Вы тут

У Маскве завяршыўся 37-ы міжнародны кніжны кірмаш


Падзея ўражлівая, яе ў значнай ступені можна лічыць своеасаблівай штогадовай заканадаўчай пляцоўкай для развіцця кніжнай справы на ўсёй постсавецкай прасторы. Менавіта тут калегам-выдаўцам, бібліятэкарам, кнігагандлярам прадстаўляецца большасць кніг, якія выдаюцца на працягу мінулага года, тут праходзяць важныя перагаворы, канферэнцыі, круглыя сталы, тут абмяркоўваюцца ў розных фарматах тэндэнцыі развіцця кніжнага рынку ў Расіі і ў суседніх краінах, ды і ва ўсім свеце таксама. Гэтымі ж днямі на адной пляцоўцы з традыцыйным кніжным кірмашом праходзіў і ІІ Маскоўскі міжнародны дзіцячы кніжны кірмаш. Уваход на абедзве прадстаўнічыя падзеі быў вольны, што даволі важна для наведвальнікаў. Дарэчы, у Беларусі практыка вольнага ўваходу на кніжныя выстаўкі і кірмашы існуе пастаянна... Па традыцыі ў кніжным свяце ў Расіі ўдзельнічала і дэлегацыя Рэспублікі Беларусь, сфарміраваная пад кіраўніцтвам Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. У складзе дэлегацыі — і кнігагандляры, і выдаўцы...


Беларускі стэнд

На стэндзе «Кнігі Беларусі» было размешчана некалькі соцень навінак нашых айчынных выдавецтваў — прадукцыя выдавецтваў «Мастацкая літаратура», «Беларусь», Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтва «Беларуская навука», БелТА, выдавецтва «Адукацыя і выхаванне». Расказвае галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» Вольга Рацэвіч, якая прадстаўляла выдавецтва «Мастацкая літаратура»:

— Разам з іншымі выданнямі мы прывезлі на кірмаш шмат класічнай літаратуры — паэтычныя і празаічныя кнігі добра вядомых класікаў беларускай літаратуры, зборнікі Якуба Коласа, Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Івана Шамякіна, Вячаслава Адамчыка... Як на беларускай, так і на рускай мове. Кіраваліся пры гэтым спадзяваннямі, што на кірмаш да беларускага стэнда зазірнуць нашы суайчыннікі альбо нашчадкі беларусаў, якія жывуць у Маскве, Падмаскоўі, якія гатовы прыехаць з блізкіх да Масквы гарадоў. І прыемна, што такія сустрэчы на кірмашы адбываліся. Яны яшчэ і тым цікавыя, што мы пачулі запыты на заўтра. І, безумоўна, гэтыя падказкі ўлічым пры планаванні нашай работы на будучы год.

Найболей запатрабаванымі на стэндзе «Кнігі Беларусі» былі краіназнаўчыя выданні — рознага характару альбомы, даведачныя выданні, энцыклапедыі. Госці набывалі філакартычныя альбомы Уладзіміра Ліхадзедава, звярталіся да кніг, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Распытвалі, папярэдне, відаць, займеўшы некаторую інфармацыю праз сацыяльныя сеткі, і пра даследаванні доктара біялагічных навук Анатоля Федарука, які на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў плённа вывучаў і апісваў старадаўнія сядзібы розных куточкаў Беларусі. Звярталі наведвальнікі ўвагу і на кніжную серыю «Сучасная беларуская літаратура», праектаваннем і выданнем якой займаюцца вядомае беларускае адукацыйнае выдавецтва «Аверсэв» і Саюз пісьменнікаў Беларусі.

«Мастацтва кнігі» дзяржаў — удзельніц СНД: Беларусь лідзіруе

Таксама па даўняй традыцыі ў час Маскоўскага кніжнага кірмашу падводзяцца вынікі аўтарытэтнага на ўсёй постсавецкай прасторы конкурсу на найлепшае кніжнае выданне. Сёлета ў гэтым творчым праекце спаборнічалі выдавецтвы шасці краін — Азербайджана, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана. У беларусаў — наступныя перамогі. Першае месца ў намінацыі «Садружнасць» заняла кніга палітолага Сяргея Мусіенкі і публіцыста Максіма Осіпава «Привкус цветных революций», якая пабачыла свет у выдавецтве «Беларусь». Другое месца ў намінацыі «Мая краіна» — у фотаальбома В. Шышанава і А. Пушнякова «Віцебск. 1050» (выдавец — БелТА). У спаборніцтве «Дыялог культур» першае месца — за кнігай «Казкі народаў Беларусі» (у выдавецтве «Беларусь» іх уклаў Аляксандр Сачанка; кніга выйшла ў серыі «Вялікая энцыклапедыя маленькага прафесара»).

