Вы тут

Лукашэнка: Паміж В’етнамам і Беларуссю ўстанавіліся вельмі цёплыя, сяброўскія адносіны


Падчас візіту дэлегацыі Міністэрства грамадскай бяспекі В’етнама на чале з кіраўніком ведамства генерал-палкоўнікам Лыонг Там Куангам у Беларусь адбыўся шэраг мерапрыемстваў, звязаных з пашырэннем двухбаковага ўзаемадзеяння ў сілавым блоку. Госці нашай краіны наведалі спецыяльнае падраздзяленне па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз», адбылася сустрэча з кіраўніцтвам Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. У праграме візіту таксама значыліся перагаворы па лініі Дзяржаўнага сакратарыяту Савета бяспекі і Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Галоўным мерапрыемствам візіту в’етнамскай дэлегацыі ў нашу краіну стала сустрэча міністра грамадскай бяспекі В’етнама з Прэзідэнтам Беларусі.


Найперш Аляксандр Лукашэнка павіншаваў госця Палаца Незалежнасці з вялікім святам для в’етнамскага народа — Днём незалежнасці, які нядаўна адзначаўся ў гэтай краіне. «Гэта свята в’етнамцы заслужылі потам і крывёю, яны за яго змагаліся», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. 

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што В’етнам — гэта краіна не толькі ў Азіі, а і ў свеце, якая адбылася і хутка развіваецца. 

«Паміж В’етнамам і Беларуссю ўстанавіліся вельмі цёплыя, сяброўскія адносіны, — канстатаваў беларускі лідар. — Наша сяброўства з в’етнамскім народам заснавана на гераічных старонках барацьбы в’етнамскага народа за сваю незалежнасць ужо пасля Другой сусветнай вайны».

Па яго словах, нашы суайчыннікі шмат працавалі ў В’етнаме. «Дапамагалі В’етнаму і ў вайне, і пасля вайны аднаўляць народную гаспадарку, — нагадаў Прэзідэнт. — Мы дагэтуль прытрымліваемся такой жа пазіцыі».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што нядаўна (у маі гэтага года) у В’етнаме адбылося важнае палітычнае мерапрыемства — выбары Прэзідэнта краіны. У жніўні То Лам быў выбраны яшчэ і на пост генеральнага сакратара Камуністычнай партыі В’етнама. Беларускі лідар папрасіў перадаць свайму калегу самыя цёплыя віншаванні і запрашэнне наведаць Беларусь у любы зручны для яго час.

Кажучы аб развіцці міжнародных адносін, Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў Беларусі і В’етнама падобныя погляды. «Мы — за шматпалярны свет, — падкрэсліў беларускі лідар. — І хочам мы гэтага або не, шматпалярны свет адбудзецца. У гэтай сувязі ў свеце, які моцна мяняецца, вельмі складаным свеце, неадназначным свеце, пытанні бяспекі выходзяць на першае месца. І я вельмі спадзяюся, што ваш візіт у Беларусь будзе садзейнічаць умацаванню нашых адносін і ў сферы бяспекі».

Па словах Прэзідэнта, госць Палаца Незалежнасці добра ведае нашу дзяржаўную палітыку. «Мы, як і раней, прыхільныя вельмі добрым кірункам супрацоўніцтва Беларусі з В’етнамам, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Усё залежыць ад в’етнамскага боку. Мы будзем настолькі актыўныя ў нашых адносінах, наколькі гэта можа сабе дазволіць в’етнамскае кіраўніцтва». 

У сваю чаргу, міністр грамадскай бяспекі В’етнама пацвердзіў, што цяперашні візіт дэлегацыі В’етнама ў Рэспубліку Беларусь будзе садзейнічаць паглыбленню сяброўскіх адносін не толькі паміж дзвюма краінамі, а і сілавымі органамі Беларусі і В’етнама. Па яго словах, гэты візіт вельмі значымы. Лыонг Там Куанг перакананы, што ён стане добрым стымулам для ўмацавання адносін паміж сілавымі ведамствамі дзвюх краін. 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.