Любоў Мікалаеўну Турбіну, беларускага і расійскага літаратуразнаўца, паэта, добра ведаюць у Маскве і Мінску. Яна доўгі час працавала ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Абараніла кандыдацкую дысертацыю па біялогіі. У 1980 годзе завочна закончыла Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага. У 1984 — 2000 гады — старшы навуковы супрацоўнік аддзела ўзаемасувязяў Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы. У той час ў Інстытуце працавалі доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс, літаратуразнаўца, перакладчык, паэт Уладзімір Мархель, акадэмік Віктар Каваленка... Выдатная літаратуразнаўчая школа! Любоў Турбіна выкладала таксама курс «Паэтыка для кампазітараў» у Беларускай акадэміі музыкі. З 2001 года ў Маскве. З 2004-га працуе ў ў аддзеле літаратуры імя А. М. Горкага Расійскай Акадэміі навук, дзе займаецца беларускай літаратурай.
Любоў Турбіна — аўтар вершаваных зборнікаў «Улица детства», «Город любви», «Наша надежда жива, если плачем», «Сны-города», «Четыре портрета», «Эклоги. Стихи и переводы», «Ускользающее чудо», «Обратное зрение» (на рускай и балгарскай мовах).
Толькі што ў маскоўскім выдавецтве «Восточный экспресс» новым выданнем пабачыў свет зборнік вершаў і перакладаў Любові Турбіной «Петровский парк». Асобны раздзел кнігі — «Па вуліцы Янкі Купалы», у які ўвайшлі пераклады вершаў чатырнаццаці паэтаў Беларусі: ад Максіма Багдановіча да Алеся Бадака...
Уражвае зварот перакладчыцы да творчасці Міхася Стральцова, якога паэтэса добра ведала, часта зараз звяртаецца да яго спадчыны як літаратуразнаўца.
Вот это музыка сама
Звучит себе — ей горя мало
Что утаила отзвук тьма,
И где-то музыки не стало.
Она не терпит рубежей
И на волнах своих качает.
А где-то там, вдали, уже
Совсем другое означает.
И в этом образе ином,
И не собственной охоте
Грохочет в небе будто гром,
Трепещет в гуле самолета.
И вдруг в провалах звуковых,
У самой пропасти отчаянья —
Звон струн забытых, золотых —
Судьбы свершившейся звучанье, —
паўтарае Любоў Турбіна следам за Міхасём Стральцовым, чые беларускія паэтычныя кнігі «Ядлоўцавы куст», «Цень ад вясла», «Мой свеце ясны» і зараз трывожаць чытацкую свядомасць, прымушаюць весці свой уласны пошук філасофскіх ісцін у вершах вялікага беларускага паэта XX стагоддзя. У «Петровским парке» — пераклады дзесяці вершаў Міхася Стральцова. Можа быць, Любоў Турбіна прадоўжыць пераўвасабленне яго паэтычных твораў на рускую мову і з часам выдасць асобны зборнік М. Стральцова на рускай мове?!. Як, дарэчы, і — зборнік Анатоля Сыса на рускай мове. У «Петровском парке» — дзевяць перакладаў з яго паэзіі. Такія творчыя праекты цікаўнаму да паэзіі чытачу Расіі дазволяць адкрыць нешта новае, дагэтуль невядомае і часам зусім нечаканае...
Вось толькі хто возьмецца за выдавецкае ўвасабленне такога характару кніжных ідэй. Хіба што ў Беларусі, якая павінна быць зацікаўлена ў шырокай прапагандзе ўласных культурных, літаратурных, мастацкіх з’яў ва ўсім свеце. А такія рупліўцы, як Любоў Мікалаеўна Турбіна, шчыра ўлюбёная ў беларускае прыгожае пісьменства, — унікальныя і надзвычай энергічныя прапагандысты беларускай паэзіі, беларускай прозы.
Кастусь ХАДЫКА
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.
Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.