Крэдыты ў банках цяпер выдаюць даволі свабодна. У цэлым умовы вельмі цікавыя. Што цяпер з крэдытамі на нерухомасць, спажывецкія мэты, аўтамабілі і вучобу?
Крэдыты бываюць мэтавыя і са свабодным распараджэннем сродкамі. Мэтавыя прызначаныя для куплі пэўнага тавару, або катэгорыі тавараў, або разліку з канкрэтнымі прадаўцамі. Такія крэдыты часцей выдаюць па зніжаных стаўках, асабліва для пакупак у партнёраў банка.
Можна свабодна расходаваць крэдыты наяўнымі і тыя, што залічваюць на картку з магчымасцю зняцця наяўных. Але звярніце ўвагу: пры зняцці сродкаў можа спаганяцца дадатковая камісія, што робіць пазыку даражэйшай. Тут ніякія дакументы аб выдаткоўванні сродкаў прад’яўляць не трэба.
Крэдыты без абмежаванняў афармляюць хутка. Яны звычайна даражэйшыя па працэнтах і меншыя па фактычна выдадзеных сумах. У гэтым выпадку магчымасць атрымаць шмат грошай ёсць, а вось ці выдадуць вялікую суму — пытанне спрэчнае. Таму што нямэтавыя крэдыты часцей выдаюць без забеспячэння.
Забеспячэннем бываюць заклад, паручыцельства іншых асоб, іншыя гарантыі. Такія крэдыты звычайна таннейшыя па працэнтах, большыя па суме і даўжэйшыя па тэрміне. Калі пазыку выдаюць без забеспячэння, то ва ўмовах пішуць, што няўстойка — асабістая адказнасць кліента. Яна прысутнічае наогул ва ўсіх крэдытах, нават калі там ёсць яшчэ паручыцельства або заклад. Часцей за ўсё пад няўстойку афармляюць нямэтавыя спажывецкія крэдыты. Сумы і тэрміны па іх звычайна менш. Але працэнты вышэй, гэта плата банку за рызыку незвароту.
Ідэальны прыклад сацыяльнай пазыкі — ільготны крэдыт па Указе № 13. Ён выдаецца на будаўніцтва або набыццё жылых памяшканняў па Указе Прэзідэнта. Тэрмін крэдыту — да 20 гадоў.
Працэнтныя стаўкі за карыстанне льготнымі крэдытамі вызначаюцца ў залежнасці ад аднясення грамадзян да катэгорый. Напрыклад, для шматдзетных сем’яў, дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у дачыненні да якіх прынята рашэнне аб эмансіпацыі або якія ўступілі ў шлюб, асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў і іншым, даюцца крэдыты ў памеры 1% гадавых.
Ваеннаслужачым, іншым асобам радавога і начальніцкага саставу сілавых міністэрстваў, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, для маладых сем’яў, якія маюць дваіх непаўналетніх дзяцей, працэнтная стаўка крэдыту роўная 5% гадавых.
Іншыя грамадзяне, якія маюць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі права на пазачарговае атрыманне жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду, а таксама іншыя чаргавікі і асобы льготных катэгорый могуць разлічваць на крэдыт у памеры 20% стаўкі рэфінансавання Нацбанка, але не менш за 5% гадавых.
Льготныя крэдыты адрозніваюцца ад іншых пазык на жыллё толькі паніжанай стаўкай і вялікім пакетам дакументаў — трэба ж пацвердзіць права на льготу.
Для тых, хто не трапляе ў катэгорыю льготнікаў, цалкам рэальным будзе варыянт пазыкі па сістэме «Крэдыт «іпатэка Экспрэс» на набыццё жылога памяшкання. Тэрмін крэдыту да 20 гадоў, а стаўка крэдытавання — ад 12,5 да 15% гадавых.
