Мерапрыемства прысвечана правядзенню пад эгідай Генеральнай Асамблеі ААН Саміту будучыні, які пройдзе 22–23 верасня ў Нью-Ёрку. Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі пытанні выклікаў і пагроз, які ўзнікаюць падчас дасягнення Мэт устойлівага развіцця. Асобная ўвага таксама ўдзялялася ўплыву санкцыйнага ціску на ўстойлівае развіццё і ўмацаванне ролі моладзі ў дасягненні МУР.
— У 2015 годзе ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый была прынята праграма па развіцці МУР. Была выказана неабходнасць развіцця па 17 напрамках, якія ўказаны ў адпаведным дакуменце. Напэўна, любому чалавеку зразумела, што асновай устойлівага развіцця з’яўляецца мірнае суіснаванне. Калі ў свеце не будзе міру, то не будзе і ніякага развіцця«, — заўважыў перад пачаткам пасяджэння Нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Сяргей Хаменка.
Ён адзначыў, што прынятыя 17 напрамкаў датычацца розных сфер: ліквідацыі голаду і галечы, удасканалення комплексу мер па абароне навакольнага асяроддзя, гендарнай роўнасці. «Але ўсё гэта магчыма толькі ў адной сітуацыі: калі ёсць мір, тады ёсць развіццё. Аб гэтым неаднаразова гаварыў наш кіраўнік дзяржавы. Калі размова ідзе аб узаемаадносінах паміж рознымі краінамі, то гэта павінен быць ключавы прынцып», — упэўнены ён.
Гаворачы аб санкцыях, якія ўведзены супраць Беларусі, Сяргей Хаменка акцэнтаваў увагу прысутных на тым, што для іх увядзення павінны былі быць прававыя падставы. Але іх папросту няма, што азначае толькі адно — санкцыі незаконныя, а іх аднабаковае ўвядзенне супярэчыць нормам міжнароднага права. Акрамя таго, намеснік Старшыні Савета Рэспублікі падкрэсліў, што гэтыя супрацьпраўныя захады недружалюбных краін, якія накіраваны на пэўныя прадпрыемствы або на канкрэтных фізічных асоб, на самай справе ўводзяцца супраць усяго беларускага народа. «На гэтых прадпрыемствах працуюць людзі, і калі ў іх ёсць работа, тады ёсць і развіццё», — падкрэсліў ён.
Сяргей Хаменка таксама звярнуў увагу, што ў Беларусі няма такіх праблем, як галеча, голад ці гендарная няроўнасць. «Яны проста адсутнічаюць. А беларуская сістэма адукацыі з’яўляецца прыкладам, аб чым гавораць прадстаўнікі самых розных дзяржаў. Гэта не пафасныя словы, а рэальнасць: у нас дзяржава для чалавека і ў імя чалавека. Менавіта гэта і ёсць асноўны прынцып рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця», — выказаў упэўненасць спікер. І дадаў, што сённяшняе пасяджэнне прысвечана, акрамя абмеркавання наяўных праблемных пытанняў, яшчэ і пытанням інфармавання. «Мы таксама хочам расказаць, што Беларусь адкрыта для ўсіх. Пры гэтым мы гатовы пераймаць і ўкараняць у нашу рэчаіснасць вопыт, назапашаны іншымі дзяржавамі», — адзначыў Сяргей Хаменка.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў пасяджэння, нацыянальны каардынатар паведаміў, што ў красавіку 2024 года на адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі паступіў ліст Генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша з запрашэннем прыняць удзел у Саміце будучыні.
— Кіраўнік дзяржавы ў цэлым падтрымаў ініцыятыву кіраўніка ААН па правядзенні Саміту будучыні, адзначыўшы яе важнасць у справе пераадолення крызісных з’яў у міжнародным жыцці і аднаўлення канструктыўнага дыялогу і супрацоўніцтва паміж усімі краінамі свету. Важна падкрэсліць, што ў сваім пасланні ў адказ Прэзідэнт Беларусі засяродзіў асаблівую ўвагу на неабходнасці пераадолення выклікаў глабальнай палітыкі, якія пагражаюць прагрэсу па Мэтах устойлівага развіцця на планеце, у прыватнасці праз рэалізацыю сваёй ініцыятывы аб запуску глабальнага дыялогу па бяспецы, — расказаў Сяргей Хаменка.
Таксама ён адзначыў, што адным з галоўных драйвераў работы па дасягненні Мэт устойлівага развіцця з’ўляецца ўрад нашай краіны, а паспяховасць гэтай дзейнасці пацвярджаецца міжнароднымі рэйтынгамі. «Так, згодна з дакладамі Праграмы развіцця ААН аб развіцці чалавечага патэнцыялу, Рэспубліка Беларусь на працягу доўгага часу ўтрымлівае пазіцыі ў спісе краін з самым высокім узроўнем развіцця. Акрамя таго, у міжнародным рэйтынгу дасягнення Мэт устойлівага развіцця сярод 167 краін Беларусь сёлета перайшла з 34-га месца на 30-е», — падкрэсліў спікер.
