праносіліся над нашай краінай, беларускі народ здолеў захаваць і развіць свае асаблівыя ідэнтычнасць, мову і культуру, ён мае ўнікальны талент і адрозніваецца асаблівай якасцю — міралюбнасцю. Мы прайшлі складаны шлях і дасягнулі высокіх вынікаў. Гэта павінна стаць аб’ектам гонару для людзей, асабліва для моладзі, — падкрэсліў Прэзідэнт. — У змесце экспазіцыі не павінна быць ніякага нацыяналістычнага або ўра-патрыятычнага перахлёсту. У ёй трэба адлюстраваць аб’ектыўны погляд на нашу гісторыю, каб не толькі беларусы, але і іншыя народы маглі пагадзіцца з яе трактоўкай ці, ва ўсякім разе, не адмаўлялі яе».
Галоўнае патрабаванне кіраўніка дзяржавы — паказаць гістарычныя факты максімальна праўдзіва. Па яго словах, месца для размяшчэння музея падабрана аптымальна. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што яго ўзвядзенне завершыць аблічча раёна, які ўжо ў народзе назвалі кварталам беларускай дзяржаўнасці: побач з будынкамі Палаца Незалежнасці, Вярхоўнага Суда, плошчай Дзяржаўнага сцяга.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што, на жаль, Беларусь — адна з апошніх краін, якая развівае гэтую тэму і будуе гістарычны музей. «У любой дзяржаве, якая паважае сябе, даўно фундаментальныя пабудовы створаны, музеі створаны для таго, каб новае пакаленне ганарылася тым шляхам, які прайшлі папярэднія пакаленні», — сказаў ён.
«Музей павінен стаць своеасаблівай візіткай краіны. Захапляць як сучасным архітэктурным абліччам, так і ўнутраным напаўненнем», — паставіў задачу Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што варта ўдзяліць асаблівую ўвагу архітэктурнаму вырашэнню. «У ім павінна чытацца нацыянальная адметнасць краіны. У той жа час трэба максімальна прадумаць пытанні зместу, эксплуатацыі будынка, інжынерных канструкцый і гэтак далей. У афармленні музейнай экспазіцыі важна выканаць баланс традыцыйных канонаў і сучасных інфармацыйных сістэм. Словам, музей павінен быць самым сучасным, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Мы ствараем, і мы гэта павінны разумець, аб’ект не на адзін год і не на два. У новым будынку музея нашчадкі ўбачаць узор стаўлення да свайго мінулага».
Па даручэнні Прэзідэнта Мінскі гарвыканкам сумесна з Міністэрствам культуры і гісторыкамі адпрацавалі ўсе пытанні. Пра сваё меркаванне яны далажылі падчас нарады. «Я разумею, што гэта не толькі іх меркаванне, гэта меркаванне нашага грамадства. Таму яшчэ раз падкрэслю: праект павінен быць праўдзівым і аб’ектыўным. Ніякай палітызацыі, ніякага „ўра“ ў адносінах да Лукашэнкі, Пятровых, Сідаравых, якія нібыта стваралі гісторыю, а народа пры гэтым не відаць. Усё павінна быць абсалютна аб’ектыўна і заслужана. Трэба падкрэсліць асаблівыя старонкі гісторыі нашай дзяржавы. Гэта натуральна, мы гэта зробім. Але гэтыя старонкі ў гісторыі павінны быць. Хаваць, я таксама думаю, нічога не трэба. Карацей, гэта павінна быць адлюстраваннем той палітыкі, якую праводзім сёння ў Беларусі», — падсумаваў Прэзідэнт.
Старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў далажыў, што канцэпцыя прадугледжвае стварэнне не проста музея, а цэлага музейна-паркавага комплексу, і назваць яго плануецца Паркам народнага адзінства. «Мы ўжо пачалі наводзіць там парадак», — адзначыў ён. Планіровачнае рашэнне будынка Нацыянальнага гістарычнага музея паўтарае контур карты Беларусі. Экспазіцыя будзе змяшчаць экспанаты і інфармацыю аб гісторыі беларускіх зямель, пачынаючы са старажытных часоў і да сучаснасці. Старшыня Мінгарвыканкама падкрэсліў, што гэты аб’ект стане адным з сімвалаў нашай краіны. Яшчэ адно патрабаванне Прэзідэнта — максімальна выкарыстоўваць беларускія матэрыялы і беларускія кампетэнцыі. Гэта аб’ект для народа, які павінен пабудаваць народ. Такога ж падыходу прытрымліваліся і падчас будаўніцтва Палаца Незалежнасці, які цяпер сведчыць аб тым, што нашы людзі могуць усё. Пацвярджае гэта і беларуская гісторыя, якая ў новым Нацыянальным гістарычным музеі будзе прадстаўлена максімальна праўдзіва і падрабязна.
