Вы тут

Сі Цзіньпін заявіў, што Кітай гатовы рэалізаваць 10 планаў партнёрскіх дзеянняў з Афрыкай


Старшыня КНР Сі Цзіньпін заявіў, што Кітай гатовы разам з афрыканскім бокам рэалізаваць 10 планаў партнёрскіх дзеянняў у найбліжэйшыя тры гады для сумеснага прасоўвання мадэрнізацыі, перадае «Сіньхуа».


Траціна насельніцтва свету пражывае ў Кітаі і Афрыцы. Без мадэрнізацыі Кітая і Афрыкі не будзе глабальнай мадэрнізацыі, сказаў Сі Цзіньпін, выступаючы з праграмнай прамовай на цырымоніі адкрыцця саміту Форума кітайска-афрыканскага супрацоўніцтва /ФКАС/2024 гады.

Сі Цзіньпін заявіў, што 10 планаў партнёрскіх дзеянняў будуць ахопліваць такія сферы, як абмены і ўзаемаўзбагачэнне паміж рознымі цывілізацыямі, працвітанне гандлю, супрацоўніцтва ў вытворчых ланцужках, узаемазвязанасць, супрацоўніцтва ў галіне развіцця, ахова здароўя, сельская гаспадарка і дабрабыт народа, культурна-гуманітарныя абмены, зялёнае развіццё і агульная бяспека.
Ён прапанаваў павысіць агульны статус кітайска-афрыканскіх сувязей да ўсепагоднай кітайска-афрыканскай супольнасці адзінага лёсу ў новую эпоху. Акрамя таго, Старшыня КНР выступіў з ініцыятывай узняць двухбаковыя сувязі Кітая з усімі афрыканскімі краінамі, якія ўстанавілі з КНР дыпламатычныя адносіны, да ўзроўню стратэгічных адносін.

Сі Цзіньпін адзначыў, што дзякуючы нястомным намаганням бакоў на працягу амаль 70 гадоў кітайска-афрыканскія адносіны зараз перажываюць найлепшы перыяд у сваёй гісторыі. Пералічваючы 10 планаў партнёрскіх дзеянняў, Старшыня КНР заявіў, што для абменаў і ўзаемаўзбагачэння паміж рознымі цывілізацыямі Кітай гатовы супрацоўнічаць з Афрыкай у стварэнні платформы для абмену вопытам у дзяржаўным кіраванні, кітайска-афрыканскай сетцы ведаў у галіне развіцця і 25 кітайска-афрыканскіх даследчых цэнтраў.

Кітай запросіць 1000 партыйных дзеячаў Афрыкі ў Кітай для паглыблення абмену досведам у партыйным і дзяржаўным кіраванні.
Сі Цзіньпін адзначыў, што для працвітання гандлю Кітай гатовы добраахвотна і ў аднабаковым парадку пашыраць адкрытасць свайго рынку і вырашыў увесці рэжым нулявых тарыфаў для 100 працэнтаў найменняў абкладаемых падаткам тавараў з найменш развітых краін, якія ўстанавілі дыпламатычныя адносіны з Кітаем, уключаючы 33 краіны Афрыкі. 

Гэта робіць Кітай першай буйной краінай, якая развіваецца, і першай буйной эканомікай, якая ажыццявіла такі крок, што прасоўвае ператварэнне буйнога рынку Кітая ў вялікія магчымасці для Афрыкі, падкрэсліў Сі Цзіньпін.

Паводле яго слоў, Кітай пашырыць доступ на рынкі для афрыканскай сельскагаспадарчай прадукцыі, паглыбіць супрацоўніцтва з Афрыкай у галіне электроннага гандлю і іншых галінах, а таксама запусціць «кітайска-афрыканскую праграму па павышэнні якасці».
Сі Цзіньпін таксама заявіў аб гатоўнасці Кітая заключыць з афрыканскімі краінамі рамачныя пагадненні аб сумесным развіцці эканамічнага партнёрства, каб забяспечыць доўгатэрміновыя, стабільныя і прадказальныя інстытуцыйныя гарантыі для гандлю і інвестыцый паміж бакамі.

Для ўмацавання супрацоўніцтва ў галіне вытворчых ланцужкоў Кітай гатовы развіваць пілотную зону паглыбленага кітайска-афрыканскага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і запусціць праграму павышэння патэнцыялу афрыканскіх малых і сярэдніх прадпрыемстваў.

Паводле слоў Сі Цзіньпіна, будзе сумесна пабудаваны Кітайска-афрыканскі цэнтр супрацоўніцтва ў галіне лічбавых тэхналогій і ажыццёўлена 20 лічбавых дэманстрацыйных праектаў. Сі Цзіньпін адзначыў, што Кітай гатовы рэалізаваць 30 праектаў па пашырэнні ўзаемазвязанасці інфраструктуры ў Афрыцы і сумесна прасоўваць высакаякаснае супрацоўніцтва ў рамках ініцыятывы «Пояс і шлях».

Кітай гатовы апублікаваць сумесную заяву аб паглыбленні супрацоўніцтва з Афрыкай у рамках Ініцыятывы па глабальным развіцці і рэалізаваць тысячу эфектыўных для паляпшэння народнага дабрабыту праектаў, заявіў Сі Цзіньпін. Ён заявіў, што Кітай гатовы стварыць з Афрыкай альянс бальніц і сумесныя медыцынскія цэнтры, накіраваць 2000 медыцынскіх работнікаў і запусціць 20 праграм па стварэнні медыцынскіх устаноў і лячэнні малярыі.