Па ўмовах крэдытавання, за пазыковыя грошы трэба будзе плаціць у памеры стаўкі рэфінансавання Нацбанка плюс 3–5,5% гадавых. Спосаб выдзялення крэдыту ажыццяўляецца безнаяўным пералікам на рахункі трэціх асоб — прадаўцоў жылых памяшканняў (іх прадстаўнікоў — фізічных асоб), адкрытыя ў ААТ «ААБ Беларусбанк», або на рахункі юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў, адкрытыя ў банках.
Гэтыя крэдыты даюцца дзеяздольным асобам (якія пастаянна пражываюць у нашай краіне і маюць пастаянны даход у Рэспубліцы Беларусь або ў арганізацыях Расійскай Федэрацыі, у тым ліку дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту). Грамадзянам, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту, крэдыт выдаецца (пры прадастаўленні ў забеспячэнне выканання абавязацельстваў па крэдыце паручыцельстваў фізічных асоб з ліку членаў сям’і, блізкіх сваякоў, якія не дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту), зыходзячы з памеру пенсіі або пры ажыццяўленні ім працоўнай дзейнасці — зыходзячы з памеру сярэднямесячнага даходу ад працоўнай дзейнасці за апошнія тры месяцы.
Нашы банкі прапаноўваюць больш за 30 такіх крэдытаў на нерухомасць. Ёсць спецыяльныя крэдыты на жылую нерухомасць, некаторыя прадукты падыходзяць для куплі гаражоў, дач, участкаў. Ёсць асобныя крэдыты на будаўніцтва жылля, па асаблівых умовах у партнёраў банка або па дзяржпраграмах. Ёсць крэдыты на куплю на другасным рынку.
Прыклад без ільгот і партнёрскай падтрымкі — крэдыт «На куплю першаснага і другаснага жылля». Стаўка — 17,71% (стаўка рэфінансавання + 5,64%). Тэрмін — да 20 гадоў. Сума крэдыту ў межах плацежаздольнасці кліента, але не больш за 90% ад кошту набытага жылля. Абавязковы першы ўнёсак — 10%. Забеспячэнне да 30 тысяч рублёў — паручыцельства фізічных асоб, звыш 30 тысяч рублёў — залог набытай у крэдыт нерухомасці. Абмежаванне па ўзросце — 21–55 гадоў.
Ёсць у гэтым крэдыце і плюсы. Пры тэрміне 20 гадоў першыя 24 месяцы стаўка па крэдыце — да 8% гадавых. Суму на рукі не выдаюць, а пераводзяць на рахунак прадаўца, але ў дадзеным выпадку гэта не праблема: крэдыт мэтавы, здзелка пацвярджаецца дакументамі куплі-продажу. Падрабязнасці не разбіраем, іх шмат, але ад такіх крэдытаў хуткага і простага афармлення не чакаюць. У іншых крэдытаў без ільгот ёсць свае нюансы, але галоўныя ўмовы практычна аднолькавыя. І асноўная стаўка — таксама каля 18%.
Наступная катэгорыя — жыллёвыя крэдыты па партнёрскіх праграмах (на куплю жылля ў пэўнага прадаўца). Часам крэдытуецца толькі будаўніцтва, але ёсць варыянты куплі ўжо гатовай кватэры. Разгледзім як прыклад партнёрскае крэдытаванне нерухомасці ад аднаго камерцыйнага банка. Купіць жыллё можна толькі ў пэўных забудоўшчыкаў. Тэрмін крэдытавання — да 20 гадоў. Ва ўмовах указана мінімальная сума ў 4 тысячы рублёў, максімум вызначаецца крэдытаздольнасцю кліента. Абавязковы першы ўнёсак складае 10%. Забеспячэнне — залог набытага жылля і паручыцельства. Стаўка плавае — 7,5% у першы год пагашэння, потым да канца тэрміну — 17,5%. Асаблівых адрозненняў ад іншых жыллёвых крэдытаў не відаць. Афармленне і патрабаванні да кліента звычайныя. Абмежаванне па выбары прадаўца жылля кампенсуецца меншай стаўкай і, напэўна, большымі шанцамі на адабрэнне.
