Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: «Неабходна зрабіць усё, каб нічога не парушыла звыклы рытм жыцця краіны»


У цэнтры ўвагі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі — актуальныя ўнутрыпалітычныя пытанні і падрыхтоўка да правядзення палітычных кампаній. Гэтыя тэмы ніколі не знікаюць з поля зроку кіраўніка дзяржавы, нават калі гэтага не бачыць насельніцтва. Але ў аўторак яны сталі тэмай асобнай публічнай нарады з удзелам кіраўнікоў дзвюх палат парламента, кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта, Дзяржсакратаром Савета бяспекі, старшынямі Цэнтрвыбаркама і КДБ.


Фота: БелТА

Прэзідэнт падкрэсліў, што наперадзе шэраг падобных нарад, якія будуць звязаныя з галоўнай падзеяй будучага года — прэзідэнцкімі выбарамі. «Восень — час падводзіць вынікі, выбудоўваць стратэгію на год будучы. Самая галоўная наша задача — дастойна скончыць гэты год і пачаць наступны год. Ад гэтага ў многім будуць залежаць і вынікі прэзідэнцкіх выбараў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

З людзьмі трэба размаўляць і іх чуць

Прыярытэтам у дзейнасці ўсёй вертыкалі, кіраўнікоў цэнтральнага звяна і мясцовай улады Прэзідэнт назваў работу з людзьмі. «Мае падыходы вы ведаеце. Людзей трэба слухаць, з людзьмі трэба размаўляць. І належным чынам рэагаваць на тыя пытанні, якія яны ставяць перад намі, — сказаў ён. — Хацелася б ведаць, якія пытанні з’яўляюцца найбольш вострымі на дадзены момант». Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся, якая рэзультатыўнасць работы з такімі зваротамі. «Менавіта ад гэтага залежыць ваш аўтарытэт, аўтарытэт кожнага кіраўніка на месцах і ўлады ў цэлым, — заўважыў ён. — Зразумела, што на першы план у чалавека заўсёды выходзяць паўсядзённыя жыццёвыя клопаты. Камусьці хочацца дах адрамантаваць, камусьці плот паставіць, камусьці чагосьці не хапае ў краме і гэтай далей — усё трэба сёння вывучаць, сартаваць (гэта заўсёды трэба рабіць) і разумець, што павінны мы арганізаваць, улада, а што павінны рабіць самі людзі».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што часта, напрыклад, пра цэны людзі судзяць не па статыстыцы, а па сваім кашальку, аб якасці адукацыі — па камунікаце з канкрэтным педагогам, аб узроўні медыцыны — па сваёй паліклініцы. А аб уладзе ў дзяржаве — па дзеяннях асобна ўзятага дзяржслужачага, да якога яны звяртаюцца. «Я намякаю на тое, што ўсе павінны ў гэтай звязцы працаваць», — падкрэсліў ён. 

Па словах Прэзідэнта, у цэлым на сістэмным узроўні выбудавана работа са зваротамі грамадзян. Яна максімальна даступная для любога чалавека. Ён нагадаў, што ў 2022 годзе быў праведзены вялікі семінар па актуалізацыі форм і метадаў работы з насельніцтвам. У мінулым годзе ў новай рэдакцыі выклалі Дырэктыву № 2.

«Я ведаю, што ў рэгіёнах вельмі актыўна працуюць нашы дэпутаты, прадстаўнікі Савета Рэспублікі, размаўляюць шмат з насельніцтвам і дапамагаюць людзям вырашаць канкрэтныя пытанні. У Адміністрацыі Прэзідэнта новыя нестандартныя формы работы выкарыстоўваюцца. Але трэба не забываць, што найважнейшае пытанне — гэта праца і заработная плата, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Трэба не забываць аб галоўных пытаннях, інакш усё гэта застанецца размовамі».

