Навукоўцы лічаць, што 80% інфармацыі аб навакольным свеце мы атрымліваем дзякуючы зроку. Страчваючы здольнасць бачыць або губляючы вастрыню зроку, людзі сутыкаюцца з істотнымі зменамі ва ўласным жыцці. Прафілактыка хвароб вачэй дапамагае пазбегнуць падобных непрыемных змен. Не сакрэт, што займацца ёй трэба з самага ранняга ўзросту. Як захаваць зрок, расказала ўрач-афтальмолаг 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска Марына Сухарукава.
— Марына Віктараўна, якая самая распаўсюджаная праблема са зрокам у дзяцей? З-за чаго яна ўзнікае?
— Найбольш часта ў школьнікаў сустракаецца блізарукасць, і яна можа прыводзіць да сур’ёзных парушэнняў зроку. У папярэджанні блізарукасці вялікую ролю адыгрывае святло, асабліва ў ранішнія гадзіны, калі на арганізм аказваюць інтэнсіўнае ўздзеянне ўльтрафіялетавыя прамяні. Неабходна як мага больш бываць на паветры ў перыяд максімальна інтэнсіўнага дзеяння ўльтрафіялетавай радыяцыі. Гэта важна не толькі для аднаўлення працаздольнасці арганізма, але і для адпачынку вачэй. Вялікае значэнне для добрага зроку мае правільнае харчаванне з дастатковай колькасцю вітамінаў, асабліва D і А. Няправільная пасадка школьніка за сталом або партай таксама можа паслужыць прычынай парушэння зроку.
— Як жа зберагчы зрок? Якія асноўныя правілы для школьнікаў?
— Нельга прыступаць да выканання дамашняга задання адразу пасля прыходу са школы. Гэта ўплывае на зніжэнне глядзельных функцый. Гадзіна адпачынку пасля заняткаў у школе значна памяншае агульную стомленасць дзяцей, што суправаджаецца паляпшэннем глядзельных функцый. Таму дома, як і ў школе, заняткі, якія патрабуюць напружання зроку, варта чаргаваць з такімі, калі орган зроку напружваецца менш. Рэкамендуецца рабіць 10—20-хвілінныя перапынкі пасля дзвюх гадзін бесперапынных заняткаў. Аднак, як паказваюць назіранні, многія бацькі грэбуюць гэтымі рэкамендацыямі. Часам дзеці наведваюць некалькі школ, заняткі ў гуртках, танцы і г. д., што вядзе да перагрузкі ўсяго арганізма, у тым ліку і глядзельнага аналізатара.
— Як правільна для зроку арганізаваць рабочае месца школьніка?
— Сапраўды, кожны школьнік павінен мець правільна арганізаванае месца для заняткаў: пісьмовы стол, крэсла, кніжная шафа ці паліца дома і скарэкціраваную па яго росце парту ў класе.
Перш за ўсё, важна стварыць прыдатныя ўмовы працы для вачэй. Адно з іх — асветленасць. Напрамак асноўнага светлавога струменя натуральнага асвятлення павінен быць левабаковым ці прамым. Святло ад лямпы павінна быць у дастатковай меры яркім, але не рэзкім, таму рэкамендуецца выкарыстан-не настольных лямпаў з плафонам. Навакольная прастора павінна быць асветлена так, каб вочы не атрымлівалі лішняга напружання пры пераходзе ад паўзмроку да яркага святла. Рэзкі кантраст хутка стамляе, з’яўляюцца пачуццё напружання і рэзі ў вачах. Пры працяглай глядзельнай рабоце ва ўмовах пастаяннага кантрасту асветленасці развіваецца ўстойлівы спазм акамадацыі, які вядзе ў далейшым да фарміравання блізарукасці. Пры добрым зроку цалкам дастаткова святла ад настольнай лямпы ў 60— 80 Вт. Размяшчайце яе злева за 50 сантыметраў ад працоўнага сшытка.
— У апошнія гады з’явіўся дадатковы фактар, які спрыяе пагаршэнню зроку, — мабільныя тэлефоны, камп’ютары і іншыя гаджэты...