У адпаведнасці з пастановай № 992 у мэтах стымулявання рэалізацыі асобных тавараў беларускай вытворчасці ААТ «ААБ Беларусбанк» адкрыта крэдытная лінія «На родныя тавары». А з сярэдзіны ліпеня дапоўнены магчымасці атрымання спажывецкага крэдыту ў рамках гэтай крэдытнай лініі. У пералік тавараў увайшлі веласіпеды, матацыклы, драўляныя вокны і дзверы, зборныя драўляныя збудаванні і вырабы, бытавая тэхніка, тэлевізары, мэбля, ламінаваныя падлогавыя пакрыцці, санітарна-тэхнічнае абсталяванне, керамічная плітка і іншыя.
Нагадаем, што крэдытная лінія прадугледжвае ўзаемавыгадныя для спажыўца, вытворцы і банка ўмовы. Агульная сума крэдытаў, якія выдаюцца аднаму атрымальніку, абмежаваная і не можа перавышаць 300 базавых велічынь (БВ). Крэдыты прадастаўляюцца тэрмінам на 3 гады з выплатай 4% гадавых.
Пастановай № 503 умовы крэдытавання распаўсюджаны яшчэ на чатыры таварныя пазіцыі. Гэта металічныя дзверы (блокі дзвярныя) пэўнай вытворчасці, піяніна ад ТАА «Фабрыка фартэпіяна», свяцільні і шыны легкавыя.
Пашыраны таксама пералік вытворцаў-удзельнікаў крэдытавання. У яго дадаткова ўключаны чатыры вытворцы драўляных вокнаў і дзвярэй, вытворца садовай мэблі, катлоў ацяпляльных газавых і пелетных, а таксама 28 новых вытворцаў мэблі.
Акрамя таго, павышана да 500 БВ агульная сума крэдытаў, якія выдаюцца аднаму атрымальніку, для набыцця камплектаў драўляных дамоў, зборных драўляных збудаванняў і вырабаў.
Пры гэтым у межах дадзенай сумы на набыццё іншых тавараў можа быць накіравана не больш за 300 БВ, устаноўленых на дату заключэння крэдытнага дагавора. Усяго крэдытная лінія «На родныя тавары» распаўсюджваецца на 29 таварных пазіцый і ўключае 167 беларускіх вытворцаў — удзельнікаў крэдытавання.
Рэклама крэдытаў на куплю аўтамабіляў, мабыць, самая яркая. Па першых яе словах выходзіць, што машыну вам аддаюць амаль без працэнтаў і наогул ледзь не дарма. На самай справе звычайна рэклама называе толькі лепшыя ўмовы — напрыклад, «Аўтакрэдыт па стаўцы ад 0,01%» азначае стаўку 0,01% у першы год і 17,2% — у тыя, што засталіся, шэсць гадоў.
У цэлым па крэдытах без ільгот і абмежаванняў па выбары аўто разлічвайце на стаўку парадку 17% або вышэй. Прыклад аўтакрэдытаў без ільгот і абмежаванняў па выбары прадаўца — «Купі аўто са сваім банкам» выдаецца на куплю новай або ўжыванай машыны. Стаўкі — ад 16 да 18% (усе плаваюць, ад стаўкі рэфінансавання), залежаць ад тэрміну крэдыту і асаблівасцяў афармлення. Сума — да 25 тысяч рублёў. Тэрмін разліку — да сямі гадоў.
Большую частку аўтакрэдытаў прапаноўваюць па партнёрскіх праграмах з аўтадылерамі. Адсюль зніжэнне ставак у першыя перыяды, льготы для тых, хто робіць максімальны першы ўнёсак сваімі сродкамі і іншае.
