13 верасня смачна будзе ў аграгарадку Тупічына Касцюковіцкага раёна, дзе напярэдадні выхадных пройдзе свята «Цыбуляў дзень — 2024». Цвіком праграмы стане тэатралізаванае прадстаўленне «Як цыбуля ў госці хадзіла» у выкананні творчых калектываў раённага Цэнтра культуры і сельскіх Дамоў культуры. Шмат вострых эмоцый падорыць конкурс сярод сельсаветаў на лепшую кампазіцыю «Цыбульная фантазія». На выставе-продажы можна будзе набыць вырабы мясцовых майстроў раёна, у гандлёвых радах набыць у запас смачныя пачастункі, а яшчэ пакатацца на атракцыёнах і сфатаграфавацца ў адной з арыгінальных фотазон.
На наступны дзень, 14 верасня, ёсць магчымасць наесціся бліноў па бабуліных рэцэптах ў аграгарадку Вялікая Машчаніца Бялыніцкага раёна. Бліна-фэст «Бліны з навіны» праводзіцца тут з 2021 года ў мэтах адраджэнне народных традыцый і папулярызацыі работы працаўнікоў сельскай гаспадаркі.
— Арганізатарам фестывалю з’яўляецца Цэнтралізаваная клубная сістэма Бялыніцкага раёна і Машчаніцкі сельскі клуб, — удакладняе вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадцэнтра НТ і КАР Крысціна Башарымава. — Штогод у мерапрыемстве бяруць удзел не толькі жыхары аграгарадка, але і іншых населеных пунктаў раёна. Будуць працаваць тэматычныя падворкі, запланаваны дзіцячая гульнявая і канцэртная праграмы. У праграме свята выстава-дэгустацыя бліноў, конкурс на самы смачны і самы арыгінальны блін, узнагароджанне пераможцаў конкурсаў дзіцячых твораў «Людзі ўзгадавалі хлеб» і дзіцячага малюнка «Блінаедзіца». Таксама будуць узнагароджаны лепшыя хлебаробы ААТ «Новая Друць».
Бліны нядрэнна будзе закусіць бульбай. 17 верасня ў Быхаве пройдзе рэгіянальны гастранамічны фестываль «БульбаСаміт». Варыянтаў смакаты абяцаюць не менш, чым у арсенале Тоні Кісліцынай з савецкай кінастужкі «Дзяўчаты».
— Фестываль садзейнічае адраджэнню традыцый нацыянальнай кухні ў прыгатаванні дранікаў і страў з бульбы, як элемента нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, — удакладняе Крысціна Башарымава. — Да 13 верасня прымаюцца заяўкі ад каманд і індывідуалаў на ўдзел у конкурсах. А спаборніцтваў будзе шмат — на хуткасную падрыхтоўку дранікаў «Дранік-батл», «Бульбяны банкет», «Бульбяны разгуляй», «Народная дэгустацыя». Ад удзельнікаў, якія пададуць заяўкі, патрабуецца
афармліць падворак на бульбяную тэматыку. У кожным конкурсе будуць вызначаюцца
тры пераможцы, якія атрымаюць дыпломы і заахвочвальныя прызы.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Прэв’ю: pixabay.com.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.
Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.