На Гомельшчыне дэпутаты Жлобінскага раённага Савета дэпутатаў прапанавалі жыхарам свайго рэгіёна разам вучыцца камунікацыі, развіццю лідарскіх якасцяў і ініцыятыўнасці, актыўна ўключацца ў жыццё горада і раёна. Першая ў сваім родзе на Жлобіншчыне адукацыйная ініцыятыва дэпутатаў атрымала такі жывы водгук ад жыхароў, што праект вырашылі працягнуць і пашырыць для ўдзельнікаў усіх узростаў.
«Развіццё» — так коратка і ёмка назвалі першы ў Жлобіне пілотны праект дэпутаты. Яго ініцыявала камісія па адукацыі, культуры, спорце, маладзёжнай палітыцы Жлобінскага раённага Савета дэпутатаў. Куратарам праекта стаў 26-гадовы дэпутат раённага Савета дэпутатаў Аляксей Прыходзька. Малады чалавек — майстар па кантрольна-вымяральных прыборах і сродках аўтаматыкі ўчастка па рамонце і абслугоўванні кантрольна-вымяральных прыбораў і сродкаў аўтаматыкі на Беларускім металургічным заводзе.
— Ажыццявіць ідэю ўдалося дзякуючы актыўнай падтрымцы калег па раённым дэпутацкім корпусе, нашых жыхароў, — падкрэсліў Аляксей Прыходзька. — Падтрымалі нас і кіраўнікі прадпрыемстваў. Выдзелілі памяшканне для правядзення сустрэч з удзельнікамі. Адгукнуліся спецыялісты прадпрыемстваў і арганізацый, якія сталі спікерамі на сустрэчах, дзе былі запланаваны прафесійныя кансультацыі. Спікерамі выступілі і самі дэпутаты райсавета.
Праект «Развіццё» ўяўляе сабой сетку адукацыйных мерапрыемстваў. Першы пілотны этап прайшлі 27 чалавек. Гэта жыхары Жлобіна ўсіх узростаў: ад школьнікаў да вопытных спецыялістаў розных прадпрыемстваў. У праекце прынялі ўдзел жыхары горада, якія раней не прымалі актыўны ўдзел у мерапрыемствах у раёне, але хацелі б.
— Заняткі спалучылі тэорыю і практыку. Праходзілі сустрэчы з ліпеня да жніўня кожную суботу, — растлумачыў куратар праекта Аляксей Прыходзька. — Адной з запрошаных спікераў-экспертаў нашых сустрэч стала намеснік начальніка цэнтра банкаўскіх паслуг Белаграпрамбанка Святлана Ясінская, якая правяла заняткі на тэму «Фінансы, улік, зберажэнні». Адгукнуўся на ініцыятыву і правёў сустрэчу працаўнік БМЗ, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Арцём Макарэвіч. Шматдзетны бацька і шчаслівы сем’янін, ён правёў сустрэчу па тэме «Сям’я, поспех, дзеці». Оперупаўнаважаны аддзялення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці аддзела ўнутраных спраў Жлобінскага райвыканкама Віталь Саўчанка правёў заняткі па тэме «Бяспека, фінансы, ашуканцы». Распавёў, як засцерагчы сябе і сваіх родных ад уцягвання ў махлярскія злачынствы, — дадаў Аляксей Прыходзька.
Сам малады дэпутат на занятках дзяліўся сваімі ведамі па практыках асобаснага росту і тайм-менеджменце.
— У свой час у мяне была магчымасць навучацца на курсах па гэтых кірунках. Не ва ўсіх нашых жыхароў, якія таксама цікавяцца такімі практыкамі, ёсць фінансавая магчымасць прайсці такое навучанне. У нашым праекце такая магчымасць ёсць, да таго ж абсалютна бясплатна. Праводзіў заняткі па тэмах «План, час, вынік», «Пытанне, адказ, дыялог». Рады, што магу быць карысны людзям, дзяліцца вопытам, — патлумачыў Аляксей Прыходзька.
Сёння Жлобінскі раённы Савет дэпутатаў працягвае далей развіваць адукацыйны праект «Развіццё». Цяпер рыхтуецца чарговы набор удзельнікаў, які зможа ахапіць большую колькасць ахвотных.
— Прынята рашэнне набіраць удзельнікаў у праект кожны квартал. Члены Маладзёжнага савета пры Жлобінскім раённым Савеце дэпутатаў, які якраз абіраецца ў верасні, будуць адказваць у праекце за мерапрыемствы для школьнікаў і студэнтаў, — удакладніў Аляксей Прыходзька. — Для школьнікаў і студэнтаў будуць праводзіцца не толькі розныя сустрэчы, але і знаёмствы з грамадскімі аб’яднаннямі раёна, паездкі па памятных мясцінах рэгіёна, практычныя заняткі па навыках камунікацыі, таму што ў дзяцей і падлеткаў з гэтым узнікаюць праблемы. Такія заняткі ў тым ліку дапамогуць падлеткам у далейшым быць больш падрыхтаванымі да камунікацыі ў працоўным калектыве. Для школьнікаў у межах праекта будзем праводзіць мерапрыемствы па прафесійнай арыентацыі.
Як падзяліўся Аляксей Прыходзька, вельмі важна, што праект «Развіццё» дапамагае яго ўдзельнікам у тым ліку лепш зразумець сутнасць работы дэпутатаў.
— Упэўнены, што важна не толькі расказваць аб дзейнасці народных абраннікаў, але і даць магчымасць людзям знутры даведацца, як рэалізоўваюцца ініцыятывы дэпутатаў, што яны даюць людзям, чаму важна разам шукаць шляхі вырашэння ўсіх хвалюючых пытанняў, — падкрэсліў малады дэпутат.
Самі ўдзельнікі праекта змаглі асабіста падзякаваць арганізатарам за магчымасць такога навучання, даць зваротную сувязь па праекце. Найбольш актыўных ўдзельнікаў дэпутаты адзначылі на выніковай сустрэчы першага этапу праекта. Сертыфікаты аб праходжанні навучання ўдзельнікам уручыла старшыня Жлобінскага раённага Савета дэпутатаў Валянціна Няхай.
Наталля Капрыленка, фота з архіва героя публікацыі
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.