Валерыя СЦЯЦКО
Пасля нарады Уладзімір Кухараў расказаў журналістам, што ўсе падыходы і ідэі Прэзідэнт падтрымаў. Кіраўнік дзяржавы рабіў акцэнт на тым, што музей павінен быць цікавым моладзі. А тым часам маладыя спецыялісты ўдзельнічаюць у яго стварэнні: да распрацоўкі канцэпцыі прыцягваліся студэнты архітэктурна-будаўнічага каледжа. Па словах Уладзіміра Кухарава, важна было пачуць ідэі і прапановы маладых і таленавітых. «Гэтым праектам мы завяршаем ансамбль тэрыторыі, дзе знаходзіцца Палац Незалежнасці, Вярхоўны Суд, плошча Дзяржаўнага сцяга. Гэта будзе адзіны завершаны комплекс, які сімвалізуе беларускую незалежнасць. І сам музей стане рызыначкай на гэтай тэрыторыі. Мы зробім усё магчымае, каб ён быў самым сучасным», — адзначыў Уладзімір Кухараў. Ён расказаў, што беларускія спецыялісты вывучалі вопыт стварэння такіх музеяў у іншых краінах, напрыклад, у Кітаі, Азербайджане. «Мы можам зрабіць сур’ёзны музей, які здольны стаць адным з найлепшых у свеце. — заключыў Уладзімір Кухараў. — Работы будуць працягвацца, атрымана падтрымка, і мы плануем у найбліжэйшы час пачаць праектаванне музея, каб у пачатку наступнага года пачаць яго будаўніцтва».
Плануецца, што наведвальнікаў новы Нацыянальны гістарычны музей зможа прыняць ужо ў 2026 годзе. Старшыня Мінскага гарвыканкама адзначыў, што работы над узвядзеннем будынка музея і добраўпарадкаванне прылеглай паркавай тэрыторыі будуць весціся адначасова.
Міністр культуры Анатоль Маркевіч назваў гэту нараду гістарычнай не толькі для сферы культуры, але і для ўсёй краіны. На ўзроўні кіраўніка дзяржавы прыняты канцэптуальныя падыходы па будаўніцтве і ўхвалена канцэпцыя па музеефікацыі будучага Нацыянальнага гістарычнага музея. «Адпрацоўваючы ўсе пазіцыі, усе кірункі, наша рабочая група прыйшла да разумення, што канцэпцыя музеефікацыі з’яўляецца асноватворнай па сэнсавых нагрузках. Мы паказваем гісторыю нашай краіны, пачынаючы ад першабытна-абшчыннага ладу, таму што нашы землі былі заселены спрадвеку.
І мы прайшлі глабальны інфармацыйны шлях і ўбачылі і бачым сёння цудоўную Рэспубліку Беларусь, якая дае прыклад іншым краінам, як трэба выбудоўваць сваю палітыку, эканоміку, сацыяльную сферу для таго, каб нашым людзям было прыемна і камфортна жыць на сваёй зямлі», — адзначыў міністр. Па яго словах, група спецыялістаў будзе працаваць над тым, каб кожная экспазіцыя, кожная зала, кожны паверх будучага музея былі напоўнены глыбокім сэнсам. «У музеі будуць сабраны ўсе перадавыя тэхналогіі, мы бачым сваю задачу ў тым, каб экспазіцыя была цікавая людзям рознага ўзросту. Вядома, мы нацэлены на моладзь. Мяркуем, што выкарыстанне сучасных тэхналогій выкліча ў іх вялікую цікавасць. Мы пабывалі ў розных краінах, убачылі перадавы вопыт і плануем яго прымяніць напоўніцу ў экспазіцыйнай рабоце нашага Нацыянальнага гістарычнага музея. Наперадзе праца вельмі вялікая, вельмі карпатлівая. Але яна будзе адлюстроўваць нашу незалежнасць, нашу гісторыю і, канешне, погляд у будучыню. Таму што тое, што зроблена, — моцная магутная аснова для развіцця нашай краіны на карысць нашых людзей», — падкрэсліў Анатоль Маркевіч.
У распрацоўцы канцэпцыі Нацыянальнага гістарычнага музея ўдзельнічалі не толькі кіраўнікі, архітэктары і дызайнеры, але і навуковая супольнасць. Як адзначыў міністр культуры, адзіная пазіцыя выпрацавалася шляхам спалучэння меркаванняў розных вучоных. Але ў адным яны адзіныя: такі музей краіне неабходны.
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Вячаслаў Даніловіч адзначыў, што гісторыкамі распрацавана нацыянальная канцэпцыя айчыннай гісторыі ў рэчышчы дзяржаўнай гістарычнай палітыкі, на аснове ідэалогіі беларускай дзяржавы. «Мы аб’ектыўна, нічога не скажаючы і не фальсіфікуючы, пакажам па кожным гістарычным перыядзе тое, што было зроблена нашымі продкамі, праз якія складанасці, войны ім прыйшлося прайсці, каб абараніць права жыць на гэтай зямлі так, як лічылі патрэбным. Рэальны беларускі суверэнітэт — гэта вынік сілы духу і стойкасці нашых продкаў, якія тысячагоддзямі жылі на гэтай зямлі, адстойвалі сваё права жыць тут, — падкрэсліў ён. — Сіла нацыянальнай канцэпцыі гісторыі ў тым, што мы ніводны гістарычны перыяд не выкраслілі з нашай гісторыі. Першабытнае грамадства, перыяд ІX—XІІІ стагоддзяў, старажытнарускі перыяд — Полацкае, Тураўскае княствы, перыяд Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, перыяд Расійскай імперыі і савецкі перыяд».
