Лясы ў нашай краіне займаюць 40,2% тэрыторыі, што складае крыху больш за 9,7 млн гектараў. Фактычна на кожнага беларуса прыпадае каля 1 га лясных насаджэнняў. Калі параўноўваць з данымі, якія прыводзіць Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя Аб’яднаных Нацый, то гэта амаль у два разы больш, чым усярэднены паказчык на кожнага жыхара Зямлі — 0,52 га. Пра нашы лясныя багацці сённяшняя размова з членам Пастаяннай камісіі па экалогіі і прыродакарыстанні Віталем Ракаўцом.
— Функцыі лясоў самыя разнастайныя: выкарыстоўваюцца ў вытворчых мэтах, прызначаны для аховы глеб і водных рэсурсаў, служаць захаванню біяразнастайнасці, забяспечваюць сацыяльныя паслугі, такія як адпачынак, турызм, адукацыя, навуковыя даследаванні, захаванне аб’ектаў культурнай і духоўнай спадчыны, ды і проста выступаюць як буферныя зоны паміж забудаванымі пляцоўкамі. Безумоўна, усе яны важныя. Як захоўваецца баланс паміж вытворчымі і прыродаахоўнымі прызначэннямі?
— У адпаведнасці з экалагічным, эканамічным і сацыяльным значэннем лясоў, іх месцазнаходжаннем і функцыямі, яны дзеляцца на катэгорыі: прыродаахоўныя, рэкрэацыйна-аздараўленчыя, ахоўныя і эксплуатацыйныя. Крытэрыі кожнай з іх строга акрэслены. Напрыклад, у склад ахоўных уваходзяць лясы, размешчаныя ў межах водаахоўных зон, першага і другога паясоў зон санітарнай аховы крыніц і сістэм пітнога водазабеспячэння, у межах палос шырынёй 100 метраў у абодва бакі ад крайняга чыгуначнага пуці агульнага карыстання, ад восі рэспубліканскай аўтамабільнай дарогі. Эксплуатацыйныя — тыя, што не адносяцца ні да адной іншай катэгорыі.
За апошнія дзесяцігоддзі ў Беларусі істотна павялічылася доля спелых лясоў — з 1994 года з 4,7 працэнта да 19,6 працэнта і, як вынік, выраслі аб’ёмы нарыхтоўкі драўніны. Гэта звязана з натуральнымі працэсамі росту і палітыкай па рэгуляванні карыстання лесам, якая праводзіцца Міністэрствам лясной гаспадаркі. Так, калі ў 2015 годзе лесагаспадаркамі было нарыхтавана 17,2 млн куб. м драўніны, то ў 2023-м — амаль 21 млн куб. м.
Нягледзячы на такі рост, агульныя колькасныя і якасныя паказчыкі лясной гаспадаркі горшымі не сталі. Фіксуюцца значныя запасы драўніны па ўзросце гатовай да нарыхтоўкі. Пры гэтым Мінлясгас прагназуе далейшы рост запасаў, звязаны з масавым выспяваннем да 2030 года лясоў, пасаджаных у пасляваенны час. Таму высечка працягне расці, і гэта будзе планавая нарыхтоўка, абумоўленая перавагай долі спелых і перастойных насаджэнняў. Фактычна ідзе збор ураджаю.
Безумоўна, высечкі аказваюць уздзеянне на навакольнае асяроддзе, але змяненні, якія адбываюцца ў экасістэме, носяць кароткачасовы і лакальны характар. Лесакарыстанне вядзецца з улікам экалагічнага, эканамічнага і сацыяльнага значэння лясоў, іх месцазнаходжання і функцый. Высечкі праводзяцца ў адпаведнасці з праектамі лесаўпарадкавання, якія прайшлі абавязковую Дзяржаўную экалагічную экспертызу.
У 2023 годзе толькі ў лясным фондзе Мінлясгаса за кошт сяўбы і пасадкі закладзена каля 29 тыс. га новых лясоў. Вырошчванне пасадачнага матэрыялу ажыццяўляецца ў 79 пастаянных лясных гадавальніках, а таксама ў чатырох спецыялізаваных цяплічных комплексах, дзе выкарыстоўваецца сучасная тэхналогія вырошчвання пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай.
