Вы тут

Па якіх спецыялістаў будуць стаяць у чарзе?


Калі хочаце ўбачыць, як ідзе падрыхтоўка высакакласных спецыялістаў у сучаснай установе адукацыі сярэдняга звяна, то сталічны каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе (філіял Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі) — патрэбны адрас. Асобнай увагі заслугоўвае цэнтр кампетэнцыі, размешчаны тут. Па словах рэктара Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерыя Галубоўскага, у ім, як і ў іншых цэнтрах, сканцэнтраваны абсталяванне, тэхналогіі, педагогі, майстры, якія ўвесь час праходзяць стажыроўкі і нарошчваюць кампетэнцыі для таго, каб не толькі даць веды навучэнцам, але і дазволіць профільным каледжам, якія не маюць такога абсталявання, праводзіць выязныя заняткі.


Навучанне з апярэджаннем

— Навучанне ў цэнтрах кампетэнцый практыка-арыентаванае, — канстатуе Валерый Мікалаевіч. — Вывучэнне матэрыялаў праходзіць не праз тэорыю, а ў працэсе дзейнасці. Напрыклад, пры выкананні лабараторнай работы. Навучэнец збірае пэўную схему, яна мае адлюстраванне на маніторы і дазваляе праводзіць адпаведныя вымярэнні: здымаць паказанні, рабіць высновы, аналізаваць і г. д., а значыць, мы вучым працаваць у гэтай сістэме з разуменнем, як функцыянуе датчык асобна і як — у сістэме, якую функцыю выконвае і, самае галоўнае, — калі ён у спраўным і няспраўным стане. І спецыяліст можа дыягнаставаць і выправіць у межах сваіх кампетэнцый непаладку. Кампанентная база ў цэнтрах складаецца з тых элементаў, якія ў рэальных умовах сустрэнуцца на вытворчасці.
Новыя магчымасці, новыя спецыяльнасці

Як расказаў дырэктар каледжа Арцём Рыбак, да іх паступіў запыт ад прамысловых прадпрыемстваў на падрыхтоўку кваліфікаваных спецыялістаў у галіне кантролю гатовых вырабаў. Прааналізавалі сітуацыю, і высветлілася, што патрэба ў такіх работніках у прамысловым сектары краіны ёсць, і немалая.

— Вырашылі пайсці насустрач вытворцам, нас падтрымалі Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскі інстытут прафадукацыі, таму за даволі кароткі час атрымалася адкрыць новую кваліфікацыю, — падзяліўся Арцём Яўгенавіч. — Стварылі і абсталявалі сучасную лабараторыю-майстэрню для падрыхтоўкі кадраў. За восем месяцаў распрацавалі прафесійны стандарт спецыяльнасці «Эксплуатацыя сродкаў вымярэнняў» з атрыманнем кваліфікацыі «Тэхнік-метролаг» на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі (ССА).

Першы набор на гэтую спецыяльнасць ужо адбыўся. Ён невялікі — усяго 25 чалавек. Але, паводле слоў кіраўніка ўстановы адукацыі, ужо былі заяўкі ад прамысловых прадпрыемстваў на мэтавую падрыхтоўку кадраў. Сярод прадпрыемстваў — нашы машынабудаўнічыя флагманы: Мінскі трактарны, аўтамабільны заводы і іншыя. Абітурыентаў на новую спецыяльнасць набіраюць пасля дзевяці класаў.

Тэрмін навучання па кваліфікацыі «Тэхнік-метролаг» — тры гады шэсць месяцаў, залічэнне ажыццяўляецца па конкурсе сярэдняга бала атэстата. Па заканчэнні навучання выпускнікі каледжа атрымаюць адразу дзве рабочыя кваліфікацыі: кантралёр слясарных і станочных работ, а таксама тэхнік-метролаг.

— Тэхнікаў-метролагаў мы навучым працаваць з найноўшымі сродкамі вымярэння ў прамысловасці, — распавядае Арцём Рыбак. — Яны змогуць знайсці сябе на высокатэхналагічных сучасных вытворчасцях, будуць сачыць за якасцю прадукцыі і ажыццяўляць кантроль работы вымяральнай тэхнікі. Для навучання ў каледжы адкрылі сучасную лабараторыю з найноўшым лічбавым абсталяваннем, якое дазваляе атрымліваць больш дакладную інфармацыю аб якасці вырабаў.

