Упершыню выстаўка «Наш дом» адбылася ў беларускай сталіцы ў 2022 годзе, і пілотны праект аказаўся паспяховым, адзначыла начальнік упраўлення выставак і кірмашоў РУП «Нацыянальны выставачны цэнтр БелЭкспа» Вольга Красоўская. Удзел у ёй тады ўзялі 111 экспанентаў, выстаўку наведала больш за 5 тысяч чалавек.
— Міжнародная спецыялізаваная выстава «Наш дом» аб’ядноўвае ўсе сферы жыллёва-камунальнай і гарадской гаспадаркі і з’яўляецца цэнтральнай падзеяй галіны, — падкрэсліла прадстаўнік «БелЭкспа». — Праект не толькі прыцягвае ўвагу вядучых вытворцаў, прадпрыемстваў, якія працуюць у галіне добраўпарадкавання, прафесіяналаў сферы ЖКГ, але і служыць месцам для выбудоўвання цеснага дыялогу са спажыўцом гэтых паслуг.
Сёлета свае распрацоўкі, паслугі і тавары прадставяць таксама звыш сотні прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай сферы з нашай краіны і суседняй Расійскай Федэрацыі. Агульная экспазіцыйная выставачная плошча ўнутры павільёна і пад адкрытым небам складзе 4 тысячы кв. м. Асаблівую ўвагу арганізатары ўдзялілі вулічнай экспазіцыі. Будзе прадстаўлена камунальная тэхніка, прызначаная для добраўпарадкавання гарадоў, навясное абсталяванне для яе, малыя архітэктурныя формы, тавары для добраўпарадкавання і азелянення прыдамавых тэрыторый і дачных участкаў. Кампаніі-ўдзельнікі прадэманструюць свае распрацоўкі, падзеляцца вопытам укаранення іх у працэсы капітальнага рамонту, добраўпарадкавання, аказання жыллёва-камунальных паслуг, абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі.
— Арганізатары падрыхтавалі спецыяльныя прызы пераможцам у трох намінацыях, — распавяла Вольга Красоўская. — Яны будуць вызначаны праз апытанне-галасаванне, па выніках якога тры прадпрыемствы атрымаюць спецыяльныя ўзнагароды.
Сярод наведвальнікаў, якія возьмуць удзел у галасаванні, будзе праведзены розыгрыш прызоў ад арганізатараў, дадала яна. Пераможцаў будуць вызначаць у прамым эфіры ў акаўнце «БелЭкспа» сеткі Іnstagram. Розыгрыш адбудзецца 20 верасня ў 16 гадзін.
Прафесіяналаў жыллёва-камунальнай сферы чакае насычаная дзелавая праграма. Яна ўключае навукова-практычныя канферэнцыі і семінары, прэзентацыі і рабочыя сустрэчы. У цэнтры ўвагі — інавацыі ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, добрасуседства як драйвер развіцця тэрыторый, павышэнне камунальнай адукаванасці насельніцтва ў рамках рэалізацыі праекта «Школа ЖКГ», абнаўленне сістэм падрыхтоўкі кадраў пад запыты рэальнага сектара эканомікі.
Шырокі шэраг дзелавых мерапрыемстваў пройдзе ў фармаце круглых сталоў. Так, у дзень адкрыцця выстаўкі адбудзецца круглы стол, прысвечаны шляхам эфектыўнага ўзаемадзеяння органаў ЖКГ і насельніцтва.
А 19 верасня эксперты ў галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі правядуць круглы стол «Павышэнне эфектыўнасці работы галіны праз падрыхтоўку кадраў» і яшчэ адно важнае дзелавое мерапрыемства — «Устойлівае кіраванне адходамі: актуальныя выклікі, паспяховыя практыкі і інструменты». У цэлым, эксперты абмяркуюць розныя аспекты і перспектыўныя кірункі развіцця галіны, у тым ліку ўдасканаленне нарматыўна-прававой базы, лічбавую трансфармацыю і аўтаматызацыю працэсаў кіравання гарадской гаспадаркай. Адбудуцца майстар-класы па прымяненні найноўшых распрацовак у сферы ЖКГ і інжынернага абсталявання. Будзе арганізаваны прамы дыялог з прадстаўнікамі выканаўчай улады, Міністэрства ЖКГ, іншых ведамстваў. Спецыяліст нагадала: выстаўка «Наш дом» разгорне сваю экспазіцыю на Пераможцаў, 14 у павільёне «БелЭкспа». Першыя два дні выстава будзе працаваць з 10.00 да 18.00, а 20 верасня — з 10.00 да 16.00. Уваход вольны пасля рэгістрацыі на сайце мерапрыемства ці непасрэдна пры ўваходзе — там будуць устаноўлены тэрміналы.
Міжнародная спецыялізаваная выстаўка «Наш дом» арганізавана Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі сумесна з Нацыянальным выставачным цэнтрам «БелЭкспа». Яна вызначыць кірункі рэалізацыі найважнейшых задач, якія стаяць перад галіной, падкрэсліў намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Рамашка. На гэта і накіравана шырокая дзелавая праграма, якую, акрамя экспазіцыйнай часткі, прадугледжвае маштабны спецыялізаваны форум.