Лес сёння дае работу больш як 103 тысячам чалавек. Большасць — жыхары сельскай мясцовасці. У 2023 годзе 36,3 тысячы чалавек працавалі ў сістэме Мінлясгаса. Менавіта дзякуючы іх штодзённай карпатлівай працы ўзровень лясістасці краіны вырас да рэкордных 40,2 працэнта. За апошнія тры гады лесааднаўленне і лесаразвядзенне ажыццёўлены на плошчы 145 тыс. га. Гэта значыць, беларусы вырошчваюць больш дрэў, чым высякаюць.
— Папаўняльнасць — самая вялікая каштоўнасць драўняных рэсурсаў. Але ў адрозненне, напрыклад, ад большасці сельскагаспадарчых культур, тэрміны росту дрэў часта супастаўныя і навт больш працяглыя, чым сярэдняе чалавечае жыццё. Якія асноўныя этапы росту лесу?
— Дзяленне лясоў па ўзросце мае вялікае значэнне, бо менавіта на аснове гэтай класіфікацыі вырашаецца пытанне аб памеры штогадовай высечкі. На адным гектары маладога лесу можа расці да дзесяці тысяч дрэў, а векавога — менш за пяцьсот. Лясы па ўзросце дзеляцца на: маладнякі, сярэднеўзроставыя, спелыя і перастойныя. Часам апошнія дзве групы аб’ядноўваюцца ў адну, тую, якую можна нарыхтоўваць.
У працэсе выспявання лесу вядуцца так званыя высечкі догляду — найважнейшае лесагаспадарчае мерапрыемства, накіраванае на фарміраванне ўстойлівых высокапрадукцыйных гаспадарча-каштоўных насаджэнняў, захаванне і ўзмацненне іх карысных функцый і своечасовае выкарыстанне драўніны. Асвятленні і прачысткі праводзяцца ў маладых насаджэннях ва ўзросце ад 1 да 20 гадоў, калі фарміруецца жаданы пародны склад дрэвастою. Выбар галоўнай пароды вызначаецца ўрадлівасцю і вільготнасцю глебы. Мэтавымі пародамі з’яўляюцца віды, драўніна якіх забяспечвае высокую прадукцыйнасць і мае павышаны попыт на рынку лесаматэрыялаў: сасна, елка, дуб, ясень, клён, алешына чорная. Пры правядзенні асвятленняў і прачыстак нарыхтоўваецца галоўным чынам неліквідная драўніна — тая, якая па сваіх параметрах не прыдатная для выкарыстання нават у якасці дроў. Яе пакідаюць у лесе. Раскладаючыся, яна служыць каштоўнай крыніцай арганічнага матэрыялу, які спрыяе захаванню ляснога асяроддзя і біялагічнай разнастайнасці, утрымлівае вільгаць у глебе.
Высечкі прарэджвання вядуць ва ўзросце ад 21 да 40 гадоў (для сасновых насаджэнняў). Іх мэта — рэгуляванне гушчыні шляхам зрэджвання, выдалення часткі дрэў галоўнай і другарадных парод для паскарэння росту астатніх. У выніку гэтай работы змяншаецца каранёвая канкурэнцыя, павялічваецца колькасць вільгаці і мінеральных рэчываў у глебе, даступных для пакінутых дрэў.
Прахадныя высечкі праводзяцца ў сярэднеўзроставых насаджэннях ва ўзросце ад 41 да 60 гадоў (да 80 гадоў у залежнасці ад катэгорыі лесу). Яны заключаюцца ў зрэджванні дрэвастою, калі выдаляюцца дрэвы, адсталыя ў росце, скрыўленыя, пашкоджаныя, у тым ліку шкоднікамі і хваробамі лесу. У выніку адбіраюцца і захоўваюцца для далейшага росту толькі тыя, якія маюць патэнцыял для развіцця і здольныя сфарміраваць значны запас драўніны да ўзросту галоўнай высечкі.