Выдавецтва «Беларусь» атрымала перамогу і ў намінацыі «Кніга для дзяцей і юнацтва» — за кнігу «Школа юнага алімпійца: дзецям пра спорт». Выданне ўбачыла свет у серыі «Беларуская дзіцячая энцыклапедыя». Дыпломам трэцяй ступені гэтае ж выдавецтва ў раздзеле «Навука і адукацыя» адзначана за кнігу С. Шмарлоўскага і В. Давідовіч «Выбары ў Беларусі. Коратка пра галоўнае». Сярод вылучаных на «Арт-кнігу» другое месца — у кнігі публіцысткі, загадчыка аддзела культуры Выдавецкага дома «Беларусь сегодня» Ірыны Аўсяп’ян «Ведаем, ганарымся! Вядомыя людзі Беларусі» (яе цудоўна аформіў кніжны графік, карыкатурыст Алег Карповіч). Кніга ўбачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда». У намінацыі «Мастацтва ілюстрацыі» дыплом другой ступені атрымала выдавецтва «Беларусь» за кнігу «Тайна магического кристалла».

У раздзеле «Аддрукавана ў Садружнасці» першае месца — у кнігі мінскага выдавецтва «Форум» «Ад Масквы да Брэста». Намінацыя «Перамога» прынесла першае месца філакартычнаму альбому беларускага калекцыянера лаўрэата Прэміі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ў галіне культуры і мастацтва, лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава «Беларусь непераможная». І самая галоўная намінацыя — «Гран-пры». Спецыяльны дыплом атрымала кніга публіцыста Алега Усачова «Партызаны Беларусі» (выдавецтва «Беларусь»).

Спецыяльным дыпломам конкурсу «Мастацтва кнігі» дзяржаў — удзельніц СНД адзначана кніга журналісткі Валерыі Сцяцко «Творец своей судьбы. Алексей Талай» (Выдавецкі дом «Звязда»).

— Беларускія здабыткі ў кнігавыданні не могуць не радаваць, больш за тое — нават не могуць не ўражваць, — каментуе вынікі конкурсу «Мастацтва кнігі краін СНД» рэферэнт упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Вікторыя Лукашутэ. — Высокае журы, эксперты Міждзяржаўнага савета па супрацоўніцтве ў галіне перыядычнага друку, кнігавыдання і паліграфіі дзяржаў — удзельніц СНД традыцыйна адзначаюць высокі ўзровень выдавецкай працы ў Беларусі. Дадам, што нашы пераможцы на конкурсе «Мастацтва кнігі» дзяржаў — удзельніц СНД прайшлі строгі адбор у плане вылучэння з Беларусі. Прыемна, што сёлета былі падведзены вынікі і ў спаборніцтве найлепшых кнігарань на прасторах Садружнасці Незалежных дзяржаў. Адзначаны і наш мінскі «Светач».

Агульны мастацкі, літаратурны пошук

Падзеяй 37-га Маскоўскага міжнароднага кніжнага кірмашу стаў круглы стол беларускіх і расійскіх пісьменнікаў «Разам: традыцыі, вопыт, перспектывы беларуска-расійскага літаратурнага адзінства», які прайшоў у Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі. Размова адбылася даволі цікавая, насычаная разглядам розных актуальных і праблемных пытанняў увогуле ў гуманітарным развіцці грамадства. Пісьменнікі, кнігавыдаўцы дзяліліся сваёй ацэнкай зносін з чытачамі, асабліва — з моладдзю і школьнікамі. Расійскі дзіцячы пісьменнік, кандыдат псіхалагічных навук Лілія Кандыбовіч, якая часта бывае і ў Беларусі, звярнула ўвагу на патрэбу стварэння сучасных мастацкіх вобразаў герояў, з якіх юныя чытачы маглі б браць прыклад. Кнігавыдавец Сяргей Маісееў расказваў пра свой выдавецкі вопыт стварэння кніг, звязаных з агульнымі аспектамі гісторыі народаў Расіі і Беларусі. Сяргей Мікалаевіч адзначыў, што намаганні пісьменнікаў, кнігавыдаўцоў без выразнай падтрымкі сістэмы адукацыі наўрад ці будуць эфектыўнымі. Часам і пры ўмове, што гатовы бясплатна перадаць кнігі школьнікам, выдаўцы не знаходзяць падтрымку ў інстытутаў адукацыі.

