Эстонія па ўзроўні жыцця адкацілася на сем гадоў назад, заявіў намеснік старшыні фінансавай камісіі Рыйгікогу (парламента Эстоніі) Андрэй Карабейнік. Пра гэта паведаміла РІА «Новости» са спасылкай на эстонскія СМІ. Эстонія з’яўляецца адзінай еўрапейскай дзяржавай, чыя эканоміка імкліва скарачаецца. Як лічыць Андрэй Карабейнік, зніжэнне рэальнага ўзроўню жыцця насельніцтва выклікана высокай інфляцыяй, а найбольш значнай праблемай эканамічнай палітыкі з’яўляецца няўпэўненасць у дзеяннях урада і адсутнасць дакладнай стратэгіі эканамічнага росту. Парламентарый звярнуў увагу на тое, што ўжо другі год запар прыбалтыйская рэспубліка займае ў Еўрасаюзе апошняе месца па эканамічных паказчыках. Што ж чакае жыхароў Эстоніі?
Старшыня фінансавай камісіі Рыйгікогу Анэлі Акерман заявіла аб неабходнасці шукаць для дзяржавы дадатковыя пастаянныя даходы. Новы эканамічны і фінансавы прагноз Міністэрства фінансаў, які атрымала камісія, задасць вектар складання праекта закона аб дзяржаўным бюджэце на наступны год і бюджэтнай стратэгіі дзяржавы на найбліжэйшыя чатыры гады. Паводле меркавання Анэлі Акерман, найбольш важнымі тэмамі найбліжэйшых гадоў стануць дэфіцыт бюджэту і яго скарачэнне. Пры гэтым у найбліжэйшыя гады недахват сродкаў закране як расходы дзяржавы, так і інвестыцый. «Падатак на транспартныя сродкі, які будзе ўведзены з наступнага года, скароціць дэфіцыт бюджэту ў прыкметнай, але не ў дастатковай ступені», — удакладніла яна.
Адкуль жа дэфіцыт? Эстонія імкліва рушыць па шляху мілітарызацыі. Талін можа павялічыць выдаткі на абарону да 5 працэнтаў ад ВУП.
Аб гэтым заявіў міністр абароны прыбалтыйскай рэспублікі. Прычым адпаведныя выдаткі ўжо перавысілі 3,5 працэнта ВУП, і гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у НАТА. Каб дасягнуць яшчэ большага, простым эстонцам давядзецца раскашэліцца. Плануецца ўвесці абаронны падатак. Таксама падаткамі вырашана абкласці нават... пенсіі.
«Да выбараў Партыя рэформаў абяцала, што сярэдняя пенсія будзе вызвалена ад падаткаў, гэта таксама прапісана ў кааліцыйнай дамове, падпісанай таксама сацыял-дэмакратамі і „Ээсці 200“. Аднак дэпутаты ад гэтых партый прагаласавалі за абкладанне сярэдняй пенсіі падаходным падаткам. Эстонскіх пенсіянераў падманулі, кааліцыйная дамова была парушана, — адзначыў пасля прыняцця змяненняў закона аб падаходным падатку намеснік старшыні фінансавай камісіі парламента Андрэй Карабейнік. — Пенсіянеры не вінаватыя ў некампетэнтнай эканамічнай палітыцы ўрада».
Асабліва двудушна паступілі, па яго меркаванні, сацыял-дэмакраты, якія абяцалі перад выбарамі ў Рыйгікогу значна павысіць сярэднюю пенсію, але ў выніку абклалі яе падаткам. Андрэй Карабейнік дадаў, што ва ўмовах, калі эканоміка Эстоніі падае, і ў дзяржаўным бюджэце не хапае мільярда еўра, падаткаабкладанне пенсій з’яўляецца безадказным крокам: «Каля 53 працэнтаў пенсіянераў у Эстоніі жывуць у рызыцы беднасці, што амаль у тры разы больш, чым у сярэднім у ЕС. Партыя рэформаў, сацыял-дэмакраты і партыя „Ээсці 200“ пагоршылі матэрыяльнае становішча пажылых людзей, яшчэ больш павялічыўшы сацыяльную няроўнасць».
Сацыялку прынеслі ў ахвяру непамерным вайсковым выдаткам. Дзеля павелічэння расходаў на абарону многія неабароненыя катэгорыі грамадзян пазбавяцца законных выплат. Так улады вырашылі сэканоміць і прынялі рашэнне па скарачэнні дапамог па доглядзе дзіцяці і памяншэнні выплат па бальнічным лісце. Больш за тое, не будзе дапамогі і адзінокім пенсіянерам, якія пражываюць у доме састарэлых.
