Адкрыццё новага тэатральнага сезона для многіх калектываў звязана з абнаўленнем і ўвядзеннем іншых падыходаў да працы. Пра што і заяўляе Вялікі тэатр Беларусі, нават на ўзроўні продажу квіткоў. Ужо цяпер іх можна набыць на спектаклі, якія запланаваны ў снежні.
— Упершыню ў нас атрымалася сваю афішу скласці далёка наперад. Гэта вялікая справа — доўгатэрміновае планаванне, але так і павінна быць. Радуе, што палова квіткоў на снежань ужо прададзена. Нам гэта цяпер жыццёва неабходна, таму што новыя ўмовы фінансавання патрабуюць таго, каб мы бачылі, што нас чакае наперадзе, — адзначыла генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі Кацярына Дулава на сустрэчы перад афіцыйным адкрыццём сезона. — Калі мы ўступаем у перыяд новых фінансавых умоў, то перад намі стаіць задача — падумаць пра тое, як у тэатр могуць паступаць грошы, як яны павінны расходавацца. Задача даволі дзёрзкая, пры тым што ўмовы працы практычна не змяніліся. Тым больш што для тэатра даход (найбольш вялікая яго частка) — гэта продаж квіткоў і гастролі (а цяпер гэта даволі складана). Але мы знаходзім выйсце, і магу канстатаваць, што вытрымліваем патрабаванні, якія прапанавала дзяржава, каб напрыканцы года атрымаць фінансавыя паказчыкі, якіх ад нас чакаюць.
Абнаўленне датычыцца і самога калектыву: у новым сезоне ў тэатр прыходзяць 18 маладых спецыялістаў, у прыватнасці 11 з іх — у трупу балета, у трупу оперы адзін саліст, чацвёра музыкантаў — у аркестр. Дзеля больш паспяховай адаптацыі навічкоў у калектыве ўведзена практыка настаўніцтва: за кожным пачаткоўцам замацоўваецца мэтр, які будзе яго творчым куратарам.
— Сур’ёзна рыхтуемся да прэм’еры рэдкага і новага для нас праекта, у якім задзейнічаны ўсе трупы, — «Патэтычны дзённік памяці». Гэта вялікае палатно, прысвечана падзеям вайны і міру, трагічным і радасным момантам гісторыі нашай краіны. Найбольш важна для нас, што выкарыстана класічная музыка беларускіх кампазітараў, якая прайшла выпрабаванне часам. Гэта найлепшыя майстры, якія ў 50—60—70-я гады мінулага стагоддзя пісалі пра вайну з высокай ступенню актуальнасці, пачуццём трагізму. Спадзяёмся, што прэм’ера, якая павінна адбыцца ўжо напрыканцы верасня, надасць новае гучанне гэтай тэме. Знакавы факт, што нас падтрымаў кіраўнік дзяржавы, і пастаноўка атрымала неабходнае фінансаванне, — паведаміла Кацярына Дулава. — Згодна з умовамі гранта, мы павінны паказаць гэты праект у іншых гарадах Беларусі. Калі ўбачылі, што ў нас атрымалася (а гэта манументальнае палатно, шмат масавых сцэн з удзелам балета, хору), і пачалі вывучаць сцэнічныя пляцоўкі, то зразумелі: складана з тымі, якія падтрымліваюць нашы патрабаванні. Але ўсё наша творчае кіраўніцтва з’ездзіла ў Брэсцкую крэпасць, і мы прыйшлі да высновы, што там сама атмасфера адпавядае дзеі. Таму 5 кастрычніка гэты спектакль прадставім без дэкарацый — іх ролю выканае сама крэпасць і яе манументальныя кампазіцыі.
Таксама на новы сезон кіраўніцтва Вялікага анансуе прэм’еру абноўленага дзіцячага спектакля «Тры парсючкі» для самых маленькіх. Цяпер цалкам пераглядаюцца касцюмы, сцэнаграфічнае вырашэнне. Спектакль павінен стаць больш яркім, дынамічным.
