Міжнародны тэатральны фестываль «Белая вежа» 28-раз адкрыў заслону перад гледачамі. Сёлета ў тэатральным форуме прымаюць удзел 22 калектывы з сямі краін: Азербайджана, Беларусі, Даніі, Казахстана, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана.
— Мы можам ганарыцца, што форум стаў пляцоўкай для дыялогу паміж культурамі, дзе перасякаюцца розныя ідэі, меркаванні, творчыя падыходы, — сказаў падчас адкрыцця фэсту намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзім Краўчук. — Гэты цудоўны фэст даўно стаў культурным брэндам нашай вобласці.
Адкрылася «Вежа» спектаклем Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы «Бацькі і дзеці». Сёлета фестываль прысвячаецца рускай класіцы. Форум аб’яднае пяць лакацый. Спектаклі будуць ісці ў вялікай і малой зале акадэмічнага тэатра, у Брэсцкім тэатры лялек, абласным грамадска-культурным цэнтры, Палацы культуры прафсаюзаў. Заяўлены паказы на трох мовах: беларускай, рускай, і мове комі. У праграме таксама — чатыры пастаноўкі для дзяцей.
А за гадзіну да ўрачыстага адкрыцця тэатральнага форума побач з Брэсцкім акадэмічным тэатрам драмы адкрылі арт-аб’ект. Ён уяўляе сабой стэлу, якая контурамі нагадвае Камянецкую вежу, з замацаванымі на ёй тэатральнымі маскамі. Арт-аб’ект назвалі «Брэст тэатральны». Старшыня Брэсцкага гарвыканкама Сяргей Лабадзінскі, які і выканаў ганаровую місію адкрыцця стэлы, нагадаў, што тэатральны фэст ужо не адзін дзясятак гадоў падцвярджае свой статус: «Мы ўсе любім гэты фестываль і кожны раз чакаем, калі ён адкрые заслону і парадуе новымі спектаклямі» — сказаў кіраўнік горада.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота Брэсцкага аблвыканкама
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.