Калі лес выспявае, настае час высечак галоўнага карыстання. У эксплуатацыйных лясах яны складаюць для хвойных дрэвастояў 81 год і больш, для цвёрдаліставых — 101 год і больш, для бярозы — 61 год і больш, алешыны чорнай — 51 год і больш, асіны — 41 год і больш. Калі своечасова не прыбіраць ураджай, то ў спелым лесе значна запавольваецца рост дрэў у вышыню, аслабляецца прырост па дыяметры, а затым пачынаецца распад дрэвастою.
— Віталь Мікалаевіч, вы выступаеце за рацыянальнае прыродакарыстанне, і гэта нават з’яўляецца адным з пунктаў вашай перадвыбарнай праграмы. Але ці не лічыце, што дары лесу цяпер займаюць неапраўдана мала месца на сталах нашых грамадзян?
— У Беларусі гістарычна дзікаросы заўсёды спажываліся насельніцтвам у вялікай колькасці ў натуральным і перапрацаваным выглядзе і складалі істотную долю рацыёну. Іх елі, рабілі нарыхтоўкі, імі лячыліся.
У часы Савецкага Саюза існавалі крамы, дзе можна было набыць розныя далікатэсы. Адна з іх — крама «Дары прыроды». Там куплялі прадукты, якія адлюстроўвалі багацце і разнастайнасць прыродных рэсурсаў СССР.
Сёння, калі сучасны сеткавы гандаль і рынкі прапаноўваць шырокі асартымент прадуктаў, на маю думку, адсутнасць такіх спецыялізаваных крам не крытычная. Больш за тое, у сістэме Мінлясгаса адкрыта 16 крам пад брэндам «Лясны домік». Гэта гандлёвая сетка актыўна развіваецца і прапаноўвае натуральныя прадукты харчавання: свежавыціснутыя сокі, мёд, кансервы з мяса паляўнічых відаў жывёл, бярозавы сок і многае іншае. Упэўнены, што асартымент у далейшым пашырыцца, а дары лесу будуць годна прадстаўлены на нашых сталах.
— Апошнія некалькі дзесяцігоддзяў фіксуюцца рэзкія кліматычныя змены. Як гэта адбіваецца на лясной гаспадарцы?
— Рост сярэднегадавой тэмпературы ў нашай краіне адзначаецца з 1989 года. Тэмпература павышаецца — адпаведна ўзмацняецца выпарэнне вільгаці. А ападкі застаюцца практычна на ранейшым узроўні. На працягу апошніх дзесяцігоддзяў у Беларусі, а таксама ў іншых краінах Еўропы і ў ЗША назіраецца значнае зніжэнне біялагічнай устойлівасці лясоў, асабліва хваёвых, што прыводзіць да развіцця мясцовых ачагоў хвароб і шкоднікаў. Найбольш істотныя праблемы лясной гаспадаркі, звязаныя з уплывам клімату, — павышэнне верагоднасці масавага размнажэння шкоднікаў лесу, павелічэнне працягласці пажаранебяспечнага перыяду і колькасці пажараў, пашкоджанне насаджэнняў моцнымі вятрамі і ўраганамі.
З 1990-х гадоў у Беларусі вядзецца афіцыйная статыстыка гібелі лясоў. Так, у 1996-м адзначана першае масавае ўсыханне ельнікаў, пашкоджаных ствалавымі шкоднікамі, якое зафіксавалі па ўсёй краіне. Чаму караед — галоўны ствалавы шкоднік — празмерна актывізаваўся? Адна з прычын — дрэвы, аслабленыя з-за недахопу вільгаці, выкліканага засухай і паніжэннем узроўню грунтавых вод. Таму дрэвы не выпрацоўваюць дастаткова смалы, якая была б бар’ерам на шляху пранікнення шкоднікаў. Другая прычына — гарачае сухое надвор’е вельмі спрыяльнае для жука. Ён рана пачынае размнажацца, за цёплы сезон можа даць не адно, а два пакаленні, больш актыўна рассяляецца. Апошні раз караед нанёс буйную шкоду ў 2017–2019 гадах. Сістэмы лесапаталагічнага маніторынгу і абследаванняў дазваляюць кантраляваць стан ляснога фонду і своечасова выяўляць ачагі ствалавых шкоднікаў. Дзякуючы аператыўна прынятым лесаахоўным мерапрыемствам з 2019 года ўдалося рэзка знізіць аб’ёмы ўсыхання сасновых лясоў, пашкоджаных жуком караедам.