Для паляпшэння сельскай гаспадаркі і павышэння ўзроўню жыцця людзей Кітай прадаставіць Афрыцы надзвычайную харчовую дапамогу ў памеры 1 млрд. юаняў (каля 140 млн. долараў), накіруе 500 экспертаў у галіне сельскай гаспадаркі і створыць Кітайска-афрыканскі альянс па навукова-тэхналагічных інавацыях у галіне сельскай гаспадаркі.

Будуць прыкладзены намаганні па стымуляванні двухбаковых інвестыцый для новых дзелавых аперацый кітайскіх і афрыканскіх кампаній, што дасць магчымасць Афрыцы набываць дабаўленую вартасць і стварыць не менш як мільён працоўных месцаў. Што да гуманітарных абменаў, то Кітай сумесна з Афрыкай створыць акадэмію інжынерных тэхналогій і 10 «Майстэрняў Лубаня». Паводле слоў Сі Цзіньпіна, прыкладна 60 тысячам афрыканцаў, у асноўным жанчынам і маладым людзям, будзе дадзена магчымасць для навучання. Абодва бакі таксама дамовіліся аб’явіць 2026-ты Годам кітайска-афрыканскіх гуманітарных абменаў.

Што датычыцца «зялёнага» развіцця, то Кітай гатовы запусціць 30 праектаў у галіне экалагічна чыстай энергетыкі ў Афрыцы, стварыць кітайска-афрыканскі форум па мірным выкарыстанні ядзерных тэхналогій, стварыць 30 сумесных лабараторый і супрацоўнічаць у галіне спадарожнікавага дыстанцыйнага зандзіравання, даследавання Месяца і далёкага космасу.

У мэтах гарантавання агульнай бяспекі Кітай гатовы наладзіць з Афрыкай партнёрства для рэалізацыі Ініцыятывы ў галіне глабальнай бяспекі і зрабіць яго прыкладам супрацоўніцтва ў рамках Ініцыятывы. Паводле слоў Сі Цзіньпіна, Кітай таксама прадаставіць Афрыцы ваенную дапамогу ў памеры аднаго мільярда юаняў. Як адзначыў Старшыня КНР, для рэалізацыі гэтых 10 планаў партнёрскіх дзеянняў урад Кітая прадаставіць фінансавую падтрымку ў памеры 360 мільярдаў юаняў на працягу наступных трох гадоў.

Саміт Форума кітайска-афрыканскага супрацоўніцтва (ФКАС) 2024 дасягнуў поўнага поспеху. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў КНР Ван І. Ён зрабіў адпаведную заяву падчас сустрэчы з прадстаўнікамі прэсы, праведзенай сумесна з міністрамі замежных спраў Сенегала Ясін Фаль і Рэспублікі Конга Жан-Клодам Гакоса.

Гаворачы аб асноўных выніках саміту, Ван І адзначыў, што двухбаковыя адносіны паміж Кітаем і ўсімі афрыканскімі краінамі, якія маюць дыпламатычныя адносіны з КНР, былі ўзняты да ўзроўню стратэгічнага партнёрства. Акрамя таго, паводле слоў кіраўніка МЗС КНР, адносіны Кітая з усёй Афрыкай былі ўзняты да ўзроўню кітайска-афрыканскай усепагоднай супольнасці адзінага лёсу ў новую эпоху.

Ван І канстатаваў, што было вылучана шэсць асноўных прапаноў па сумесным прасоўванні мадэрнізацыі Кітая і Афрыкі. Ён адзначыў, што быў распрацаваны план дзеянняў па далейшым развіцці кітайска-афрыканскага супрацоўніцтва, а Старшыня КНР Сі Цзіньпін прапанаваў праграму партнёрскіх дзеянняў Кітая і Афрыкі па сумесным прасоўванні мадэрнізацыі ў 10 галінах на бліжэйшыя тры гады.

Падчас саміту, працягнуў Ван І, Кітай і Афрыка дамовіліся аказваць адзін аднаму цвёрдую падтрымку ў пытаннях, якія закранаюць узаемныя карэнныя інтарэсы, і практыкаваць сапраўдны мультылатэралізм. Яны таксама дамовіліся супрацьстаяць забабонам, устараняць гістарычную несправядлівасць і прасоўваць мадэрнізацыю, якая прыносіць карысць усім людзям. Паводле слоў кітайскага дыпламата, саміт прадэманстраваў цвёрдую ўпэўненасць Глабальнага Поўдня ў згуртаванасці і супрацоўніцтве.

Ясін Фаль і Жан-Клод Гакоса са свайго боку заявілі, што афрыкана-кітайскае супрацоўніцтва змяніла лёс Афрыкі і, несумненна, увойдзе ў гісторыю як эталон міжнароднай кааперацыі. Афрыка гатовая сумесна з Кітаем увасабляць у жыццё вынікі саміту і кансэнсус паміж двума бакамі, паглыбляць афрыкана-кітайскае сяброўства, дабівацца сумеснага развіцця і агульнага працвітання, дадалі яны.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.

Кіно

Аўтарскі погляд на чалавека і яго лёс праз дакументальнае кіно

Аўтарскі погляд на чалавека і яго лёс праз дакументальнае кіно

У Мінску завяршыўся фестываль «Еўразія.DOC».

Спорт

Андрэй Барбашынскі: Калі мы гаворым пра медалі для краіны — без вучылішча алімпійскага рэзерву не абысціся

Андрэй Барбашынскі: Калі мы гаворым пра медалі для краіны — без вучылішча алімпійскага рэзерву не абысціся

Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала.