Вы тут

Чаму краіны Афрыканскага кантынента застаюцца найбяднейшымі ў свеце?


Стагоддзе таму заходняя цывілізацыя багацела на афрыканскіх калоніях, атрымліваючы мільярдныя прыбыткі за кошт прыродных рэсурсаў і рабскай працы мясцовых жыхароў. Зараз Афрыка, як і раней, прыцягвае замежныя карпарацыі. Сярод іх інтарэсаў — не толькі золата і алмазы, але і рэдкія мінералы, напрыклад, тыя, якія захоўваюць кобальт — метал, неабходны для вытворчасці смартфонаў і электрамабіляў. Як у краінах Афрыкі дагэтуль захавалася рабская праца? Чаму краіны Чорнага кантынента, якія маюць самыя вялікія запасы карысных выкапняў, застаюцца самымі беднымі ў свеце? Пра гэта разважае нейрахірург, навуковы супрацоўнік аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчык кафедры неўралогіі і нейрахірургіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, член Беларускага саюза журналістаў Гумен Гарбанніджад.


— З 2000 да 2019 года сярэдняя працягласць жыцця ў Афрыцы вырасла на 10 гадоў — гэта рэгіён з самым імклівым яе ростам на планеце. Магчыма, у Афрыцы не ўсё так дрэнна…

— Сапраўды, сярэдняя працягласць жыцця мае вялікае значэнне, каб ацаніць узровень жыцця, медыцынскай дапамогі, дабрабыту насельніцтва і інш. Сярэдняя працягласць жыцця на планеце — каля 71 года. У розных краінах яна адрозніваецца, і калі параўноўваць, можна ўсё роўна заўважыць вялікі кантраст. Напрыклад, каля 90 гадоў у Манака, дзе вельмі высокі ўзровень жыцця, у той час як у афрыканскіх краінах — у сярэднім 63 гады, а ў такой краіне як Чад — усяго 53. Пры гэтым Афрыка — кантынент, багаты на карысныя выкапні: пачынаючы ад нафты, заканчваючы алмазамі, прадстаўлена ўся табліца Мендзялеева.

Да Другой сусветнай вайны вялікая частка Афрыкі была калоніямі Францыі. І Францыя, і Вялікабрытанія былі ў той час звышдзяржавамі. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны Францыя імкнулася вярнуць свой уплыў над афрыканскімі калоніямі, але ўсе яны патрабавалі незалежнасці.

Французы вымушаны былі прызнаць, што больш не з’яўляюцца звышдзяржавай. Але да ўлады прыйшоў вядомы палітык Шарль дэ Голь, да таго ж гэта быў час усталявання новага парадку на планеце, які спрыяў вяртанню Францыі ў Афрыку.

Трэба сказаць пра сістэму разлікаў ў Афрыцы. Яшчэ да Другой сусветнай вайны тут была ў абароце французская валюта. Горназдабыўныя шахты кіраваліся французамі, мясцовыя рабочыя працавалі за мінімальны заробак. Пры гэтым эканоміка была пабудавана такім чынам, што здабытыя на ўласнай зямлі карысныя выкапні афрыканскія краіны вымушаны былі для сваіх патрэб набываць у Францыі. Такая эканоміка не магла развівацца, з кожным годам гэтыя краіны станавіліся усё больш беднымі.

Пасля Другой сусветнай вайны, калі была ўсталявана Брэтан-Вудская сістэма, дзе ключавую ролю ў міжнародных фінансавых разліках адыгрываў долар ЗША, кошт французскай валюты ўпаў, і трэба было шукаць выйсце. Шарль дэ Голь паехаў у турнэ па краінах Афрыкі, дзе заяўляў, што Францыя падтрымлівае незалежнасць сваіх былых калоній, але пры трох умовах. Усе горназдабыўныя прадпрыемствы застаюцца пад кантролем Францыі, яна пакідае свае ўзброеныя кантынгенты ў гэтых краінах, а валютай застаецца CFA franc, звязаны з французскім франкам. У 1945 годзе, калі пачалося ўкараненне гэтай валюты, 1,7 франк каштаваў 1 CFA franc. Аднак ужо ў 1947 годзе гэтыя суадносіны былі 1:2.