Кожнаму каледжу — базавае прадпрыемства

— У кожнага каледжа ў Беларусі ёсць базавае прадпрыемства, — распавядае намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі — начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра Пятрова.

Згодна з данымі, якія агучыла спецыяліст, у гэтым навучальным годзе ў краіне працуюць 226 каледжаў і 36 устаноў адукацыі са структурнымі падраздзяленнямі, якія рэалізоўваюць адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У 2024 годзе на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі паступіла больш як 38 тысяч чалавек, а на ўзровень прафесійна-тэхнічнай — больш як 28 тысяч чалавек. Большасць студэнтаў — на дзённай форме навучання. Завочнае, як правіла, выбіраюць работнікі прадпрыемстваў, якія хочуць мець дыплом аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі з адпаведнай кваліфікацыяй.

Спецыяліст таксама расказала аб тым, што сёлета значна павялічылася колькасць абітурыентаў, якія навучаюцца на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі: на двух узроўнях паступіла больш за 9 тысяч такіх маладых людзей:

— Іх колькасць павялічылася фактычна на 2 тысячы ў параўнанні з мінулым годам. Мы бачым гэта як вынік сумеснай работы з нашымі прадпрыемствамі. У краіне выбудавана добрая сістэма ўзаемадзеяння. Кожны каледж мае базавае прадпрыемства. Гэта заканадаўча ўрэгулявана. Складаючы дагавор, абодва бакі бяруць на сябе вызначаныя абявязацельствы. Напрыклад, базавая арганізацыя атрымлівае права першачарговага размеркавання, але пры гэтым яна павінна ўдзельнічаць як у адукацыйным працэсе, так і ў абнаўленні матэрыяльна-тэхнічнай базы каледжа. Адпаведна, з боку каледжа ў адносінах да базавага прадпрыемства таксама з’яўляюцца пэўныя абавязацельствы. У нас ёсць аўтаматызаваная сістэма «заказу кадраў», у якой прадпрыемствы рэгіструюцца і ўносяць сваю перспектыўную патрэбу ў спецыялістах. Цяпер Міністэрства адукацыі Беларусі вядзе актыўную работу па стварэнні адзінай празрыстай сістэмы, у якой адлюструецца ўся інфармацыя аб патрэбе ў кадрах. І такая сістэма дапаможа абітурыенту выбраць сваю будучую прафесію.

Многае, паводле слоў спецыяліста, залежыць ад усведамлення арганізацыямі факта, што працэс фарміравання і падачы заяўкі на мэтавую падрыхтоўку ў першую чаргу залежыць ад жадання прадпрыемства і папярэдняй заяўкі, якую яны накіроўваюць:

— Гэтая інфармацыя акумулюецца, а затым зацвярджаецца план прыёму на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Далей ужо абітурыенты і ўстановы адукацыі бачаць, хто падаў гэтую заяўку. А мы маем магчымасць праводзіць прафарыентацыйную работу з абітурыентамі.
Адным з перспектыўных метадаў супрацоўніцтва ў Міністэрстве адукацыі бачаць пошук патэнцыяльных студэнтаў самімі прадпрыемствамі-заказчыкамі. Спецыяліст ведамства патлумачыла, што найбольш матываваныя мэтавікі — тыя, хто працягвае сямейную дынастыю на прадпрыемстве ці бачыць перспектывы развіцця галіны і хоча атрымаць канкрэтную прафесію для пабудовы кар’еры. Навучанне па мэтавым накіраванні ўключае ў сябе практыку, выкананне курсавых і дыпломных праектаў у інтарэсах прадпрыемства.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Універсальная мова якасці

Універсальная мова якасці

Аб развіцці стандартызацыі ў Беларусі расказалі эксперты.

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Сельская гаспадарка

Увосень работ восем

Увосень работ восем

Якія задачы стаяць перад аграрыямі восенню?

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.