«Душэўны фестываль», які прайшоў у Беларусі ўпершыню на мінулых выхадных, стаў сапраўдным святам для ўсіх аматараў сучаснага народнага фальклору, душэўнага шансону і рэтра. Гэты ўнікальны праект аб’яднаў калектывы народнай творчасці і самых яркіх і знакамітых выканаўцаў у жанры поп-фолк. Арганізатары мерапрыемства — «Музычная медыякампанія» — падрыхтавалі надзвычай насычаную праграму.
У першы дзень зладзілі Міжнародны конкурс народных выканальніцкіх мастацтваў «Душа народная», пераможцай, уладальніцай Гран-пры якога стала Крысціна Максімовіч, студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. А ўвечары ў Палацы спорту адбыўся канцэрт «Самыя душэўныя песні» з удзелам вядомых беларускіх і расійскіх зорак: на сцэну выйшлі Сяргей Трафімаў, Сяргей Вайтэнка, Аляксей Пятрухін, Вікторыя Алешка і многія іншыя артысты.
Атмасфера фестывалю спадабалася ўсім яго ўдзельнікам. Гэта адчувалася па невычэрпнай энергіі і цудоўным настроі, што луналі ў паветры на працягу двух дзён.
На другі дзень у рамках «Душэўнага фестывалю» праходзіў канцэрт «Душа народная», падчас якога прагучалі творы з выкарыстаннем народных інструментаў, песні ў народнай манеры і поп-фолк-кампазіцыі. Сярод запрошаных артыстаў — Таццяна Куртукова, Алена Васілёк, Аляксей Пятрухін, Алена Пятроўская, Аляксандра Мелех, ансамбль «Бабкіны ўнукі» і іншыя.
На пачатку канцэрта салістка ансамбля «Бяседа» Таццяна Лазоўская павітала беларускага гледача і гасцей сталіцы, а таксама распавяла аб прэм’еры песні:
— У Палацы спорту шырока і раздольна праходзіць шыкоўны канцэрт, — падзялілася ўражаннямі суразмоўца. — Вельмі рада, што народная песня прагучыць на ўсю нашу славянскую прастору. Мы падрыхтавалі і ўжо вядомыя народныя хіты, а дакладней папуры, а таксама прэм’еры. Сёння прагучыць адна з іх — «Запаветны бераг», музыку для якой напісаў кампазітар, народны артыст Беларусі Леанід Захлеўны. Гэта песня апявае нашу Беларусь, з яе рэкамі, азёрамі і прыгажосцю. З нецярпеннем у гэты сонечны восеньскі дзень чакаем сустрэчы з дарагім гледачом. Ён — галоўнае для артыста. Для гледача спяваем, танчым, пішам новыя песні.
Уражаннямі падчас канцэрта таксама падзялілася Алена Васілёк, расійская артыстка, паэтэса, кампазітар:
— Столькі людзей сёння задзейнічана — незлічонае мноства. Фестываль праходзіць на найвышэйшым узроўні: выдатны гук і святло на сцэне, цудоўная атмасфера. Я шчаслівая, што бяру ўдзел у ім. Няхай ён праходзіць кожны год, бо, як я бачу, на сцэне сёння спявае душа народа.
Аб тым, чаму неабходна зрабіць правядзенне «Душэўнага фестывалю» традыцыйным, а таксама пра эмоцыі ад убачанага падчас экскурсіі па сталіцы распавёў заслужаны артыст Расіі Сяргей Вайтэнка:
— Праводзіць фестываль неабходна, таму што ён падтрымлівае нацыянальную культуру, што з’яўляецца асновай, падмуркам, на якім трымаецца любая нацыя. Да таго ж у Мінску фестывалю такога фармату раней не было, таму, мне здаецца, яго абавязкова трэба арганізоўваць. Са сцэны сёння прагучыць прэм’ера песні, напісаная мной сумесна з беларускім аўтарам Ганнай Сялук «Душа народная», якая была створана якраз напярэдадні. Спадзяюся, што яна стане хітом, бо песня атрымалася цёплай і забіяцкай, — адзначыў артыст. — Днём мы пабывалі каля Нацыянальнай бібліятэкі, у гістарычным цэнтры Мінска, убачылі Востраў слёз. І мы проста ў захапленні, бо ідэальная чысціня і парадак уражваюць. Твары людзей, усмешкі і вочы. Вы людзі са светлай душой і чыстым позіркам.
А вось расійская артыстка з беларускімі каранямі Алена Пятроўская на «Душэўным фестывалі» скарыла слухачоў выкананнем народнай «Купалінкі»:
— Выступаць на Радзіме і сцены дапамагаюць, — падзялілася ўражаннямі артыстка. — «Купалінку», як правіла, выконваю на розных фестывалях. Напрыклад, нядаўна выступіла з гэтай кампазіцыяй на «Добровидении» ў Санкт-Пецярбургу. На сваіх сольных канцэртах заўсёды выконваю беларускія песні, але часцей за ўсё — фальклор. Менавіта такія песні мне спявала бабуля, дзякуючы чаму я і стала артысткай. Дома ў нас гучалі кампазіцыі Людмілы Зыкінай, Валянціны Талкуновай, Ганны Герман. Пасля я перапявала іх песні, потым сталі супрацоўнічаць з кампазітарамі, з’явіўся свой матэрыял, і цяпер працую над сёмым альбомам. Дарэчы, калі выступаю ў Расіі, мне кажуць, што я самая душэўная спявачка родам з Беларусі.
Выканаўца хіта «Матушка», які сёння сабраў мільёны праглядаў і праслухоўванняў, а таксама стаў самай папулярнай песняй 2024 года, Таццяна Куртукова выказала падзяку за запрашэнне на фестываль:
— Для мяне вялікі падарунак — наведаць Мінск, дзе я вельмі даўно не была, — адзначыла артыстка. — Горад прыгожы, чысты, як пра яго ўсе і распавядаюць. Усюды душэўная атмасфера. Мне сёння ўдалося па многіх месцах праехаць, паглядзець — вельмі спадабалася. І, канешне, гарачы прыём гледача, што вельмі прыемна, заўсёды зараджае на добрае выступленне. Гэта становіцца добрай традыцыяй — збірацца дружнай кампаніяй, шматтысячнай аўдыторыяй, каб выканаць разам любімыя песні.
На пытанне журналістаў аб тым, ці плануе выканаўца падарыць слухачам песню на беларускай мове, яна адказала так:
— Я камунікую з калегамі, якія знаёмыя з фальклорнай традыцыяй Беларусі. Мне вельмі цікавая ваша народная спеўная традыцыя, ёсць з кім пракансультавацца па гэтым пытанні, таму я з радасцю гатовая падарыць гледачам песню на беларускай мове.
Напрыканцы вечара аматараў мерапрыемства чакаў маштабны канцэрт-дыскатэка «Танцпляцоўка». Выступалі Аляксей Глызін, Дзмітрый Санковіч, група «Cosa Nostra» і многія іншыя. Упэўнены, двухдзённы фестываль надоўга застанецца ў сэрцах усіх: і арганізатараў, і гледачоў, і артыстаў. Да наступнага года!
Яна ВАЛАСАЧ
Фота аўтара і БелТА
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.