Пры экспарце чым менш каштуе нацыянальная валюта, тым таннейшы атрымліваецца тавар. Такім чынам, пасля Другой сусветнай вайны дзякуючы доступу да танных рэсурсаў Францыя расплацілася са сваімі даўгамі. А развіццё афрыканскіх эканомік, якія маглі гандляваць толькі з Францыяй, тармазілася. Сістэма неакаланіялізму засвоіла адзін важны прынцып: самая добрая турма тая, дзе не відаць кратаў. Людзі знаходзяцца пад каланіяльным уплывам, аднак самі гэтага не заўважаюць.

— Але цяпер CFA franc прывязаны да еўра…

— І Афрыка залежыць ад еўрапейскай валюты, цяпер уплывае на Афрыку не толькі Францыя, а ўвесь Еўрапейскі саюз. І гэта робіць эканоміку кантынента неканкурэнтаздольнай з астатнім светам. Тая сістэма, якая там існавала пры Францыі, перашкаджае развівацца.

Акрамя гэтага, цяпер каланіяльная палітыка не спыняецца. Улічваючы, што Расія і Кітай хочуць мець большы ўплыў на рынак Афрыкі, Францыя падзяліла нацыянальную валюту Афрыкі на заходнюю і цэнтральную. І стварыла там два цэнтральныя банкі, дзе мае права вета. Такім чынам, шлях рабавання стаў больш складаным, але лепш прыхаваным.

Усю сваю валюту краіны Чорнага кантынента павінны захоўваць у Францыі і плаціць за гэта. Цяпер нават знаходзіцца ў краіне не трэба, каб мець доступ да яе рэсурсаў.

— Чаму самі ўрады гэтых краін, атрымаўшы незалежнасць, не супрацьстаялі такой сістэме?

— У большасці краін былі ўрады, на якія Францыя мела ўплыў. Гэта дастаткова багатыя людзі, і ад усіх здзелак у сваіх краінах яны атрымлівалі вялікія грошы. Але сродкі гэтыя захоўвалі ў Францыі ці некаторых іншых еўрапейскіх краінах. Усяго тры краіны імкнуліся неяк супрацьстаяць неакаланіяльнай сістэме.

Адна з іх — Гвінея. Яе прэзідэнт Ахмет Секу Турэ аб’явіў, што лепш быць беднымі, чым рабамі. Францыя яго пакарала дзеля навукі іншым краінам. Яна ўзбройвала апазіцыю, якая знаходзілася ўнутры краіны, з-за чаго пачаліся ўнутраныя войны. Акрамя таго, была надрукавана вялікая колькасць фальшывых грошай, якія былі ў абароце ў Гвінеі, што выклікала гіперінфляцыю. Адзін з французскіх шпіёнаў, які працаваў у Гвінеі, пісаў, што пасля гэтай аперацыі Францыя гарантавала сваю стапрацэнтную перамогу, і гэта эканоміка больш ніколі не падымецца.

Другая краіна, якая супрацьстаяла Францыі, — Тога. У выніку яе прэзідэнт Сілванус Алімпіа быў забіты падчас ваеннага перавароту ў студзені 1963 года. Трэцяя краіна — Лівія. Тут трэба сказаць, што яна з сярэднявечча была цэнтрам аптовага гандлю рабамі. У XVІ стагоддзі, калі Асманская імперыя прыйшла ў Афрыку, афрыканцы гандлявалі рабамі. Аптовы рынак продажу рабоў знаходзіўся у Лівіі. У 1853 годзе, калі гэта краіна аказалася пад уплывам Італіі, там афіцыйна яго забаранілі, але насамрэч гандаль ніколі не спыняўся.