Эксперты абураны такімі дзеяннямі эстонскіх улад. Варта засвоіць, што павышэнне падаткаў і скарачэнне дзяржрасходаў ва ўмовах крызісу прыводзіць да яшчэ больш глыбокай рэцэсіі і большага дэфіцыту бюджэту, лічыць галоўны эканаміст Swedbank Нэрыус Мачуліс. Паводле яго слоў, у пачатку мінулага дзесяцігоддзя многія краіны ЕС на ўласным вопыце засвоілі балючы ўрок. Так, калі ў краіне назіраецца эканамічны спад, зніжэнне падатковых паступленняў і павелічэнне бюджэтнага дэфіцыту, то павышэнне падаткаў або скарачэнне дзяржаўных расходаў — найгоршае, што можна зрабіць.
«Такая антыцыклічная фіскальная палітыка, як высветлілі краіны Балтыі і Паўднёвай Еўропы, звычайна прыводзіць да больш глыбокай рэцэсіі, ухілення ад выплаты падаткаў і яшчэ большага бюджэтнага дэфіцыту», — заявіў эканаміст.
Аб’ёмы вытворчасці ў Эстоніі ўпалі да ўзроўню канца мінулага дзесяцігоддзя. «Прычын гэтаму шмат: з вытворцаў электраэнергіі яны ператварыліся ў яе імпарцёра, страцілі цэнавую канкурэнтаздольнасць, сталі больш за іншых залежаць ад рынку нерухомасці Паўночнай Еўропы, а ў 2021 годзе і ўвогуле перагрэлі сваю эканоміку, вырашыўшы, што праяданне грошай будучых пенсіянераў — добрая ідэя (што прывяло да працяглага пахмелля пасля кароткай вечарынкі)», — адзначыў Мачуліс. Пры гэтым літоўскі эканаміст здзіўлены дзеяннямі балтыйскай рэспублікі па выхадзе з крызісу. «Як Эстонія спрабуе вырашыць гэтыя праблемы? Не, яна не павялічвае інвестыцыі ў аднаўляльныя крыніцы энергіі і энергетычную інфраструктуру, не выкарыстоўвае субсідыі і іншыя меры для стымулявання інвестыцый у бізнес і экспарт, а робіць тое, што падручнікі па эканоміцы (і вопыт ЕС апошняга дзесяцігоддзя) рэкамендуюць не рабіць, — праводзіць фіскальную кансалідацыю і спрабуе як мага хутчэй скараціць дэфіцыт бюджэту», — адзначыў ён. Эксперт лічыць дзіўнымі падобныя дзеянні: «Эстонія з’яўляецца прыкладам таго, наколькі шкоднымі могуць быць вузкія ідэалагічныя межы ў дзяржаўным кіраванні і эканамічнай палітыцы».
Раней эканаміст банка LHV Хейда Вітсур заявіў, што экспарт Эстоніі «дасягнуў дна» з-за адсутнасці таннай расійскай сыравіны, а таксама сваёй дарагоўлі і агульнага падзення рынкаў асноўных гандлёвых партнёраў краіны. Так, Дэпартамент статыстыкі прыбалтыйскай рэспублікі паведаміў, што за першае паўгоддзе экспарт тавараў абваліўся на 11 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам 2023-га.
Член праўлення банка Coop Паава Труу таксама звярнуў увагу на «трывожную сітуацыю» і «нулявую актыўнасць» у сегменце бізнес-крэдытавання. Паводле яго слоў, росту эканомікі не трэба чакаць ні праз квартал, ні праз два. Пры гэтым Хейда Вітсур папярэдзіў, што калі эстонская прадукцыя працягне даражэць у будучыні, то балтыйская рэспубліка страціць яшчэ больш канкурэнтаздольнасці.
Раней старшыня эстонскай партыі Іsamaa («Айчына») Урмас Рэйнсалу заявіў, што павышэнне падаткаў у Эстоніі падштурхне інфляцыю і мацней за ўсё адаб’ецца на людзях з нізкімі даходамі. Паводле яго слоў, з-за росту падатковай нагрузкі Эстонія можа стаць лідарам ЕС па ўзроўні ўскосных расходаў. Старшыня партыі EKRE (Эстонская кансерватыўная народная партыя) Марцін Хельме таксама раскрытыкаваў планы ўрада па павелічэнні падаткаў.
Адметна, што на гэтым фоне ў балтыйскай рэспубліцы назіраецца падзенне ўзроўню жыцця людзей, інфляцыя і эканамічная нестабільнасць. Так, дырэктар эстонскага інстытута кан’юнктуры Пеэтэр Раўдсеп заявіў, што краіна не можа проста спадзявацца на завяршэнне крызісу і аднаўленне сваёй эканомікі. Паводле яго слоў, у эканоміцы рэспублікі няма ніводнага пазітыўнага паказчыка.
Эксперты Міжнароднага валютнага фонду таксама заявілі, што для аднаўлення канкурэнтаздольнасці Эстоніі спатрэбяцца рашучыя меры з боку ўлад. Яны нагадалі, што эканоміка краіны знаходзіцца ў стане спаду ўжо больш чым два гады.
