У Кыргызстане набірае абароты камандна-штабнае вучэнне з Калектыўнымі сіламі аператыўнага рэагавання АДКБ «Узаемадзеянне-2024», спецыяльныя вучэнні «Пошук-2024» і «Эшалон-2024». Цырымонія адкрыцця ў мінулыя выхадныя адбылася на палігоне «Эдэльвейс».
Міністр абароны Кыргызскай Рэспублікі генерал-лейтэнант Бактыбек Бекбалотаў, выступаючы на цырымоніі, адзначыў, што на сучасным этапе дзяржавам-членам АДКБ важна атрымаць правільны ўрок з тых крызісаў, якія адбываюцца ў свеце. «У нашым свеце, які дынамічна змяняецца, бяспека становіцца пытаннем першараднай важнасці, і гэта патрабуе ад нас новых падыходаў, эфектыўнай каардынацыі і выразных рашэнняў, — звярнуў ён увагу. — На фоне абвастрэння міжнароднай сітуацыі геапалітычная і геаэканамічная турбулентнасць негатыўна ўплываюць на стан бяспекі дзяржаў — удзельніц АДКБ. Нашы краіны сталі непасрэднымі ўдзельнікамі распачатай перастаноўкі сіл у свеце. Тэрарыстычныя, сепаратысцкія і экстрэмісцкія сілы сталі сур’ёзнай праблемай для нас. Асноўную пагрозу для краін Цэнтральнаазіяцкага рэгіёну ўяўляюць перацяканне радыкальных груповак з Блізкага Усходу да межаў рэгіёна. Мы разумеем, што гарантам нашай супольнай бяспекі ад глабальных выклікаў і пагроз з’яўляецца сам народ Цэнтральнай Азіі і нашы сілавыя структуры. Але пры наяўнасці глабальнай пагрозы намаганняў адной краіны мала. Дзеля гэтага і існуюць рэгіянальныя арганізацыі, і ў нашым выпадку галоўнай з іх з’яўляецца АДКБ».
Варта адзначыць, што дадзенае вучэнне не толькі павысіць узровень зладжанасці падраздзяленняў і ўмацуе баявую садружнасць, але і прадэманструе сусветнай супольнасці адзінства поглядаў кіраўніцтва дзяржаў АДКБ на пагрозы, якія фарміруюцца. Вучэнні, якія адбудуцца, накіраваны на зладжванне органаў кіравання, удасканаленне практычных навыкаў камандзіраў і штабоў пры падрыхтоўцы і вядзенні сумеснай аперацыі, а таксама баявога майстэрства, прафесіяналізму і палявой вывучкі асабовага складу нацыянальных кантынгентаў. Вучэнні паслужаць далейшаму ўдасканаленню і павышэнню гатоўнасці Калектыўных сіл да выканання задач па прызначэнні.
Начальнік Аб’яднанага штаба АДКБ, Герой Расійскай Федэрацыі генерал-палкоўнік Андрэй Сердзюкоў у сваім выступленні падкрэсліў, што абстаноўка ў свеце характарызуецца стратэгічнай нестабільнасцю. «На тэрыторыі Кыргызскай Рэспублікі, у перадгор’ях Цянь-Шаня, побач з унікальным возерам Ісык-Куль, праходзіць камандна-штабное вучэнне з Калектыўнымі сіламі аператыўнага рэагавання АДКБ "Узаемадзеянне" і спецыяльныя вучэнні "Пошук", "Эшалон", — канстатаваў ён. — Манеўры праходзяць на палігоне Эдэльвейс, дзе дыслакуецца легендарная 8-я гвардзейская мотастралковая дывізія імя Героя Савецкага Саюза Івана Васільевіча Панфілава. Менавіта тут у свой час праходзіла падрыхтоўка сіл спецыяльнага прызначэння Узброеных Сіл Савецкага саюза, якія накіроўваліся ў Афганістан. У Цэнтральнаазіяцкім рэгіёне на высокім узроўні захоўваюцца рызыкі і выклікі, звязаныя з міжнародным тэрарызмам, экстрэмізмам, незаконным распаўсюджваннем зброі, наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. Нашы краіны аб’ядноўваюць брацкія адносіны, агульныя культурныя і маральныя каштоўнасці, а абстаноўка, якая склалася, патрабуе ад нас своечасова і эфектыўна рэагаваць на выклікі і пагрозы. Трэба яшчэ раз падкрэсліць, што Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання з’яўляюцца ўніверсальным інструментам, які дае магчымасць вырашаць шырокі спектр задач на ўсёй прасторы АДКБ».
Начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Павел Муравейка адзначыў, што галоўная мэта і задача гэтых вучэнняў — умацаваць узаемадзеянне і падтрымаць кантакты з нашымі сябрамі з краін АДКБ. «Сёння Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы — гэта адна са структур, якая забяспечвае спакой, стабільнасць і бяспеку ў рэгіёне, — падкрэсліў ён. — Наш воінскі кантынгент атрымае вялікі досвед у горнай падрыхтоўцы, менавіта той досвед, які мы не можам атрымаць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. У няпростых горных умовах можна праверыць і ваенную тэхніку. Гэта дазволіць палепшыць нашыя баявыя магчымасці і ўзровень падрыхтоўкі нашых падраздзяленняў. У ходзе вучэнняў "Узаемадзеянне-2024″, "Пошук-2024″ і "Эшалон-2024″ нашы ваеннаслужачыя вывучаць вопыт сваіх калег і гэта не толькі падраздзяленні Узброеных Сіл, але і прадстаўнікі МУС і МНС».
Дарэчы, у інтарэсах якаснай падрыхтоўкі вучэнняў праведзены маштабны комплекс мерапрыемстваў: кансультацыі, раздзельныя і сумесныя штабныя трэніроўкі, стратэгічная камандна-штабная трэніроўка, штабныя перагаворы, рабочыя сустрэчы па распрацоўцы і ўзгадненню задум вучэнняў, рэкагнасцыроўкі раёнаў правядзення вучэнняў. У ходзе правядзення вучэнняў улічваецца вопыт сучасных узброеных канфліктаў. Формы і спосабы вядзення баявых дзеянняў, якія пастаянна мяняюцца, патрабуюць іх глыбокага аналізу, вывучэння і засваення падчас аператыўнай і баявой падрыхтоўкі. Асаблівая ўвага нададзена ўжыванню беспілотнай лятальнай авіяцыі і процідзеянню ёй, сродкам радыёэлектроннай барацьбы і агнявога паражэння, што ў наш час з’яўляецца найбольш актуальным на поле бою.
У вучэннях бяруць удзел кантынгенты Войск (Калектыўных сіл) АДКБ Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан, Кыргызскай Рэспублікі, Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Таджыкістан. Сярод іх — воінскія кантынгенты, фарміраванні сіл спецыяльнага прызначэння з ліку спецыяльных падраздзяленняў органаў унутраных спраў (паліцыі), органаў бяспекі і спецыяльных службаў, упаўнаважаных органаў у сферы прадухілення і ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый, а таксама аператыўныя групы Аб’яднанага штаба і Сакратарыята АДКБ. Усяго задзейнічана каля 1500 ваеннаслужачых і да 300 адзінак узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, у тым ліку авіяцыі, разнатыпных БПЛА, баявых катэраў, а таксама сродкаў супрацьпаветранай.
Алег НЯКАЛА
Фота аўтара
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.