Вы тут

Пачаўся прыём заявак на Усесаюзны паэтычны конкурс


У нас цудоўная навіна для аматараў паэзіі і творчасці! Пачаўся прыём заявак на Усесаюзны паэтычны конкурс «Души прекрасные порывы», у якім могуць узяць удзел жыхары Беларусі і Расіі. Заяўкі прымаюцца да 12 кастрычніка ўключна. Мэта конкурсу ― аб’яднаць паэтаў і чытальнікаў, прафесіяналаў і аматараў. 


Фота з адкрытых крыніц

— Ідэя конкурсу простая, але вельмі важная. Цяпер час, калі неабходна ўмацоўваць сувязі паміж пакаленнямі, раз’яднанымі па розных прычынах часткамі грамадства, паміж брацкімі народамі. Мы зразумелі, што самы важны культурны код, які можа нас аб’яднаць сёння — гэта слова, праз якое мы прыйдзем да адзінства і вернемся да нашых каранёў. Наш конкурс — мост паміж брацкімі народамі і рознымі пакаленнямі, — тлумачыць кіраўнік праекта Анастасія Пярова. — Месцам падвядзення вынікаў невыпадкова выбралі Ніжні Ноўгарад, бо за апошнія некалькі гадоў гэты горад стаў культурным цэнтрам Расіі. У ім адбываецца вялікая колькасць значных падзей, таму і было вырашана правесці фінал I Усесаюзнага паэтычнага конкурсу «Души прекрасные порывы» менавіта там — у Ніжагародскім дзяржаўным тэатры оперы і балета імя А. С. Пушкіна. І гэта таксама сімвалічна, бо сёлета адзначаецца 225-годдзе Аляксандра Сяргеевіча. Нават у назву нашага творчага спаборніцтва вынесены радкі з яго верша.

Такая падзея ў Ніжнім Ноўгарадзе адбудзецца ўпершыню, але нягледзячы на дэбют, усё будзе арганізавана на высокім узроўні. Конкурс ужо мае высокі статус, яго сапраўды чакаюць. І гэта не дзіва: Усесаюзны паэтычны конкурс «Души прекрасные порывы» падтрымліваецца Прэзідэнцкім фондам культурных ініцыятыў Расійскай Федэрацыі. Высокі статус творчага спаборніцтва пацвярджае і зорнае журы, у склад якога ад нашай краіны ўваходзіць старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч. 

— У журы няма выпадковых асоб. Гэта паважаныя людзі, якія ведаюць, што такое паэзія і які ўплыў мае слова, — пераконвае Анастасія Пярова. — Вельмі прыемна, што старшынёй журы стане народны артыст Расіі Сяргей Бязрукаў, бо ён з гонарам нясе рускае слова ўжо на працягу многіх гадоў. У Сяргея Вітальевіча свой акцёрскі курс, таму ён, як ніхто іншы, разумее, наколькі важна ўмець дэкламаваць вершы, ставіцца да слова з вялікай павагай і перадаваць сваю любоў да паэзіі маладому пакаленню. У склад журы таксама уваходзяць Эрнест Мацкявічус — прадзюсар, тэлевядучы, педагог, чалавек, які з дзяцінства ведае, якую ролю іграе на сцэне і па-за ёй слова, бо ён сын выдатнага савецкага тэатральнага рэжысёра Гедруса Мацкявічуса; вядомая расійская актрыса Дзіна Корзун; мастацкі кіраўнік Ніжагародскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета імя А. С. Пушкіна Аляксей Трыфанаў. 

— Наш конкурс сапраўды народны! У ім могуць удзельнічаць як прафесіяналы, так і аматары, жыхары Расіі і Беларусі, прычым узрост удзельнікаў ― ад сямі да 45 гадоў і болей, — з гонарам расказвае генеральны прадзюсар Дзмітрый Пракапенка

Кожны, хто захоча ўвайсці ў гісторыю I Усесаюзнага паэтычнага конкурсу «Души прекрасные порывы», павінен азнаёміцца з шэрагам прапанаваных твораў рускіх класікаў (у асноўным XIX ст.) і выбраць тыя, якія спадабаюцца найбольш. Размова пра канкурсантаў-чытальнікаў. У катэгорыі «Аўтарская паэзія» вершы павінны быць на рускай мове. Гэта важная інфармацыя для паэтаў, якія пішуць выключна па-беларуску. Ёсць магчымасць паспрабаваць сябе ў іншай ролі. Што, калі ўдзел у гэтым творчым спаборніцтве стане для кагосьці з беларускіх творцаў першым крокам на паэтычны расійскі алімп? Калі вы пішаце толькі пра каханне, можа, настаў час паспрабаваць сябе і ў грамадзянскай лірыцы. Цяпер выказваць любоў да радзімы актуальна, як ніколі.