«Трэба па сапраўднаму рыхтавацца да наступнай пяцігодкі»

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што будучыя прэзідэнцкія выбары скончаць фарміраванне абноўленай палітычнай сістэмы нашай дзяржавы. Многае ўжо зроблена. Самае маштабнае і значнае — канстытуцыйны статус Усебеларускага народнага сходу. Разам з мадэрнізацыяй палітычнай сістэмы нельга забываць і пра тое, што застаецца нязменным. «Выбары выбарамі, мы іх праводзілі неаднаразова і гэтыя правядзём. Нам трэба па-сапраўднаму рыхтавацца да наступнай пяцігодкі. З 2026 года пачынаецца новая пяцігодка», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, на наступным Усебеларускім народным сходзе трэба прадставіць людзям стратэгію на наступную пяцігодку і асноўныя напрамкі развіцця.

Трэба вельмі ўдумліва паставіцца да даты выбараў

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу што сёння інтэрнет і СМІ «вішчаць» кожны дзень, асабліваў апошнія тыдні ўзнікае ажыятаж вакол даты прэзідэнцкіх выбараў. «Ці то амерыканцы, ці то нашы збеглыя ўжо прызначылі выбары нават, дату вызначылі. Развілі кучу канспіралагічных тэорый на гэты конт. Наступныя выбары Прэзідэнта, згодна з Канстытуцыяй мы павінны правесці не пазней за 20 ліпеня. Вось крайні тэрмін, да якога мы павінны правесці выбары», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, трэба вельмі ўдумліва паставіцца да вызначэння даты Дня галасавання і перыяду, на які ляжа электаральная нагрузка, паколькі прыйдзецца адцягнуць людзей, працоўныя рэсурсы. 

«Неабходна зрабіць усё, каб нічога не парушыла звыклы рытм жыцця краіны. Я не кажу, што будзе лёгка. Ужо спрабуюцца разгайдаць сітуацыю. Абрынуцца новыя інфармацыйныя патокі ўсялякага бруду. Мы цудоўна бачым, кантралюем усё, што адбываецца вакол нас, за межамі нашай краіны і ўнутры. Мы бачым, што там галоўнае для іх — атрымаць гранты, грошы. На ўсё ім напляваць, нават на тыя пытанні, дзеля якіх яны ўвогуле жыць павінны», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Да прыкладу ён прывёў пытанні так званых палітзняволеных: «Ну колькі раз сказана, у нас няма палітычных артыкулаў. І па палітычных артыкулах мы нікога не асудзілі, паколькі іх няма проста. Не, "палітзняволеныя". Добра. Дык вы змагайцеся за гэтых палітзняволеных». Прэзідэнт нагадаў, што ён асабіста два разы прымаў рашэнні па вызваленні некалькіх дзясяткаў гэтых «палітзняволеных». «Дык радаваліся б, падзякавалі б як мінімум. Не, яны заклапочаныя тым, каб даказаць самім сабе і там за мяжой, што яны ўнеслі вялікі ўклад і «прымусілі дыктатара» прымаць падобныя рашэнні. Ніхто мяне, па-першае, прымусіць не можа. Гэта выключана. Я часта кажу, вы мяне добра ведаеце: я ніколі па ўказцы пад ціскам не прымаў рашэнняў. Гэта былі мае рашэнні. Хтосьці захварэў, хтосьці ўжо на прагулкі хадзіць не можа (у адрозненне ад таго, як яны па праспектах блукалі). Усялякае бывае ў жыцці. Хтосьці ўжо небяспекі не ўяўляе. Хтосьці проста адурэў, мазгі павярнуліся і ён выйшаў спрабаваў нешта пераварочваць на вуліцах Мінска. Усялякае ў жыцці бывала. Такіх людзей мы ўбачылі, чаго іх там трымаць, карміць за дзяржаўны кошт, мы іх адпусцілі, яны пад поўным кантролем праваахоўных органаў. Дык не, каб падзякаваць за тое, што мы за іх вырашылі гэтую праблему, яны не рады. Мы дакладна разумеем, што яны не рады, што гэтыя людзі выйшлі. Чаму не рады? Ім жа амерыканцы і іншыя кажуць: «а вы дзе былі, дзе ваш уклад? А ніякага. Значыць і грошай не будзе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Трэба прыйсці і растлумачыць народу

