Шэраг пытанняў, якія Прэзідэнт задаў Старшыні Палаты прадстаўнікоў, датычыліся работы дэпутацкага корпуса восьмага склікання. У першую чаргу, кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як функцыянуюць органы і сістэмы Палаты прадстаўнікоў, як ажыццяўляецца заканадаўчая і міжнародная дзейнасць. У полі зроку Аляксандра Лукашэнкі — і пытанні арганізацыі працы, жыллёвага забеспячэння дэпутатаў.
Прэзідэнт пацікавіўся ў Ігара Сергяенкі, як ён уладкаваўся на новым працоўным месцы. У апошні час Старшыня Палаты прадстаўнікоў змяніў некалькі адказных пасад: на працягу многіх гадоў працаваў у сістэме Камітэта дзяржбяспекі, пасля ўзначальваў Адміністрацыю Прэзідэнта. «Усё-такі такая перамена работы, — патлумачыў сваю ўвагу да гэтага пытання кіраўнік дзяржавы. — З абсаютна закрытай, ціхай работы перайсці на работу самую цяжкую — у Адміністрацыю Прэзідэнта, а потым — яшчэ і Палата прадстаўнікоў. Гэта такія крутыя павароты ў жыцці, што любому чалавеку мала не пакажацца. Таму як працуецца?»
Прагучала ад Прэзідэнта пытанне — як у цэлым працуе Палата прадстаўнікоў? «Ці ўсе функцыянуюць органы і сістэмы нашай Палаты прадстаўнікоў, нашага парламента, — удакладніў ён. — Натуральна, галоўны прадукт — заканадаўчая дзейнасць. Як тут ідуць справы? Ці патрэбна тут нейкая дапамога і падтрымка? Вельмі шмат выбрана дэпутатаў першы раз, і, натуральна, парламенцкага вопыту работы няма. Ці ёсць тут пэўныя праблемы?»
Пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка і тым, як арганізавана работа дэпутацкага корпуса, ці ўсе з іх забяспечаны жыллём. «У нас жа дом пабудаваны, дзе дэпутаты падчас работы жывуць, — паведаміў ён. — Ці ўсім хапіла месца для пражывання? Можа быць, з гаспадарчага пункту гледжання пэўныя ёсць праблемы?»
Прэзідэнт пацікавіўся, як Ігар Сергяенка ўвогуле свежым вокам бачыць у будучыні работу дэпутатаў — як у цэнтры, так і на месцах. «Вельмі важна цяпер закруціць-раскруціць работу на міжнародным узроўні, — паставіў задачу беларускі лідар. — Усё-такі народная дыпламатыя, на чале якой павінны ісці дэпутаты, цяпер вельмі важная. І яна дае свой эфект. Вы бачыце гэта і па рабоце нашых сенатараў. Іх, вядома, значна менш. Я думаю, што ў гэтым кірунку трэба дзейнічаць і Палаце прадстаўнікоў. Тут, як вы лічыце, нам трэба пабудаваць работу?»
Па словах Ігара Сергяенкі, Палата прадстаўнікоў у абноўленым складзе працуе ўжо фактычна пяць месяцаў. «Усе арганізацыйныя пытанні, як вы і ставілі задачы, вырашаны, — паведаміў ён. — Я маю на ўвазе тыя пытанні, якія звязаны з забеспячэннем работы кожнага дэпутата — пачынаючы з яго працоўнага месца, заканчваючы пытаннямі, звязанымі з пражываннем. Усе дэпутаты ў годных умовах сёння жывуць і працуюць».
Старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што ў восьмым скліканні працуе 20 дэпутатаў з папярэдняга, сёмага, склікання. «90 чалавек фактычна новыя — з розным вопытам работы, з розным узроўнем і юрыдычнай падрыхтоўкі, і ў цэлым з рознымі падыходамі, але ўсе яны — людзі-патрыёты, якія працуюць на краіну, — падкрэсліў спікер. — Сёння ў складзе дэпутацкага корпуса працуюць 73 мужчыны і 37 жанчын. 75 чалавек маюць вопыт кіруючай работы — працавалі кіраўнікамі, намеснікамі рознага ўзроўню, у тым ліку кіравалі працоўнымі калектывамі. Дзесяць дэпутатаў маюць вучоныя ступені і вучоныя званні. 70 дэпутатаў прадстаўляюць палітычныя партыі. Такі аналітычны зрэз паказвае, што выбраны аўтарытэтныя людзі, якія прадстаўляюць свае рэгіёны».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Як адзначыў у размове з журналістамі Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка, у адпаведнасці з Канстытуцыяй, у трэці аўторак верасня (сёлета гэта сімвалічна прыпадае на 17 верасня, калі беларусы святкуюць Дзень народнага адзінства) пачне работу другая сесія Палаты прадстаўнікоў восьмага склікання. «Я далажыў кіраўніку дзяржавы аб тым, якія законапраекты будуць выносіцца на разгляд першага дня, і ў цэлым сесіі, — паведаміў спікер. — Законапраекты датычацца крымінальна-прававой сферы, сферы адукацыі, пытанняў сацыяльнай абароны, эканомікі, абароны. Паэтапна мы гэтыя змяненні будзем прымаць, з улікам меркаванняў экспертаў, насельніцтва, выбаршчыкаў, навуковых і дзелавых колаў».
