У аграгарадку Азярцо Мінскага раёна адбылося пасяджэнне Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі, на якім узнімалася сапраўды важная дзяржаўная тэма — замацаванне спецыялістаў у сельскай мясцовасці. Не сакрэт, што моладзь не вельмі хоча заставацца ў вёсцы: адпрацаваўшы па размеркаванні, юнакі і дзяўчаты спяшаюцца памяняць сельскую прапіску на гарадскую. Таму на пасяджэнні пытанняў прагучала нямала — аўтарытэтныя спікеры абмеркавалі і ўзровень заробкаў, і забяспечанасць спецыялістаў жыллём, а таксама прэстыж і аўтарытэт прафесіі аграрыя. Карэспандэнт «Звязды» наведаў адказную нараду і высветліў, якія меры неабходна распачаць для паспяховага замацавання спецыялістаў аграрнага сектара.
Старт пасяджэнню дала Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА. Па словах спікера, сёння асабліва важная не толькі якасная падрыхтоўка кадраў для сельскай мясцовасці, але і іх замацаванне: «Пытанні, якія мы выносім на разгляд Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі, заўсёды актуальныя. І, як правіла, мы праводзім такія выязныя мерапрыемствы і знаёмімся, як арганізавана работа па тым ці іншым пытанні на месцах. У цяперашнім скліканні мы праводзім другое пасяджэнне Савета. На першым мы выносілі пытанне, якое тычылася меліярацыі зямель. Гэта вельмі актуальнае пытанне! Мы разгледзелі, як вырашаецца пытанне меліяравання зямель і як, самае галоўнае, потым меліяраваныя зямлі залучаюцца ў абарот. Сёння нам даложаць, што зроблена па рашэнні нашага папярэдняга пасяджэння. Давайце возьмем за правіла: калі разглядаем новае пытанне, мы абавязкова павінны хаця б канцэптуальна паглядзець, як вырашаюцца пытанні, якія мы абмяркоўвалі на папярэднім пасяджэнні, і што яшчэ сёння трэба зрабіць, каб гэтыя пытанні вырашаліся эфектыўна».
Пытанне, якое вынеслі на гэты разгляд, — не менш актуальнае. Яно датычыцца кадравага забеспячэння. Да гэтага пытання Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка звяртаецца неаднаразова. У аўторак на нарадзе ў Прэзідэнта таксама закраналі гэту тэму — кадравую палітыку, якая праводзіцца ў нашай краіне. «Тэматыка нашага пасяджэння — аб сумеснай рабоце органаў мясцовага кіравання і самакіравання па замацаванні кадраў у сельскай мясцовасці, — адзначыла Наталля Качанава. — У нашай краіне прынята абноўленая Канцэпцыя дзяржаўнай кадравай палітыкі. Прэзідэнт да гэтага пытання звяртаецца неаднаразова. У нас разгалінаваная сетка навучальных устаноў. Унікальная магчымасць у нашай краіне ёсць — гэта размеркаванне. Пра гэта ішла размова на педагагічнай канферэнцыі з удзелам Прэзідэнта. Ёсць даручэнні кіраўніка дзяржавы па выніках гэтай педагагічнай нарады, якія датычацца ў тым ліку і даручэнняў Мінсельгасхарчу перагледзець праграмы, па якіх рыхтуюць спецыялістаў у нашых ВНУ для гэтай галіны».
Па словах спікера, галоўны вынік залежыць ад эфектыўнай працы спецыялістаў на месцах: «Прэзідэнт сказаў: без развіцця вёскі краіны не будзе. Роўна так, як не будзе любой іншай галіны, калі не будзе кадраў. Калі ёсць кадры — тады можна працаваць. Калі яшчэ гэтыя кадры працуюць эфектыўна, то тады цудоўны вынік, які мы сёння бачылі на прыкладзе ўстаноў».
Наталля Іванаўна дадала, што сяло — гэта соль зямлі: «На вёсцы людзі павінны жыць годна і атрымліваць годную заработную плату, дзе б яны ні працавалі: трактарыстамі, кіроўцамі, даяркамі або работнікамі гандлю, ці паслугі аказвалі. Каб мы ведалі, што ў кожным населеным пункце ў нас крамы з годным асартыментам».
Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што сёння неабходна гаварыць не толькі аб падрыхтоўцы спецыялістаў: «Так, якасная падрыхтоўка важная. Мы яшчэ павінны гаварыць аб замацаванні кадраў, у кім ёсць неабходнасць, патрэба ў той ці іншай арганізацыі, у тым ці іншым рэгіёне, якія ўмовы ім ствараюць. Мы, перш за ўсё, павінны глядзець на матывіровачныя падыходы ў гэтай працы: якая матывацыя, што сёння можа прыцягнуць маладога чалавека для таго, каб ён паехаў і працаваў па размеркаванні ў сельскай мясцовасці».
Дарэчы, для ўзаемадзеяння з органамі мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу ў 2007 годзе быў створаны Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання (СУОМС). Ён з’яўляецца калегіяльным дарадчым органам, які ажыццяўляе распрацоўку прапаноў па ўдасканаленні дзейнасці органаў мясцовага самакіравання і каардынуючым пытанні ўзаемадзеяння паміж імі і органамі дзяржаўнага кіравання.
Перад нарадай Наталля Качанава і ўдзельнікі пасяджэння наведалі цяплічны камбінат агракамбінат «Ждановічы», Азярцоўскую паліклініку, Азярцоўскую сярэднюю школу. «Мы ўбачылі, што створаны цудоўныя ўмовы для працы. Паглядзелі прадпрыемства, на якім можна і трэба працаваць. Пачулі пра сярэднюю заработную плату. Жыллё будуюць. Паглядзелі паліклініку, якую пабудавалі, — яна кампактная, усё зроблена і накіравана на тое, каб чалавеку было камфортна. Укамплектаванасць кадрамі таксама паглядзелі — спецыялісты ёсць. Паглядзелі школу — настаўнікі ганарацца, што працуюць у ёй. Тут людзі жывуць, застаюцца і працуюць, а многія сюды прыязджаюць. Таму ў пытаннях замацавання найлепшыя прыклады і падыходы ў гэтай рабоце мы павінны разгледзець», — сказала Наталля Качанава.
Па яе словах, штогод каля шасці тысяч маладых людзей прыходзяць працаваць на прадпрыемствы і арганізацыі ў нашы раёны, у сельскую мясцовасць: «Але замацаванасць спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй — 50 працэнтаў. Калі браць педагогаў — там крыху больш — 64 працэнты. А ў цэлым — 50 працэнтаў. Невысокі працэнт... Павінны быць створаны ўсе ўмовы, каб маладыя спецыялісты заставаліся ў тым рэгіёне, куды яны размеркаваны. Дрэнна, калі прапрацаваў два гады і з’ехаў. А далей думай, шукай, дзе якога спецыяліста ўзяць. Трэба, каб малады чалавек прыехаў у аграгарадок, палюбіў яго, застаўся, стварыў сям’ю, выхоўваў дзяцей. Умовы ўсе для гэтага ёсць. Тут мы адразу судакранаемся з іншай тэмай — моцныя рэгіёны. Тое, пра што гаварыў Прэзідэнт на VI Усебеларускім народным сходзе. Для нас гэта вельмі важна».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота аўтара і БелТА
Падрабязнасці пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі чытайце ў наступным нумары «Мясцовага самакіравання». Будзе вельмі цікава!
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.
Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.