Старшыня Саюза пісьменнікаў Расіі Мікалай Іваноў унёс прапановы болей шырокага супольніцтва ў справе падтрымкі творчай моладзі. І ў Мінску, і ў Маскве ў пісьменніцкіх арганізацыях працуюць саветы творчай моладзі. Важна, каб быў наладжаны абмен ініцыятывамі, рознымі праектамі. Дзеля гэтага неабходна звяртаць увагу і на развіццё мастацкага перакладу. Гэтыя ініцыятывы прыйшліся даспадобы і галоўнаму рэдактару часопіса «Роман-газета» вядомаму празаіку Юрыю Казлову. Ён не першы раз вылучае ідэі па прадстаўленні на старонках свайго выдання, а таксама «Детской роман-газеты» твораў беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку — і перакладаў на рускую мову аповесцяў і апавяданняў тых літаратараў, хто піша па-беларуску. У найбліжэйшы час «Роман-газета» надрукуе новы твор Вячаслава Бандарэнкі, які жыве і працуе ў Беларусі, але часта друкуецца ў Маскве. Цікавым было выступленне даследчыцы гісторыі літаратуры пушкіністкі Ларысы Чаркашынай, якая, дарэчы, нарадзілася ў Беларусі, у Ваўкавыску. Ларыса Андрэеўна гаварыла пра магчымасці выкарыстання класічнай літаратурнай класікі ў справе выхавання чытача.

Удзел у круглым стале «Разам...» узяў і дарадца Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі вядомы палітолаг і аўтар парламенцкай і ўрадавай газеты «Звязда» Аляксандр Шпакоўскі. Ён выказаў прапанову часцей творчым людзям прыходзіць на пляцоўку прэс-цэнтра беларускага пасольства, дзе створаны ўсе ўмовы для канструктыўнага дыялогу пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў, перакладчыкаў. З беларускага боку ўдзел у дыскусіі бралі старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч, галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» Вольга Рацэвіч, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ларыса Кучарава, генеральны дырэктар ААТ «Белкніга» Уладзімір Матусевіч.

Заданні на заўтра

Фота: БелТА

Сярод цікавых асоб, пісьменнікаў, грамадскіх, палітычных, культурных дзеячаў навідавоку на міжнародным кніжным кірмашы былі перш-наперш расійскія пісьменнікі, аўтары папулярных кніг, кіраўнікі славутых выдавецтваў. Па традыцыі ганаровы госць Маскоўскага кірмашу — спецыяльны прадстаўнік Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл Швыдкой. Дарэчы, ён прыйшоў да чытачоў, наведвальнікаў маскоўскага кніжнага свята з уласнай публіцыстычнай кнігай — «Культурная рэвалюцыя». У цэнтры ўвагі — і дырэктар Дэпартамента дзяржаўнай падтрымкі перыядычнага друку і кніжнай індустрыі Міністэрства лічбавага развіцця, сувязі і масавых камунікацый Расійскай Федэрацыі Уладзімір Грыгор’еў. З гэтымі кіраўнікамі на пляцоўцы кірмашу і сустрэліся генеральны дырэктар ААТ «Белкніга» Уладзімір Матусевіч і старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч. Размова ішла пра болей актыўнае супрацоўніцтва беларускіх і расійскіх кніжнікаў, пра юбілеі пісьменнікаў, чыя творчасць аднолькава цікавая і ў Расіі, і ў Беларусі. У час перагавораў вылучана ідэя правесці новы кніжны фестываль з удзелам расійскіх выдавецтваў у Беларусі — напрыклад у адной са славутых гістарычных мясцін. Некалі фестываль такога характару ўжо праводзіўся — «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» (2019–2020 гады). Заснавальнікам яго было Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Для беларускага чытача, пакупніка, безумоўна, пляцоўка такога характару, знаёмства з кніжнымі навінкамі Расіі — вартая ўвагі падзея.

Уладзімір Уладзіміравіч Матусевіч сустрэўся і з галоўным рэдактарам часопіса «Книжная индустрия», прэзідэнтам Асацыяцыі кнігараспаўсюджвальнікаў Расіі Святланай Зорынай. Ішла размова пра болей шырокую прапаганду беларускай кнігі ў Расійскай Федэрацыі. Прайшлі перагаворы і з кіраўніцтвам аўтарытэтнага расійскага праекта «Кніжны цягнік». Максім Афоненкаў і Дзяніс Котаў унеслі прапанову пракласці маршрут «Кніжнага цягніка» з удзелам вялікай дэлегацыі беларускіх пісьменнікаў і праз сталіцу Беларусі — Мінск.

...Расійская Федэрацыя мае свой каляндар кніжных кірмашоў, кніжных фестываляў і выставак. Праводзяцца яны не толькі ў Маскве і Санкт-Пецярбургу, але і ў іншых гарадах, іншых рэгіёнах. Мажліва, і беларуска-расійскае кніжнае супрацоўніцтва варта распаўсюдзіць на болей шырокую прастору, вылучыўшы новыя ініцыятывы па прапагандзе айчыннай кнігі, па пашырэнні магчымасцяў у беларусаў адкрываць новыя прасторы знаёмства з расійскай кнігай.

Кастусь ХАДЫКА

Масква

Загаловак у газеце: Уражанні і адкрыцці

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.