Ранняя вясна і спякотнае лета павялічваюць рызыку пажараў. У добрае надвор’е ўзрастае наведвальнасць лясоў. Адпачывальнікі нярэдка дрэннна тушаць вогнішчы, пакідаюць недакуркі. Здараюцца і наўмысныя падпалы. Іншыя прычыны пажараў: удары маланкі, пераход агню з сельскагаспадарчых палёў. Але сёння існуе высокаэфектыўная аргструктура для папярэджання і тушэння пажараў. Актыўна выкарыстоўваецца аўтаматычная сістэма выяўлення ўзгаранняў, ёю ахоплена 100 працэнтаў ляснога фонду Беларусі. Дзякуючы шматузроўневай сістэме выяўлення ўзгарання, зладжанай рабоце лесапажарных каманд і брыгад дзяржаўнай лясной аховы колькасць і плошчы пажараў зводзяцца да мінімуму. Таксама для павышэння ўстойлівасці і прадукцыйнасці новых лясоў выкарыстоўваецца селекцыйны пасадачны матэрыял. Мы разумеем, што клімат змяняецца, і імкнёмся папярэдзіць негатыўныя наступствы, загадзя прымаючы неабходныя меры.
— Існуе адзін з пунктаў гледжання, што вытворчы патэнцыял лесу, як крыніцы драўнянай прадукцыі, з часам будзе скарачацца. Як думаеце, якім будзе лес будучыні?
— Значэнне лясоў у жыцці чалавека немагчыма пераацаніць. Лясы — крыніца драўніны, прадуктаў харчавання, паліва, валакна, корму для жывёлы і іншых прадуктаў. Яны ўдзельнічаюць у фарміраванні клімату планеты, забяспечваюць кіслародам, перапрацоўваюць шкодныя выкіды, захоўваюць водныя рэсурсы, з’яўляюцца асяроддзем пражывання жывёл і раслін, забяспечваюць ежу і здаровае асяроддзе для людзей, дапамагаюць захаваць урадлівасць глеб і ландшафты.
Цалкам адмовіцца ад выкарыстання, напрыклад, драўніны чалавецтва не можа, дый наўрад ці да гэтага будзе імкнуцца ў колькі-небудзь агляднай будучыні. Справа ў тым, што мала ад чаго можна адмовіцца «проста так» — амаль заўсёды патрэбна нейкая замена: на змену драўляным хатам прыходзяць каменныя, на змену дровам — выкапнёвае паліва, на змену папяровай упакоўцы — пластык. Але, як паказвае практыка, далёка не заўсёды такая замена аказваецца лепшай. І каштоўнасць натуральных прадуктаў толькі ўзрастае.
Разумеючы гэта, нашы лясгасы ўзяліся за няпростую задачу — асвоілі драўлянае домабудаванне. Раней высокія цэны на зрубы адбівалі ўсякае жаданне выкарыстоўваць у якасці сыравіны драўніну. Але Прэзідэнт даручыў прадумаць меры па патанненні лесу для прыватнага будаўніцтва. Логіка простая: гэта аднаўляльны і экалагічны рэсурс. Да таго ж ён свой і яго шмат. Задачу вырашылі. На рынку з’явіліся даступныя айчынныя домакамплекты. Попыт на іх увесь час расце. Калі за 2023 год беларускія лясгасы прадалі 10 гатовых камплектаў драўляных жылых дамоў, то за 6 месяцаў гэтага года іх рэалізавана ўжо 29! Цяпер у галіне працуе 25 вытворчасцяў па выпуску такіх дамоў, а да 1 кастрычніка будзе адкрыта яшчэ сем.
Лясы будучыні заўсёды будуць усебакова служыць грамадскім патрэбам. Гэта асяроддзе пражывання не толькі людзей, але і многіх іншых жывых істот нашай планеты. Яно павінна быць устойлівым і высокапрадукцыйным. А галоўнае, лес — аднаўляльны рэсурс у адрозненне ад многіх іншых, якія сёння актыўна асвойваюцца чалавецтвам, але маюць вычарпальны запас.
Андрэй КАРАБЕЛЬНІКАЎ
Фота аўтара
Прэв’ю: pexels.com
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.