Па яго словах, значную ролю ў актывізацыі гэтага працэсу адыграў ІІ Нацыянальны форум па ўстойлівым развіцці. Мерапрыемства сабрала прадстаўнікоў усіх галін улады, мясцовага кіравання, грамадзянскай і акадэмічнай супольнасцяў, глабальных і рэгіянальных міжнародных арганізацый.
— Паказальна, што выніковы дакумент форуму нядаўна быў апублікаваны ў якасці афіцыйнага дакумента Генеральнай Асамблеі ААН на ўсіх шасці афіцыйных мовах арганізацыі. Такім чынам, усе краіны свету маюць магчымасць дэталёва азнаёміцца з нашымі дасягненнямі і дадатковымі абавязацельствамі па тэме ўстойлівага развіцця на найбліжэйшыя гады, — засяродзіў увагу прысутных Сяргей Хаменка.
Намеснік Старшыні Савета Рэспублікі таксама адзначыў, што ацэнка прагрэсу ў дасягненні Мэт устойлівага развіцця ўвогуле ў свеце яскрава сведчыць: без устаранення ключавых перашкод і бар’ераў, якімі з’яўляюцца войны, канфлікты і незаконныя санкцыі, рухацца наперад становіцца з кожным днём усё цяжэй.
— Найлепшае настаўленне да дзеяння па дасягненні Мэт устойлівага развіцця — словы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь: «Скончыўшы з войнамі і канфліктамі, міжнародная супольнасць атрымае дастаткова рэсурсаў, каб справіцца і з кліматычнымі зменамі і з іншымі агульнымі глабальнымі выклікамі». Удзел у Саміце будучыні з’яўляецца дзейсным інструментам для інфармавання шырокай міжнароднай грамадскасці аб рэальным становішчы спраў, сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі, якое праходзіць пад лозунгам «Усё для чалавека, усё ў імя чалавека», аб той міралюбнай знешняй палітыцы, якую праводзіць кіраўніцтва нашай дзяржавы, і аб захаванні гістарычнай памяці і традыцый усіх народаў як падмурка будучыні, — падкрэсліў нацыянальны каардынатар. — Беларусь гатова да вывучэння аналагічнага замежнага вопыту, а таксама да ўдзелу ў выпрацоўцы сумесных міжнародных рашэнняў, у першую чаргу накіраваных на мірнае суіснаванне як аснову развіцця будучыні.
У дадатак ён таксама адзначыў, што наша краіна надае важнае значэнне маючай адбыцца сустрэчы: «Нашы прадстаўнікі актыўна ўдзельнічаюць у міжурадавым дыялогу па ўзгадненні праекта выніковага дакумента саміту — Пакта ў імя будучыні. Такім чынам, значнасць правядзення сённяшняга пасяджэння савета напярэдадні саміту відавочная».
Пастаянны каардынатар ААН у Рэспубліцы Беларусь Расул Багіраў у сваю чаргу адзначыў, што ў нашай краіне дасягненню Мэт устойлівага развіцця ўдзяляецца асаблівая ўвага, гэта з’яўляецца неад’емнай часткай развіцця дзяржавы. А колькасць мерапрыемстваў у гэтым кірунку сапраўды ўражвае. Асобна ён падкрэсліў, што ў Беларусі створана эфектыўная сістэма іх рэалізацыі. Гэта, як і сумесная работа ўсіх зацікаўленых бакоў, абавязкова будзе і надалей спрыяць дасягненню МУР.
З дакладамі аб мерапрыемствах па дасягненні Мэт і агульным стане спраў па пэўных кірунках выступілі прадстаўнікі беларускага ўрада, навукоўцы і эканамісты. Яны адзначылі негатыўны ўплыў неабгрунтаваных санкцый на рэалізацыю праграмы па развіцці Мэт устойлівага развіцця, аднак разам з тым канстатавалі, што Беларусь паспяхова справілася з цяжкасцямі і сёння ўпэўнена рухаецца наперад.
Асобным радком была азначана тэма павышэння ролі моладзі ў дзейнасці ў сферы дасягнення Мэт устойлівага развіцця. «Ад іх актыўнасці, упэўненасці ў неабходнасці праводзімай работы непасрэдна залежыць поспех запланаваных у нашай дзяржаве мерапрыемстваў», — зазначыў Сяргей Хаменка.
Таксама падчас пасяджэння эксперты, у тым ліку і з краінавай каманды ААН, абмеркавалі ключавыя пытанні парадку дня Саміту будучыні. Усе меркаванні і ацэнкі бягучай сітуацыі будуць прааналізаваны і асэнсаваны пры фармуляванні пазіцыі беларускай дэлегацыі.
Уладзімір ВЯРЭНІЧ
Фота БелТА
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.