Вы тут

Трапічныя ночы, ураганы з ліўнямі і тэмпература пад 40: чым запомнілася мінулае лета?


Сярэдняя па краіне тэмпература паветра за летні сезон 2024 года склала плюс 19,9 градуса, што на 1,9 градуса вышэй за кліматычную норму. Гэты летні сезон, пасля лета 2021-га, заняў другое месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў ад самага цёплага да самага халоднага сезона, пачынаючы з 1881 года.

Пра гэта заявіла інжынер-метэаролаг аддзела вывучэння змяненняў клімату службы метэаралагічнага і кліматычнага маніторынгу, фонду даных Белгідрамета Таццяна Гіль.


Да 70 гарачых дзён за сезон

Па адхіленні сярэдняй тэмпературы паветра за летні сезон ад кліматычнай нормы па тэрыторыі нашай краіны мы знаходзіліся ў ружовай і чырвонай станоўчай зоне.

У абласным разрэзе найбольшыя значэнні станоўчых анамалій тэмпературы паветра адзначаны ў Магілёўскай вобласці (плюс 2,2 градуса). У Віцебскай, Мінскай і Брэсцкай абласцях адхіленні былі найменшымі (плюс 1,8 градуса).

Спецыяліст адзначыла, што за мінулае лета адзначана ад 39 да 70 гарачых дзён (з тэмпературай 25 градусаў і вышэй) пры норме 29–59 дзён і ад 2 да 28 вельмі гарачых дзён (з тэмпературай 30 градусаў і вышэй) пры норме ад аднаго да 13 дзён.

Максімальнага значэння за летні сезон тэмпература паветра дасягнула 13 ліпеня на станцыі Жыткавічы і склала 37,9 градуса спёкі. Мінімальны паказчык паветра быў адзначаны на станцыі Палеская 14 жніўня і склаў 4,7 градуса. Сярэдняя тэмпература ўсіх летніх месяцаў была вышэйшая за норму.

Як перадаюць кліматолагі, сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за чэрвень 2024 года склала 18,9 градуса, што вышэй за кліматычную норму на 1,9 градуса. Чэрвень бягучага года заняў 8-е месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў ад самага цёплага да самага халоднага, пачынаючы з 1945 года. Сярэдняя тэмпература паветра ўсіх трох дэкад вышэйшая за норму. Вельмі цёплай выдалася трэцяя дэкада са станоўчай анамаліяй 3,6 градуса.

А вось з 25 чэрвеня да 1 ліпеня адзначана хваля цяпла па ўсёй тэрыторыі краіны. У канцы месяца максімальнага значэння (33,5 градуса) тэмпература паветра дасягнула 30 чэрвеня на станцыі Жыткавічы. Мінімальная тэмпература паветра — на станцыі Бярэзінскі запаведнік 9 чэрвеня: 4,8 градуса.

У нашай краіне самым цёплым месяцам лічыцца другі месяц лета. У гэтым сезоне адзначаецца і самая вялікая яго станоўчая анамалія. Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за ліпень 2024 года склала 21 градус, што вышэй за кліматычную норму на 2,1 градуса. Ліпень бягучага года заняў 8-е месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў ад самага цёплага да самага халоднага, пачынаючы з 1881 года.

Сярэдняя тэмпература паветра першых дзвюх дэкад месяца была вышэйшая за норму, трэцяя дэкада па тэмпературным рэжыме — блізкая да нормы. Вельмі цёплай выдалася другая дэкада з самай станоўчай анамаліяй 4,2 градуса.

У ліпені была адзначана інтэнсіўная хваля цяпла з 7 да 27 чысла, у паўночных і цэнтральных раёнах краіны хваля цяпла распалася на дзве часткі. У асобныя суткі месцамі па краіне зарэгістраваны трапічныя ночы (мінімальная тэмпература паветра за ноч складала 20 цяпла і больш).

Адхіленне (°С) сярэдняй тэмпературы паветра летняга сезона ад кліматычнай нормы па тэрыторыі Беларусі

Максімальнага значэння (37,9 градуса) тэмпература паветра дасягнула 13 ліпеня на станцыі Жыткавічы. 

У ліпені 2024 года на шэрагу станцый абноўлены значэнні абсалютнага максімуму тэмпературы паветра, перавысіўшы папярэднія на 0,1–2,4 градуса. Мінімальная тэмпература паветра адзначана на станцыі Палеская 6 ліпеня і склала 6,6 градуса.

Здзіўляў нас рэзкімі хвалямі цяпла і халаднаваты апошні месяц лета. Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за жнівень 2024 года склала 19,9 градуса, што вышэй за кліматычную норму на 1,9 градуса. Жнівень бягучага года заняў 5-е месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў ад самага цёплага да самага халоднага, пачынаючы з 1945 года.

Сярэдняя тэмпература паветра першай дэкады жніўня была некалькі ніжэйшай за норму (0,8 градуса). Тэмпература другой дэкады была вышэйшай за норму на 1,6 градуса. Але затое вельмі цёплай зафіксавана трэцяя дэкада са станоўчай анамаліяй, роўнай 4,7 градуса.

Максімальная тэмпература паветра месяца — 35,1 градуса — адзначана днём 19 жніўня на станцыі Кастрычнік і 21 жніўня на станцыі Лельчыцы. Мінімальная тэмпература паветра — на станцыі Палеская 14 жніўня: 4,7 градуса.

У другой палове месяца — з 15 да 31 жніўня назіралася чарговая хваля цяпла. У асобныя суткі ў другой і трэцяй дэкадах месцамі па краіне зарэгістраваны трапічныя ночы (гэта калі ноччу больш чым 20 градусаў).