— У кастрычніку адбудзецца тэлемост, падчас якога будуць працаваць тры студыі — у Маскве, Мінску і Данецку. Такім чынам мы прадставім усіх, хто прайшоў у паўфінал, каго запросяць на фінал у Ніжні Ноўгарад, — паведамляе Дзмітрый Пракапенка. 

— Насамрэч гэта вельмі значная падзея для Саюзнай дзяржавы, бо конкурс мае усесаюзны статус. Яго суарганізатарамі сталі Саюз пісьменнікаў Беларусі і Беларускае грамадскае аб’яднанне «Русь», — падкрэслівае старшыня БГА «Русь» Мікалай Сяргееў. — Руская мова, якая таксама з’яўляецца дзяржаўнай у Рэспубліцы Беларусь, —тое, што нас аб’ядноўвае, наш агульны здабытак. Яна мае глыбокія карані на нашай зямлі. Нават з Пушкіным нас многае аб’ядноўвае! І гэты конкурс нагадвае пра наша адзінства — культуранае, нацыянальнае, цывілізацыйнае. 

Паводле слоў Мікалая Максімавіча, гэта вельмі правільна, што ў склад журы ўключаны старшыня СПБ Алесь Карлюкевіч, гэта таксама сімвалізуе наша адзінства і нашы брацкія сувязі.

Падрабязней з умовамі конкурсу можна пазнаёміцца на яго сайце. Адзначым, што творчае спаборніцтва праводзіцца ў некалькіх катэгорыях. Так, у катэгорыі «Аўтарская паэзія» прымаюцца вершы на тэмы традыцыйных каштоўнасцей (іх можна знайсці на сайце). Удзельнікі будуць спаборнічаць у розных узроставых групах: 7 — 15 гадоў, 16 — 25 гадоў, 26 — 44 гады, 45+. У катэгорыі «Чытанне паэзіі. Непрафесійныя чытальнікі» кожны жадаючы (узроставыя групы 18 — 25 гадоў, 26 — 44 гады, 45+) можа выбраць два вершы з прапанаванага спіса, запісаць відэа і адправіць на адрас арганізатараў. У катэгорыі «Чытанне паэзіі. Прафесійныя чытальнікі» могуць спаборнічаць у дэкламацыі вершаў выключна прафесіяналы з акцёрскай адукацыяй ці студэнты, якія ўжо атрымліваюць яе. 

Дарэчы, з 20 кастрычніка да 6 лістапада з найлепшымі чытальнікамі, якія пройдуць адбор, будуць працаваць прафесійныя настаўнікі ― яны дапамогуць падрыхтавацца да фіналу, які адбудзецца 26 кастрычніка (у катэгорыях «Аўтарская паэзія» і «Чытанне паэзіі. Непрафесійныя чытальнікі») і 7 лістапада (у катэгорыі «Чытанне паэзіі. Прафесійныя чытальнікі»).

― Мы хочам падкрэсліць, што гэта усесаюзны конкурс, а значыць, кожны, хто жыве ў Саюзнай дзяржаве, можа ўзяць у ім удзел. Гэта падзея, якая сімвалізуе адкрытасць новым талентам, новым стасункам. Для тых, хто вагаецца і саромеецца ўдзельнічаць, дадам, што гэта абсалютна народны конкурс. Абавязкова праверце свае сілы! — падбадзёрвае Анастасія Пярова. — Адзначу, што ў нас будуць прыемныя сюрпрызы для ўдзельнікаў. Мы нават імя яшчэ аднаго зорнага члена журы не раскрылі пакуль. Вельмі чакаем актыўнасці ад усіх аматараў паэзіі і слова!

Ірына ПРЫМАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.