Ішла размова ў кабінеце Прэзідэнта і на тэму работы дэпутатаў у выбарчых акругах. «Згодна з практыкай, якая ўсталявалася, тыдзень у месяц дэпутаты працуюць у выбарчай акрузе, — заўважыў Ігар Сергяенка. — Гэта і прыёмы грамадзян, удзел у агітацыйна-прапагандысцкіх мерапрыемствах, у пасяджэннях раённых і абласных выканаўчых камітэтаў. Працуючы ў акругах, дэпутаты вывучаюць грамадскую думку па тых ці іншых пытаннях, рыхтуюць свой зрэз грамадскай думкі. Гэтаму кіраўнік дзяржавы ўдзяліў асаблівую ўвагу, падкрэсліўшы, што голас дэпутата — гэта інфармацыя, якая атрымліваецца непасрэдна з месцаў, самая цікавая і жывая, яна дазваляе рабіць пэўныя высновы. Атрыманую інфармацыю трэба аналізаваць і ўлічваць у далейшай рабоце, грамадска-палітычным і сацыяльна-эканамічным жыцці краіны. Людзі прыходзяць з рознымі пытаннямі, з рознымі тэмамі, гэтыя пытанні нашы дэпутаты абагульняюць, аналізуюць, дакладваюць». На аснове гэтай інфармацыі інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне Палаты прадстаўнікоў рыхтуе аналітычныя дакументы з мэтай інфармавання кіраўніка дзяржавы, іншых службовых асоб для выкарыстання ў канкрэтнай практычнай рабоце.
Кажучы аб міжнароднай дзейнасці Палаты прадстаўнікоў, спікер паведаміў, што створаны 11 камісій для ўзаемадзеяння з міжнароднымі парламенцкімі дэлегацыямі, 40 груп сяброўства. «Шляхам удзелу ў гэтых мерапрыемствах мы даносім пазіцыю нашай краіны, міралюбівы курс нашага дзяржавы, гаворым пра той адмоўны эфект, які нясуць санкцыі ў адносінах да любой дзяржавы, — канкрэтызаваў Ігар Сергяенка. — Па сродках гэтых пляцовак мы ў выніку набываем калі не сяброў, то ва ўсялякім выпадку сваіх прыхільнікаў. Працягваецца работа дэпутатаў у фармаце Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі, Міжпарламенцкай асамблеі СНД, Парламенцкай асамблеі АДКБ. Развіваем кантакты з парламентамі краін Паўднёва-Усходняй Азіі, Афрыкі. Толькі ў гэтым годзе актывізаваны кантакты з парламентамі Пакістана, Ірана, Егіпта, Індыі, іншых краін. Міжнародная дзейнасць парламента накіравана на падтрымку парламенцкімі спосабамі ўсіх тых ініцыятыў і эканамічных дамоўленасцяў, якія рэалізуюцца паміж дзяржавамі».
На сустрэчы з Прэзідэнтам Старшыня Палаты прадстаўнікоў падарыў кіраўніку дзяржавы першы экзэмпляр кнігі «Беларусь адзіная», прысвечанай Дню народнага адзінства. У кнізе сабраны фотадакументы, гістарычныя матэрыялы, якія характарызуюць час, калі існавалі Заходняя і Усходняя Беларусь, калі адбывалася іх уз’яднанне. На канкрэтных прыкладах, матэрыялах паказана, як жылі людзі ў Заходняй Беларусі і як развівалася Усходняя Беларусь, як жылі нашы продкі пад польскай акупацыяй, як ажыццяўляўся працэс уз’яднання. Аўтарамі зборніка з’яўляюцца вядомы краязнаўца, гісторык, калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў і Святлана Харужык. Навуковы рэдактар — доктар гістарычных навук, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вячаслаў Даніловіч. Кніга выдадзена на дзвюх мовах — беларускай і рускай. Прэзентацыя выдання адбудзецца 17 верасня — у Дзень народнага адзінства.
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.