У першыя два месяцы залівала, а пасля засушыла

За летні сезон у сярэднім па Беларусі выпала 233 міліметры ападкаў, што складае 103% кліматычнай нормы. Па тэрыторыі краіны ўмовы ўвільгатнення былі неаднастайныя. Па большай частцы тэрыторыі выпала 75–125% сезоннай нормы ападкаў.

У абласным разрэзе найбольшая за сезон колькасць ападкаў выпала ў Віцебскай вобласці — 260 міліметраў, або 111% кліматычнай нормы. Найменшая колькасць ападкаў выпала ў Гомельскай вобласці — 198 міліметраў, або 88% кліматычнай нормы.

На працягу сезона ападкі выпадалі нераўнамерна. У чэрвені і ліпені назіраўся лішак ападкаў: выпала 116% і 123% ад кліматычнай нормы адпаведна. У жніўні назіраўся недабор ападкаў (выпала каля 62% ад нормы).

За чэрвень у сярэднім па краіне выпала 83 міліметры ападкаў, што склала 116% кліматычнай нормы. Па тэрыторыі краіны ападкі распаўсюджваліся нераўнамерна. Па большай частцы тэрыторыі краіны выпала ад 100% да 200% нормы ападкаў. На станцыі Брагін абноўлены гістарычны месячны і сутачны максімум сумы ападкаў.

За ліпень у сярэднім па краіне выпала 110 міліметраў ападкаў, што склала 123% ад кліматычнай нормы. Па тэрыторыі краіны ападкі распаўсюджваліся нераўнамерна. Па большай частцы краіны назіраўся лішак ападкаў. Адзначалася павелічэнне аб’ёму ападкаў з паўднёвага ўсходу на паўночны захад ад 50–80% да 200–220% кліматычнай нормы адпаведна.

Адхіленне (%) сумы ападкаў за летні сезон ад кліматычнай нормы па тэрыторыі Беларусі

За жнівень у сярэднім па краіне выпала 39 міліметраў ападкаў, што склала 62% ад кліматычнай нормы. Па ўсёй тэрыторыі краіны, за выключэннем асобных пунктаў назірання Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей, адзначаўся недабор ападкаў: выпала ад 40 да 80% нормы. На станцыі Васілевічы абноўлены абсалютны мінімум месячнай колькасці ападкаў (5 міліметраў).

У жніўні на рэках краіны адзначаліся ваганні ўзроўняў вады. Вада знаходзілася на пойме на Віліі каля аграгарадка Сцешыцы, прытоку Нёмана рацэ Рось і прытоку Бярэзіны рацэ Бобр. Неспрыяльныя ўмовы для рачнога транспарту назіраліся на суднаходных участках Заходняй Дзвіны, Нёмана, Дняпра, Бярэзіны і Сожа. На рацэ Цне (прыток Прыпяці) каля вёскі Дзятлавічы значэнне ўзроўню вады апусцілася ніжэй за шматгадовы мінімальны ўзровень за перыяд летне-восеньскай межані, а на рацэ Убарці (прыток Прыпяці) каля вёскі Краснабярэжжа ўзровень вады наблізіўся да шматгадовага мінімуму.

Воднасць Заходняй Дзвіны і Прыпяці была меншая за норму на 30–45%, Нёмана, Віліі, Дняпра і Бярэзіны — блізкая да звычайнай для гэтай пары года і крыху меншая за яе, а воднасць Сожа — крыху большая за норму.

Парывы ветру дасягалі 29 метраў за секунду

На працягу летняга сезона па краіне назіраліся туманы і навальніцы. Таксама адзначалася выпадзенне граду, якое месцамі дасягала крытэрыяў небяспечнай метэаралагічнай з’явы, калі дыяметр градзін дасягаў 20 міліметраў і больш.

«Так, 14 чэрвеня на гідралагічным пасту Лапаціна ў Пінскім раёне быў зафіксаваны град дыяметрам 25 міліметраў. Дажджы ў асноўным насілі ліўневы характар, месцамі дасягаючы крытэрыяў небяспечнай з’явы. Так, 20 жніўня (літаральна за пару гадзін) на гідралагічным пасту Беліца ў Лідскім раёне выпала 95,7 міліметра ападкаў. А 18 ліпеня ў Мінску выпала рэкордная сутачная колькасць ападкаў — 88 міліметраў. Папярэдні рэкорд фіксаваўся ў жніўні 2005 года і склаў 77,5 мілімера», — распавяла Таццяна Гіль.

Улетку спецыялісты фіксавалі вецер парывамі да 15 м/с і больш. Месцамі вецер дасягаў небяспечных метэаралагічных з’яў, з парывамі 25 м/с і больш. «Максімальная хуткасць ветру за летні сезон была адзначана на станцыях Гомель 14 чэрвеня і Касцюковічы 18 ліпеня, склаўшы 29 м/с», — падкрэсліла метэаролаг.

Асобна спецыяліст спынілася на ўраганах, якія назіраліся гэтым летам. Па сутнасці, смерч — парыў халоднага паветра з высокіх слаёў на вельмі цёплую падсцілальную паверхню. І чым яна цяплейшая, тым верагоднасць узнікнення смерчу вышэйшая. У апошнія гады часцей адбываецца дысбаланс велічынь выпарэння і ападкаў.

Так адбываецца, што далей насычанае вільгаццю паветра з паверхні падымаецца ўверх і кандэнсуецца, вызваляючы дадатковую энергію. Ціск унутры віхуры змяняецца з такой хуткасцю, што не паспявае выраўнавацца з ціскам каля паверхні.

Спрагназаваць гэту прыродную з’яву вельмі цяжка, лічыць спецыяліст. Смерч мае памеры ад некалькіх метраў да сотняў метраў і праходзіць вузкай паласой, так што непасрэдна на метэастанцыі значнага ўзмацнення ветру можа і не быць. 

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.