Прэм’ера для дарослых — спектакль, які ёсць у оперным тэатры любой краіны, — «Яўгеній Анегін» Пятра Чайкоўскага. Мы яго ўбачым у новым варыянце, што прапануе Ганна Маторная. Мастак па касцюмах — Таццяна Лісавенка. Дырыжор і музычны кіраўнік пастаноўкі — Арцём Макараў. Яго прэм’еру прымяркуюць да адкрыцця опернага форуму ў снежні.
Дарэчы, у межах опернага форуму для нас рыхтуюць нямала адметных падзей. Адна з іх — канцэрт лаўрэатаў конкурсу Алены Абразцовай. Але варта звярнуць увагу на ўдзел у форуме Чувашскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета. Дзякуючы тэатру «Волга Опера» з горада Чабаксары мы ўпершыню ўбачым узор электроннай оперы, што прагрымела на ўсю Расію. І яшчэ амбітная ідэя — каб нейкі твор выканалі ўсе запрошаныя выканаўцы.
У другой палове сезона (напрыканцы сакавіка) Ігар Колб павінен запрасіць на вечар трох аднаактовых балетаў. А ў канцы мая — чэрвені чакаем оперу, якой не было на сцэне Вялікага тэатра Беларусі ніколі, — «Арлеанская дзева» Пятра Чайкоўскага. Пастаноўшчыкам выступіць Георгій Ісаакян, галоўны рэжысёр і мастацкі кіраўнік Маскоўскага дзяржаўнага акадэмічнага Дзіцячага музычнага тэатра імя Наталлі Сац. Музычным кіраўніком пастаноўкі будзе Арцём Макараў.
Згадваючы самае адметнае выступленне, якое артысты тэатра мелі за апошні час, генеральны дырэктар без ваганняў назвала летнюю паездку ў Нікарагуа — хоць і далёка, але яно таго варта, таму што гала-канцэрт у оперным тэатры Манагуа адзначыў дзве даты: 80-годдзе вызвалення Беларусі і 45-я ўгодкі перамогі Сандзінісцкай рэвалюцыі:
— З нашага жыцця не сыходзяць мерапрыемствы, звязаныя з жыццём краіны. У прыватнасці, 8 снежня плануецца правядзенне канцэрта да 25-годдзя падпісання дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Пакуль гаворка ідзе аб прыездзе салістаў і аркестра Марыінскага тэатра на чале з Валерыем Гергіевым.
Акрамя таго, публіку чакае шэраг адметных канцэртаў, калі сябе як асобную творчую адзінку прадставіць сімфанічны аркестр тэатра. Юбілей кампазітара Яўгена Глебава сёлета будзе адзначаны паказам спектакля «Маленькі прынц» — калі трупа балета вернецца з Самары, дзе бярэ ўдзел у новым фестывалі «Шастаковіч. Па-над часам». Балет «Ілюзіі кахання» (гучыць музыка кампазітара) адкрые фестываль. Але паколькі праграма дазваляе згадаць сучаснікаў і сяброў Шастаковіча, то запрошаны яшчэ адзін наш балет — «Спартак» Арама Хачатурана ў пастаноўцы Валянціна Елізар’ева.
У другой дэкадзе снежня амаль месяц у гастрольным туры па гарадах Кітая будуць аркестр і артысты беларускай оперы. Але і нас не абыходзяць увагай. У кастрычніку з гастролямі прыязджае тэатр імя Наталлі Сац, які не быў у Мінску ніколі: калі хто думае, як выхоўваць дзяцей на ўзорах высокай культуры і рабіць іх цікавымі для гэтай асаблівай аўдыторыі, то варта паклапаціцца пра квіткі. Прывязуць дзве оперы: «Уладар мух» Яфрэма Падгайца і «Кармен» Жоржа Бізэ — уяўляеце іспанскія жарсці ў пастаноўцы для дзяцей?.. Паглядзім.
Але спачатку на адкрыццё сезона, 8 верасня, Вялікі тэатр Беларусі абраў «Царскую нявесту» Рымскага-Корсакава. Таксама жарсці, і ўсё па-даросламу…
Ларыса ЦІМОШЫК
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.