Напярэдадні 80-годдзя Прынёманскага краю старшыня Гродзенскага аблвыканкама расказаў журналістам рэгіянальных і рэспубліканскіх СМІ, чым жыве заходні рэгіён краіны і што яго чакае ў найбліжэйшай будучыні. Гаворка ішла як аб глабальных праектах, так і аб лакальных. Сума інвестыцый на іх ажыццяўленне дасягае некалькіх мільярдаў долараў.
Па словах губернатара, Гродзенская вобласць займае істотную частку ў структуры эканомікі краіны, а па многіх кірунках з’яўляецца лідарам вытворчасці. Асноўны прамысловы патэнцыял рэгіёна — энергетыка. Дзякуючы рашэнню кіраўніка дзяржавы і будаўніцтву атамнай станцыі, Гродзеншчына — абсалютны лідар па выпрацоўцы электраэнергіі. А дзейнасць прадпрыемства «Гродна Азот» дазваляе займаць такія ж высокія паказчыкі і ў вытворчасці мінеральных угнаенняў.
Доля сельскагаспадарчай вытворчасці ў эканамічнай структуры рэгіёна невялікая. А вось з перапрацоўкай лічба павялічваецца даволі істотна і дасягае 30 працэнтаў. Што датычыцца асобных сельскагаспадарчых культур, тут расклад такі: летась вобласць забяспечыла 23 працэнты валавога збору зерневых культур усяе краіны, па 30 працэнтаў рапсу і цукровых буракоў. Кожны чацвёрты кілаграм свініны ў краіне — з Гродзенскай вобласці. Высокія надоі паспрыялі таму, што рэгіён выйшаў на лідарскія пазіцыі ў гэтай галіне — па вытворчасці малака ад адной каровы тут уступаюць толькі Брэсцкай вобласці.
Прамысловы патэнцыял таксама важкі. Гродзеншчына — лідар па вытворчасці сінтэтычных нітак. Стабільна развіваюцца такія галіны, як дрэваапрацоўка і шкляная вытворчасць. Практычна ўвесь крышталь Беларусі вырабляецца на шклозаводзе «Нёман». І спіс можна прадоўжыць, лічыць губернатар.
— Нам ёсць чым ганарыцца, хаця гэта не азначае, што вобласць адрозніваецца ад іншых. У нашай краіне — адной з нямногіх на постсавецкай прасторы — здолелі захаваць кааперацыю, кожны з рэгіёнаў спецыялізуецца на чымсьці сваім і можа дапоўніць адзін аднаго. Але мы ўсе добра разумеем, што жывём у адзінай Беларусі, дзе кожны рэгіён робіць свой унёсак у фарміраванне ўнутранага валавога прадукту краіны, — робіць выснову старшыня аблвыканкама.
Самым значным аб’ектам для прыцягвання інвестыцый стала будаўніцтва Беларускай АЭС у Астраўцы. У рэгіёне імкнуцца трымаць гэту планку і надалей. На сёння ў вобласці назапашана праектаў на некалькі мільярдаў долараў. Адзін з буйных — на 180 мільёнаў долараў — знаходзіцца на высокай стадыі будаўніцтва. Яшчэ адзін, якія ацэньваецца на паўмільярда долараў, пакуль на ступені тэхнічных абгрунтаванняў. Рост інвестыцый у асноўны капітал нават без уплыву атамнай станцыі складае 117 працэнтаў.
Уладзімір Каранік адзначыў важнасць рэалізацыі ініцыятывы Прэзідэнта «Адзін раён — адзін праект». Дзякуючы гэтаму назіраецца значны якасны пад’ём у імпартазамяшчэнні. Для Гродна такім праектам з’яўляецца новы шклозавод, дзе будзе створана некалькі соцень працоўных месцаў. У год тут плануецца выпускаць больш за 200 мільёнаў вырабаў. Яшчэ адзін праект, з агралагістычным напрамкам, рэалізоўваецца ў Смаргоні.
— У хуткім часе ў горадзе-спадарожніку Скідзелі будзе пабудавана прадпрыемства малочнай прамысловасці. Гэта звязана з тым, што ў рэгіёне добрымі тэмпамі развіваецца вытворчасць малака і трэба зрабіць усё, каб яго перапрацаваць і атрымаць прыбытак. Што датычыцца транспартна-лагістычных і сэрвісных паслуг, яны будуць рэалізаваны ў Ашмянскім раёне. У Дзятлаўскім раёне на заводзе «Ізаком» істотна пашырылі асартымент прадукцыі, стварылі новыя працоўныя месцы. Гэта якраз і з’яўляецца прыярытэтам, які азначыў кіраўнік дзяржавы. Каб людзі мелі магчымасць працаваць і зарабляць у раённых цэнтрах, — падкрэсліў Уладзімір Каранік.
Ён зазначыў, што партфель інвестыцый сфарміраваны, але не варта спыняцца на дасягнутым. Дзякуючы прававой падтрымцы, наяўнасці падаткавых ільгот і кваліфікаванай працоўнай сіле весці бізнес у Беларусі не толькі можна, але і выгадна. А праекты па імпартазамяшчэнні ў рамках Саюзнай дзяржавы вывелі гэтую работу на якасна новы ўзровень.
Як паведаміў кіраўнік рэгіёна, у рамках выканання Указа Прэзідэнта ў вобласці разгорнута маштабная работа па будаўніцтве і абсталяванні медыцынскіх устаноў рэгіёна. Да канца года будзе ўведзена ў строй некалькі важных аб’ектаў аховы здароўя.
Практычна завершана рэканструкцыя хірургічнага корпуса Гродзенскай універсітэцкай клінікі — адной з важных медыцынскіх будоўляў абласнога цэнтра. Таксама вядуцца работы па мадэрнізацыі супрацьтуберкулёзнага дыспансера ў Гродне. Мяркуецца, што да канца года пацыенты і персанал атрымаюць абноўленыя карпусы.
Хуткімі тэмпамі ідзе рэканструкцыя абласнога анкалагічнага дыспансера, дзе неўзабаве пачне работу дыягнастычны корпус з найноўшым абсталяваннем і сучаснай лабараторыяй. Адначасова вядзецца рамонт палат, што дазволіць перавесці тэрапеўтычную і анкалагічную службы ў новую ўстанову.
Плануецца пачаць будаўніцтва лячэбнага корпуса дзіцячай абласной бальніцы, куды пяройдзе дзіцячае аддзяленне з універсітэцкай клінікі. Па словах губернатара, будаўнічыя работы пачнуцца ў наступным годзе.
У адпаведнасці з графікам ідзе будаўніцтва новай бальніцы ў абласным цэнтры. Пракладваюцца інжынерныя камунікацыі і закладваецца фундамент. Бальніцу плануецца ўвесці ў эксплуатацыю праз два гады.
Што да раёнаў, то тут стаўка робіцца на развіццё апорных клінік з сучасным абсталяваннем.
— Наша задача, каб у радыусе 70 кіламетраў ад месца жыхарства кожнага чалавека быў магнітна-рэзанансны тамограф, які неабходны ў экстраннай сітуацыі, а ў радыусе 50 кіламетраў — камп’ютарны тамограф, які дазваляе рабіць дыягностыку на сучасным узроўні, — расказаў Уладзімір Каранік.
Губернатар падкрэсліў, што сістэма аховы здароўя ў вобласці перабудоўваецца. Аптымізацыя накіравана на тое, каб усе сродкі былі накіраваны на эфектыўнае аказанне медыцынскай дапамогі, а не траціліся на неэфектыўныя будынкі ці састарэлыя методыкі.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.
Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.