Вячаслаў Даніловіч звярнуў увагу, што ў музеі будзе асобная зала, прысвечаная перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Пакажуць і складаны перыяд 1990-х гадоў, сваё месца ў музейнай экспазіцыі знойдуць падзеі, якія развіваліся з выбраннем першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і да гэтага часу. «Мы выразна пакажам, як праходзіла выйсце з гэтай цяжкай сітуацыі, як пераважная большасць народа гуртавалася вакол ідэі моцнай, квітнеючай Беларусі, будаўніцтва дзяржавы для народа. Абавязкова знойдуць адлюстраванне ўсебеларускія народныя сходы, таму што адметная рыса Рэспублікі Беларусь: мы будуем сацыяльна справядлівую дзяржаву для народа. Гэта вельмі важны пасыл, і зроблена намі разам, разам пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі вельмі і вельмі шмат для рэальнага суверэнітэту краіны», — расказаў Вячаслаў Даніловіч.
Генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вадзім Гігін назваў стварэнне музея чарговым вельмі важным этапам, які падсумоўвае тыя дасягненні, якія былі зроблены за апошні час. «Такім чынам, мы ствараем вельмі важны матэрыяльны аб’ект ідэалагічнай працы. Ідэалагічная праца — гэта не толькі словы, не толькі нейкая палітыка навін. Гэта ў тым ліку і артэфакты, тое, якім чынам мы ўздзейнічаем праз гэту гістарычную інфармацыю і на беларусаў, маладое пакаленне, і на нашых гасцей. Мы такім чынам сведчым: мы, беларусы, мы тут жвём, мы абапіраемся на шматвяковы досвед нашай дзяржаўнасці.
І сапраўды, як бачым, гэта будзе вельмі яркі аб’ект», — падкрэсліў ён.
Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, гісторык Ігар Марзалюк расказаў пра задачу паказаць у новым музеі заканамерны працэс развіцця беларускай дзяржаўнасці, які ішоў тысячагоддзямі. Па яго словах, адлюстроўваючы кожны гістарычны этап, трэба зрабіць акцэнт на ролі беларускага чалавека, яго таленце і геніяльнасці. «Без перабольшванняў, без прыніжэння каго б там ні было. Але паказ усяго, што яшчэ ў свой час беларускі філосаф Самойла ў 20–30 гадах XX стагоддзя назваў беларускім светам», — адзначыў Ігар Марзалюк. Па яго словах, у новым музеі варта паказаць Беларусь з усімі адценнямі, канфесіямі, этнічнымі супольнасцямі. «Каб усім стала зразумела: тое, што ў нас сёння такая Канстытуцыя і што ў нас мірна суіснуюць праваслаўныя з каталікамі і пратэстантамі, што ў нас міжнацыянальны, міжканфесійны мір — гэта вынік шматвяковай гісторыі. Для нас гэта нармальна, як паветра, калі больш за адну мову, больш за адну канфесію, больш за адну этнічную супольнасць», — растлумачыў ён. Дэпутат перакананы: кожны беларус у гэтым музеі адчуе гонар за краіну. «Праект будзе ўнікальным. І мы пастараемся злучыць два найважнейшыя моманты: традыцыйныя падыходы — паказ артэфактаў з візуалізацыяй, з вялікім аб’ёмам нагляднасці і найноўшымі тэхналогіямі. Беларуская дзяржава на гэта грошай не пашкадуе. І мы павінны ўсім паказаць, што ў беларусаў ёсць свой нацыянальны дом. І гэта вынік таго, што на працягу стагоддзяў гераічнай і трагічнай гісторыі пакаленні продкаў цаглінка за цаглінкай будавалі гэты дом, нягледзячы ні на што. Пераадольваючы самыя страшныя выпрабаванні, у тым ліку спробы нас знішчыць як народ і як нацыю. Мы ўсё гэта пераадолелі і на працягу стагоддзяў стваралі і для сябе, і для ўсяго свету ўнікальныя рэчы», — распавёў Ігар Марзалюк.
Дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза расказаў, што ў музейнай экспазіцыі будзе прадстаўлена шэсць асноўных гістарычных перыядаў Беларусі. «Я, як гісторык і дырэктар Інстытута гісторыі, разумею, што ў нас тысячы артэфактаў, якія мы павінны паказаць нашым людзям, грамадству і тым, хто прыязджае ў Беларусь. Мы ганарымся гэтымі артэфактамі. Яны сведчаць пра ўнікальнасць, глыбіню гісторыі Беларусі і яе народа. І вось усё гэта будзе засяроджана ў новым Нацыянальным гістарычным музеі і, вельмі важна, у парку Народнага адзінства. Гэтае месца дасць магчымасць чалавеку прасякнуцца духам адзінства», — адзначыў ён.
Фота: БелТА
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.