У 1911 годзе падарожнік Ахмет Хасан Баша, які наведаў Лівію, з вялікім здзіўленнем напісаў, што на вуліцах прадаюцца маладыя дзяўчаты за пяць фунтаў стэрлінгаў, а ў Егіпце яны каштуюць ужо 30–40 фунтаў. Пакуль Лівія знаходзілася пад уплывам Італіі, гандаль квітнеў. Калі дацкі падарожнік Кнут Холмб прыехаў у Лівію, ён напісаў вялікі артыкул пра тое, як з падтрымкі Мусаліні ў Лівіі гандлююць рабамі, і пра гэта даведалася ўся Еўропа. Натуральна, агенты Мусаліні яго забілі.

Калі Лівія абвясціла незалежнасць, нягледзячы на тое, што прэзідэнт Мухамед Ідрыс аб’явіў гандаль рабамі незаконным, ён усё роўна квітнеў, пакуль у верасні 1969 года не атрымаў уладу Муамар Кадафі. Толькі яму ўдалося на 100% скончыць з рабствам у краіне.

Ужо ў ХХІ стагоддзі Лівія зноў стала цэнтрам аптовага гандлю, у тым ліку жанчынамі для публічных дамоў і людзьмі на органы для трансплантацыі. У 2017 годзе для CNN быў зняты фільм, дзе паказана, як на трыбуну паднімаюць раба і яго атрымлівае той, хто называе самую высокую цану.

Пасля гэтага фільма тэлекампанія «Аль-Джазіра» паказала ўмовы іх утрымання. Фільм у свабодным доступе ў інтэрнэце, але не для слабанервовых. Яны паказваюць крайне нечалавечыя ўмовы, дзе людзей катуюць электрашокерамі, б’юць цэпам. Адтуль яны перанакіроўваюцца ў іншыя краіны для працы ці для перасадкі органаў.

— Як гэтыя людзі трапляюць у Лівію і становяцца рабамі? І ўвогуле навошта ў сучасным свеце рабы?

— ААН праводзіла расследаванне і высветліла, што большасць з іх — людзі з Паўднёвай Афрыкі, якая знаходзіцца пад уплывам Францыі. Пасля таго як уязныя візы для выхадцаў з афрыканскіх краін былі адменены ў Лівіі, тысячы бежанцаў з Цэнтральнай і Паўднёвай Афрыкі накіраваліся на ўзбярэжжа Лівіі з мэтай перабрацца ў Еўропу. Там іх захопліваюць і перапрадаюць.

Еўропа закрывае на гэты гандаль вочы, бо еўрапейскія палітыкі лічаць гэта добрым бар’ерам для таго, каб афрыканцы не імігрыравалі ў Стары Свет. Але яны ўсё роўна трапляюць у Еўропу, каб працаваць у сельскай гаспадарцы, займацца прастытуцыяй.

— Ці ёсць сучасныя прыклады выкарыстання афрыканскіх краін як таннага рэсурсу?

— У Конга ўтрымліваецца да 70% сусветных запасаў кобальту, які выкарыстоўваецца ў сучаснай электроніцы і пры вытворчасці электрамабіляў. Яго здабываюць у тым ліку дзеці. Людзі выкарыстоўваюць кіркі, рыдлёўкі, кавалкі арматуры, каб прасякаць і рыць зямлю ў траншэях, ямах і тунэлях, дзе збіраюць кобальт. Гэты метал з’яўляецца надзвычай канцэрагенным, і кангалезцы, якія там працуюць, гінуць ад розных анкалагічных хвароб. Многія з саматужных шахт абвальваюцца, і лавіна жвіру і пароды расціскае людзей. Тысячы людзей страцілі рукі і ногі.

Кобальт выкарыстоўвацца для літый-іонных батарэй, акумулятараў смартфонаў, гульнявых прыставак, ноўтбукаў, смартфонаў і планшэтаў, разумных гадзіннікаў і электрамабіляў. Калі б ён здабываўся не ў Афрыцы і пры гэтым не выкарыстоўвалася танная праца для яго здабычы, у Еўропе ўся электроніка і акумулятарныя батарэі, электрамабілі істотна падаражэлі б. Яшчэ адзін прыклад — Буркіна-Фасо мае вялікія запасы золата і ўрану. 50% золата і 100% урану ідуць у Еўропу, а краіна не мае нават сваёй электрычнасці.

Лідзія АЗАРАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.