— Работа за камп’ютарам з’яўляецца сур’ёзнай нагрузкай не толькі на органы зроку, але і на ўвесь арганізм у цэлым. Многія дзеці гадзінамі праседжваюць за маніторам, цалкам паглынутыя камп’ютарнымі гульнямі. Асабліва шкодныя разнастайныя «стралялкі» — гульні з частымі зменамі кадраў, мігатлівымі светлавымі і каляровымі эфектамі. Аптымальны час бесперапыннай работы за камп’ютарам не павінен перавышаць 25— 30 хвілін для старшакласнікаў і 10 хвілін — для малодшых школьнікаў. Пасля гэтага абавязковы перапынак на 10 хвілін для размінкі і гімнастыкі для вачэй.
Умовы работы за камп’ютарам і пры чытанні вельмі важныя. Аптымальным лічыцца адлегласць паміж вачамі і старонкамі кнігі прыкладна 30–35 см, а да манітора яна павінна быць роўнай даўжыні выцягнутай рукі.
Паклапаціцеся пра наяўнасць дадатковага асвятлення пры рабоце з камп’ютарам ці для прагляду тэлевізара ў цёмны час сутак, але святло не павінна ўтвараць блікаў на маніторы ці экране. Глядзець тэлевізар рэкамендуецца з адлегласці не менш за два метры.
Падчас работы за камп’ютарам давайце адпачынак вачам хаця б па 10–15 хвілін кожную гадзіну. Найбольш простыя практыкаванні для вачэй адбяруць у вас крыху часу, але прынясуць зроку карысці не менш, чым адпачынак у дарагім санаторыі.
— Ці дапамогуць захаванню зроку фізічныя практыкаванні?
— У школьным узросце неабходны сістэматычныя заняткі фізічнымі практыкаваннямі, накіраваныя не толькі на развіццё фізічных якасцяў і забеспячэнне рухальных дзеянняў, але і на развіццё культуры рухаў, прафілактыку захворванняў. Заняткі фізкультурай і спортам забяспечваюць паляпшэнне дзейнасці ўсіх органаў і сістэм, стымулююць абменныя працэсы ў арганізме, што станоўча ўздзейнічае на зрок.
— Якія прадукты спрыяюць здароўю вачэй?
— Меню для вачэй павінна змяшчаць вітаміны D і A, іх недахоп у арганізме прыводзіць да пагаршэння зроку. Вітамін А можна атрымаць з яек, вяршкоў і печані траскі, а вітамінам D насычаны жаўток яек, ялавічная печань і марскі селядзец. Паколькі сінтэз гэтага вітаміну адбываецца ў арганізме чалавека пад уздзеяннем ультрафіялету, не трэба грэбаваць у сонечны дзень прагулкамі на свежым паветры.
— Якія яшчэ правілы дапамогуць захаваць зрок?
— Варта не забываць аб асабістай гігіене вачэй. Мала хто з нас можа пахваліцца тым, што жыве ў экалагічна чыстым горадзе. Таму вазьміце за правіла, вяртаючыся кожны раз з вуліцы, прамываць вочы цёплай кіпячонай вадой: яны пакутуюць ад бруду, выхлапных газаў і пылу не менш, чым скура твару.
Раз на два тыдні можна рабіць ванначкі для вачэй са свежазаваранай гарбаты — цудоўнага супрацьзапаленчага сродку. Наліце слабазавараны цёплы напой у посуд, адкрытым вокам дакраніцеся да паверхні вадкасці так, каб у ёй «выкупаўся» вочны яблык, некалькі разоў паміргайце. Паўтарыце працэдуру для другога вока.
Не меншай эфектыўнасцю валодае і водны настой кветак рамонку ці ліпы, іх можаце купіць у любой аптэцы. Вазьміце 1 ч. лыжку рамонку або кветак ліпы, заліце іх шклянкай кіпеню, праз 15 хвілін працадзіце. Настой пакаёвай тэмпературы выкарыстоўвайце для прамывання вачэй. Апроч іншага, ён надае бляск вачам.
Алена КРАВЕЦ
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.
Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.