На справе ў Мінску такога праспекта няма. Я прыдумаў гэту назву сам назіраючы, як стужка ракі Свіслач дзеліць нашу прыгожую сталіцу на дзве палавіны.
Свіслач не толькі падзяляе, але і аб’ядноўвае — рэкі заўжды вабяць чалавека да сваіх берагоў, найпрыгажэйшых мясцін роднага края.
Дарэчы, першыя звесткі пра Мінск таксама звязаныя з ракой. На берагах Нямігі вясною 1067 года адбылася гістарычная бітва, пра якую паведаў летапіс «Аповесць мінулых часоў». Да XlX стагоддзя гэта рэчка істотна абмялела, русла яе перасохла і неўзабаве назва Няміга стала ўжывацца, як назва Мінскай вуліцы.
Сёння мы нярэдка атаесамліваем знікшую старажытную рэчку з насамрэч існуючай побач Свіслаччу. Нават праз многія стагоддзі з нашай памяці не знікае тое, што калісьці паклалі продкі ў скарбонку гісторыі. Цяпер сталічная Свіслач з годнасцю суседнічае са славутымі старажытныміі мясцінамі.
А што датычыцца «Свіслацкага праспекта», то як жа па-іншаму назваць гэту плынь, па якой імкліва імчаць кацеры, плывуць байдаркі, катамараны. Гэтым летам свіслацкі малы флот папоўніўся рачным трамваем — ён самы буйнагабарытны сярод узгаданых тут водных сродкаў руху, паважна курсіруе з экскурсантамі.
Праспект, ён і ёсць праспект! Уздоўж берагоў не спыняецца рух пешаходаў, многія прыходзяць сюды палюбавацца казачнай феерыей рознакаляровых фантанаў пасярод ракі. Паабапал Свіслачы пралегла значная частка камфартабельнай 26-кіламетровай Мінскай веладарожкі для ўладальнікаў дзвухколавага транспарту, расце колькасць гандлёвых кропак. На зялёных берагах шмат ціхіх куточкаў аблюбаваных рыбакамі. Найбольш зацішнае месца каля ракі (у ста метрах ад парка Горкага!) упадабалі бабры, самыя экзатычныя жыхары сталічнага воднага праспекта.
Як кожны сапраўдны праспект, Свіслацкі таксама багаты на выкшталцоныя ўпрыгожванні. Я маю на ўвазе разнастайныя літыя металічныя карункі на парэнчах яго мастоў, вырабленыя умелымі кавалямі лавачкі на ўзбярэжжы, ліхтары.
У першыя дні верасня паркі і скверы на Свіслацкіх берагах вабяць той надзвычайнай прыгажосцю, якую прырода шчодра дорыць на пачатку восені. Пад яшчэ па-летняму цёплым сонейкам зялёная лістота набывае жоўта-залацісты, барвовы колер. Відаць таму тут становіцца асабліва шматлюдна.
Але, хутчэй за ўсё, такая папулярнаць з-за таго, што «Свіслацкі праспект», як і сапраўдная поўнавартасная гарадская артэрыя, становіцца ўсё больш прыкметным, насычаным новымі цікавінкамі.
Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.