Ва ўмовах імклівага росту цэн жыхары Эстоніі ўсяляк спрабуюць сэканоміць. Так, інфляцыя ў балтыйскай рэспубліцы справакавала ўсплёск заказаў танных тавараў з азіяцкіх інтэрнэт-магазінаў.
Кіраўнік эстонскага саюза электроннага гандлю Тыну Вяэт заявіў, што аб’ём заказаў танных тавараў з Азіі за апошні год вырас амаль на 20 працэнтаў. «Калі пакупніцкая здольнасць насельніцтва падае, а эканоміка астуджаецца, людзі пачынаюць шукаць таннейшыя рэчы. За апошні год сярэдні аб’ём кошыка ў галіне электроннага гандлю скараціўся прыкладна на 20 працэнтаў, але пасылак пры гэтым адпраўляецца на 10–15 працэнтаў больш. Проста людзі заказваюць таннейшыя рэчы», — прызнаў ён. Падобная сітуацыя можа прывесці да таго, што некаторым эстонскім гандлярам давядзецца згарнуць сваю дзейнасць з-за немагчымасці канкурыраваць з азіяцкімі платформамі.
На фоне падзення ўзроўню жыцця людзей, інфляцыі і эканамічнай нестабільнасці ў Эстоніі назіраецца «анамальны» рост магазінных крадзяжоў. Паводле даных Саюза гандляроў, за апошні год іх колькасць у прыбалтыйскай рэспубліцы павялічылася ўдвая. Пры гэтым ва ўмовах эканамічнага крызісу жыхары Эстоніі сталі набываць усё менш прадуктаў. Кіраўнік Саюза гандлёвых прадпрыемстваў Нэле Пэйл адзначыла, што падзенне рознічных продажаў абумоўлена зніжэннем даходаў. Людзі імкнуцца купляць толькі ўсё самае таннае. Эстонцы пачалі радзей хадзіць у цырульні, значна менш харчавацца па-за домам, а таксама ім не па сродках своечасова абслугоўваць і рамантаваць свае аўтамабілі.
Дырэктар эстонскага інстытута кан’юнктуры Пеэтэр Раўдсеп заявіў, што краіна не можа проста спадзявацца на завяршэнне крызісу і аднаўленне сваёй эканомікі. У эканомікі рэспублікі няма ніводнага пазітыўнага эканамічнага паказчыка, які мог бы паўплываць на змяненне сітуацыі. Пеэтэр Раўдсеп таксама лічыць, што становішча, якое дагэтуль займала Эстонія на экспартных рынках, ужо не вярнуць.
Як адзначыў дырэктар па асартыменце і закупках гандлёвай сеткі Prіsma Кайма Нійтару, у наступным годзе рост цэн у Эстоніі толькі паскорыцца. Розныя падаткі паўплываюць на кошт вытворчасці для вытворцаў прадукцыі і ў выніку ўдараць па канчатковым спажыўцу.
Эстонія паглыбілася ў эканамічную яму. Прычым церпяць ад такога незайздроснага становішча ў першую чаргу звычайныя людзі.
Жыхары Эстоніі пакутуюць ад звальненняў і недахопу працоўных месцаў. Усё больш кампаній праводзяць масавыя звальненні ў мэтах скарачэння выдаткаў. За апошні час як мінімум 6 тысяч чалавек былі звольнены з ініцыятывы работадаўцаў. Пры гэтым колькасць вакансій у эстонскіх фірмах таксама зніжаецца і працаўладкавацца становіцца ўсё больш складана.
Нядзіўна, што жыхары Эстоніі імкнуцца трапіць у нашу краіну. Як паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце, пасля ўвядзення з 19 ліпеня пашыранага бязвізу Беларусь наведалі больш як 3,3 тысячы замежнікаў з 35 еўрапейскіх краін. Сярод турыстаў пераважаюць грамадзяне Германіі — 38 працэнтаў ад агульнай колькасці. У тройку краін, грамадзяне якіх найчасцей наведвалі Беларусь, таксама ўваходзяць Эстонія і Італія.
Адметнае меркаванне выказаў старшыня Эстонскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі і аб’яднання рускіх літаратараў у Эстоніі, галоўны рэдактар часопіса «Балтыка» Уладзімір Іляшэвіч: «Беларусь здзіўляе. І, паверце мне, з маім вопытам 50-гадовай практыкі гістарыясофа, міжнародніка, які ўсю Еўропу аб’ездзіў, маім словам: Беларусь — адна з найлепшых краін на сённяшні дзень ва ўсёй Еўропе. Шчасця вам і той самадастатковасці, у якой вы цяпер жывяце. Кожны з вас, асабліва маладыя, ва ўсялякім разе большасць, адчувае, што ў іх ёсць будучыня».
Пётр ДУНЬКО
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
У Мінску завяршыўся фестываль «Еўразія.DOC».
Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.