Самыя цікавыя па льготных стаўках — крэдыты на набыццё Geely: там ільготныя перыяды прыкметна даўжэйшыя, а базавыя стаўкі ніжэйшыя. Прыклад — «Аўтакрэдыт Geely» ад аднаго з сістэмных банкаў. Льготная стаўка ў 5,35% дзейнічае ў першыя 36 месяцаў, потым 12,5% агульным тэрмінам да 10 гадоў. Тут відаць цікавасць не толькі банка і прадаўца, але і дзяржавы. Пакупніку патрэбна даведка аб даходах, паручыцелі, а ў заклад запісваецца сам новы аўтамабіль.
ВНУ ў нашай краіне не самыя дарагія, але, калі дзіця не паступіла на бюджэт, не кожная сям’я можа дазволіць сабе платнае аддзяленне. Аплата навучання — гэта доўгатэрміновае ўкладанне ў веды, якое абавязкова прынясе дывідэнды ў выглядзе высокай кваліфікацыі, палепшаных кар’ерных перспектыў і перавагі на рынку працы. А чым хутчэй знойдзецца добрая праца, тым хутчэй акупіцца крэдыт.
У самага буйнога фінансавага інстытута краіны ёсць два варыянты: крэдыт на льготных умовах у рамках Указа № 616 і крэдыт, які даецца на ўмовах банка. Льготны крэдыт можна ўзяць на аплату першай вышэйшай адукацыі на платнай аснове дзённай формы навучання ў дзяржаўных ВНУ.
Крэдыт на ўмовах банка выдаецца на атрыманне адукацыі як у дзяржаўных, так і камерцыйных вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах пры любой форме навучання: дзённае, завочнае, вячэрняе або дыстанцыйнае. Таксама не важна, які па ліку дыплом вы атрымліваеце. Льготны крэдыт на навучанне выдаецца пад мінімальны працэнт, які роўны палове стаўкі рэфінансавання, — сёння гэта ўсяго 4,75% гадавых.
Пазыку могуць аформіць не толькі бацькі, але і будучы студэнт. Але важна, каб сярэднямесячны сукупны даход на кожнага члена сям’і за 12 месяцаў, якія папярэднічаюць месяцу падачы дакументаў, не перавышаў 350% бюджэту пражытачнага мінімуму. Таксама патрэбны будуць паручыцелі — іх колькасць вызначыць банк зыходзячы з даходаў.
Крэдыт выдаецца часткамі на працягу ўсяго перыяду навучання. Пры гэтым максімальны памер кожнай часткі крэдыту вызначаецца штогод і не можа перавышаць 70% кошту за навучальны год.
Памер крэдыту на ўмовах банка не можа перавышаць кошт навучання за навучальны год. Працэнтная стаўка па ім складае 13% гадавых — стаўка рэфінансавання + 3,5%. Аформіць такі крэдыт можа не толькі сам студэнт або адзін з бацькоў, але і іншыя сваякі. Даведку аб даходах можна не прадстаўляць, тады крэдыт выдаюць у памеры, разлічаным зыходзячы з сярэднямесячнага чыстага даходу, які не перавышае 25 базавых велічынь (для грамадзян, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту, — 20 базавых велічынь). Крэдыт можна гасіць датэрмінова, пры гэтым ніякіх штрафаў і санкцый за гэта не прадугледжана. А аплату можна ўносіць анлайн: праз інтэрнэт-банкінг і дадатак M-Belarusbank.
Вялікі плюс абодвух крэдытаў — адтэрміноўка па пагашэнні ў перыяд навучання. Пазыка выплачваецца на працягу пяці гадоў, пачынаючы з наступнага месяца пасля заканчэння студэнтам установы адукацыі, а працэнты — з наступнага месяца пасля атрымання крэдыту. Атрымліваецца, і льготны крэдыт, і крэдыт на ўмовах банка даюцца на тэрмін да 11 гадоў.
Сяргей КУРКАЧ
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.