Па яго словах, чым больш людзей будзе знаходзіцца ў месцах не такіх далёкіх, тым лепей для збеглых. Ён канстатаваў, што аб гэтым трэба адкрыта казаць. «Гэта іх праблемы, і іх справы. Я проста хачу, як заўсёды ім параіць: калі яны хочуць перавярнуць краіну і ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, даказваць сваю правату ці яшчэ нешта — ім трэба прыходзіць і змагацца на прэзідэнцкіх выбарах. Без вуліцы, без кулямётаў, без аўтаматаў і без санкцый. Трэба прыйсці і растлумачыць, чаму вы так клапоціцеся аб Беларусі і чаму ваюеце супраць яе. Чаму вы плануеце ўзброенае ўварванне на тэрыторыю Беларусі», — заўважыў Прэзідэнт. Ён даручыў расказаць насельніцтву, што плануюць збеглыя і якія ў іх намеры. Па словах кіраўніка дзяржавы, адпаведная інфармацыя ў спецслужбаў ёсць. «Трэба будзе растлумачыць беларусам, чаму яны такую палітыку будуюць напярэдадні Прэзідэнцкіх выбараў. І другое — грошы просяць у Дзярждэпартамента, у палякаў, у Еўрасаюзе — «дайце грошай». Ім пытанне: «навошта?». «Мы будзем у сродках масавай інфармацыі "мачыць" Беларусь». Ім кажуць: «Вы ж ужо мачылі, на гэта сродкаў не будзе, толькі на ўзброеныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі», — сказаў Прэзідэнт. І іранічна заўважыў: «Мы чакаем. Можаце нават не папярэджваць, адкуль вы зойдзеце і куды. Мы гэта добра ведаем. Трэба перад народам будзе стаць і растлумачыць, калі вы хочаце, каб народ вас не тое каб хоць крыху падтрымаў, а разумеў, чаго вы хочаце».

«Таму мы гатовы да ўсяго. Але трэба рыхтаваць наша грамадства, каб потым не ахалі і не вохкалі, што хтосьці кудысьці пайшоў», — паставіў задачу беларускі лідар. 

У тэму
Усплёску звароту грамадязн не назіраецца

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой ў размове з журналістамі звярнуў увагу, што да палітычных кампаній яшчэ ёсць час, а сёння нельга змяншаць абароты ў рабоце над пытаннямі, якія патрабуюць вырашэння тут і зараз. Самае важнае, на што акцэнтаваў увагу і кіраўнік дзяржавы — работа з людзьмі і зваротамі грамадзян. Дзмітрый Крутой адзначыў, што за апошнія два гады зроблена нямала для ўдасканалення гэтай сферы — абноўлена заканадаўства, запушчана электронная платформа для звароту грамадзян. «Але мы бачым, што наша збеглая апазіцыя кожны дзень укідвае незлічоную колькасць фэйкаў, звязаную з тымі ці іншымі сферамі. Цяпер скончылася падрыхтоўка да новага навучальнага года — было маса фэйкаў, звязаных са школьнай формай, нашымі падручнікамі. Пачынаецца наступны цыкл. Але мы ставімся да гэтага спакойна. Прэзідэнт пытаўся, якія зараз асноўныя акцэнты ў інфармацыйным парадку дня і ў кантэксце зваротаў грамадзян, якія прыходзяць у Адміністрацыю Прэзідэнта і якія тэмы найбольш хвалююць наша грамадства», — распавёў ён. Паводле слоў кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, асаблівага ўсплёску зваротаў грамадзян не назіраецца. У некаторых рэгіёнах, напрыклад, у Гродна і ў Мінску іх колькасць нават зменшылася. Ёсць невялікае павелічэнне ў Віцебску і Магілёве. «Традыцыйна людзей хвалююць не глабальныя палітычныя пытанні, а канкрэтныя бытавыя сацыяльныя праблемы. 30 працэнтаў зваротаў (шмат гадоў гэтая лічба не мяняецца) звязаны з жыллёва-камунальнай гаспадаркай. Вялікая доля зваротаў звязана з дарогамі, таму што людзі чуюць з экранаў, што апошнія гады ўрад значна пераразмеркаваў частку бюджэтных сродкаў на дарожнае будаўніцтва. І ўсім хочацца, каб гэтыя планы былі размеркаваны на тую мясцовасць, дзе яны жывуць», — расказаў Дзмітрый Крутой. Паводле яго слоў, нямала зваротаў грамадзян звязана з тэмай занятасці і зарплат, што таксама мусіруецца ў інтэрнеце, нібыта ў Беларусі спее эканамічная бурбалка, звязаная з апераджальным тэмпам росту зарплат. Дзмітрый Крутой падкрэсліў, што на гэты момант эканоміка развіваецца ў рамках сярэднетэрміновай праграмый развіцця да 2025 года. І зараз назіраецца аднаўленне эканомікі да прагнозных параметраў. «Прэзідэнт лічыць даходы насельніцтва ключавым параметрам, як і ўзровень занятасці. Але ўзровень занятасці зараз на гістарычна мінімальных значэннях, у нас не хапае працоўных рук у пэўных сегментах эканомікі. А пытанне даходу павінна ўвайсці ў прагнозныя параметры пяцігодкі, і мы там нічога не перавышаем, і ніякай сенсацыі там няма», — сказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. Ён звярнуў увагу, што сёння амаль усе сегменты беларускай эканомікі знаходзяцца пад тымі ці іншымі санкцыямі, тым не менш, усе прагнозныя параметры выконваюцца. І гэта трэба ўлічваць пры распрацоўцы праграмы на наступную пяцігодку.