— Рыхтуемся абмеркаваць шэраг актуальных для галіны пытанняў. Гэта і лічбавізацыя жыллёва-камунальнай гаспадаркі з акцэнтам на лічбавізацыю сістэмы водазабеспячэння і водаадвядзення. Гэта, вядома, і пытанні рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў у частцы добраўпарадкавання гарадскога асяроддзя і прыдамавых тэрыторый, — звярнуў увагу намеснік міністра. — Дарэчы, для ўдзелу ў круглым стале па дадзеным пытанні чакаем шырокую дэлегацыю з многіх рэгіёнаў Расіі. Не застануцца ўбаку і пытанні кадравага забеспячэння галіны. Прадугледжана таксама секцыя па цвёрдых камунальных адходах, у рамках якой плануем знайсці канкрэтныя падыходы па рацыянальнай перапрацоўцы цвёрдых адходаў, іх уключэнні ў вытворчасць другасных матэрыяльных рэсурсаў. Дарэчы, адной з цікавых актыўнасцяў цяперашняй выстаўкі стане магчымасць абмяняць старыя рэчы — пластык, бытавыя і электратавары, якія страцілі спажывецкія якасці, — на памятныя сувеніры і прыемныя падарункі.
Жыллёва-камунальная гаспадарка сёння — гэта галіна, якая дынамічна развіваецца і аб’ядноўвае больш за 360 працоўных калектываў, у руках якіх сканцэнтравана амаль дзясятая частка асноўных фондаў краіны, расказаў намеснік міністра ЖКГ. Гэта складаны шматгаліновы вытворча-тэхнічны комплекс. Штодзень спажыўцам краіны падаецца больш за 1 млн куб. м вады, прафесійна абслугоўваецца звыш 120 млн кв. м жыллёвага фонду, вывозіцца 60 тыс. куб. м адходаў. Сярод найбольш актуальных пытанняў, якія стаяць перад галіной ЖКГ, — добраўпарадкаванне тэрыторый, у тым ліку вулічна-дарожнай сеткі ў населеных пунктах, даступнасць якаснай пітной вады ў сельскай мясцовасці, эфектыўнасць і надзейнасць цеплазабеспячэння, якасць ачысткі сцёкавых вод і надзейнасць сістэм водаадвядзення.
І, галоўнае, сістэма жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў рабоце з насельніцтвам павінна перайсці ад узаемаадносін, заснаваных на зваротах і скаргах, да адносін па прынцыпе «пастаўшчык — спажывец паслуг», у аснове якіх будуць ляжаць суадносіны цаны і якасці паслуг пры роўнай іх даступнасці, падкрэсліў Андрэй Рамашка.
— Для вырашэння ўсіх гэтых пытанняў неабходна штодзень нарошчваць аб’ёмы выкананых работ па рамонце вулічна-дарожнай сеткі, развіваць будаўніцтва сетак водазабеспячэння і водаадвядзення ў сельскіх населеных пунктах і аграгарадках, зніжаць бюджэтную нагрузку на субсідзіраванне цеплавой энергіі шляхам рэканструкцыі неэфектыўных кацельняў, забяспечыць будаўніцтва не менш за 70 ачышчальных збудаванняў сцёкавых вод, — адзначыў ён.
— Людзі — асноўны капітал любой арганізацыі, — пераканана дырэктар дзяржаўнага навучальнага цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў «Жылкам» Кацярына Гарбачова. У галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі працуе каля 130 тыс. чалавек, расказала яна: — Гэта каманда прафесіяналаў, якія штодня сваёй працай пацвярджаюць, што наша рэспубліка — самая чыстая краіна, дзе жывуць добразычлівыя людзі. Пра гэта могуць меркаваць як грамадзяне Беларусі, так і госці краіны, якім таксама аказваюцца жыллёва-камунальныя паслугі, — сказала дырэктар навучальнага цэнтра.
Пытанні прытоку ў сферу жыллёва-камунальнай гаспадаркі высокапрафесійных кадраў будуць абмеркаваны ў другі дзень работы выстаўкі «Наш дом» у рамках круглага стала «Павышэнне эфектыўнасці работы галіны ЖКГ праз падрыхтоўку кадраў». Акрамя таго падчас трэнінгу адбудзецца тэсціраванне патэнцыяльных работнікаў сферы ЖКГ, прайсці яго змогуць усе ахвотныя. Трэнінг стане рэсурсным цэнтрам па падрыхтоўцы дзяржаўных служачых, якія ў далейшым стануць спецыялістамі ў Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
— Акрамя тэсціравання будуць арганізаваны зносіны патэнцыяльных спецыялістаў ЖКГ з псіхолагам і будучымі работадаўцамі. Магчыма, адразу будуць прапанаваны вакансіі. Але магчыма і ўключэнне ў кадравы рэзерв на дзяржаўныя пасады ў міністэрства, — праанансавала цікавае мерапрыемства кіраўнік цэнтра «Жылкам».
Выстаўка «Наш дом» дасць старт і яшчэ аднаму праекту — унікальнай праграме па падрыхтоўцы кадраў: яна арганізавана пры падтрымцы Мінскай гарадской ЖКГ.
— Запрашаем усіх прайсці навучанне ў дзяржаўным цэнтры «Жылкам» за кошт сродкаў будучага работадаўца, каб стаць членам каманды ЖКГ, — канкрэтызавала кіраўнік цэнтра.
Пасля навучання спецыялістам гарантуецца першае рабочае месца (у сталічных арганізацыях на пасады майстроў эксплуатацыі жыллёвага фонду), а на час навучання выдзяляецца пражыванне. Акрамя таго, сама вучэбная праграма вельмі цікавая, расказала спецыяліст. Заключыць дагавор на навучанне можна будзе на пляцоўцы Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі жыллёва-камунальнай гаспадаркі «Наш дом».
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.