Выбары праводзяцца ў нашай краіне, для нашага народа

«Галоўнае, што падкрэсліў Прэзідэнт, — тое, што палітычная кампанія, прэзідэнцкія выбары 2025 года — гэта завяршальны этап палітычнай мадэрнізацыі, якая была пачата ў краіне ў выніку ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю», — адзначыў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка ў размове з журналістамі. Ён нагадаў, што ў адпаведнасці з заканадаўствам выбары павінны прайсці не пазней за 20 ліпеня 2025 года. «Не буду хаваць, абмяркоўваюцца чатыры магчымыя даты правядзення выбараў Прэзідэнта. Для таго, каб іх агучваць, трэба правесці адпаведныя кансультацыі. Рашэнне будзе прымаць Палата прадстаўнікоў падчас свайго паседжання. ЦВК далажыў, што мы гатовы правесці выбары ў любую з гэтых дат. Мы ўжо падрыхтавалі адпаведныя метадычныя рэкамендацыі, падрыхтавалі інфармацыйную базу», — расказаў Ігар Карпенка. Паводле яго слоў, зараз абмяркоўваецца пытанне запрашэння замежных наглядальнікаў, дэлегацый ад міжнародных арганізацый, акрамя традыцыйных СНД і ШАС. «Ідзе планавая работа. ЦВК адкрыта для ўзаемадзеяння з усімі суб’ектамі, якія завязаны на выбарчы працэс. Гэта не толькі сістэма камісій, гэта яшчэ і органы мясцовай улады. Гэтыя пытанні сёння таксама былі ў полі зроку кіраўніка дзяржавы», — расказаў Ігар Карпенка. Журналісты звярнулі ўвагу на ажыятаж вакол даты прэзідэнцкіх выбараў і шматлікія ўкіды ў інтэрнэт. Па словах старшыні ЦВК, тэма ўмяшання ў электаральны працэс актуальная ўсюды. «Гэтая тэма сёння актуальная, таму што, на жаль, ёсць шэраг буйных геапалітычных гульцоў, якія лічаць, што выбары трэба выкарыстоўваць у сваіх геапалітычных мэтах. Мы ж лічым дакладна і зразумела, што выбары праводзяцца ў нашай краіне, для нашага народа, для нашых нацыянальных інтарэсаў з мэтай забеспячэння суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны. І мы будзем самі вызначаць, хто ў нас будзе ў парламенце, хто ў нас будзе прэзідэнтам», — адзначыў Ігар Карпенка. Ён расказаў, што тэма электаральнага суверэнітэту будзе абмяркоўвацца на кансультатыўным савеце выбарчых органаў краін СНД, дзе Беларусі будзе перададзена старшынства ў ім. «Нагадаю, што паняцце «электаральны суверэнітэт замацавана ў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. І ўсе дзяржаўныя органы, у тым ліку ЦВК, будуць працаваць на тое, каб забяспечыць электаральны суверэнітэт у будучую прэзідэнцкую кампанію», — заявіў Ігар Карпенка.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.